Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/Вецер

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старыя песьні Вецер
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
На лузе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вецер (Гэй, вецер заходні з далёкай краіны…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕЦЕР

Гэй, вецер заходні з далёкай краіны!
Аб чым ты размову так сумна павёў?
Мо‘ журбы нагналі ліхія ўспаміны,
Ці злыя здарэньні апошніх дзянькоў?

Маркотна з табою! Сьлязьмі і стагнаньнем
Гаворка твая аддаецца ў палёх.
Над кім ты смуткуеш глухім прычытаньнем,
Надгробнаю песьняю плачаш ў платох?

Тугою бязьмернай ты даль затуманіў,
Вясёлае неба ў жалобу абвіў.
Гэй, вецер заходні! Каго ты аганіў?
Над кім ты заплакаў? так жаласна ўзвыў?

Па кім ты спраўляеш памінкі-хаўтуры,
Ігрышча сіл чорных, начніц, ведзьмакоў?
Ці ты разьдзімаеш вялікую буру,
Буру ўсясьветную, плач сірат, удоў?

Гэй, вецер разгульны! ты — вечны дарожны,
І вечны выгнаньнік, бы кім закляты!
Заўсюды маркотны, заўсюды трывожны,
Спакою ніколі ня ведаеш ты.

1914 г.