Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/Пятрусь-касец

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сялянскія думкі Пятрусь-касец
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
На ніве
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пятрусь-касец.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЯТРУСЬ-КАСЕЦ

Шоў Пятрусь дадому з лугу,
Дзе ўвесь дзень касой вярнуў.
Па дарозе даў ён кругу,
Манапольку абагнуў.

Узяў кручок ён і рухава
Выбіў корак, губы ўцёр,
На кручок зірнуў ласкава,
Галаву задраў, замёр.

Пацякла гарэлка ў жылах,
Як бы спраўнік там прашоў,
І Пятрусь пачуўся ў сілах,
Закіпела яго кроў.

Сэрца ў грудзях так і б‘ецца,
Лёгка — долу ня чуваць,
Так і рынуўся-б, здаецца,
Ён лявоніху скакаць.

Вось Пятрусь прышоў дадому.
Хмель яго узбунтаваў
І так весела старому —
Як-бы зноў ён хлопцам стаў.

Паглядзеў — няма нікога
Пад палок, пад печ зірнуў.
Чорт залез ці што ў старога —
Ступу к грудзям прыгарнуў

І пашоў па хаце з ёю,
Тупнуў раз ён і другі,
Адбівае тахт нагою
І выпісвае кругі.

Круціць ступу, абнімае
Ды сам сабе выцінае:

„Бадай таго каваля
Мяцеліца замяла,
Як ён мяне маладу
Замарозіў на ляду!“

1911 г.