Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/Рак-вусач

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„Сьвяты Ян“ Рак-вусач
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
Дзед і мядзьведзь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рак-вусач.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАК-ВУСАЧ

I

Ну, пачнём мы казку так:
Жыў да быў на сьвеце рак
З доўгімі вусішчамі,
З чорнымі вачышчамі,
Вострымі, лупатымі,
З лапамі разгатымі,
Шырачэзны ў шыі,
Клешні — во якія!
А як вусам павядзе,
Страшна зробіцца ў вадзе!
Рыбкі хвосьцікам мяльнуць
Ды галоўкамі кіўнуць
І баржджэй наўцекача
Ад рачышчы-вусача!
А ён шыішчай трэп-трэп!
Жабка ў бераг і — ні шэп.
Страшны рак быў, грозны рак,
Як ушчэміць — будзе знак.
І баяліся яго,
Як няведама каго.
Пад карэньнямі ракіты
Жыў наш рак, вусач сярдзіты.
І ёсьць загадка такая:
Ні сьмяецца, ні гукае,
Жыве ў бухце пад ракітай,
На ім сьвіта,
Ды ня сьвіта,
Хоць кравец, да ня Мікіта.
Ідзе ў лазьню камінарам,
А выходзіць камісарам.

II

Ну-ж і слаўна каля рэчкі!
І чаго на ёй няма!
Сітнякі стаяць, бы сьвечкі,
Тут чырвоныя парэчкі
І малін тых проста цьма.
Тут і лозы, і ракіты,
І чарот, і асака, —
Ну, як тыя аксаміты,
Вабяць вока здаляка.

А тых птушак і ня зьлічыш:
Качкі, кнігаўкі, драчы,
І сам бусел-паплаўнічы.
Вас у госьці тут закліча,
Жабу ў дзюбе нясучы.
Тут жыве і сам камар,
Спраў балотных камісар,
Доўганосы, доўганогі,
Голас тонкі, а сам строгі.
У траве між чаратоў —
Колькі гэтых матылёў,
Бабак сініх і чырвоных.
Іх сукеначкі ў хвальбонах…
Пабажыцца тут гатоў:
Іх убор — іду ў заклад —
Закасуе ўсіх дзяўчат.

Весела на рэчцы
І траве, і кветцы,
І крылатым пташкам,
Мошкам і мурашкам,
І крыклівым дзеткам,
Асабліва леткам:
У рачулцы купаюцца,
У пясочку качаюцца.

III

Ой, бяда, бяда!
Мутненька вада —
Пахмурнела рэчка.
Ой, пакрыўдзіўся рак,
Смутны стаў небарак,
Ціхі, як авечка.
Не варушыць вусам,
Лёг на дно ён брусам
І ляжыць дзён тры.
Растапырыў клешні
І не есьць яешні,
Жабінай ікры,
Ня вылазіць з норкі.
„Лёс мой“, кажа, „горкі —
Цяжка быць ракам!“

Вось падплыў акунчык.
— Вылезь рак-гарунчык,
Не глядзі ваўком,
Ня смуткуй так дужа,
Разьвяселься, дружа,
Гэта-ж ня гульня!
Зойдзешся ад голаду,
Прападзеш ты змоладу
На парозе дня.
А як сьвеціць сонейка,
Грэе рэчцы лонейка,
Песьціць сітнякі,
Грэе так гарачанька…!
Разьвяселься, рачанька,
І нас ты ня кінь!
Ты сядзіш нахмураны,
Злосны і абураны
І ня бачыш дня.
Апусьціў рак вочы —
Нават і ня хоча
Слухаць акуня.
Падплывае плотка.
— Рача, маё злотка!
Адпусьціся, мілы!
Чым цябе ўлагодзіць?
Што табе абходзіць,
Поўніць злосьцю жылы?
І нам, рыбкам, трудна,
Жыць часамі нудна,
Проста ох-ох-ох!
Гоняць нас усюды,
Ловяць нас на вуды,
Надзяць на гарох.
Ловяць невадамі,
Душаць венцярамі,
Брэднем, тапчаком.
Ох, жыцьцё ня сьвята,
Горанька багата —
Лепш быць чарвяком!
Адпусьціся-ж, рача, —
Нават рэчка плача
Над сынком сваім…
Рак маўчыць зацята,
Вусам не закратаў…
Што рабіці з ім,
Разьвяселіць чым?

