Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/2/На новым месцы
← Чырвонаармеец Панкел Ліпа | На новым месцы Аповесьць Аўтар: Цішка Гартны 1929 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: На новым месцы. |
НА НОВЫМ МЕСЦЫ
I
Маёнтак Скуплі ляжаў на нявысокім плоскагор’і, якое было абнесена з трох бакоў густою градою хвойніку. Э чацьвертага боку, кудою йшла дарога ў мястэчка Кругі, а праз яго на Менск, прасьціраліся шырокія абшары палеткаў.
Гоняў на трое ад быўшых панскіх палацаў (маёнтак належаў паном Крэўскім) цягнулася ўступка высокіх, стройных топаляў, атуляючых сабою дарожку, якою Крэўскія рабілі свой парадны выезд. Усе будынкі маёнтку, расстаўленыя роўным чатырохкутнікам, яшчэ досыць здаровыя і цэлыя, апяразвалі сабою, як сьцяною, быўшы панскі палац — двухэтажны пабелены будынак. Страха палацу, пафарбаваная ў часы польскай окупацыі, калі стары Крэўскі нанова спадзяваўся стала асесьціся ў сваім гнязьдзе, выглядала зусім новай; яна выдавалася чырвонаю фарбаю на фоне цёмна-зялёнага, густою шатаю разьлёгшага вярстоў на восем вакола ліпавага парку. Невялічкія гострыя вежкі з двух канцоў страхі, загостраныя ўверсе і падхарошаныя зялёнымі флюгэркамі, прыдавалі палацу старасьвецкі выгляд. З правага боку чатырохкутніка з будынкаў на нелапой прагаліне стаяў паношаны, патрабуючы вялікага рамонту, дзеравяны, атаркованы будынак паравога млыну, лесапільні і крахмальнага заводу разам. Дзьве высокія бляшаныя трубы, пахіленыя ўверсе набок, перасяглі сваім ростам вярхі паркавых ліп — разьзіраючы на мінулую ўласнасьць магнатаў Крэўскіх. Побач гэтага «прамысловага» будынку ляжала нелапое, паросшае плюшнікам і густою бросьняю, возера. Толькі пасярэдзіне яго маленькаю лужынаю выдавалася мясьціна каламутнай цёмна-алавянай вады.
Увесь гэты выгляд поўнасьцю кідаўся ў вочы кожнаму падарожнаму, які ехаў з мястэчка Кругі ў бок маёнтку Скуплі. Асабліва пекнай панарамай выглядаў ён з разгону чатырох вёрст, дзе мясцовасьць крыху паднімалася ўзвышшам. Нельга было, хто-б і не хацеў, пацікавіцца Скуплямі!
Ладымер Ложка, назначаны ў Скуплі мэханікам-рамоншчыкам паравіка для млыну і лесапілкі і машын для крахмальнага заводу, ужо многае чуў аб гэтым саўхозе. Яму намалявалі Скуплі ў гэткіх ружовых фарбах, што ён мусіў кінуць адгаварвацца ад паездкі ў яго, што рабіў раней, калі толькі яго паведамілі аб камандыроўцы, і сказаў сам сабе: «Папробую паехаць. Пражыву яшчэ год у глушы. Трэба-ж дасканала пазнаць провінцыю. Тым болей, што ўсё-ж, як кажа т. Сымонаў, там цікавае месца і добрыя варункі».
— Добра, я паеду, але ня больш, як на год; а пасьля году, дайце слова, што вы мяне вытрабуеце ў горад, — сказаў Ладымер Ложка начальству пасьля трохдзённых перагавораў.
— Усё зробім па вашай просьбе, — адказалі яму.
І Ладымер Ложка, нецярплівы па натуры, ня любячы розных адцяжак і валакіты, вярнуўся з установы на кватэру і паведаміў жонку, што яны заўтра-ж павінны выехаць у саўхоз Скуплі.
— Чаму гэта так нечакана ў цябе выйшла? — сумелася Акіліна, яго жонка. — Яшчэ ўчора баяў адно, а сёньня, глядзіш, ужо зусім іначай.
— Ды таму, ведаеш, Акіліна, што ўсе ўжо вельмі хваляць маёнтак, расьпісваюць, як казачны які, і… радзяць паехаць. Пры гэтым я толькі на адзін год згадзіўся. Пасьля году мы абавязкова вернемся ў горад.
Акіліна недаверна матнула рукою і з сумненьнем у голасе адказала:
— Маняць табе. Ужо трэці год як адзываюць цябе ў горад, а тымчасам усё яшчэ мусіш карпець у глушы, як воўк які. Людзі жывуць у горадзе, карыстаюцца тэатрам, могуць час правесьці ў вобчастве, а гэта… сярод цёмных сялян, як сярод зьвяроў… Слухай іх дробныя інтарэсы, плёткі, брахню, вынось іх няпрыхільныя адносіны да сябе, бойся адзецца пагарадзкому, каб ня ўпікалі… І гній — проста гній у непарушанай цішы…
Кінь плясьці, ліха ведае што! — перабіў жонку Ладымер. — Падумаеш, якая вельмі людная. Хапіла з цябе й гораду. Жылі-ж, здаецца, У Ленінградзе гадоў з восем — можна было здаволіцца і вобчаствам, і тэатрамі, і ўсім іншым. А кончыцца год — ізноў можам паехаць у Ленінград…
Ён зьмяніў тон у голасе:
— Ды думаеш, у провінцыі так ужо дрэнна, як табе здаецца? Кінь! Сялянства зусім не такое, як ты на яго глядзіш. Толькі трэба падыйсьці да яго з адкрытаю душою, адкінуць усё тое, што, нам здаецца, становіць нас вышэй за яго… Гэтыя тры годы рэволюцыі зусім перамянілі нашага беларускага селяніна. Дарма кажаш, што ён будзе разьбівацца на дробныя плёткі, нагаворы ды іншае. Ня бойся — толькі ты трымай сябе роўнаю з ім, дык гэткае блізкае вобчаства знойдзеш у вёсцы ці ў саўхозе, што й не падумаеш аб гарадзкім… А тэатры — сваімі сіламі нагонім.
— Ай, што ты кажаш, сапраўды. Забыўся ўжо, як жылі ў другіх мясцох. Многа ты дастаў прыемнага ў саўхозе Крушках? Усімі сіламі стараўся ўцячы адтуль. Задалі табе гэткіх тэатраў, што, нябось, доўга памятацьмеш. Найграў Гэндрык даволі… Тое самае будзе і ў Скуплях…
— Эх, цудная! Ці-ж можна мерыць усё на адзін капыл!.. Мала-што трапіўся гэткі чалавек, як Гэндрык; а ў іншым месцы іншыя людзі будуць. Бачыш — ці-ж дрэнна было нам у Капліцах? Усе патаварыску жылі, добра меракаваліся і гладка выходзіла. Нябось, думаю, ты-б ахвотна яшчэ там жыла. Тое можа быць і ў Скуплях. К гэтаму яшчэ, Скуплі недалёка ад мястэчка і можна будзе часамі наяжджаць… Так што, галубка, нечага сумаваць, а вось давай зьбірацца…
Акіліна змоўкла і прайшлася па каморцы. Пасьля нявыразным поглядам абвяла па сьценах і ўздыхнула так, што Ладымер Ложка раптам азірнуўся на яе й загарачыўся.
— Нядобра, беднай. Губіць многае, што пакідае горад. Падумаеш, шчасьце вялікае тут. Уздыхае! — прагаварыў ён упічна.
— Шчасьце — ня шчасьце, а вось цягайся з месца на месца, як цыганы. Месяц, калі вярнуліся ў горад, а тут ізноў складайся ды едзь… Якая ў гэтым радасьць. Кідаюць, нібы апуку, з месца на месца…
Якраз на гутарку знадворку ўвайшла маці Акіліны з хлопчыкам, сынком Ладымера і Акіліны Ложкаў.
