Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/IV/Бездараж

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сябру Бездараж
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
У дарозе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бездараж (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЗДАРАЖ

Хмурна. Глуха. Цьма пануе.
Сьлед у полі загубіўся.
Што-ж спужаўся? што стаіўся?
Ці што вуха тваё чуе?

Сьцішна. Пуста. Адзінока…
Сьвет закрыла цьма густая.
Паваротка тут крутая,
Ня змыліся-ж, маё вока!

Неба ў хмарах. Даль імгліста,
А дарогі скрыжаваны.
Што-ж там сьвеціць праз туманы?..
Стой, ня ідзі: то — бляск нячысты!

Ціш і безьлюдзь, — ну, страхоцьце!
Ані гуку, ані зыку!
Толькі сьвіст у лесе дзікі
Ды хмар сунецца лахмоцьце.

Мрок стаіўся нярухома.
Пад нагамі лом, каменьне.
Вось выпадак, вось здарэньне.
І куды йсьці — невядома.

Ня пужайся, пойдзем далей —
Ноч мінецца, змоўкнуць совы,
Дзень спаткаць будзьма гатовы!
Дык наперад, брат, павалім!

1909 г.