IV

Выдаў сом такі наказ —
Склікаць сход у той-жа час
І на сходзе абсудзіць,
Як на справу хто глядзіць,
Чым усьцешыць бедака,
Засмучонага рака.
А наказ ён скончыў так:
— Будзь ты старастам, шчупак!
Каб хутчэй ва ўсе канцы
Рассылаліся ганцы!
Тут шчупак мяльнуў хвастом,
Плотак зрушыў пад кустом,
А маруднага ліна
Выгнаў з саменькага дна —
І ўсім холаду задаў,
А нарэшце загадаў:
— Эй, вы, верхадкі, плоткі!
Паелужэце справе, цёткі!
Заклікайце рыбу ўсю
І скажэце карасю,
Няхай вылезе з гразі,
Хай плывуць сюды язі,
Яльцы, ментузы, кялбы,
І акунь, той гад рабы,
І сказаць яму, прытым
Словам старасты маім,
Каб, спаткаўшыся са мною,
Да мяне стаў галавою!
Плоткі старасьце — паклон,
І ўсе рынулі ў разгон.

V

У глыбознай букце
Між карчаг дубовых
Адбылася рыб‘я
Важная намова.
Сом адкрыў сабраньне,
Выступіў з дакладам,
А язь сакратарыў,
Сеўшы з сомам радам.

— Таварышы-сябры,
Ляшчы і асятры!
Ліны і мянтузы,
Паслы ад драбязы
Ё іншыя асобы!
У нашай рэчцы — гора:
Смуткуе рак з заўчора.
З прычын такой жалобы —
Прышоў да пракананьня,
Што лепш яму скананьне,
Чым жыць на гэтым сьвеце
Бо кажа ён, дзівак:
Самы няшчасны — рак!
І згінуць хоча ў цьвеце!
І толькі з той пары
Ён вылезе з нары
І смутак свой пакіне,
Калі хто давядзе,
Што ёсьць яшчэ ў вадзе,
Ці проста абы дзе,
Такі, чый лёс яшчэ больш цяжкі,
Іначай рак наш згіне.
І гэты аргумэнт.
Саб‘е яго нашчэнт,
Бо ён ёсьць самы важкі.
І вось цяпер, сябры,
Вы будзьце так дабры,
Найдзеце кандыдата,
І думаецца мне,
Што ў нашай старане
Пакутнікаў такіх,
Сапраўдных і цяжкіх
Налічыцца багата!

Зашумелі рыбы: —
— Назавём бяз хібы —
Імі гаць гаці,
Лёгка іх знайсьці.
— Таварышы, увага! —
Азваўся сакратар: —
Тут ёсьць такая пляга,
Што стукне вас, як шляга,
І кіне вас у жар:
Калі хто сапраўды
Сябе няшчасным лічыць болей,
Чым наш няшчасны рак,
То ён павінен добрай воляй
Аддацца раку для яды,
Так, так!
Іначай ён ня дасьць і веры! —
Сказаў ды зноў сеў за паперы.
Вось сказаў, дык сказануў!
Як сякерай секануў!
Прыкусілі языкі,
Акунькі, мянькі, лінкі,
А маруда той, лінок,
Зараз — віль! ды пад кусток.
І добрых мінут пяць
„Пакутнікі“ маўчаць.
— На сьвеце жыць ня так ужо і горка, —
Гаворыць краснапёрка:
Плывеш сабе туды-сюды
Бяз гора, без бяды,
Пад кусьцік зазірнеш,
Ну, часам і ўздыхнеш,
Ды больш ужо з прывычкі,
Чым з клопату якога —
Ці так кажу, сястрычкі?
— А так! жывецца нам — нічога!
Хватае ўсім вадзічкі,
І плаваем па волі.
І жыру ёсьць даволі,
А тое нараканьне
І гэтая жалоба —
Пустое выдумляньне,
Ці панская хвароба.
— Гум! — прамовіў сом: —
Што-ж мы раку паднясём?
Няхай, значыць, гіне рак?
Ці ў няшчасных стаўся брак?
— Дайце слоўка мне сказаць! —
Ялец стаў хвастом віляць: —
Я скажу вам праўду ўсю:
Жыць найгорай карасю! —
І ўсе грымнулі: „Так, так!
Ён — няшчасьнейшы бядак!
Жыве ў такім балоце,
У такой брудоце!
Ён такі гаротны,
Ён непаваротны, —
Ні адной мінуты
Без тае пакуты!
Збоку глянуць — жаль бярэ!..
Як ён з гора не памрэ!
— А дзе карась?
— Зашыўся ў гразь,
І сход яму нямілы,
Сядзіць там, апастылы! —
І кажа сом: — заклікаць гаруна!
Шчупак, распарадзіся!
— Я ўраз, т. сом! спалю, як з пяруна!
А ты, Карась, дзяржыся!