— Ня хоча йсьці ў хату ды годзе. Жулік гэтакі, — выказала старая, прысядаючы на крэсьле, — так любіць гуляць з дзяцьмі ў садзе, што ня дай ты рады.
— Будзе ўжо яму гуляць. Вось заўтра раніцою трэба зноў ехаць у саўхоз, — адказала Акіліна.
— У які? — зацікаваліся маці.
— У Скуплі нейкія, вёрст за пяцьдзесят адгэтуль… Аднекваўся, аднекваўся, і потым згадзіўся. Угаворны занадта.
— А што-ж, дачушка, парадзіш — прыказваюць, служба — трэба выпаўняць… Ды чаго ты так няпрыхільна да гэтага? Чым тут лепш, як было ў Капліцах? Заўсяголаў ён, гэты горад. І так ён ужо абрыдзеў…
— Дык, ведаеце, нешта не пасуе ёй пакідаць гораду, — уставіў Ладымер.
— Мала што, а ўсё-ж трэба, — падачна адказала старая.
— Пэўна, што трэба… Ды нават экстрана трэба. Заўтра-ж мусім выехаць. Аддзел падасьць коні к васьмі гадзінам раніцы. К гэтаму часу і павінна быць зложана, што ёсьць.
Гэта было сказана павяліцельна і рашуча.
Старая паднялася з крэсла і затупала па каморцы, аглядаючы і мяркуючы, як і што будзе злажыць.
— Давай, Акілінка, будзем складацца, — абярнулася яна к дачцэ, — не шкадуй гораду, невялікая мацыя.
Акіліна нічога не адказала, а моўчкі падышла да ложка, выцягла з-пад яго адзін за другім два куфэркі і, разьвёўшы рукамі, стала над імі:
— І ўсё гэта так раптоўна!
— Для пасуды я ўнясу з хлявушка тыя скрынкі, — папярэдзіў Ладымер і выйшаў з кватэры.
Кабеты пачалі зьбірацца.
II
Назаўтра акурат а восьмай гадзіне раніцы да кватэры Ложкаў прыехалі дзьве падводы з Упнарыму. Ложкі ўжо былі сабраны і моўчкі аглядалі, ці не забыліся чаго. Пачуўшы стук калёс, Ладымер выбег на вуліцу і папрасіў фурманоў памагчы палажыць на воз паклажу. Тыя ахвотна згадзіліся, і праз дзесяць хвілін уся маемасьць Ложкаў была ўложана, а праз другія дзесяць хвілін, усадзіўшы жанок і дзіця на воз, падвода рушыла.
Ладымер праз горад пайшоў пехам, ззаду другое падводы, паглядаючы на рэчы. Частыя пераезды з месца на месца ўсё-ж прыкра адчуваліся на яго настроі, але на гэты раз ён быў спакоен і нават веселават. Ці яго супакойвала запэўненьне, што праз год яго здымуць са Скупляў і перавядуць у горад, ці яго суцяшала праслаўленьне гэтага саўхозу, Ладымер не даваў сабе адрахунку. Раздумваючы і плянуючы, як і заўсёды, наступную чыннасьць на новым месцы і абмяркоўваючы розныя мажлівасьці жыцьця ў Скуплях, ён час-ад-часу чапаў у думках жонку і пасылаў па яе адрасу: «Цудная, усё ёй нядобра. Прывыкла к гораду, што ня дай ты рады. А што-б ёй паразмысьліць на ўсе бакі, зраўняць адно з другім — якаво-б тады! Дык не — надзьмулася, нібы я яе вязу на якую кару. Бяда з гэтымі жанкамі! Іх ня кратае ні рэволюцыя, ні яе аздараўляючы ўплыў. Так глыбока засела ў душу гэта заплясьнелае мяшчанства. Дай ты ёй вобчаства, трымайся далікатнасьці, манернасьці. Здавалася-б, і замудра пераняць было гэтыя панскія штукі, а глядзі, усе іх ведае. Дзявочыя гады правяла на заводзе, мела дачыненьне з простымі людзьмі, а потым вылавіла ўсё да дробкі. Вось што знача кабечая натура».
Думаючы, Ладымер ускоса паглядаў на Акіліну, якая моўчкі сядзела на возе і нязьмігутна праймала вачыма паперадзе ляжачы шлях.
Яе маці, наадварот, была давольна пераезду ў саўхоз. Сваё здавольства яна выказвала ў нямоўчнай гутарцы то з хлопчыкам, то з фурманом. Некалькі разоў, пакуль выехалі за горад, яна прапанавала Ладымеру сесьці на воз, а дачку прабавала выклікаць на гутарку.
Ладымер заўважыў гэта і паважна ківаў галавою, калі Акіліна нядбала адварочвалася ад мацеры.
Выехаўшы за горад, ён першы рашыў зачапіць жонку, каб разьвесяліць і ўверыць яе ў разумнасьці свае пастановы.
— Слухай, Акіліна, — абярнуўся ён да жонкі ў жартоўным тоне, — ты яшчэ не перадумала наконт нашага перасяленьня?
— Пакінь жартаваць! — сярдзіта агрызнулася Акіліна. — Паглядзімо, што з гэтага выйдзе. Наколькі ты разьлічыў. Каб ня прышлося заўтра-ж каяцца.
— Ці ліха! Няўжо-ж такі ў Скуплях нас чакае нешта нядобрае? Ня верыцца мне. Думаю, што ты ашукаешся.
— Нагаварылі; забачым, нядоўга чакаць.
Фурман, гадоў за пяцьдзесят мужчына, здаровы яшчэ і заўжды весела настроены, слухаў спрэчкі Ложкаў і перш зьдзіўлена паводзіў галавою, а потым абярнуўся да Акіліны і шчыра загаварыў:
— Ведаеце, пані, мне здаецца, што вы зусім дарма кажаце. Слухаю я вашы словы і думаю — людзям дабро само бяжыць у рукі, а яны адвертываюцца ад яго. Гэта-ж, каб мне здарылася пасяліцца ў Скуплях, я-б болей нічога не хацеў. Адна мясцовасьць чаго варта. А што ёсьць у саўхозе — паглядзеце! Колькі багацьця, як добра жывуць там людзі! У кожнага кватэра з двух-трох каморак; малака — колькі хоць; садовіна восеньню; настроіцца паравік — і мука свая. У панскіх палацах — ліха ведае, колькі месца. Ёсьць залі — хоць гумно рабі — мо’ на гоны вакол. Вось прыедзеце, зоймеце добрую кватэру і будзеце бога дзякаваць.
Акіліна фурману нічога не адказала. А Ладымер зацікавіўся і хацеў паслухаць яго думак аб Скуплях, аб іх становішчы, аб служачых, галоўным чынам, аб упраўляючым. Пры гэтым напрамак гутаркі фурмана, які хваліў Скуплі, па думцы Ладымера, дабрачынна мог уплысьці на настрой яго жонкі.
— Ці табе, Гаўрыла, ужо даводзілася там быць? — запытаў Ладымер фурмана, падбегшы да яго.
— Колькі раз… Ды я нават родам з таго месца. Мой бацька яшчэ быў нявольнікам у Крэўскіх. Мяне ўпіхаў за парабка, але я ня даўся. Прызнацца, змалку меў вялікую няпрыязьнь да паноў, адварочвала мяне ад іх, ня ведаю чаму — але душа ніколі ня мірылася з іх быцьцём. Вось чаму, ведаеш, у пятым годзе я й падбіў аднавяскоўцаў на сечку лесу і на самаўпраўны рэквізыт хлеба… Ой, чаго было — і да вечера не раскажаш. І арыштавалі мяне, і дваццаць пяць адлічылі, і выселіць хацелі з вёскі, кароў пан не дазваляў пасьвіць на сэрвітутных паплавох. Дзякуй ёй — вайна супыніла судовую цеганіну… А то-б, хто ведае, чым скончылася. Меў пан моцную руку — усё мог зрабіць з нашым братам. А цяпер дулю, брат, — Гаўрыла са шчырасьцю працягнуў у бок граніцы выразна зложаныя пальцы. — Паверыш, т. Ладымер, радуюся, што ўсё гэтак сталася. Хоць мне й ня прыходзіцца пакарыстацца яго зямлёю, але працоўныя людзі карыстаюцца, а ня гэтыя каты.
