Збор твораў (Колас, 1928—1929)/II/Паслушная жонка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зяць Паслушная жонка
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1929 год
Доктар памог
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паслушная жонка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАСЛУШНАЯ ЖОНКА

I

Эх, Тацянка! ах, дзяўчынка!
Дзе радзілася яна?
Таня — гожая былінка,
Таня — красачка-вясна.
Не дзяўчына — чараўніца,
Сьвет схадзі, такой няма,
І ў палацах-камяніцах
Будзеш ты шукаць дарма,
Бо ня знойдзеш такой кралі,
Як Тацяна Чабарок.
Губкі тыя—ну, каралі,
Бровы — дужачкі-шнурок.
Тонкі стан і тварык белы,
Вочы-зоры — ясны дзень,
А як кіне погляд сьмелы,
Так і згоніць з сэрца цень.
Дух захваціцца хлапчыне,
У крыві агонь гарыць,
Як вачамі толькі ўскіне,
Або сьмехам адарыць.
Сохлі хлопцы па Тацяне,
Увіваліся за ёй
На вячорках, на гуляньні, —
Ды ў Тацяны нораў свой.

Ну, і непакорная,
Ну, і наравістая —
Не кажы да трох!
Бойкая, праворная,
Гора з ёю чыстае, —
Ох, Тацянка, ох!
Толькі і камандуе,
Толькі і загадвае —
Любіць весьці рэй.
Ходзяць хлопцы бандаю,
Ды гадаюць надвае
Цішка і Андрэй:

Ажаніся — клопату
Набярэшся многа ты
Нажывеш бяды.
Будзе шуму-лопату
І людзкога рогату, —
І сьвішчы тады.
Хочацца і колецца —
Лёгка заняволіцца,
Дзеўка — крапіва!
Ходзяць хлопцы, галяцца.
Думкі-ж як наваляцца,
Ходзіць галава.

На ўсе рукі хват Даніла,
Спрытны хлопец і дужэц,
Ростам — сажань, плечы — сіла —
Адным словам, маладзец.
Толькі-ж… эх падбіт Даніла.
Чым? дзявочым хараством…
Эх, Тацяна! што зрабіла
Ты з Данілам-малайцом?
Ды Тацяна маладая,
Калі праўду ўжо сказаць,
На Данілу паглядае
Больш, як трэба паглядаць.
А Даніла не нарокам
Таню-любку пакахаў.
Аб красуні сінявокай
Сьніў і марыў і ўздыхаў.
І як тут ён ні стараўся
Чары любасьці разьбіць,
Алё сам сабе прызнаўся,
Што бяз Тані і ня жыць,
І што там ні стане,
Яго будзе Таня,
А сам кажа: „Быць ня можа —
Уламлю цябе, нябожа,
Будзеш шоўкавая ты!“
І да Тані йдзе ў сваты.

II

Жывуць Таня з Данілаю,
І цешыцца ён мілаю,
А сам ходзіць злы, пануры,
Нездаволены і хмуры,
І на словы з ёю скупы,
Дзьмецца ўсё, бы мыш на крупы.
Жонка толькі паглядае,
Ды нічога не згадае.
„Чаго смуцен, мой Даніла?
Ці я чым не дагадзіла?
Ці ўжо стала нямілаю,
Што глядзіць ён магілаю?“
Запытала раз самога,
А ён толькі буркнуў строга:

„Будзеш усё ведаць,
Хутка пастарэеш…
Ось давай абедаць —
Потым зразумееш“.

Прамаўчала маладзіца,
За стол мужа просіць сесьці,
Бо спрачацца ці гадзіцца?
За стол селі, сталі есьці.
Раптам пеўнік дзесь з-за печы,
Як і робіць ён спрадвеку,
Ці ў свой час ці не да рэчы,
Як зацягне — какарэку!
Раззлаваўся наш Даніла
І за печ зірнуў няміла.
— Кыш, маўчы!.. Маўчы, зараза!
А ні чхні — А пеўнік — зноў.
— Крыкні, ну, яшчэ з поўраза,
Галава твая далоў! —

