Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/2/Штрэйкбрэхэр

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бягунец Штрэйкбрэхэр
Апавяданьне
Аўтар: Цішка Гартны
1929 год
На руінах
Іншыя публікацыі гэтага твора: Штрэйкбрэхер.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШТРЭЙКБРЭХЭР[1]

І

— Анупрэй, га, Анупрэй, уставай! Уставай, ужо абед хутка. Валяецца ў пасьцелі цэлымі днямі й нібыта той! Бяз клопату, бяздумна. Уставай, уставай! Можна ўжо дагэтуль вылежацца! Нябось — лёг учора з вечара і праз усенькую ноч праляжаў. Анупрэй, га, Анупрэй, ці чуеш ты? Уставай — ды пойдзеш праведаеш, як парашылі там…

Луцэя злосна паківала галавою, уздыхнула і паглядзела ў вакно. Пасьля йзноў абярнулася да гаспадара і пачала яго катурхаць, прыгаварваючы:

— Ці чуеш ты, ці не, Анупрэй? Разаспаўся вельмі! Нагараваўся задужа небарака… Гуляеш, бач, другі тыдзень, дык можна выспацца ўволю. Людзі вунь калі ўжо на поле пайшлі, а гэта… Эх, няшчасная я!..

Луцэя йзноў адхілілася ад полу й скрывіла жаласьлівую міну.

А Анупрэй, чуючы праз сон прычытаньне жонкі, знарок нічога не адказваў ёй, толькі хвілінамі расплюшчваў вочы й балюча пакрэктваў.

— Бок адлежаў, небарака. Уста-ва-ай! — са злосьцю пракрычала Луцэя над самым вухам мужа.

Анупрэй і на гэта нічога не адказаў, а, нібы наперакор, адвярнуўся да сьцяны і маўчаў.

— Ды ўстанеш ты сёньня, ці мо’ ўжо да вечара будзеш тухнуць? — папракнула ўголас Луцэя.

— Ну, чаго ты прыстала да мяне сёньнека? — ня выцерпеў нарэшце Анупрэй, паднімаючыся з падушкі. — Чаго цябе ліха здрочыць, чаго? Кожны дзень гаўкае бязупынку. Не падабаецца, што я гуляю? Хацела-б, каб нясьціханна працаваў — ведаю! Не, галубка, патвойму ня будзе…

Луцэя ажно збляднела ад злосьці: ёй нямерна стала крыўдна на мужа за яго агрызаньне на яе справядлівыя словы.

Вось ужо хутка два тыдні міне, як у іх хаце цягнуцца спрэчкі і сваркі. Два тыдні, як у хаце згінуў сямейны лад і спакой. А хто і што таму віною? Луцэя колькі разоў запэўняла мужа, што яна ня злуе на яго і ня вініць яго за ўдзел у забастоўцы; яна запэўняла Анупрэя, што ёй вядома ўсё, як і што павінна весьціся змаганьне з гаспадарамі за паляпшэньне становішча працаўнікоў. Яна добра ведала, што будзе шмат лепш і ёй тады, калі разам з другімі яе Анупрэй будзе менш працаваць, а больш зарабляць. Ведала ўсё гэта Луцэя і памятала, толькі ўжо занадта цяжка складалася іх жыцьцё; недастаткі ў хаце, якія прышлі з забастоўкаю, саматугам застаўлялі яе забываць усё і абурвацца на Анупрэя з упікамі і са злосьцю. Калі муж працаваў — стачалі канцы з канцамі і жылі, а цяпер — так туга! Луцэі думалася, што мужу самому заўважна хатняе становішча, але ён бяз моцы, каб памагчы, тады яна спусьціла тон і пачала разважаць спакойлівей.