— А чаму-ж табе, кажаш, ня прыходзіцца пакарыстацца зямлёю, чаму?
— Гэ, то ўжо мае асабістыя справы. З сям’ёю, ведаеш, у мяне вялікія нялады. Выжылі мяне з хаты, і я мусіў астацца служыць. Хіба пасьля яшчэ наганю на сваё, а пакуль — бог з імі.
— Ну, а так, скажы, ты даўно бываў апошні раз у Скуплях?
— Даўно — два ці тры тыдні таму назад. Я-ж, бач, часта ежджу туды. Надоечы заведуючага маёнткамі вазіў. На агляд ці на рэвізію езьдзіў. Дзён тры прабыў там. Пахваліў упраўляючага саўхозам і рабочых… Ды ёсьць завошта, трэба сказаць; упраўляючы — чалавек рупны, дбалы, дасьціпны хлопёц… Сад дагледзіў добра, разьвеў галяндэрскую пароду кароў, розных добрых сартоў збажыны назасяваў, агарод паставіў — адна пацеха. З рабочымі ладзіць. Вось яшчэ адно: пусьціць паравік трэба — тады пярвейшы саўхоз будзе. Прыедзеш, наладзіш і тады — трымайся.
— А з вакольнымі сялянамі ўпраўляючы добра жыве?
— Хто яго ведае; пэўна-ж павінен жыць у згодзе. А чаго ім сварыцца? Сёлам зямлі троха ўрэзалі, далі лесу на будоўлю, а то й пашу выпускаюць… Як быццам-бы нічога благога з гэтага боку няма… А ў тым, хто яго ведае — усяго не падгледзіш. Вось наконт таго, як жывуць служачыя, то я не аднораз бачыў, што жывуць ня дрэнна. Таму-то мяне й зацікавіла гутарка твае кабеты. Не хацець ехаць у Скуплі — проста дзіва. Я-ж кажу, каб ды гэта на мяне, я-б пехам пашоў. З вашай службай там можна быць зусім незалежным ад упраўляючага; парабіў — і ня знай нікога… А жонцы — ніякае работы. Дагледзіла печы, наварыла мужу абедаць — і шпацыруй па парку, назад рукі залажыўшы. Пазірай на шаты дзярэў ды слухай салаўя ці павука. Сельскім кабетам — іншая рэч: не папрацуеш — то і не зьясі, а гарадзкім — на ўсё напляваць. Муж — майстар, заробіць і гатовае прынясе.
— А каб ты цяміўся, Гаўрыла, — ня ўцерпела старая, — і ўмееш-жа ты разводзіць лясы. То-ж, гледзячы на гарадзкіх, трэба разьбірацца: адна любіць шпацыраваць, назад рукі залажыўшы, а другая зусім іначай — заўсёды нойдзе работу ў хаце.
— Ай, кіньце ўжо; хто-хто, а я сёе-тое ведаю, мне ня трэба расказваць. Но-ой-дзе-э! Дзе яе нойдзеш, калі няма…
Яны пад’яжджалі к рэчцы, якая замыславатымі выкрутасамі вілася праз шырокі гал поплаву. Там-сям, бліжэй і далей, выдаваліся з зелені алавяныя плямы вады, зусім, здавалася, ня злучаныя адна з другою. Дробны кустарнік, купамі і градкамі, даглядаў за рэчкаю і, нібы тычкі, адмячаў яе шлях. Рэдкія алешыны ўбіралі сабою зялёны, пажаўцяны курасьлепам і бялянкамі, поплаўны прастор. Недалёчка ўперадзе стаяў лес. Быў поўдзень. Распаленае сонца стаяла ў самым высокім месцы дзяннога праходу і неміласэрна пякло… У яго прыску губіўся чуць-чуць прыметны подых ветру; запечаная расьліна стаяла нярухома, моўчкі, быццам зьвязаная нябачнымі ланцугамі. Парнае паветра растапляла расьлінны пах, разбаўляла яго ў сябе і наганяла снатворны водыр. Паказвалася, нібы густы пыл насіўся між зямлёю і небам, брудзячы нябесную лазурковасьць і ўючыся рэдкім воблакам пад сонцам. Крычалі кані, але так гультайна, як-бы несхаця, рэдка, ня могучы доўга лятаць. У такім-жа настроі выгуквалі сваё зацяжнае, вякі аднатоннае «но-о, но-о, но-о!» аратыя; марудна, як назаўтра трэба, рухалі яны ўсьцяж ніў.
Коні пусьцілі пот і нясьціхана трасьлі галовамі. Іх ратавала сіла, якая сабралася на добрых харчох зямельнае ўстановы. Не прыкмячаў толькі гарачыні фурман Гаўрыла. Ён ішоў пры першым возе роўным бадзёрым шагам, гутарыў з Ладымерам і памахваў пужкаю над канём. Старая паношаная жукетка з шэрага даматканага сукна была падпяразана канаплянаю аборкаю, а пры стрыфлях троха разгорнутая — «каб заходзіў запазуху вецярок». Смуглы твар Гаўрылы з прыемнасьцю ўбіраў сонечнае цяпло і выпускаў яму настрэчу лёгкую здавальняючую ўхмылку.
— Вось тут трэба настаражыцца, — прагукаў Гаўрыла, калі коні пахілілі крыху ўправа, каб накіраваць на мост, і азірнуўся на заднюю фурманку. — Дагэтуль яшчэ масты не папраўлены. Вось нядбаласьць, ніякае ўвагі. А гэта-ж уночы едучы цэлая бяда можа здарыцца: чуць аглядзеўся і — з возам ляпнеш у рэчку. Каб гэта я стаў намест галоўнага камісара, дык зразу ў першую чаргу распарадзіўся-б паправіць шляхі. Трэба-ж прывесьці ў парадак патроху гэтыя «жылы краю»…
Гаўрыла ўподбег апынуўся пры першым кані і хапіў за дышаль. Гледзячы на яго, Ладымер тое-ж зрабіў з задняю фурманкаю.
— Ой, памалу, каб не павярнуўся воз, — спалохалася Акіліна і хапілася аберуч за біла.
— Ня бойся, коні прывыклі хадзіць, ім не навіна, — суцешыў Ладымер жонку.
Суцішаючы коні, яны акуратна ўзьвялі іх на вузенькі, з хваёвых прыбітых к балькам круглячкоў, масток і, раз-по-разу водзячы поглядам узад і па бакох, пераехалі на другі бок.
— Ну, цяпер у мяне нібы пяць пудоў спала з плеч, — праказаў Гаўрыла. — Кожны раз, ведаеце, — абярнуўся ён разам да кабет і Ладымера, — кожны раз прыходзіцца трасьціся, пераяжджаючы гэтыя масты. Вось-вось няшчасьце, вось-вось няшчасьце… Надоечы, дык, каб вы зналі, чуць-чуць ня выкупаў камісара. І неспадзявана зусім. Ехалі, як ехалі, ладам, добра, а толькі намерыліся пераяжджаць гэты самы паганы масток — на табе — прымха. Коні на мост, а бусел, на яго ліха, пырх вунь з-пад таго куста — аж коні пырск, затупалі, хільнулі галовамі і вось-вось — ня ведаю, сам, што затрымала іх — скочылі-б у ваду… Тут я ня струсіў — скочыў да за цуглы — стойце. Але камісара так таўхнула, што ён павярнуўся на возе і шапку ўпусьціў у рэчку… Вось вам, што значыць масты. Я прыдаю ім вялікую-вялікую значнасьць.
