Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Маёй каханцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Покліч Маёй каханцы
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Пахаваная муза
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маёй каханцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЁЙ КАХАНЦЫ

Я пайду да яе, да каханай маёй,
Каб ізноў яе голас пачуць.
Няхай думкі мае пабягуць чарадой,
Як чародкамі хмаркі плывуць.

І я волю ім дам, дзе ім люба ляцець,
Як ляталі, бывала, даўней.
Палячу з імі сам, буду песьні там пець,
Каб адчуць сваё шчасьце паўней.

Не скажу толькі я, што мне люба яна
І як добра мне з ёю пабыць,
Бо каханка мая, мая радасьць — сасна,
Што пры лесе, як панна, стаіць.

1922 г.