Перайсці да зместу

Звон (газета)/2/Чаму мы пішам Менск, а ня Мінск?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чаму мы пішам Менск, а ня Мінск?
Артыкул
Аўтар: Язэп Лёсік
1919 год
Крыніца: Часопіс «Звон», № 2 ад 27.VIII.1919 г., б. 2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чаму мы пішам Менск, а ня Мінск?

Менск - место беларускае, а дзеля таго, каб даведацца, як яно завецца, трэба запытаць у беларускаго народу. А беларускі народ скрозь заве его Менском, а ня Мінском, і толькае маладзейшае пакаленьне праз школу, або чуючы ад паноў і чыноўнікаў, налажылося зваць яго Мінском. Дзеля таго, каб праверыць, ці не памыляецца «просты» народ, завучы сэрцо свайго краю Менскам, дык трэба перагледзіць даўнейшые гістарычные дакумэнты, пісаные, як цяцер кажуць цёмные, неадукованые „абразованые“ людзі, у простай беларускай мове. І вось дакумэнты тые сьведчаць, што продкі нашы, будучы вучонымі, называлі свой горад Менскам, Менескам, што знача: место, дзе людзі мяняліся таварамі, або гандлявалі.

Гэтак сама беларускіе летапісы паказываюць, што Вільню трэба называць Вільня, а ня Вільно, або Вільна. Гэта чужакі перакручваюць нашые беларускіе назвы, як расійцы, напрыклад, перакруцілі старое славянское слово далонь і кажуць ладонь, або тарэлка, заміж—талерка ад слова- талер, круглы). Гэтак сама мы, беларусы, кажам на горад Львоў у Галіцыі Альбоў. („Прыехаў мой Яначка з Альбова,—пытаецца: мілая, ці дома“, як сьпяваецца ў песьні)

Я. Л-к.