— Калі, браце, нельга ўсяго зараз залапіць, — разуважыў Ладымер: — Савецкаму правіцельству столькі разбуранага дабра засталося, што няма сіл наладзіць зразу ўсё. Пэўна-ж, шляхі ў першую чаргу патрэбна наладзіць — то зразумела. І іх наладзяць…
Пакуль яны гутарылі, коні прыпыніліся.
— Што-о сталі! Но-о-о! Вось у Скарбаве зробім папаску. Не падохнеце. Цяжар вялікі, падумаеш. Даўно пугі ня спыталі.
Гаўрыла па чарзе хвасянуў коні.
— А колькі ўжо вярстоў мы праехалі? — пацікавілася Акіліна.
— Палавіна якраз. Дваццаць з лішкам вярстоў.
— А мне здаецца, мы праехалі мо’ каля трыццацёх вярстоў, — выказалася Акілініна маці.
— Ого, толькі дваццаць, панечкі. То не на чыгунцы, што маргнуў вокам — і няма вярсты. Вось длыгаюць, як сонныя; пакуль вярсту ўбяруць у гэткую гарачыню — то ня жарты… А тут пэўна-ж, трасецца, на яго ўсё ліхое, — пасьмяяўся Гаўрыла і хітра адвярнуўся ў бок…
— Но-о-о! Яшчэ трохі — адпачнем за ноч!
III
У Скарбаве яны папасваліся каля гадзіны і кранулі далей гадзін у тры па палудні. Коні супачылі і пайшлі жывей, тым болей, што праз хваёвы лес дарога была гладкая і ня так пякло. Да мястэчка Кругі праехалі не шманаючы: то гутарылі, то разьзіралі вакольныя палеткі.
Акіліна, перамаўчаўшыся за паўдня, таксама прыняла ўдзел у гутарцы; у яе адлягло ад сэрца, надышоў інакшы настрой, нечакана бадзёры, няўтрымны. Адкульсьці сыпнуліся ў голаў розныя спадзеўныя думкі; закалыхалася ўражаньне, успаміны. Саўхоз, ненавідзімы ўчора і праціўны сёньня зранку, пачаў малявацца ёй куды ў багацейшых фарбах, ніж паказваў яго ў сваіх гутарках ды ва ўгаворах Ладымер. Парк, агарод, сажалка, добрая кватэра… Зжывецца з рабочымі саўхозу, з сялянамі вакольных вёсак. Будзе хадзіць у госьці, частавацца бухонымі грэцкімі блінцамі са сьмятанаю. Гаварыцьме з сялянкамі аб гарадзкім жыцьці па нядзелях на прызьбе… Можна будзе пастроіць тэатр і ладзіць спэктаклі. Пэўна-ж, у Скуплях ёсьць падобныя ёй жанкі, мо’ ўпраўляючага саўхозам, канторшчыка, садавода…
Ужо недалёка ад м. Кругі, калі перарвалася гутарка, Акіліну спотайку чапіла знаёмае ёй глухое, нявыразнае жаданьне сустрэць у Скуплях інтэлігентнага прыгожага мужчыну, ну хоць-бы схожага з тым, якога яна калісьці, будучы дзяўчынай, спаткала ў Паўлаўскім парку і аб якім ужо доўга марыла. Мігам аднавілася ў яе лятуценьнях цэлая нізка пекных дарагіх вобразаў — з дрэвамі, квятамі, пацалункамі, дзявочымі марамі… Усё гэта паціху прыблізілася йзноў да яе, агарнула яе істоту, заваражыла душу, і Акіліна выразна пачула жывую асалоду мінуўшай пары. Бязвольнай, чулася ёй, нясе штось яе настрэчу мінуламу… Але раптам усё абарвалася, калі Ладымер хапіў яе за руку і праказаў:
— Глядзі, Акіліна, як пекна выглядаюць Кругі!
Акіліна кінула зіркам уперад сябе і спынілася на зялёным даху цэрквы, на дзьвёх вежах касьцёлу, на купцы новых хатак і гумнаў мястэчка.
— Так хутка й мястэчка Кругі? — зьдзівілася Акіліна.
— Як бачыш; завідна будзем на месцы.
— Куды, яшчэ й сонца ня зойдзе, — паправіў Гаўрыла.
— Вярстоў трынаццаць будзе яшчэ, — дадаў Ладымер.
— Што ты, меней, — не згадзіўся Гаўрыла: — вось заедзем за Кругі, мінём Клінцоўскі лясок, і пакажуцца Скуплі. Пабачыце, як прыгожа выглядаюць. Ня будзеце каяцца, пані, што перасяляецеся з гораду. Успомніце мае словы.
— Дай божа, каб было павашаму, — пажартавала Акіліна.
— Вось я ўжо прыкмячаю, што маладзіца весялей становіцца. Чым бліжэй, тым весялей. Гэтак і трэба… — не астаўся ў даўгу Гаўрыла.
Ладымер і старая пераглянуліся і паківалі галовамі.
Цяпер ужо Ладымер бачыў у жонцы выяўную перамену і дзівіўся Гаўрыле, што той праўду сказаў.
— Цікавы, аднак, чалавек ён, — падумаў аб фурману Ладымер: — гаваркі які, людны. Жыве і нічога ня дбае, вясёлы, рэзвы. Рэдка пападаюцца гэткія людзі сярод нашых сялян. Усе яны некія скрытныя, патайныя, а гэта…
— Вось з табою, Гаўрыла, я-б ня скучыла край сьвету ехаць, — падлісьціла старая.
— А я з вамі — хоць у Амэрыку. Я таксама люблю езьдзіць, ды яшчэ калі з добрымі людзьмі-ы.
За гутаркаю аб усім і пра ўсё яны прамінулі Кругі, бліжэйшыя вёскі, Клінцоўскі лясок і выехалі на гал. Мясцовасьць лёгкім скатам паднімалася ўверх. Направа й налева пачыналіся лясы, пры якіх мясьціліся засьценкі.
— Гатоўцеся глядзець на ваш прытулак, — папярэдзіў Гаўрыла: — вось узьедзем на гэты грудок (ён паказаў уперад пугаўём), і ён гляне на вас мілым выглядам. Н-но-о-о, малыя!
Акіліна настаражылася і пранізвала вачмі перадляжачы разгон. Яна ўжо забыла пра горад, а перажывала ўсё тое, што яшчэ ўчора перажыў яе муж. Ня сходзіла з думак гаспадарская плянавасьць, мяжуючыся з неадходнымі пяшчотнымі думкамі-марамі. Акіліна меркавала і рэзьлічвала, комбінавала так і гэтак. Пераб’е хто яе гутаркаю, а сьледам ізноў тыя-ж думкі і намеры, аж пакуль ня ўехалі на ўзгрудак, з якога вызначыўся поўны малюнак Скупляў. Яго сапраўды багаты хараством выгляд перабіў і гутарку Ладымера з старою цешчаю ды з Гаўрылам і думкі Акіліны. Усе, як адзін, уперыліся поглядамі на беды будынак палацаў з вежкамі, на густы вялікі парк, на пляму вады ў возеры, на струнку роўных, стройных, ядрых топаляў, абнімаючых дарогу перад маёнткам.
Быў адвячорак. І нагрэтае дачырвана сонца, вяшчаючы пагоду й назаўтра, убірала ўсё ў чырвоны колер. Белыя сьцены палацу здаваліся ружовымі, а ў шэрагу яго готычных вокан ігралі казачныя залаціста-блішчастыя зайчыкі. Сонца адбівалася і ў вадзе возера, якое выдавалася з гушчы зелені, прыдавала асаблівы выраз зелені парку і малявала ў ваччу Акіліны нялюбыя Скуплі — вэнэцыянскаю вілаю. «Сапраўды нешта асаблівае», — падумала яна, ня спускаючы з саўхозу воч, — «зусім непахожае ні на Капліцы, ні на Крумкі. Можа і шчасьліва, што доля гоніць сюды». Акіліна ня ўтрымалася, каб ня выказаць свайго пачуцьця ўголас.
