Значэньне Францішка Скарыны ў Беларускай культуры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Значэньне Францішка Скарыны ў Беларускай культуры
Артыкул
Аўтар: Рамуальд Зямкевіч
1917
Крыніца: Вольная Беларусь - 1917 - №13

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі углядзецца у мінуўшчыну нашае роднае Беларусі, калі прызадумацца аб культурным развіцьці яе, калі зважыць слаўное мінулае і цяперашні упадак, — устаюць перад нашымі вачамі цені вялікіх людзей, якія усе свае думкі, усю сваю працу, усё сваё жыцьцё аддалі бацькаўшчыні, каб толькі яе зварушыць, каб яе падняць да лепшага, святлейшага жыцьця ды каб назначыць ёй вялікі шлях, якім яна павінна ісьці да культуры, славы і шчасьця.

Адным з найвялікшых такіх працаўнікоў для роднага краю быў доктар Скарына с Полацку.

Вестак аб яго жыцьці і працы захавалася мала. Вядома толькі, што ён вучыўся ў унівэрсытэтах у Кракові, у Падві (Італія), у Ческай Празі. Чалавек ён быў вельмі вучоны, знаў колькі моваў, бываў на каралеўскім дварэ і ўсё сваё знаньне, грамадзянскае значэньне пасьвяціў роднаму народу.

З жыцьця Скарыны вядома, што ён радзіўся у Полацку каля 1490 года у багатай сямейцы купцоў. Імя Скарыны Франціск, (як ён сам пішэ у сваёй бібліі), ні праваслаўнае, а каталіцкае.

Праўда, ў адным старым акці XVI сталецьця называюць яшчэ Скарыну і другім імянем: Юры.

Калі узяць пад увагу, што у XV сталецьці былі на Беларусі прыхільнікі Флёрэнцкай Уніі, што на Беларусі жыў і працаваў маскоўскі мітрополіт Ісідор, выгнаны з маскоўшчыны, калі ўспомніць што канец XV і першая палова XVI сталецьця вядомы у гісторыі рэформацыйным рухам у рэлігіі, што тады рэформацыя пачала уплываць і на Беларусь, - можна вельмі сумненная, ці Францыск Скарына быў праваслаўным.

Кракоўскі унівэрсытэт у 1504 гаду ня быў яшчэ так клерыкальны, як пад канец XVI сталецьця. Вучылі у Кракові у 1504 гаду і магіі, з якой каталіцкае духавенства доўга яшчэ змагалася, пакуль яе выгнала, як шкодную навуку.

Трудна згадзіцца, каб Скарына, дзеля паступленьня ў унівэрсітэт у Кракові, зрабіўся замест Юркі Франціскам, і як гэта пішуць нікаторыя расійскія вучоныя.

Кракоўскі унівэрсітэт у пачатку XVI сталецьця быў вельмі паступовы, і рэлігійныя пракананьня перашкаджаць нікому ні маглі.

Хаця і была тады мода зменяць імя на другое (рабілася гэта з набожнасьці, заплываючы сябе у манахі і прыймаючы новае манашэскае імя), аднак імя паказывае, што Скарына быў каталік.

Чаму ён бык каталік, калі ім зрабіўся, мы ня ведаем. Наагул, гісторыя гэтаго часу мала апрацавана, пісалі яе чужынцы, ніпрыхільные нам, беларусам. Калі будуць у нас свае сілы, мы шмат чаго цікавага даведаемся з старых архіваў, каторымі багаты нашые гарады, як Вільня, Мінск, Полацк, Віцебск, Магілёў.

Вядома нам з гісторыі, што кніжкі Скарыны, друкаваныя для беларускаго народу, спачатку прыняты былі добра, пасьля толькі, калі загарэлася рэлігійная сварка на Беларусі, пачало духавенства іх паліць, даводзячы што каталік Скарына ня мог надрукаваць чыста прававерных (праваслаўных) кніг для царкоўнай службы. Вось тут імя Скарыны Франціск і было прычынай, што кніжкі яго нішчыліся і паліліся.

Німа дзіва, што цяпер усе кніжкі Скарыны вялікая рэдкасьць. Поўныя экзэмпляры ёсьць толькі у Публічнай Бібліотэцы у Петраградзі ды у Брытанскім музэі у Лёндоні.

