Чую звон я нудны,
Рэдкі, невясёлы.
Дзень сягоньня будны,
Не сьвяткуюць сёлы.
Чую прычытаньне,
Чую плач я нечы,
Скончыўся зараньне
Век твой, чалавеча.
Вось труну я бачу,
Кучка йдзе народу.
Колькі жалю, плачу!
Жонцы мужа шкода,
Мужа маладога,
Добрага Рыгора,
І сабе у бога
Просіць сьмерці з гора.
Сёстры плачуць горка
Буйнымі сьлязамі:
„Ой, Рыгор, Рыгорка!
Што зрабіў ты з намі?“
Двое дзетак з краю —
Бедныя сіроткі!
Цяжка будзе, знаю,
Вам, мае блазноткі!
Ззаду дзед сагнуўся, —
Нудна, жаль старому.
Падышоў, вярнуўся
Скора поп да дому.
О, мой братка родны!
Ой, мужык ты бедны!
Ўсё жыцьцё галодны,
Худы, чорны, бледны.
Хто табе уважыць?
Хто паспагадае?
Сушыць доля, пражыць,
Гне, не аглядае.
Біўся ты, як рыба,
Часу ты ня ўседзіш..
У зямельцы хіба
Шчасьце ты угледзіш.
А памёр — ні знаку,
Звон адзін пазвоніць.
Ў яму небараку
Кінуць, пахароняць…
Смутна і ціхутка…
Могілкі з крыжамі.
Круцяцца блізютка
Галкі над палямі.
Жаль скаваў мне грудзі,
І нуда напала…
Каб вы зналі, людзі,
Як мне цяжка стала!
1908 г.
|