— На яго ліха, пан як добра абстроіўся. Вось каму было райскае жыцьцё, да дзіва, што яны рукамі й зубамі трымаліся за стары лад…
— Ня тое, што зараз, — дадаў Гаўрыла: — сядзі дзе-кольвечы ў Варшаве і думай аб заўтрашнім дні. Не пашле Тадоры ці Паўліны, каб даставіла з кладоўні заморскіх він, дзічы ды розных далікатэсаў… Адно тупне — і ўсё перад табою.
— Ды чорт іх не пабраў, — не згадзілася старая: — яны, бадай, і цяпер лепш нашага жывуць. Зьбіралі гадамі золата, а ўцякаючы пахапалі і цяпер яго праядаюць.
— Можа, чаму не, але ня той, чуеце, ужо гонар. Есьці — есца, а астаткі не папаўняюцца… Тры гады мінула — можна праесьці добры капітал…
Гутарачы аб долі паноў, яны паціху прыехалі ў саўхоз Скуплі.
IV
Уехаўшы на дзядзінец саўхозу, Гаўрыла прыпыніў коні акурат перад параднымі дзьвярыма быўшага панскага палацу. Ладымер кінуў усіх і пабег у будынак шукаць упраўляючага саўхозам. Акіліна з мацераю і сынком прыселі на ганку і з цікавасьцю вадзілі паглядамі вакол па дзядзінцы. Фурман уходжваў каля коняй, вытрахаючы ім сена і расьпяразваючы падсядзельнікі.
Хутка з усіх канцоў дзядзінцу пачалі сходзіцца да іх рабочыя і служачыя саўхозу, жанкі і дзеці. Падыходзячы, кожны даваў «добрывечар», пасьля разглядаў прыежджых, іх маемасьць і коняй. Перш мігамі пераглядаліся між сабою, далей пачалі перакідацца словамі і, нарэшце, перайшлі да распытаньняў. З гутаркі выявілася, што амаль ня ўсё насяленьне Скупляў ведала, што да іх павінен прыехаць майстар, мэхінік з сям’ёю. Якраз яго чакалі гэтымі днямі. Хто такі ён, гэты майстар, яны, вядома, ня ведалі і зараз было цікава пазнацца з ім.
Цікавасьць да кожнага новага чалавека, які наведвае глухія куткі ў краі, асабліва горста адчуваецца ў яго жыхароў; тым болей падвышаецца зацікаўленасьць, калі сьвежы чалавек мае стаць судзельнікам, як-бы сем’янінам данага кола людзей. Тут ужо паднімаюцца наповерх мотывы прыватнага характару, зьвязаныя з будучымі ўзаемаадносінамі, з умовамі службовага падчыненьня і іншымі жыцьцёвымі вымаганьнямі. Адпаведна таму, як хто выяўляў сабе будучае сужыцьцё з таварышам-мэханікам, так той і строіў сваю гутарку на гэту тэму, стоячы каля ганку.
— А мы ўжо чакалі-чакалі вас, ды думалі вы не паедзеце, — казаў праворлівы, нізенькі рабочы, лісьліва паморгваючы вачыма.
— Так, бяз майстара тут нічога не паробіш. Глядзі — браўся сьлесар, каваль майстраваў цэлымі тыднямі, а ці вышаў які толк? Тут трэба веды. Кажуць-жа нездарма, што дзела майстара баіцца. Вось пабачыце, як закруціцца фабрыка, калі прыложыць да яе свае рукі мэханік. Тут сьмікалка патрэбна, — хітра навучаў другі рабочы з шырокім адчыненым тварам, на якім нязьменна стаяла нявыразнага сэнсу ўхмылка.
— А дзе-ж сам мэханік? — запытаў сівенькі дзядок.
— Пашоў да ўпраўляючага, трэба-ж наведаць голаву саўхозу. Без яго, як бяз пашпарту, не абыдзешся, — ні то паясьняючы, ні то гіронізуючы на ўпраўляючага, паведаў рабочы з шырокім тварам.
— Ды начаваць-жа людзям трэба. Здарожыліся, — дадаў першы: — пэўна-ж ім яшчэ кватэра не адведзена?
— Ды будзе кватэра — мур вялікі — на два паверхі. Увесь-жа ён не патрэбуецца для ўпраўляючага з канторшчыкам.
Шырокатвары ня скончыў: уся грамадка азірнулася налева і замоўкла. З-пад аборы проста к ганку йшоў чыста адзеты малады чалавек, памахваючы дубчыкам.
На нагах у яго блішчэлі чорныя гэтры, а добра сшыты фрэнч, зацягнуты ў талію, прыдаваў яму форс.
Падышоўшы к грамадцы, малады чалавек паглядзеў на ўсіх, зьлёгку ўхмыльнуўся і пайшоў на ганак, прыглядаючыся на Акіліну.
— Таварыш Цыбулін, гэта-ж да нас мэханік прыехаў! — паведаміў хтось з грамадкі.
— Бачу-бачу, — кінуў Цыбулін і хацеў увайсьці ў дзьверы, як з дзьвярэй настрэч яму вышаў Ладымер.
— Ці не канторшчык вы будзеце? — запытаў ён Цыбуліна. — Я — мэханік Ложка, тут мне ўпраўляючы напісаў, каб вы мне далі месца, дзе пераначаваць, пакуль уладзіцца з кватэраю.
Цыбулін ухапіўся за голаў, хвіліну пастаяў і адказаў:
— Так, я канторшчык. Вельмі рад. А дзе-б вас памясьціць нанач?.. Добра, я зараз…
Ён зьбег з ганку і пайшоў к супроцьлежнаму будынку. Некалькі чалавек з кучкі правялі яго яхіднымі поглядамі, перасьмяяліся адзін з другім і абярнуліся на Ладымера.
— Да тут можна пераначаваць дзе хоць: ёсьць вольнае памяшканьне. Хоць і ў мяне, — запрапанаваў шырокатвары, аглядаючыся.
— Таварыш майстар, аб гэтым няма чаго клапаціцца, канторшчык расшукае: ён у нас хлопец прыткі і праворны, — дадаў стары: — абы на вечар пасьпелі прыехаць, пакуль ўсе на дварэ.
— А то ў вас хутка спаць лажацца? — зьдзівіўся Ладымер, сышоўшы з ганку і прыпыніўшыся каля возу.
— Ня тое, каб лажыліся, але-ж кожны мае свае дамашнія клопаты і заняты імі.
— Ня дай бог, як заняты! — перабіў малады дзяцюк, касаваты, але з мілым выразам твару, з падранаю жукеткаю на акідку, у шапцы без казырка. — Нехта-б падумаў, што праўду кажа… Не патурайце, таварыш майстар, ён штодня да поўначы цягаецца па дзядзінцы, і мы ўсе дзівімся, што ў яго ніякага клопату няма…
— Кінь, блазьнюк, — раззлаваў стары, сярдзіта замахаўшы перад дзяцюком рукамі і ўвесь затросшыся: — Лезе, ліха яго ведае куды й зачым. Не глядзіць — свае тут ці чужыя, а гыркаецца, плюгавец.
— Дай-дай, Ахрэм! Дай-дай… — пад’юшыў жартоўна доўгі час маўчаўшы Гаўрыла: — Трэба маладых трымаць у руках; не пашкодзіць, потым падзякуюць… — Грамадка ўголас разрагаталася, ажно адгалос пайшоў па ўсім дзядзінцы.
