Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/Сіла агітацыі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Савось-распусьнік Сіла агітацыі
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сіла агітацыі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СІЛА АГІТАЦЫІ

I

Прыехаў у вёску таварыш з раёну,
Паклікаў на сходку сялян,
І доўга грымеў ён наконт самагону,
Як поп, настаўляў грамадзян.

І кідаў сталёвыя, палкія словы
Начальнік міліцыі, Дрот.
Сяляне журботна хілілі галовы,
Глядзелі ўвесь час яму ў рот.

Натоўп адклікаўся часамі заўзята:
„Сьвятая то праўда!“ „Так! так!“
„Дурота!“ „Распуста!“ „Дарэмная трата!“
„Сьвядомасьці гэтае брак!“

І бачыць начальнік — узрушана глеба
У нетрах сялянскай душы.
У строгасьцях гэтых ня будзе патрэбы,
Капут самагону пішы!

Натхненьне бурліць яшчэ з большаю сілай,
Сялян забірае ў палон…
Прамову закончыў канцаўкай завілай.
І грымнулі: „Прэч самагон!“

Начальнік узрушан і пот выпірае,
Што выступіў бобам на лбе.
„Ну, вось і дапета ты, песьня старая!“
І сам усьміхнуўся сабе.

II

Мітынг скончан. Разышліся.
І вачом ня верыць Дрот:
Бяз прымусу, без камісій
„Апарат“ нясе Хвядот!

Вось што значыць яно, слова,
І разумны падыход!
А Хвядот зірнуў сурова
І ступіў крок напярод.

Вочы зораць вінавата, —
Вось я грэшнік, моў, які!
Падыходзіць, як да брата,
Сам узрушаны такі.

ХВЯДОТ

Т. начальнік! раскрыў цемнату ты —
Я — вінен!
Ня трэба, ня трэба, т., атруты!
Няхай-жа ён спрахне ад гэтай мінуты
І згіне!
Страта дзяржаве, сабе небясьпека,
Глум збожжа!
Але-ж, сказаць, ня было чалавека,
Нябожа,
Каб праўду раскрыць
І ўсё растлумачыць…
Няхай-жа ён, дасьць бог, згарыць,
Няхай яго вочы ня бачаць.
Праваліцца яму скрозь зямлю!
Убачу — сваімі рукамі зламлю
І будзь ён праклят! —
І вобземлю — гоп „апарат!“

III

У Дротавым сэрцы вялікае сьвята,
І хваліцца Дрот:
„Вось ён, разумны прыём дзе, рабята!
А прыклад — Хвядот!“
Ў Хвядотавым сэрцы таксама ня будні.
Сьмяецца Хвядот:
„Стары ён быў, падла, хоць кідай у студню,
А новы ён „вот!
Продукцыя вышай процэнтаў на сорак,
Спакой — на ўсе сто!
Тактыка, братцы, ядры яе корак,
Прыдумаў — нішто!
І носа сюды не паказвае болей —
Гані, брат, ва ўсю!
Такое раздольле,
Як гразь карасю!“

1928 г.