— Анупрэйка, ну ты сам толькі, здароў, падумай, як-жа мы будзем жыць далей? Запасаў-жа ў нас ніякіх няма, ты сам добра ведаеш — не назьбіралі — ня з нашых заработкаў іх зьбіраць. А есьці, нябось, штодня трэба. Ні Стэпка, ні Сьцёпка ня пытаюць, ёсьцека яда ці не, а ім давай. Чыя-ж галава баліць — толькі мая, бо найперш яны кідаюцца да мяне: «Мама, дай хлеба, мама, дай к хлебу!» Дзе хочаш бяры, а адказаць — не адкажаш дзецям. Дый самі духам сьвятым не пражывом. А цэлых-жа два тыдні ні капейкі ў хату ня прыбавілася… як-жа ня крычаць, як не ўзлавацца часамі?

— Але-ж не ачамераю лезьці ў вочы, — паднімаў голас Анупрэй, — каб добра ды ціха, дык яно зусім іначай, а то ўвесь час тое й робіш, што точыш мяне нясупынна. Кажаш, усё добра ведаеш, а, нябось, тычаш пальцам. А ласьне тут я вінаваты? Разыгралася забастоўка і захапіла ў сваё кола і мяне. Трыццаць чалавек разам — не папрэш супроціў. Як змагацца, дык усім разам. Хто йдзе супроціў — той здраднік… І ты, пэўна, ня ведаеш, што з гэткімі бывае.

Анупрэй зьлез з полу, пацягнуўся некалькі разоў, апрануўся ў стары будзённы, увесь зашмальцованы дзёгцем гарнітур і, ня думаючы ўмывацца, з брудным вуграстым тварам, з тлустымі ад шмальцу рукамі падышоў да вакна і ўтаропіўся поглядам на вуліцу. Да жонкі не казаў нічога.

Гэта скрыўдзіла Луцэю, і яна адыйшлася да запечку. Але доўга не магла стаяць спакойліва, і, паглядзеўшы ўбок мужа, загаварыла:

— Бастуюць! Добра ім баставаць! Нежанатыя, а многія й хлеб свой маюць. Якаво ім адходзіць — хоць-бы Міколу Капачу, ці Антосю Скубу, ці Андрэю Гляку? Гэта-ж усё гаспадарскія сынкі, якім страшна й месяц цэлы прабаставаць. Ці-ж табе зраўняцца з імі! У цябе, вось цэлая сям’я на руках, а для яе зараз і крошкі хлеба-а ня будзе. Вазьмі ты гэта ўцям!

Анупрэя гэта йзноў раздражніла.

— Кінь балабоніць ліха ведае што, — перабіў ён жонку, адвярнуўшыся на хату, — вось калі ваб’е сабе ў голаў, дык і дыхнуць не дае… Няўжо ты зразумець ня можаш, што… Ужо-ж ня раз, здаецца, казаў я табе, што тут справа не аднаго мая, а агульная, хаўрусная, таварыская справа. Вось яна і вымушае кожнага трымацца ўсім разам. Тут, галубка, зусім не гадзіцца твая дзяльба на жанатых і нежанатых, або на гаспадароў і безьзямельных. Перад абіранынем і зьдзекамі гаспадароў — усе работнікі мусяць быць роўнымі. Мусіць быць еднасьць між імі.

— Добра, еднасьць! Я-ж сваё кажу, ці магчыма табе з Мікалаем раўняцца? Сам, нябось, адчуваеш, што не. Вось, калі ўсе так налягаеце на еднасьць, дык хай-бы адзін другога й падтрымоўвалі. Дык гэтага штосьці ня відаць.

Анупрэй моўчкі адышоў ад вакна і прысеў на ўслоне. Спрачацца больш з жонкаю яму не хацелася, бо ён добра ведаў, што гэтым спрэчкам ня будзе канца да таго часу, пакуль ён нанова не пачне ўспорвацца з цёмнага і сьпяшыць, часта ня сьнедаўшы, у майстэрню. Пераканаць-жа жонку ў патрэбнасьці агулам, усім разам, падтрымліваць забастоўку, каб выйграць яе і палепшыць умовы працы — Анупрэй ня мог: ён ведаў, што гэта пытаньне разьбіваецца аб іх сямейнае становішча.

Анупрэй бачыў, што гутарка жонкі ня блазная баўтаўня, што яе рыхтуюць тыя цяжкія ўмовы, у якія ўпіхнула яго й яго сям’ю двухтыднёвая забастоўка. Штораз, хоць і злаваўшыя Анупрэя, размовы жонкі рабіліся больш балючымі і бліжэй краталі яго бацькава і гаспадарова сэрца.

