Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/Перад дарогаю

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Каля акна ў вастрозе Перад дарогаю
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Верныя сябры
Іншыя публікацыі гэтага твора: Перад дарогаю (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРАД ДАРОГАЮ

Іх надоўга асудзілі,
Цяжка пакаралі,
Праз нягоду жыцьця з вёсак
У вастрог загналі,

Адарвалі ад сямейкі
І ад родных дзетак,
Гоняць ў катаргу пажылых,
Маладых кабетак.

І ня знаюць, небаракі,
Бедныя кабеты,
Куды доля іх загоніць,
Дзе іх пройдуць леты:

І ня знаюць, як сустрэне
Трудная дарога
Пад канвоем па этапах
У вастрог з астрога.

На іх тварах смутак цёмны,
Гора напісана:
За няма што жыцьцё зьнікла,
Ў гразь яно ўтаптана!

Задуменьне чорнай ценьню
На твары іх зьляжа,
Горам цяжкім, горам горкім
Сэрца апяража.

Ўсё прапала для гаротных,
Жыцьцё ў прах разьбіта,
А над будучынай цёмнай
Ночка ўсьцяж разьліта.

І даўнейшае жыцьцё іх
Ў думках пранясецца,
І ад гэтых думак сэрца
Жалем скалыхнецца.

Вёска ўстане перад імі,
Хаткі дарагія,
Ўсе куточкі, дзе прабеглі
Леты маладыя.

Ўспомняць родных, сваіх кроўных,
Блізкіх і далёкіх.
А ці ўспомняць іх там дома,
Бедных, адзінокіх?

І часамі хто з іх песьню
Горка засьпявае.
Гэта песьню жалем-смуткам
Сэрца спавівае.

„Я памру“ — адна заводзіць:
„Мяне пахаваюць
Як папала, у чужым доле
Труп мой закапаюць.

Знаць ня будзе ніхто з родных,
Дзе мой прах струхлее…“
Горкім жалем, цяжкім смуткам,
Ад тэй песьні вее…

Ох, як многа такіх песень
Чуецца ў дарогах!
Колькі сілы, жыцьця колькі
Нішчыцца ў астрогах!

1910 г.