Калі узяць пад увагу, што беларуская Біблія Скарыны займае трэцьцяе мейсца у гісторыі культуры (першая друкаваная біблія была нямецкая, другая – чэская), мы зразумеем што Скарына паставіў наш народ, на першае мейсца, паказаў яго культуру усяму вучонаму сьвету.

Першай кніжкай Скарыны быў Псалтыр, друкаваны 6 жніўня 1517 года у чэшскай Празі. У гэтай кніжцы піша Скарына: «А то ся стало накладом Богдана Онькова сына радці места Віленскаго».

Адначасна с першай кніжкай друкуе Скарына у Чэскай Празі і свой перэклад Бібліі. Дашлі да нас 22 кніжкі (аддзельныя часьці) яго Бібліі. Біблія так сама выдана накладам Богдана Онькова.

Бібліёй і закончыў Скарына сваю выдавецкую працу у Чэскай Празі.

Забраўшы прагатаваные заграніцай друкарскі літэры і усе прылады для друкарні, пераежджае Скарына ў 1524 году у Вільню, каб працаваць у сваіх.

У 1525 гаду выходзюць у Вільні дзьве кніжкі Скарыны: Апостал ды «Малая падарожная кніжыца». Абедзьві кніжкі надрукаваны у домі найстаршага Бурмістра Якуба Бабіча.

Выданьнем гэтых, вельмі патрэбных у той час беларусам, кніжак, распачаў Скарына нацыянальную беларускую літаратуру. У тым яго вялізарная заслуга.

Хаця і да Скарыны былі надрукованы у Кракові каля 1401 года беларускімі вяльможамі Кішкай, Гаштольдам, Скумін-Тышкевічам 5 кніжак: Осмогласнік (Октоіх), Часословец, Псалтыр, Трыодь постная, Трыодь цветная, але гэтые кніжкі, напісаные агульнай царкоўна-славянскай мовай, ні пачынаюць яшчэ беларускай літаратуры так, як праца Скарыны.

Скарына бачыў скрозь, гдзе быў, жаданьне пісаць і гаварыць сваей роднай мовай, а не навучнай лацінскай, якая тады панавала у Эўропі. Ен першы зразумеў, што родная мова павінна быць заведзена ў малітвах, бо царкоўна-славянская (стара-баўгарская) людзям нізразумелая. А людзі тады думалі, што маліцца і пісаць можна толькі у тэй сьвятой мові, у якой мелі пісаные царкоўные кніжкі.

Сваю звычайную, штодзённую мову уважалі за простую, ня годную дзеля малітвы ці навукі. Ужо тады нават вучоные людзі паміж сабою гаварылі і пісалі кніжкі мешанай мовай, царкоўна-славянскай-беларускай.

Рэформа Скарыны была вялікая: каб кніжкі свае зрабіць зразумелымі, для усіх сваіх братоў беларусаў, ён царкоўнаславянскую мову так прыбліжыў да беларускае, што яна зрабілася папраўдзі зразумелай кожнаму.

Ці былі яшчэ якія іншыя кніжкі Скарыны, мы нічога ня ведаем. Можна верыць, што былі, — толькі час і цяжкае варункі жыцьця Беларусі, ні захавалі іх нам. Сам Скарына яшчэ жыў у 1535 г. ў Вільні, калі памёр — німа ведама. Так сама німа ведама, што зрабілася з яго друкарней.

Прайшло ўжо ад часоў Скарыны 400 гадоў. Мова наша беларуская ні памёрла, хоць доля яе была цяжкай, крывавай.

За гэтые 400 гадоў народ наш жыў з пераменным шчасьцям. Цяпер мае народ наш можнасьць жыць, развівацца, расьці ды ісьці да мэты свабоды, роўнасьці, знаньня і агульнага шчасьця.

Гадаўшчыну 400 лецьця беларускага друку трэба было б добра адсьвяткаваць.

Усе народы умеюць шанаваць памяць сваіх вялікіх людзей.

Такую слаўную гадаўшчыну нашага друку мы ня можым лепш адсьвяткаваць як аснаваўшы Беларускае Навуковае Таварыство імяні Скарыны. Таварыство такое павінна згуртаваць усе нашыя навучныя сілы, залажыць бібліятэку, заняцца зьбіраньнем усіх беларускіх памятак для народнага музэю, ды пачаць выдаваць патрэбныя нам кніжкі.

Гэта мы зрабіць павінны, калі хочым адрадзіцца да новага жыцьця і калі верым у сваю будучыну.