Вось, прысеўшы на ўслоне, Анупрэй міжвольна паддаўся роздуму над сваім становішчам: «Праўда, яно-та мне зусім цяжка пераносіць гэту забастоўку. Дужа цяжка. І я ведаю, што гэты цяжар гняце і Луцэю. Але-ж што зрабіць? Нельга-ж ісьці супроць усіх — нічога ня выйдзе, трэ’ як-кольвечы канца чакаць»… Анупрэй кінуў вачыма на жонку: «А які яшчэ канец будзе, таксама пытаньне? Можа прабастуем яшчэ тыдзень-другі ці больш і нічога ня выйграем, а болей бяды наклічам. Ці раз ужо так траплялася; баставалі-баставалі — а пасьля на старых умовах назад да работы… Чаго добрага і цяпер можа так быць… Вось тады будзе-э!..

Анупрэй падняўся з услону і пачаў тупаць па хаце.

Луцэя ўвесь час сядзела мэрам прыбітая да лаўкі і нязьмігутна сачыла паглядам у вадну кропку на вулічнай сьцяне. Спакойлівы выгляд яе твару, відаць было, стрымоўваў выраз глыбокага болю ў яе сэрцы.

Анупрэй некалькі разоў паглядзеў на жонку і за кожным разам усё бліжэй адчуваў на сабе яе перажываньні. Нарэшце ня вытрываў і пачаў казаць.

— Слухай, Луцэя, усё-ткі ты не гаруй так. Я пастараюся трохі грошы — мне Мэндаль Крупнік абяцаў пазычыць рублёў пяць. Ліха яго бяры — аддамо калі-кольвечы… Але-ж ты сама павінна ведаць, што пратрымацца да канца трэба. Пратрымаемся дружна — то выйграем, а выйграем — дык я буду зарабляць у тыдзень сем рублёў. Падумай толькі — чуць ня ў два разы болей, ніж цяпер… Усё зможам спагнаць за адзін месяц… Трэба дацярпець… Бачыш, я-ж не адзін такі: Пранук, Лейзар — таксама ня ў лепшых умовах.

Луцэя падняла голаў і паглядзела на мужа. Перад ёю праміргнула яскраваю палоскаю надзея; зьмякла сэрца і сьвяжысты подых прайшоў яе нутром.

— А ці хутка ты возьмеш у Мэндаля гэтыя пяць рублёў? — запытала яна мужа.

— Пэўна сёньня вечарам… а мо’ заўтра, — адказаў Анупрэй.

Луцэя яшчэ больш прасьвятлела.

— Я таму, Анупрэйка, пытаю, што на заўтра ў хаце ні капейкі не засталося; хлеба купіць незашта.

Анупрэй, як тупаў, так зразу і спыніўся сярод хаты: дагэтуль ён неяк ня верыў, што ў хаце дайшло да ніткі, а думаў, што Луцэя папераджае яго заўчасна, каб не дапусьціць да крайняга, пакуль цягнецца сяк-так.

— І хлеба, кажаш, няма? — спалохана прамовіў ён.

— Ня хлушу, Анупрэйка.

Нічога ня кажучы, Анупрэй надзеў шапку, ускінуў напашкі жукету і павярнуў да дзрвярэй.

— Куды-ж ты? — спыніла яго Луцэя.

— Да Мэндаля пайду, — адказаў Анупрэй.

— Пастой! Я надумалася зрабіць вось што: ці ты з Лейбам не сварыўся, як пакідаў работу?

Анупрэй задумана памаўчаў.

— Не. Чаму?

— Як не, дык, памойму, пайшоў-бы да яго і пазычыў-бы якіх рублёў з пяць. Мне здаецца, што табе ўсё роўна прыдзецца вярнуцца на работу да яго, так ці сяк. А з Мэндалем… хопіць і таго разу: успомні, як ачамярэў ён нам тады… Слухай, Анупрэй, сапраўды, пайдзі лепш да Лейбы і… вось хай толькі зьмеркне крыху. Надоечы дык ён сам, спаткаўшыся, напрошваўся ў мяне: «Хай прыдзе, кажа, Анупрэй да мяне, і я яму грошай дам, а то мо’ ў вас іх няма». Пайдзі да Лейбы, пайдзі. Паслухай мяне.