VI

Прывялі карася пад канвоем,
Абступілі яго шчыльным роем.
Плотачка, як глянула,
Ледзь на дно ня канула:
Такі-ж ён няшчасьненькі,
Кругленькі, блішчасьценькі.
Лін паплыў пад лозы
Выцерці там сьлёзы.
Нават сом крануўся,
Хвост яго сагнуўся
І вусы задрыжалі
З гэтакага жалю.
Пытае сом лагодна,
Ну, як бацька родны.
— Ну, як жывеш, карась?
— А так сабе, ня дрэнна:
Качаюся, як князь,
Прысмакі ем штодзенна. —

Зьдзівілася тут рыб‘я грамада:
Вось выпаліў, дык выпаліў, брыда!
А ялец той схаваўся ад стыда.
— Цікава, — кажа сом, — цікава!
Зьдзівіў ты нас, карась, яй-права!..
Ну, а скажы: ты смуцішся, ці не?
— Чаго смуціцца мне?
Ня ведаю такога пачуцьця —
Цярпець я не магу ні смутку, ні ныцьця!
І часу не хачу на тое глупства траціць:
За глупства гэтае ніхто мне не заплаціць.
— Ты кажаш — траціць часу.
Навошта-ж траціш час?
— А вось які мой сказ:
Люблю поэзію, жыцьця майго украсу,
І з ёю я ня ведаю згрызот,
Поэзіяй і смутак адганяю:
Зашыюся ў чарот
І вершы там складаю!
Зьдзівіўся сом, вачамі ўскінуў язь
І кажа карасю:
Поэт ты наш, карась!
Гаворыш складна ты,
Паслухаць нават люба.
Мы слухалі, разявіўшы раты,
Хоць ты адказваў досыць груба,
Але хачу цябе спытаць:
А што будзеш ты сьпяваць,
Як часамі кульганеш,
Ды на прыпек пападзеш?
— Папаўся, брат, карась!
Поэзія тут — лясь!
— Нязгодзен з вамі грамадзяне!
Калі мой час настане,
І лягу я ў скавараду,
То й вусам я не павяду:
Карась папесьціцца ў сьмятане! —
Засьмяяўся сом.
— А няхай ты згары,
Дзівакі, як відаць, песьняры,
Мабыць розум у іх слабаваты, —
Адпраўляйся, карась, ты да хаты!..
Пачакай! ці ня ведаеш, брат,
Хто па часьці няшчасьця тут хват?
— Пра пакуты чарот мне шумеў,
Але слухаць я часу ня меў.

VII

Паслалі дэлегацыю
Да таго чарата,
Хоць думалі, што з гэтага
Ня выйдзе ні чарта.
Была тут пара плотачак,
Акуньчык і кялбок.
Чароту пакланіліся
І кажуць:
— Галубок!
Паслалі нас, чаротанька,
Ад рыб‘яй грамады
Прасіць цябе і кланяцца,
Каб вызваліў з бяды
Рака таго няшчаснага,
Што ўздумаў уміраць —
На сонейка на яснае
Ня хоча пазіраць!
Мы ведаем, чаротанька,
Што ў сьвеце ты адзін
Дасі яму ратуначак,
Парадуеш рыбін.
Раскажаш шчыра ты яму,
Як цяжка табе жыць
І што раку няма чаго
Згрызацца і тужыць.
Дык будзь-жа ласкаў, міленькі,
Паслухай, паслужы
І мудрасьць сваю ты яму
І гора пакажы.
А справу тую выпаўніш,
Запішам мы цябе
На дошчачку чырвоную,
На вербачку зялёную
Мы вывесім яе.
— Ша-ша! шу! шу!
Упартасьць я скрышу
Рачыную шурпатую:
Нягодамі багатую,
Як долю раскажу —
Зражу!
Шу-шу!
Ссшушу!
Ша-ша!
І — ша!

VIII

Рак сядзіць у нары,
Высунуўшы клешні,
І ня есьць ні ікры,
Ні тае яешні.
Ну, чакай-жа, брат рак:
Унь ідзе чароцік!
Рыба валіць пад гак,
Расчыніўішы роцік.
Плёх стаіць на вадзе,
Няма месца нідзе

Стаў чарот у позу
Супроць вербалозу,
На рака-бедака
Ён глядзіць звысака.
— Ша-ша! шу-шу!
Увагі, рача, я прашу…

Рача, рача! ёсьць на сьвеце
Многа нешчасьлівых,
Вылезь з норкі, рача-квеце:
Смутак твой — ня дзіва.

