Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/Ворагам (Багачы і панства…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларусам Ворагам
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Мікалаю II
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ворагам (Багачы і панства…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОРАГАМ

Багачы і панства,
Нашы „дабрадзеі!“
Мы на суд вас клічам,
Каты вы, зладзеі!

І на грозных межах
Часаў пераходных
Сьмела вас пытаем,
Прагных і нягодных:

„Чыімі рукамі
Вы дабро зьбіралі?
На чые вы сьлёзы
Дабрабыт куплялі?

І за што, скажэце,
Палкамі на білі,
Секлі-катавалі,
Голадам марылі?

Ласкаю-ж чыёю
І з чые вы працы
Замкі збудавалі,
Пышныя палацы?

Усё ад нас забралі,
А што нам далі вы?
Чые нудна ў полі
Так марнеюць нівы?

Вузенькаю ніцьцю
Чые йдуць палоскі?
У чыім то жыце
Многа так бярозкі?

Каму адвялі вы
Пусташы, каменьне?
Хто з свайго засеву
Не зьбярэ насеньня?

Чые гумны, хаты
Гнуцца сіратою?
Чые сьлёзы льлюцца
Кожнаю парою?

І чыя скацінка
Сохне ў пустым полі
І як гаспадар іх
Гіне у няволі?

Чыя песьня-скарга
Ў неба йдзе дакорам,
К месяцу і сонцу
І к далёкім зорам?

Багачы і панства
І вы, ўсе брадзягі!
У бок з дарогі, каты!
Бойцеся сярмягі!

Ўжо даўно вяроўкі
Вас, паны, чакаюць,
І па вас асіны
Сьлёзы праліваюць.

1906 г.