— Папаўся, Даніла, ага? — кінулі яму некалькі чалавек.
Гутарку якраз перабіў вокліч Цыбуліна, які чуўся з супроцьлежнага боку дзядзінца.
— Таварыш Ложка! Едзьце сюды, таварыш Ложка!
Служачыя й рабочыя пераглянуліся адзін з другім, пэўна, дзівячыся з прозьвішча Ладымера, а пасьля расступіліся і далі дарогу коням, якіх Гаўрыла ўраз-жа рушыў з месца.
Ладымер пайшоў паперадзе, жонка з мацераю і дзіцём ззаду. Усьлед, крыху наводаль, пайшло некалькі жанок і дзяцей; мужчыны, абгаворваючы розныя пытаньні ў зьвязку з прыездам майстра, разыходзіліся па хатах.
На дварэ цямнела й цішэла. Толькі зрэдку выкрыкваў пастух, разганяючы ў стадоле кароў па мясцох, да ціха перакрэктвалі гусі ў хлявушку. З-за парку, у бок возера, даносіўся водгалас вясковых. Вось чаму выразна была чутна па ўсім дзядзінцы гутарка Цыбуліна з Ладымерам.
— Гэту ноч пераначуйце тут, хоць хрыху й несамавіта, але на скорую руку. Выбачайце ўжо, — перапрашаў Цыбулін.
— Што-ж рабіць, перакідаемся як-кольвечы, калі няма лепш… Вось яшчэ-б з нашым фурманом: яму таксама патрэбен начлег… Зрабеце ласку, уладуйце…
— Уладуем. З ім лягчэй. Пакормім і дамо начлег.
Цыбулін хвацка закруціўся і дзесь пабег. Гаўрыла з Ладымерам пачалі зьнімаць з воза і ўносіць у хату Ложкавы рэчы.
V
Назаўтра, а восьмай гадзіне раніцы, калі яшчэ сям’я смачана спала, Ладымер Ложка падняўся з пасьцелі, адзеўся і пайшоў да ўпраўляючага. Ладымер надумаў за дзень уладаваць з памяшканьнем, аглядзець паравік і пачынаць работу.
Ён ад натуры быў чалавекам руплівым, працаахвочым і ня любіў ні трошкі аставацца бяз дзела. Калі браўся за работу, то ні на адзін міг не адрываўся ад яе, ці робячы рукамі, ці плянуючы ў думках. Ладымера цешыла, што ён вядзе «процэс» будаўніцтва, што ўкладае ў працу машыны жыцьця часьцінку свае энэргіі, ведаў. Але яго непакоіла нявыразнасьць становішча, і кожны раз перад тым, як пачаць работу на новым месцы, ён лічыў патрэбным забясьпечыць сябе з боку асталяваньня. Ладымер лічыў немажлівым сур’ёзна аддацца працы, калі хоць што-небудзь адцягае ад яе яго ўвагу, яго думкі.
Прышоўшы на кватэру ўпраўляючага, Ладымер не застаў яго ўдому. Некая кабета сказала яму, што таварыш Парог вышаў на гарод.
— Выйдзіце вось сюдэю і вы яго там угледзіце, — параіла яна, паказаўшы Ладымеру выйсьце.
Ладымер вышаў і тут-жа каля муроў, між расьлін, угледзіў упраўляючага. Той з асаблівай цікавасьцю корпаўся над пуком насенных буракоў і капусты, перапінаючы вяровачкаю ад калка да калка, каб насеньнік не пахіляўся. Упраўляючы да таго быў аддадзены рабоце, што нават не пачуў, як стукнуў Ладымер дзьвярыма, і ня прыкмеціў, як ён сышоў з трохуступнага ганачку. Ажно сумеўся ад нечаканага выклічу, які падаў Ладымер, не даходзячы крокаў чатыры:
— Таварыш Парог, добрае раніцы!
Упраўляючы раптам адхіліўся ад насеньніка і абярнуўся да Ладымера.
— А! Таварыш Ложка, здрастуйце! Як спалі? Што так рана прачнуліся? — адказаў Парог, усё яшчэ ня могучы кінуць работы і водзячы вачыма з насеньніка на Ладымера ды назад. — А я вось, бачыце, штораніцу надзвычайна люблю ахайваць расьліну… Дзякуючы мне, глядзеце, так разбуяў гарод. Шмат працы палажыў. Калі хочаце, давайце пройдзем вакол, і я вам пакажу?
— Цікава, цікава! — шчыра адказаў Ладымер: — З вялікаю ахвотаю пагляджу, толькі… таварыш Парог, я-б хацеў наконт кватэры ўладаваць, а то, ведаеце, мне будзе рупець гэта і адбіваць ад усяго ахвоту… А так я шчыра рад мець таварышам гэткага, як вы, старэннага чалавека; я разумею, што з людзьмі, каторыя ахвотна і шчыра аддаюцца справе, мы скора адбудуем наша гаспадарства…
Упраўляючы быў палішчан словамі Ладымера і, забыўшы аб напамненьні ім пра кватэру, адышоў ад яго к другой купцы расьлін і загаварыў:
— Вось гэта тырольская капуста. А гэта цукровыя белыя буракі. На дзіва ўдаліся… А вунь там далей — памідоры скорасьпелыя…
— Так, так… Выбачайце ўсё-ж, таварыш Парог, я-б папрасіў вас наконт кватэры.
— Ах, я забыў, — прабачыў упраўляючы і сьпешна павярнуў к ганку: — ідзем, калі ласка, ідзем, я вам пакажу памяшканьне.
Яны ўвайшлі ў будынак. Парог заскочыў у сваю кватэру, узяў ключ і павёў Ладымера па вітых драўляных усходах на другі паверх.
— Тут, якраз асобна ад другіх, ход па калідоры, маюцца тры пакоі. Дагэтуль іх ніхто не займаў, бо трэ’ крыху прыбраць, абгледзіць, падстроіць. Для вас, памойму, зусім падходзіць, — казаў упраўляючы, паціху адпіраючы дзьверы: — праўда, пуставаты, вось бяда. Няма адкуль мэблі ўзяць — усё разламалі, раскралі, пабілі… але можа што-колечы нойдзем, а рэшту вялю сталяру, то ён зробіць.
Парог адчыніў дзьверы. З шырокага, з высокай стольлю, пакою на пяць вокан панясло сырасьцю і затхласьцю. Ладымер скрывіў нос, зацягнуў нявыразным зыкам і абглядзеў вакола сьцены, столь, падлогу.
— А другія дзьве каморкі? — запытаў ён у Парога.
— Уласна кажучы, яшчэ адна, там направа, а другая была выгараджана з гэтай вялікай; вось-вось, на тым месцы. Цяпер дастаць дошчак і можна будзе аднавіць сьценку… А вунь у тым куту паставіць печ — і цэлая кватэра… Пэўна, трэба палажыць трохі часу і працы, пакуль прывясьці ў належны лад. Вы ўжо выбачайце…
Ладымер пакорпаў нагою пыл на падлозе і зьдзіўлена пакруціў галавою:
— Тут ня трохі, а многа трэба часу й працы палажыць! Але, што-ж зрабіць. Я люблю папрацаваць… Добра, няхай будзе за мною… А пакуль, дзён тры, пэўна-ж, ня выганіце адтуль, — праказаў ён.
— Чаго! Тым болей, што я ўверан, што вы хутка ачысьціце тут! Я вам людзей дам… Так… Ну, дык вось вам ключ, — упраўляючы перадаў Ладымеру ключ. Той замкнуў каморку, і пайшлі з упраўляючым уніз.
— Цяпер давайце пойдзем на паравік, — запрапанаваў Парог.
— Давайце.
Яны вышлі праз парадны ход на дзядзінец.
Цёплае яскравае сонца так і абдало іх сваім праменьнем, і асьляпіўшы вочы пасьля цёмнага калідору і ўсходу на другі паверх, кудэю яны прайшлі.