Я — гаротнік, якіх мала,
Ты паслухай толькі:
Я на грунце нятрывалым
Распускаю голькі,

Распускаю іх вясною
Ў часе халадэчы.
Веюць ветры нада мною,
Ломяць мае плечы.

Сам я тонкі, сам я кволы,
Хоць і, праўда, гібкі.
Як сьцялюся я над долам,
Няхай скажуць рыбкі!

Я адзін, няма заслоны.
Не растуць там лозы,
А мой лісьцік, мой зялёны,
Смокча тля, стракозы.

Я люблю прасторы, сонца,
Я цягнуся ўгору,
Ды ў каленях маіх донцы
Шкарлупяць ня ў пору.

Я-б хацеў стаць, як колода:
Быць магутным люба.
Ня судзіла-ж мне прырода
Стаць мацней ад дуба.

Рача, рача! ой, кароткі
Век мой чараціны!
Як жыву я ў час паводкі —
Ня відно чупрыны!

Мокну, гіну, гнуся, рача,
Пад напорам хвалі.
Хто-ж па мне ўздыхне, заплача?
Хто дасьць кроплю жалю?

Прыдзе восень, пажаўцею,
Як з тае жаўтачкі.
Вось увага, добрадзею,
Долі, тэй лайдачкі!

А на лёдзе на падсьцілку
Палажу я косьці.
А хто прыдзе на магілку,
Што на тым пагосьце?!

Рача, рача! ёсьць на сьвеце
Многа нешчасьлівых…
Вылезь з норкі, рача-квеце —
Смутак твой — ня дзіва!

І заплакаў тут
Наш чароцік горды.
Рак-вусач ані шэп!
Ну, як камень цьвёрды!

IX

І што зробіш ты з раком,
З тым упартым дзіваком?
Вось бяда з ім, дык бяда!
Што ты скажаш, грамада?

Справіцца з бядою
Можна грамадою.
Трэба рукі прылажыць,
Каб наш рак астаўся жыць.
І хацелі слаць паслоў,
Каб ня траціць лішніх слоў,
Ды на шчасьцейка якраз
Плыла качачка ў той час.
Выклікаецца яна
Абразуміць гаруна.
— Дзякуй табе, качанька!
Патурбуйся, мілая!
Памірае рачанька,
Клешня ён двухвілая!
Галава упартая,
Нікуды нявартая!
Разважалі яго мы —
Ён ні слова, як нямы!
Разважала плотанька,
Акунёк, чаротанька…
Папрабуй ты, цётанька!
Справа то грамадзкая,
Почасьць будзе хвацкая:
Як справу тую выпаўніш,
Запішам мы цябе
На дошчачку чырвоную,
На вербачку зялёную
Мы вывесім яе.

X

Рак сядзіць у нары,
Высунуўшы клешні,
І ня есьць ні ікры,
Ні тае яешні!
Сьцеражыся-ж ты, рак:
Унь ідзе, брат, качка!
Рыба валіць пад гак,
Там цяпер гарачка.
Плёх усьцяж на вадзе,
Няма месца нідзе.
І залапатала
Крыльлямі тут качка,
Ды вось як сказала
Гаруну бядачка:

„Што забраў ты ў галаву,
Рак ты неразумны?
Ці наліў ты волава
Сабе ў сэрца, чумны?

Рыбка непакоіцца
З гэтакага суму,
Сэрца яе кроіцца,
Бо што ты задумаў?

І падумаць — цацка я,
Цаца — сум рачыны!..
Ты жыцьцё грамадзкае
Выбіў з каляіны!

Ой, занадта многа ты
Носішся з сабою!
Справа варта рогату
Ў параўнаньні з мною.

Я хоць і жанатая,
А жыву ўдавою,
Ды каго то кратае?
Ой, жыцьцё праклятае
Не дае развою!

Раньняю вясенькаю,
Як сяляне ў поле
Выедуць з сявенькаю,
Я адна-адненькая
Шворуся па доле

І шукаю купінку,
Зацішной і дзікай,
Аглядаю рупненька
З боязьню вялікай

Кожную мясьціначку,
Кожненькую лядку,
Дзе-б мелі спачыначак
Дзеткі-качаняткі.

