Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Пад шум ветру

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На ростанках Пад шум ветру
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Не бядуй
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пад шум ветру (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАД ШУМ ВЕТРУ

Праляцела борзда лета,
Наша сьветлая пара.
На дарозе нашай вузкай,
Як раней, стаіць гара…

Скора, скора дуне холад,
Сьнег пасыпле з сівых хмар,
Зноў мароз падыдзе люты,
І клубком паваліць пар.

Разам з ветрам, з халадамі
Думак рой к нам наляціць,
Нудных думак, неспакойных,
Сэрца беднае сушыць.

Будуць ветры за вугламі
Выць і плакаць і стагнаць,
А ў той вечар, доўгі, цёмны,
Песьні ў коміне сьпяваць.

Бор стары завые нудна,
Зашуміць гальлём лаза.
Пад іх шум ня раз на сэрца,
Капне горкая сьляза.

1907 г.