Анупрэй пастаяў крыху моўчкі, пасьля адказаў.

— Падумаю, ведаеш… Вельмі-ж ніякавата будзе, як таварышы праведаюць аб гэтым.

— Чаго ніякавата? У першых, хто-ж дазнаецца, калі ты ціха зробіш, а другое, калі й даведаюцца — то што? Няўжо-ж з голаду ўміраць? Нябось, ніхто не прынясе з сваіх, каб падтрымаць… Нечага баяцца.

— Можна будзе ўзяць рублёў два з камітэту… Я думаю, што ёсьць там крыху грошай…

— Ёсьць-ёсьць… Дык чаму-ж дасюль не дагадаўся ўзяць? Сарамяжы вельмі. Вось глядзі, каб і камітэт раней цябе не абабралі.

Анупрэй нічога не адказаў і моўчкі вышаў з хаты.


II

Праз колькі хвілін, пасьля выхаду Анупрэя, у хату ўбег Сьцёпка, — старэйшы хлопчык Анупрэя й Луцэі, гадкоў васьмі-дзевяці, блядзенькі, замораны, запэцканы ў гразь і ў парваным адзеньні.

— Мама, — зьвярнуўся ён да Луцэі, — куды-ж то наш татка пайшоў? Дазволь мне за ім пайсьці, дазволь, мамачка?

Луцэя ў злосьці агрызнулася на сынка:

— Чаго табе за бацькам? Я табе пакажу, распусьнік! Сядзі вось у хаце.

Сьцёпка паслухна схіліў галоўку, закапыліў губкі і, усадзіўшы ў рот пальчык, ціхутка стаў каля стала, спадлоб’я пазіраючы на мацеру.

— То дайце мне хлеба лустачку на вуліцу, — асьмеліўся ён вымавіць, спусьціўшы з паўгадзіны.

— Хлеба! хлеба! Розак табе, а ня хлеба! Яшчэ што ўшалопаеш! Хлеб на вуліцу цягаць! Расьцяглі ўжо ўвесь. Цягаеш два тыдні, а ў хату ніхто ня прыцягне. Няма ў мяне хлеба. Вось вернецца бацька — у яго папросіш.

Сьцёпка скрывіўся і заплакаў. Перш зацягнуў ён уголас, а пасля, скмеціўшы злосны пагляд мацеры, прыцішыў голас; з яго вачэй кідаліся на стол буйныя празрыстыя сьлёзы, якія хлопчык часта пераймаў каравым рукавом кашулі. Луцэя ані не зважала гэтага і задуменна пазірала ў вакно. Але няўвага мацеры крыўдзіла Сьцёпку, і ён хутка зноў падняў голас. Луцэя не сьцярпела, адхілілася ад вакна й закрычала на сынка:

— Ну, а гэта што? Чаго хліпіш? Пугі, нябось, захацеў! Сьціхні, кажу табе! Маўчы!

Луцэя прытупнула нагою і паківала пальцам. Яна нават намерылася падыйсьці да Сьцёпкі, каб рукамі спыніць яго плач, але стук у дзьверы яе перапыніў. Луцэя адвярнулася да дзьвярэй.

— Мамачка, га, мамачка, дай мне хлеба! Усе дзеткі на вуліцы ядуць хлеб і мне хочацца, — убегшы ў хату, пралепятала Стэпка.

— Ах на іх усяліхое! — вылаялася Луцэя. — Якраз тады на іх прорва напала, калі нічога няма.

Не зважаючы на воражнасьць з боку мацеры, дзяўчынка яшчэ раз пераказала просьбу і пачала чакаць ад мацеры хлеба.

— Атруты вам, на вас проглая, а ня хлеба! — яшчэ зычней вырачылася на дзяўчынку Луцэя.

