Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/Пастушка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Матчынае прычытаньне Пастушка
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Сялянскія думкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пастушка (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАСТУШКА

Будзіць матка сваю дочку:
„Ўстань, дачушка залатая!
Унь і сонейка з лясочку
На пасьцельку заглядае.

Ўстань, паслухай, як у лесе
Сьвішчуць пташкі і гамоняць.
Вераб‘і крычаць на стрэсе
І сьмяюцца з цябе, соні…

А як цёпла, каб ты знала.
Мёду пах ідзе ад грэчкі…
Ўстань!.. а ўчора-ж ты казала —
Буду пасьвіць я авечкі!

Ну, дачушка, не лянуйся!
Выжань іх на прорасьць нашу…
Ўстань, умыйся ды абуйся —
Трэба-ж выгнаць іх на пашу“.

Ўстала дзяўчынка малая.
Плача, сеўшы на пасьцелі,
І авечкі праклінае:
„А, каб іх ваўкі паелі!“

— Вось дурная, — кажа матка: —
Ці-ж то можна гэтак клесьці?
Як зьядуць ваўкі ўсё стадка,
Што-ж сама ты будзеш есьці?

Сама-ж любіш, нябось, мяска
І аладкі мазаць тукам?
Дык і пасьвіць трэба, краска!
Пры авечках стаяць крукам.

А хвалілася: „ого, я!..“
Ну, ня плач!.. Ох, ты блазнота!.. —
Плача горш дзіця малое.
Ох, як пасьвіць не ахвота!

Самой матцы Нінкі шкода,
Дый куды ёй пасьвіць стадка?
Які розум яе? годы?.. —
Чуць сама ня плача матка.

1911 г.