Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Увосень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзяўчыне Увосень
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
На разьвітаньні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Увосень (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УВОСЕНЬ

З узгорка ў лагчынку дарожка зьбягае.
Дубы наабапал стаяць.
А хвалі крынічныя — хто іх там знае —
Аб чымся, знаць, важным шумяць.

І хвоі-суседкі і смутныя ёлкі,
Бы ўдовы, стаўпіліся тут:
Даведацца хочуць і травы і зёлкі
Навін, што прышлі ў гэты кут.

І ўсе неспакойны і ўсе засмучоны,
Бы нечага боязна ўсім,
А вецер-задзіра, гудзе, як шалёны,
І вые над лесам пустым.

Хвалююцца дрэвы, а красачкі ў скрусе
Зямлі адбіваюць паклон.
„Ня бойцеся“ з неба гукаюць ім гусі:
„Ня вечны зімовы палон…“

З узгорка ў лагчыну шыбуе дарога,
Стаяць наабапал дубы.
Між дрэваў і красак пануе трывога,
І цені снуюцца журбы.

1914 г.