Бяз мужнінай помачы
Я будую хатку,
Галованьку ломячы
І дзюбок-лапатку,

А мой качар шэранькі
Знаць мяне ня знае:
Б‘е, скубе мне перанькі,
Я-ж цярплю — адна я!

А дзетачак выведу,
Клічу іх на воду,
Ды сустрэнеш злыбяду,
Гора-перашкоду.

На жыцьцё качынае
Робяцца замахі.
Як трасуся, гіну я!
Томяць сэрца страхі…

Ой, да няма ліку ім,
Горкім тым падзеям!
Ды ня робім крыку мы,
Скардзіцца ня ўмеем.

Дык уваж ты клопаты,
Рыбіны заходы.
Гэта расшалопай ты,
Кінь згрызоты-зводы!“

Слухала тут рыбка,
Шархла яе скура,
А той рак ні рухнуў
І маўчыць панура.

XI

Ах, бадай-жа ён скіс,
Гэты рак вусаты!
Проста плягаю зьвіс
Сум яго зацяты!
Нарабіў грамадзе
Клопату па вушы.
Вухам, гад, не вядзе,
Хоць-бы клешняй рушыў.
І няўжо-ж, грамада,
Не дасі ты рады?
Проста сьмех і бяда,
З гэтакае звады!
І пашла на задор
Тая паталоча.
Кінеш, рак сваю хвор,
Грамада так хоча,
Моц яе немала,
Дай ёй разгарэцца!
Пагалоска пашла
Аб раку па рэчцы.

Слухаў бусел, маўчаў,
Думаў, а нарэшце
Чаплі штось прабурчаў,
Нібы зяць да цешчы.
Чапля крыльлем лоп-лоп!
І ляціць да рыбы.
Мусіць бусел на троп
Тут навёў бяз хібы.

І ў разгар тых прамоў
Чапля прэ да сома —
Без чаргі прымі, моў:
Дэлегат птушкома!
Даюць чаплі слова,
Вось яе прамова:

„Т. т! рэчка — наша агульняя справа,
І пашла аб ёй нядобрая слава,
Што рыба, птушкі і травы
Ня могуць справіцца з раком,
З упартым нейкім дзіваком, —
Выпадак пэўна-ж няцікавы!
Папробуем заклікаць жыта,
Прывяду яго сама і — квіта.
Калі ён і яго не паслухае,
Тады палкі занюхае“.

Рыбка, зьбіўшыся пад мосьцікам,
Папляскала чаплі хвосьцікам.
— Дзякую табе, чапленька!
Патурбуйся, родная!
Памірае рачанька,
Галава нягодная!
Справа то грамадзкая,
Почасьць будзе хвацкая:
Як справу тую выпаўніш,
Запішам мы цябе
На дошчачку чырвоную,
На вербачку зялёную
Мы вывесім яе.

XII

Рак панура сядзіць
І на сьвет не глядзіць.
Сьцеражыся-ж ты, рак:
Унь ідзе, брат, жыта!
Рыба валіць пад гак,
Сом храпе сярдзіта.
Плёх усьцяж на вадзе,
Няма месца нідзе.
Каліва ржаное,
Сьпелае, буйное
Стала над вадою
І сказала:
Рача!
Скрыўджан ты няйнача
Нейкаю бядою.

Але ты паслухай, дружа!
Ой, на сьвеце ходзіць сьцюжа!
Ой, халодзіць яна дужа!
Ветрам дыша, сьнегам сьцеле,
Чуць душа трывае ў целе.

Надыходзіць старасьць-восень,
З воч зьнікае неба просінь,
Віснуць ніці з хмарак-кросен.
Ой, выносяць мяне ў поле,
Рассыпаюць ды па ролі

Ды людзкія тыя жменькі
З саламянай тэй сявенькі
У халодны дол пусьценькі.

Усё чыста з поля зьнята —
Там адны мае зярнята.

А той вецер дзікім сьвістам
Дзьме па полі, полі чыстым,
Усьцілае жоўтым лістам
Мае шоўкі, мае руні
Ды халодных хмар насуне.

Золкасьць, зыркасьць і плюхота,
Журба, смутак і тускнота,
Безьлюдзь, жудзь і адзінота,
Скубуць мае руні-шоўкі
І авечкі і кароўкі,

Бо няма ім больш спажывы,
Бо расьлінкі ўсе няжывы,
Бо сабраны травы, нівы.
А там сівер чмыхне злосна!
Ой, як страшна стане, млосна!

