Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/III/Мужычае жыцьцё

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На прадвесьні Мужычае жыцьцё
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Плытнікі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мужычае жыцьцё.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МУЖЫЧАЕ ЖЫЦЬЦЁ

Божа, божа, твая воля!
(Хоць і можа гэта грэх):
Што за жыцьце, што за доля, —
Проста плач бярэ і сьмех!

Ў хаце чорна, няпрыбрана,
Парасяты пад палком,
Павуцінаю заткана
Столь і кут над абразом.

Дзеці ўстануць пасля ночы —
Крык, хоць вушы затыкай.
Дым з камінку лезе ў вочы,
Дзед сярдуе — ая-яй!

А як часам дзе зьбярэцца
Ў хаце з пару ‘шчэ жанок,
Сварка тая не зьвядзецца —
Дзень грызуцца за гаршчок.

А ўмяшаюцца мужчыны,
Ну, і пойдзе латата!
Паўплятаюцца ў чупрыны,
Рэдка стане барада.

Так ўвесь век ператаўчэшся,
І няма таго дабра.
Покі жыць ты прыбярэшся —
Уміраць ужо пара.

1907 г.