Абураная гэтым, Стэпка сагнулася ў кручок і перабегла да стала ды прытулілася да братка.

— Чаму-ж вось Янку маці дала хлеба, а вы мне шкадуеце, — папракнуў Сьцёпка мацеру.

— Мне хлеба мамка ніколі не шкадуе, — пахваліўся Янка.

— Твая маці багатая, у вас хлеба процьма, — спыніла яго Луцэя і, каб адвязацца ад дзяцей, дадала:

— Ідзеце, вось, гуляйце! Чаго вы таўчэцеся ў хаце ў пагоду? Марш вон!

Янка, сьмяючыся, выбег з хаты, моцна бразнуўшы дзьвярыма. Сьцёпка з Стэпкаю асталіся. Луцэя вылаялася на дзяцей і зноў адвярнулася ў вакно.

Але стаяць спакойна не магла. Праз хвіліну яна вылезла з вакна, прайшла колькі разоў па хаце, пасьля прысела каля стала й пачала ўголас думаць: «Не, усё-ж крыку мала! Крыкам ды лаянкаю дзяцей не накорміш. І так цяжка глядзець на іх: сухія, блядыя, мізэрныя. Паглядзець на чужых, дык як пурэчачкі, ружовыя. А гэта — заморышы… А ўсё-ж ад таго, што вось гэткія сцэны. На добры лад, то гэта-б трэ’ было ім і малака, і мяса, і яшчэ сякіх-такіх лагод, але — адкуль узяць? Зарабляў вось рублёў па чатыры ў тыдзень, то ці-ж магло старчыць іх на ўсё-ўсенькае для чатырох душ сям’і? Свайго-ж ні каліва, ні кастрычынкі няма… Усё-ж пражывалася сяк-так, працягалася со-дня-на-дзень. І мо’-б цягнулася так далей, каб яно аднакава роўна йшло, а то — час-ад-часу, глядзіш, і перабой, і перабой: то няма работы, то захварэе, то яшчэ якая-кольвечы прымха. А плаціць — ніхто ня плаціць. Хай-жа бы ўлічаў гэта — дык не. Баставаць! Добра вельмі, што ня трэба рабіць… Чалавек не заглядае ўперад, ня рупіцца… Каб меў жаласьць да сям’і, не пільнаваўся-б так шчыра ўсякіх там пастаноў. Добра таму гэта рабіць, хто мае з чым і як вывернуцца, або хто вольны, не зьвязаны сям’ёю… Ох, бяда, бяда! Цяжка мне жыць!..»

Ад натужных думак Луцэя стамілася і, бязвольна апусьціўшыся на стол, задрамала.

Дзеці цішком панырпалілі ў мыцельніку й пад прыпечкам, пакруціліся каля стала й бяз нічога выйшлі на вуліцу.


III

Луцэя спакойна спала.

Праз паўгадзіны, ня болей, яе разбудзіў стук у дзьверы. Луцэя хутка ўсхапілася, працерла вочы й прыгатовілася стрэціць, хто ўвойдзе ў хату. «Пэўна, Анупрэй», — парашыла яна, не дачакаўшыся, і нездавальняюча адвярнулася ад дзьвярэй.

Усьлед гэтаму прачыніліся дзьверы, і Анупрэй увайшоў у хату.

— Дзе ты цягаешся нясупынна? — упічліва запытала Луцэя.

Анупрэя хапіла за сэрца, і ён перш сурова паглядзеў на жонку, крутнуў нездавольна галавою і прайшоў к вулічнаму вакну; пасьля павярнуўся да яе і сказаў:

— Ці ты звар’яцела? Сама пасылала… — вырачыўся ён і зразу-ж перамяніў тон. — Я да гаспадара заходзіў… Грошы прасіў пазычыць у лік будучае працы… Я сам бачу, што нельга далей так быць… Што-ж, няхай прабачаюць таварышы. Я не самахоць…

— То ці-ж бачыў хто? — з надышоўшай палёгкай на сэрца, запытала Луцэя і прысела супроціў мужа.