На дзядзінцы бегалі дзеці ў доўгіх шарачковых забруджаных кашулях, гергаталі гусі, шчыпаючы зялёную мураўку паўз плоту і давольнымі валяліся ў пяску поўгадавалыя парасяты.
Ладымер з цікавасьцю, вартаю клапатлівага гаспадара, пазіраў на бесклапотныя стварэньні, зусім ня слухаючы Парога, які тлумачыў яму пароду гусей, вартасьць сьвіней і будучую ад іх карысьць для саўхозу і рэспублікі.
— Бязумоўна, гэта карысная рэч — жывёлаводзтва, — компэтэнтна заўважыў нарэшце Ладымер, адвярнуўшыся к Парогу: — Трэба разводзіць, я — прыхільнік гэтага.
Сказаўшы, ён павярнуў голаў направа к будынку, дзе начаваў, і ўгледзіў, што пад вакном стаіць канторшчык, а ў вакне яго жонка, гутарачы між сабою. Ладымер перш зьдзівіўся і дапусьціў колкую думку, але тут-жа быў адцягнут словамі Парога:
— Сюды, вось, таварыш Ложка, пойдзем праз сад, сюдэю бліжэй, ды па дарозе я сумею паказаць вам сад… Шкода толькі, што я яшчэ ня еўшы…
— Я таксама. Ды, прызнацца, ужо хочацца. А ў вас, пэўна, тут нечага дастаць? — пацікавіўся Ладымер, пералазячы платы.
— Так, трудна; апроч малака, амаль што нічога нельга дастаць. Ведаеце, адкуль-жа яно будзе. Мяса й сала купляем у Кругох. А калі ў каго й ёсьць, то для сябе… Выбачайце, — перабіў самога сябе Парог, — я зусім забыў вам паказаць яшчэ залю, дзе я думаю зрабіць тэатр… Ведаеце, зразу не разарвешся на ўсё. Трэба й тое, трэба й тое, а без тэатру, прызнацца, і нуднавата ў нас, у глушы. Зрэдку езьдзім у мястэчка, але ўсе не паедуць і часта не паедзеш, а тут-бы можна было спэктаклі ладзіць і вясьці культурную працу… Да бяда — не з кім, таксама… Вось зойдзем…
Парог павярнуў направа і вывеў Ладымера к балькону ў сад, з якога калісь паны Крэўскія любаваліся клюмбамі кветак, сажалкаю і маладым садком. Па шырокім многаступенным ганку яны падняліся да шырокіх шкляных дзьвярэй і ўвайшлі ў залю.
— Вось тут колісьці паны рабілі балі. Бачыце, колькі прастору, які тэатр можа быць, і выгляд добры… Я ўсё зьбіраюся зрабіць сцэну, ды што-ж — адзін…
— Я вам памагу, таварыш Парог, — шчыра выказаў Ладымер, здавальняючым паглядам абводзячы прастору вялікае залі. — Чаго-ж хацець, тут можна добрую сцэну ўстроіць! Вось к тэй сьцяне, а з тае ўваход. Памесьціцца, думаю, чалавек да трохсот. Я вам памагу… Я так люблю гэту справу!
Ладымер выкінуў з памяці тое, што ня еў, забыўся, куды йшлі, і ўвачавідкі цешыўся будучым тэатрам, які ён паставіць на належную вышыню і зробіць асяродкам культурнай працы.
Трэба к выпадку адмеціць, што, па словах Ладымера, ён змалку меў цягу да мастацтва, некалі прымаў удзел у аматарскіх спэктаклях у сваім мястэчку, пасьля, выехаўшы ў Ленінград і ўступіўшы ў культурна-асьветнае рабочае вобчаства, іграў у рабочым клюбе; а з часу ўзвароту на бацькаўшчыну, пасьля Кастрычнікавай рэволюцыі, езьдзячы па саўхозах, першы ўсюды наладжваў тэатральную справу. Таксама прывучаў ён да акторства й сваю жонку Акіліну, якая, праўда, невялікую ахвоту мела да частых «выступленьняў», але для рознастайнасьці не адказвалася выпаўняць просьбу мужа.
Рашыўшы ехаць у Скуплі, Ладымер, між усім іншым, меў у воку павясьці ў іх шырокую культурную чыннасьць. За два гады жыцьця па саўхозах ён убачыў, што з яго хоць і невялікімі ведамі, але з гарачаю ахвотаю, можна прынясьці вялікую карысьць цёмнаму сялянству. Гэту карысьць ён бачыў у правядзеньні сярод сялян культурнай працы, галоўвым чынам, праз організацыю тэатраў. Мітынгаў Ладымер не паважаў і ня бачыў ад іх тае карысьці, якую, па яго, дае тэатр.
І вось, угледзеўшы вялікую залю, самае важнае для заснаваньня тэатру, Ладымер увесь растаў ад душэўнага ўміленьня і раптам захапіўся думкаю, каб як найхутчэй яго наладзіць.
Упраўляючы зваў яго йсьці ў сад, а там у паравік, знарок выходзіў на ганак, пасьвістваў і злаваў, што траціцца час, а Ладымер і не зважаў, як нібы-то той, хадзіў па залі, вымяраў шагамі даўжыню й шырыню, плянаваў выгляд сцэны і нават перакідаў думкамі назовы розных беларускіх і расійскіх п’ес.
Так прайшло добрых поўгадзіны, прайшло-б і болей, каб Ладымеру не памяшалі жонка з канторшчыкам, якія прышлі к ім, каб разам пайсьці агледзіць саўхоз.
— А мы вас шукаем, а мы вас шукаем! — з наднай рэзвасьцю не праказаў, а прагукаў канторшчык.
— Уладзя, ты-ж яшчэ нашча, мо’-б пайшоў чаго перакусіць? — ад сябе запрапанавала разьвясёленая Акіліна. Ладымер хмурым поглядам акінуў жонку й Цыбуліна, прамаўчаў момант і суха адказаў:
— А вы-ж там найшлі што паесьці, ці і ты галоднай бегаеш з таварышам Цыбуліным?
— Я… ды мы ўсе сяго-таго зьелі пакрысе. Я дастала малака, а яец і сала троха было, і сьпякла яешню, а то наварыла заціркі.
— А Паўлусік як гуляе?
— Даўно я яго абвадзіла па ўсім дзядзінцы; ён усё прасіўся к табе…
— А чаму-ж не ўзяла?
— Пасьля ён найшоў кампанію і не захацеў ісьці… Там з ім маці. А я з таварышам Цыбуліным прыйшлі сюды, каб разам пайсьці аглядзець саўхоз… Хадзем-жа, чаго тут марудзіш…
— З Цыбуліным? — папракнуў Ладымер і раптам, каб не стварыць гэтым папрокам абвостраных стасункаў у неналежным месцы, перайшоў на другое. — Паглядзі, Акіліна, які добры тэатр будзе. Я проста адарвацца не магу; тут трыста чалавек памесьціцца… Гатуйся — хутка мусіш вывучваць ролю.
Прапусьціўшы першае слова мужа, Акіліна наконт тэатру адказала:
— Ды я ведаю, цябе й цягнула ў Скуплі для гэтага… Не зацягайся пакуль у тэатры, перш давай адглядзецца, уладаваць з кватэраю, прыняцца за работу, а тады ўжо тэатры…
— Кватэра ёсьць, толькі што аглядалі; прыбяруць трошкі — і можна будзе перасяляцца… А з работаю таксама не апозьнімся.
Акіліна размаўляла з мужам і бясьціханна наглядала за Цыбуліным, які на ганку аб нечым перагаварваўся з Парогам. Хвошчучы дубчыкам па гэтрах, Цыбулін здавальняюча ўсьміхаўся і касіў вачыма праз дзьверы ў залю, кірункам да Акіліны.
