Над калыскай матка
Ночку каратае,
Хворага сыночка
Цешыць, забаўляе.
На цвічку павешан
Начнічок убогі.
Зазірае ў вокны
Месячык двурогі.
Карагоды зорак
Угары мігаюць,
На зямлі сьняжынкі
Сінім блескам зьзяюць.
Так спакойна ўсюды,
І такая ціша!
Хворае дзіцятка
Так няроўна дыша!
Забівае кашаль,
Не дае спакою.
Сьпі, маё дзіцятка!
Сьпі, мае любое.
Ня пужайся, мілы!
Бог сьвяты з табою…
Вон пайшоў ты з хаты,
Сівы дзед з кульбою!
Унь пайшоў дзед сівы,
Крывіцца і плача…
Уцякай адгэтуль,
Уцякай, бядача!
Ось які дзед гэты —
Думаў напалохаць!
Будзе-ж усю ночку
На марозе вохаць!
А не хадзі ў хату.
А ня лезь сьляпіцай!..
Плач цяпер і мерзьні
Ды ня будзь дурніцай…
О, Пятрусь мой цаца!
Любім мы Пятруся:
Любіць яго тата,
Любіць і матуся.
Купіць тата Пётру
Боцікі на ножкі,
Пойдзе мой сыночак
Пракладаць дарожкі!
Новую кашульку
Я табе пашыю,
У вадзіцы цёплай
Чысьценька памыю.
Будзеш ты харошы!
Цётка не пазнае
„А чый гэта хлопчык?“
Дзядзька запытае.
Ўсе дзівіцца стануць
І хваліць Пятруся.
— Гэта — я, — ты скажаш: —
Я — сынок Габрусяў…
Поўнач пракрычалі
Пеўні з хаты ў хату,
Ўсё курыць газьніцы
Блеск падсьлепаваты.
Змучана кабета
Мацярынскім горам,
Галаву схіліла
Над сыночкам хворым.
І калыша сына,
Страхі адганяе,
А самой ёй сэрца
Нешта есьць-сьціскае.
1910 г.
|