Той апусьціў пагляд і спагадліва адказаў:

— Бачылі… Вядома, што бачылі… Каб і ня бачылі, то дазналіся-б. Ласьне захаваешся?.. Ахрэмава жонка бачыла…

— Як ты йшоў, ці як выходзіў?

— Як выходзіў… Што-ж, усё роўна… Я ўжо гэтым запляміў сябе… Прадаў таварыскасьць і справу…

— Ну, а што-ж Лейба? Даў табе грошы ці не? — пераняла Луцэя, каб ведаць, як ацаніць мужаў паступак.

— Даў дзесяць рублёў… дзесяць срэбранікаў, нібы…

Анупрэй ня мог супакоіцца ад нутраных папрокаў і затупаў па хаце.

— Кінь ты плявузгаць, ліха ведае што, — расьцяжна заўважыла Луцэя. — Што ты прадаў? Наадварот, ты выратаваў трое душ ад голаду. Не дастаў-бы грошы — заўтра сядзелі-б бяз крошкі хлеба. Бедныя дзеці, і сёньня ўжо амаль нічога ня елі. Ды калі пазычыў, то ці-ж гэта значыць, што і прадаў? Гэта-ж не на работу пайшоў… Пакінь лепш дратаваць сябе…

Анупрэў нейкі час памаўчаў.

— Маўчы лепш, Луцэя, калі не разрбіраешся ні ў чым. Забастоўка — гэта вайна… А ў вайну нельга аднаму супроціў усіх вясьці перамовы з ворагам. Гэта ёсьць здрада… Глядзі, два тыдні ідзе змаганьне, і гэтыя паганцы-гаспадары не здаюцца. Думаюць прымусіць нас пайсьці на міравую. Хітрыкамі, зморам, завабамі — думаюць… Не падавацца, трымацца, як мага — вось чым можна перамагчы… А я… бачыш…

Анупрэй міжвольна скочыў к вакну, за якім вуліцаю прайшло двое мужчын: яму паказалася, нібы то йдуць да яго Мікола Капач і Антось Скуба…

— Я штрэйкбрэхэрам цяпер лічуся… Першым пайшоў за гаспадарскай ласкаю, — дадаў Анупрэй, як-бы хочучы пакараць сябе за заход да Лейбы.

— За гэта? Не разумею цябе, Анупрэй.

— Кінь… Бяры, лепш, павячэраем, што ёсьць. Заві дзяцей.

Луцэя самапэўнасьцю пайшла ў мыцельнік і стала ўвіхацца каля начыньня. Анупрэй задуменна прачыніў вакно й пазваў дзяцей.

Хутка ўсёю сям’ёю ўселіся за стол, нагнуўшыся над міскай варанае крапівы.

А тымчасам у хаце цямнела.


IV

Праз усю ноч Анупрэй ня мог супакоіцца і заснуць як сьлед. Толькі надыходзіў сон, плюшчыліся вочы і мярцьвела цела, як раптам унутры штосьці адрывалася, прабягала па ўсёй постаці калючая дрыготка — і сон прападаў. Чарадою віліся чорныя думкі-сумненьні, і натужна працавалі мазгі над пытаньнем, як-жа абыйдзецца яго праступак?

Анупрэй і находзіў і не находзіў сабе апраўданьні. Пасудзіць з боку галавы сям’і, з боку бацькі — то ён зусім ня здрадзіў. Луцэя, як шчырая маці-гаспадыня — была права. Але з погляду таварыскасьці — зусім няма апраўданьня. Анупрэй згаджаўся, што ён віноўнік перад таварышамі, што ён зрабіў цяжкую абмылку. Раз-ад-разу адзнаньне свае віны ён адчуваў усё больш і прыкрэй; раз-ад-разу яе здань выразьней насувалася на яго.

Хацелася скарэй ведаць, чым усё гэта скончыцца. Маляваліся розныя скуткі, якія дасьць вырашэньне пытаньня. І ўжо зараней ні ў адным з іх ня бачыў Анупрэй сябе правым. Яму здавалася, лежачы, нібы хтось побач яго сцьражэ. Шамаў вецер за сьцяною, шоргала мыш у запечку, скрыпеў шашаль у шалёўках вакон — а паказвалася, што хтосьці гаворыць пра яго справу. Анупрэй паднімаў голаў і кідаў вачыма ў шэры змрок хаты, прыслухоўваючыся, ці сьпіць Луцэя з дзяцьмі.