А Тацянка — зірк на мужа.
„Гэ! няўжо ты злы такі?“
І спалохалася дужа,
Аж кальнула пад бакі.
Пеўнік-дурань, ня стрымаўся,
Галаву ўгару задраў —
На поўпесьні абарваўся,
Бо Даніла ня ўтрываў:
Хоп за пэўня! на калодку,
Галаву нажом адсек!
Жонку кінула ў дрыготку.
„Ну й сярдзіты-ж чалавек!“
А Даніла хоць-бы слова,
Кінуў пеўня, сам за стол.
Таня пеўніка ў прыпол,
Скубе пеўня адмыслова
І так спрытна, глянуць міла —
Каб ён толькі не злаваў,
Адвярнуўся ў кут Даніла,
Сьмех яго апанаваў,
Ды нічым тут не азваўся
І ўсё злосны, бы той воўк.
А тут кот адкуль ні ўзяўся
І пад локаць яму — тоўк!
— Псік, ня лезь! — а коцік трэцца.
— Таўкані яшчэ — капут!
Тут Тацянка, як сарвецца!
— Псік, дурніца-шалапут!
Сама-ж думае сабе:
„Секане ката по лбе!“
За катка і гоп за дзьверы!
— Псік! хавайся! уцякай!..
І сярдзіты-ж ён бяз меры!
Ой, Данілу не чапай.
Ой, Даніле не пярэч:
Галаву гатоў адсеч!

III

У вольныя хвіліны
Зьбіраюцца мужчыны
На прызьбе ці так дзе.
І гутаркі жывыя,
І жарты дармавыя,
І сьмех там загудзе.
Ну, словам, як вядзецца,
Гаворка іх пляцецца,
Ня знаючы цанзур,
Ні густу літарацкага,
І слова забіяцкага
Ня чэшуць тут пад шнур.
Гаворка йдзе супольная,
Квяцістая ды вольная,
Як коціцца той вал,
Бяз поваду, бяз вобруці,
Усім вядома, добра йсьці,
На ліха тут капрал?
Затое-ж, мае братцы,
Як спрэчкі разгарацца —
Паслухаць іншы раз!
Зайшла і тут гаворка —
Даруй ты мне, Тадорка:
Зачаў яе Тарас,
Хто мае жонку слаўную,
Паслушную ды спраўную; —
Ну, словам, пра жанок.
Крычалі, аж стаміліся,
Ічуць-чуць не пабіліся
З Будзілкам Лабанок.
— Куды варты вашы бабы?
Да работы яны слабы,
А вось Тэкля дык але:
Баба першая ў сяле!
І паслушна, працавіта,
Да работы прагавіта,
Уварві ды падавай! —
Хваліць жонку Каравай.
— Што?! — крычыць Пятрусь Тачыла: —
Мая Ганна — ўсім прыклад!
— Ці-ж? а мешалкай вазіла, —
Пятруся кальнуў Ігнат.
Крык і гоман разрастаўся.
І канца ім ня відаць.
Тут стары Базыль падняўся,
— Хлопцы, ша! нашто крычаць?
Крыкі спрэчкі не разьвяжуць,
Слухай, Пётра і Кандрат:
Няхай нам жанкі пакажуць,
Ну, паслушнасьці прыклад.

Палажылі грамадою
Жонкам пробу учыніць.
— Пётра! справа за табою —
Годзі, досыць гаманіць! —
Рушыў Пётра першы з месца
І махае рукавом.
— Эй, Гануля! скажу нешта,
Ну, скарэй адно, бягом! —
Ганна, праўда, падбягае,
Нос уцерла аб падол…
— Ну, чаго табе? — пытае,
Азіраецца вакол.
Змоўклі хітрыя мужчыны.
Муж пачаў свой прыгавор:
— Бачыш, Ганна: унь драбіны —
Завязі іх на свой двор!
— Што?! Гануля перабіла: —
А бадай ты не даждаў!
Хіба я табе кабыла,
Каб мяне ты запрагаў? —

Так Пятруся адчытала,
Што Пятрусь, як пень стаіць.
І ў другіх ахвота спала
Баб пры людзях зачапіць,

Тут Даніла засьмяяўся,
Ўперад вышаў і сказаў:
— Я таго не спадзяваўся,
Каб верх жонцы муж аддаў.
Вось Тацяна — срэбра літа.
Хто тут з вашых ёй раўня?
І разумна, працавіта
І пакорна, як агня.
Эй, Тацяна! сюды, жыва!
Міг — зьяўляецца яна,
Падбягае і маўкліва —
Мусіць помніць пявуна —
На Данілу пазірае,
А ён толькі ссунуў броў:
— Бач, цялежка вунь старая,
Зацягні яе дамоў! —
І Тацяна за драбіны,
Ды бягом з канца ў канец!
— Во, Тацяна малайчына!
Во, Даніла маладзец!

1909 г.