Ткуць марозы кужаль белы,
Засьцілаюць ім сьвет цэлы,
Убіраюць дол зьмяртвелы.
Мае шоўкі, мае руні
Скрыжыць злы мароз-дзядуня.

Пад абрусам тым кужэльным,
Пад тым холадам пякельным
Я ляжу, сплю сном сьмяртэльным.
Ды надыйдзе зноў вясенька,
Маладзічка весяленька.

Шумным сьпёвам пройдуць воды,
Паскідаюць з рэчак лёды,
Зноў павее дух малоды.
Мае шоўкі, мае руні
Аднавіць вясна-красуня.

Як зязюлька-ж крыкне ў гаю,
Я на сонцы заіграю,
Я пучочкі выганяю.
Вецер бегам нясупынным
Гоніць хвалі срэбрам плынным,

Шоўкам сьцеле на загоны,
А я толькі б‘ю паклоны
Ва ўсе чысьценька староны —
Ветру, сонцу і зямельцы,
На мяжы траве-кудзельцы.

Ой, падыдзе-ж тое лета,
Жоўтым шоўкам я адзета,
Ё тут песьня мая сьпета!
Ідуць жнейкі-маладзічкі
І дзяўчаткі-чараўнічкі.

Нясуць жнейкі серп крывенькі,
Зрэжуць колас мой буйненькі
Пад звон песень галасьненькі:
„Пара зямлю адмыкаці,
Пара росу выпускаці“.

Як мост, зьлягу я на просьце.
Вязуць з поля, ды ня ў госьці,
Паб‘юць цэпам мае косьці,
Мае зерняткі пасушаць,
Каменьнямі іх падушаць.

Ой, мае-ж вы, шоўкі-руні!
Ой, пабілі-ж мяне ў клуні!
Пакрышылі, памалолі,
Не далі мне жыць на волі!

А ў той дзежцы дубовай
З жоўтай клёпачкай альховай
Расчыняюць хлябок новы,
Расчыняюць на вадзіцы
З мае беленькай мучыцы.

Мяне ў дзежцы месяць-месяць,
Перавернуць разоў дзесяць
Ды настольнічкам завесяць.
А печ паляць да чырвона.
Гляджу ў страсе я, зьдзіўлёна.

Ой, да чым я вінавата?
Шугне ў печ мяне лапата,
Дзе агнём усё пранята,
Я ў агні тым абамлею,
Пажаўцею, учарнею.

І вось толькі як вадзіцай,
Тэй халодненькай жывіцай
Мяне ўмые маладзіца,
Тады толькі сьвет пабачу…
Каму-ж горай з нас, мой рача?“

І сказаў тут рак-вусач:
„Грамада! ты мне прабач!
Мая журба ў прах пабіта —
Зваявала мяне жыта,
І ад гэтае пары
Прападай, мой сум стары!
Прападзі наша бяда!
Няхай жыве грамада!“


Рыбка з радасьці такой
Пашла ў скокі талакой,
А за ёю пташкі,
Наварыўшы кашкі
З сьпеленькіх пурышак
Гэ малінак-пышак;
А за птаствам — мошкі,
Падабраўшы крошкі,
За мошкамі — дрэвы,
Васпачаўшы сьпевы,
За дрэвамі — травы
Ладзяць баль цікавы.
І прышлі музыкі
Чарадой вялікай.
Граў на скрыпачцы камар,
На дудачцы чмель-дудар,
Хрушч узяў басэтлю,
Задае там пытлю.
Шэршань барабаніць,
Камарыка ганіць:
„Пашоў вон! пашоў вон!
Ты ня гэты бярэш тон!“
Муха на цымбалах
Струны калыхала,
Авадзень на леры
Выпінаў бяз меры,
А чырвоны конік
Жарыць у гармонік.
Сеў сьвярчок
На сучок
Ды тне на клярнэце,
А жучок,
Чарнячок
Пачаў песьні пеці
І так хораша сьпяваў,
Што зусім прычараваў
Тую бабку-шэльму,
Што прыгожа вельмі.
Выскачыў журавель,
Як Піліп з канапель,
Напалохаў жабу,
Лупатую бабу.
Пашлі ў скокі сотні пар,
А за імі і камар
Бусла спрытна падхапіў,
Буслу ногу зачапіў,
На мазоль наступіў.
Драчык песьняй скончыў баль
І дашчэнту зьнішчыў жаль.
Тут дайшлі мы да канца,
Дайце-ж чарачку вінца,
А не,
Дык папляскайце хоць мне!

1926 г.