Тыя спакойліва храплі. І Анупрэй міжвольна кратаўся думкамі аб сям’і. «Луцэя здаволена, што я ёй прынёс дзесяць рублёў, перабіраў ён у думках. Ды, сапраўды, якое ёй дзела да ўсякіх там салідарнасьцяй і іншае, калі ў хаце ні капейкі грошы ці скарынкі хлеба. Двое дзетак, сапраўды, абадраных, бледых, ці-ж замарыць іх голадам? Дзеці».

Толькі чапала гэта слова Анупрэя, як ён хапаўся за іх, загладжваючы свой неспакой і сваю трывогу.

Анупрэй ужо на сьвітаньні спыніўся на гэткім пляне адказу таварышам, калі тыя паставяць аб ім пытаньне рубам: «Я ратаваў сям’ю». Няўжо-ж такі й гэта іх ня ўрэзоніць?

І, вось, назаўтра, з самага раньня, калі жонка пайшла на рынак, Анупрэй неспакойліва пазіраў у вакно, чакаючы каго- кольвечы да сябе. Ніводнага праходжага не перапускаў, каб не аглядзець. Брала падазронасьць, каб на рынку, чаго добрага, не прагаварылася каму Луцэя. Ён верыў у яе стрыманасьць, але штось падточвала гэту веру. Хацелася, каб Луцэя хутчэй вярнулася дамоў. А мо’ хто што казаў пра яго ды яна чула? Расказала-б мне.

Анупрэй прачыніў вакно, каб паглядзець, ці ня йдзе, часамі, Луцэя. Паглядзеў управа — няма. Штось падштырхнула павярнуць голаў улева. Анупрэй раптам схамянуўся: недалечка, хат праз дзьве, ішоў Ахрэм Клін. Ня трэба было сумнявацца — да яго. Анупрэю зрабілася млосна: так рана — то пэўна знарок. Яго жонка ня змоўчала, бо гэткая язычніца. Нашчабятала, нябось, багата. Ужо ўсякія чуткі пойдуць… Чаго ня было — дададуць… У людзей языкі сьвярбячыя — адно крані — мянташкамі пойдуць.

Каб Ахрэм не падмеціў, Анупрэй выняў голаў з вакна, зачыніў яго на кручок і адыйшоў на хату.

Задумаўся, як і што гаварыць з таварышам. Трэба-ж апраўдацца! Ды на гэта ёсьць важкія прычыны.

Анупрэй паглядзеў на пол, дзе варушыліся разбуджаныя дзеткі. Бацькаў погляд, праведзены спадлоб’я, сур’ёзны, паказаўся дзеткам за нейкую пагрозу на іх з боку бацькі; яны прысьмірэлі і захуталіся ў акрывала.

Анупрэй скмеціў прычыну дзяцінага манэўру і спагадліва ўсьміхнуўся. «Бедныя дзеткі, усё з-за вас», прапусьціў ён у думках; і ад гэтых думак, як ад выходнага пункту да далейшых роздумаў, ён накідаў рысы наступнай гутаркі…

Так і так. Ці-ж ёсьць праступак?

Увайшоў Ахрэм, і Анупрэй перарваў думкі: віноўна стаў наўпрост перад увайшоўшым таварышам.

— Ты, пэўна, не чакаў мяне, Анупрэй? — ацікавіўся Ахрэм.

— Н-не-э, — раптам адказаў Анупрэй.

— А вось я зайшоў, каб табе…

Анупрэй перабіў таварыша, ня даўшы таму дасказаць…

— Я ведаю, дзеля чаго ты прышоў… Тут ужо адкрытая справа, ясна. Але слухай, братка, я йначай ня мог. Ня мог, даю табе таварыскае слова… Вось дзеці, — Андрэй паказаў пальцам на пол, — так прыпёрла, што бяз хлеба, бяз… І хапіла за горла пытаньне, як быць? Дапушчаць, каб уміралі, ці пайсьці на папрошную… Мучыла, паверыш, адзнаньне віны перад агульнай справай, але…

Ахрэм паслухаў Анупрэя, увесь час гледзячы яму ў твар і ловячы ў ім трывогу ды раскаяньне, пачакаў крыху і суцешна адказаў:

— Я сазнаю ўсё… Ласьне, думаеш, мне невядома тваё становішча? Тут цяжка ўстаяць… Я ўчора казаў сваёй жонцы: маўчы, тут не злачынства і ня здрада, а вымус жыцця…

Анупрэй павесялеў, крыху сьцешыўся і задаволена дадаў:

— Я й ведаў, што ты справядліва рассудзіш. Але прасіцьму цябе, пераканай, браток, і другіх, калі яны паднімуць на мяне лаянку… Ёсьць-жа ўсякія людзі!..

— Я ня веру, каб хто што нядобрае падумаў на цябе… Ды ніхто й ведаць не павінен… Я, вось, і сам прыйшоў да цябе зусім не па гэтым… Я, ведаеш, хачу запытаць у цябе, ці нельга было-б дастаць у цябе пілкі? Думаю пайсьці ў лес паставіць якую шурку дроў, пакуль гуляю… А ў цябе, здаецца, была пілка…

— Так, ёсьць недзе… я выскачу ў сенцы…

Анупрэй намерыўся йсьці, але знадворку стукнулі дзьверы, і ён спыніўся.

Пачакаў: у хату ўвайшла Луцэя.

— Дзень добры! — прывіталіся з Ахрэмам, падазрона кінуўшы на яго порсткі пагляд.

— Адкуль так рана? — запытаў Анупрэй.

— На места бегала… Хлеба ня было ў хаце, — сухім голасам, не азіраючыся на Ахрэма, адказала Луцэя.

І, спусьціўшы хвілінку, дадала:

— Але, здаецца, рана, а людзі ўжо пасьпелі даняць.

Мужчыны настарожана паглядзелі ў бок Луцэі.

— У чым справа? — разам запыталі.

— Усё ў тваім паступку… штрэйкбрэхэрам завуць. Сустрэла Кастуся Вілку і Боруха… Абудва з пенаю ў роце накінуліся на мяне…

Анупрэй зьбялеў ні-то ад сполаху, ні-то ад злосьці і, як-бы шукаючы падмогі, павярнуўся да Ахрэма.

— Чуеш, брат?

Ахрэму стала няёмка: Анупрэевы словы адначасова былі й глыбокім укорам яму за павядзеньне яго жонкі.

— То, пэўна, яна пасьпела распусьціць чуткі па мястэчку. Ахрэм пачырванеў ад няёмкасьці. І, каб выйсьці з гэтага становішча, рашуча падняўся з месца, матнуў рукою і чуць ня крыкам выказаў:

— Яна не павінна была казаць! Я ўчора ёй рашуча забараніў. То чорт ведама што! Брахунцы! Самі маюць усё бацькава, а лаюцца.

Прайшоў сюды-туды па хаце, паглядзеў у вакно і адвярнуўся да Луцэі.

— Ня думай! — уважліва загаварыў да яе, — ня думай, суседка, што то знарок… Я запэўняю цябе, што не паздаровіцца жонцы, калі то яна разбрахала.

Луцэя адвярнулася на Ахрэма, зьмякчыла суровасьць выгляду й адказала:

— Ахрэмка, братка, ты сам ведаеш, як балюча гэта слухаць… То-ж крый чаго, пойдуць супроціў яго, што ён рабіцьме? Віна ўся мая, бо я Анупрэя выправіла да гаспадара за грашыма… Ён сам нізашто не хацеў… Не карайце-ж за мяне дзяцей…

Анупрэй маўчліва стаяў на адным месцы, сочачы за Ахрэмам.

А слова «штрэйкбрэхэр», як малатком, стукала яму па галаве, разьліваючы ўнутры балючую трывогу.




  1. Штрэйкбрэхэр — той, хто нарушае таварыскую пастанову баставаць і, наперакор таварышам, ідзе працаваць. Увага аўтара.