— Таварыш Ложка, давайце пойдзем на паравік! — пазваў упраўляючы Ладымера і пайшоў першым з ганку. Цыбулін, мінутку пачакаўшы, пайшоў за ім. Павярнула да выхаду і Акіліна, пазваўшы мужа:
— Ідзем, Уладзя, абгледзім і пойдзем, я згатоўлю сяго-таго перакусіць. А мо’ наперад зробім гэта, а?
— Не, пасьля.
— Яны пайшлі з залі.
У саду, ідучы напрамкам да паравіка, Парог паказваў на ўстроеныя ім клюмбы кветак, на падчышчаны маліньнік і агрэсьнік; расказваў, як яму прышлося выратоўваць зусім запушчаны сад, які ён пабяліў, паакапваў і падчысьціў ад імху. Гэтым ён абараніў сад ад вусені, што добра адаб’ецца на даходнасьці саўхозу. Па просьбе Акіліны Парог растлумачыў гісторыю аб тым, як зараджаюцца і выгадоўваюцца садовыя жучкі і чарвячкі, дадаўшы пры гэтым тлумачэньні аб іх зьнішчэньні простым спосабам і спосабам культурным.
Усе тлумачэньні і апавяданьні, якія даваў Парог, выліваліся ў стройную, добра завучаную лекцыю, бяз супынак, паважна. Відаць было, што сваю справу ўпраўляючы ведаў добра і шчыра ёю цікавіўся. Гэта падмеціў Ладымер і пачынаў вырабляць у сабе адпаведныя прыхільна-ўшанавальныя адносіны да Парога. Ладымер помніў атэстацыю ўпраўляючага фурманом Гаўрылам і думаў сабе, слухаючы Парога: — а глядзі, стары добра ўмее падмячаць. Сапраўды Парог талковы й дзейны чалавек. Паглядзі ты, усё ведае, шчыра клапоціцца аб гаспадарстве саўхозу, уваходзіць з душою ў кожную рэч. Го, патрэбны савецкай уладзе гэткія людзі, ой, як патрэбны! Іх так мала ёсьць яшчэ, што трэба іх ацэньваць на золата. Значна пераконаны цалкам новай ідэяй дзяржаўнага аднаўленьня. Цікава, комуністы ён ці не? Трэба будзе ў выпадку запытаць… Люблю такіх людзей і высока іх цаню.
Тымчасам яны прайшлі сад і павярнулі да сажалкі. Парог пераказаў ідучым з ім яе маленькую гісторыйку, падкрэсьліўшы карыснасьць сажалак для гаспадарства з розных бакоў. Па яго думцы — сажалкі павінны служыць для культываваньня рыбнага промыслу, што ён ужо апляноўвае на наступны год.
Паравік, да якога яны прышлі, завярнуўшы ўлева ад сажалкі, складаў верхавіну тае надумнае сыстэмы аднаўленьня саўхозу Скупляў, якая ўвесь час малявалася энэргічнаму ўпраўляючаму. Без «прамысловае стацьці» нельга мець мажлівасьці «разварочвацца ўшыркі». Скуплі, па пераконаньню Парога, — гаспадарства, не падыходзячае да жывёлаводзтва; галоўная продукцыя яго — бульба, з якое і можна рабіць крахмал і гнаць сьпірт. Пры гэтым у вакружнасьці маюцца іншыя саўхозы, менш крэпкія, у якіх таксама знойдзецца шмат бульбы на перагонку. Млын-жа і лесапілка дваяка каштоўны — для абслугоўваньня саўхозу і бліжэйшага сялянства.
Парог вылічыў, што млын дасьць кожны месяц даходу каля трох сотак рублёў, адначасна абслужыўшы сябе. А калі далажыць да гэтага заработак ад вырабу крухмалу і выганкі сьпірту, дык тады атрымаецца яшчэ большая палёгка ў гаспадарстве.
Вылажаныя Парогам думкі «аб прамысловай стацьці» больш за ўсё спадабаліся Ладымеру; калі ён прымеркаваў іх да сваіх плянаў і поглядаў на пасьпешнае разьвіцьцё зямельнае гаспадаркі, дык яны кропка ў кропку супалі. Да гэтага Ладымера, як профэсыяналістага работніка, лісьціла яшчэ і належная ўвага ўпраўляючага да прамысловай галіны гаспадарства. У Ладымера заказлытала клясавае пачуцьцё, гордасьць закаранелага індустрыялісты, чалавека машын, жалеза і дынамікі.
— Вы праўду кажаце, таварыш Парог, саўхозу абавязкова патрэбна апірацца на «прамысловую стацьцю». Ня лішчу вам, а ў вас маецца здольнасьць добрага гаспадара. Я ўжо, прызнацца, чуў аб вас… — прызнаўся Ладымер. — Толькі, памойму, вам ня трэба спыняцца на палове ў справе дасканалага абсталяваньня гэтых трох выглядаў прамысловасьці. Рашылі — даводзьце да канца, я з свайго боку прылажу ўсе стараньні, усе свае веды, каб справа была на працягу году скончана.
Увайшоўшы ў завод, Ладымер, з выглядам знатака дзела, абглядаў машыны зьнізу даверху, бегаў вакол іх, кратаў кожную шрубку, сачыў за ўсімі рыхтункамі. Пры гэтым ён ганіў за нерашчотлівасьць тых, хто так будаваў самы будынак заводу, што не разьлічыў ні месца, ні размаху, ні значнасьці ўсяе справы. Па Ладымераваму, мусіла быць зусім іначай: будынак павінен быў быць пашыраны і падняты яшчэ на адзін паверх, а лёкомобіль павінен быць заменены на больш сільны.
— Яно то пэўна, таварыш Ложка, — хітра пасьмейваючыся з шырокіх плянаў Ладымера, казаў упраўляючы. — Я ведаю ўсё гэта, ведаю, але трэба лічыцца са сродкамі. У нас тут яшчэ так многа трэба зрабіць, так многа трэба наладзіць, што проста страх бярэ. Паказваў я вам памяшканьне пад кватэру, бачылі, у якім яно выглядзе, — вось так яшчэ многае што, многае. У нас для рабочых не хапае добрых кватэр, трэба аборы падстроіць, машыны земляробскія паламаліся, каней зусім мала, вупражы…
— Так-так, — згаджаўся Ладымер, — але не забывайце таго, што ў заводах гэтых схавана палова ўсяго вашага пляну; не забудзьце таго… Два месяцы папрацуе млын — і гатова вупраж, папрацуе год — і некалькі коні. Ці ня праўда, мо’?
Акіліна з канторшчыкам увесь час маўчалі. Для іх мала цікавымі былі пляны Парога з Ладымерам наконт адбудовы гаспадаркі саўхозу. Болей таго, шчырасьць мужа, з якою той адносіўся да гэтага, дзівіла Акіліну і нават зьлёгку раздражнівала яе. Ёй ужо здаўна была крыўда на Ладымера, што праз сваю гарачнасьць і захапленьне рознымі справамі ён зусім забывае сям’ю, яе дабрабыт, перакорыць яе, Акіліны, думкам і просьбам, — адным словам, парушае сямейныя традыцыі, хатнія стасункі і вымушае яе (Акіліне кальнула ў сэрца, ажно яна балюча садрыгнулася) на апасьлівыя крокі… Выпадак па дарозе ў Скуплі, калі ёй успомніліся мінулыя вобразы любоўных здарэньняў, нейкая міжвольная прыхільнасьць да канторшчыка Цыбуліна, якую ўжо запрымеціў Ладымер, былі чароднымі эпізодамі падобнага ўхілу. Да чаго гэта прывядзе Акіліну — ёй самой цяжка рабілася пры адным праглядзе ўперад. Але маладзіцы Акіліне, абмяшчаненай змалку, кіпучай па натуры, прагавітай да бурнага жыцьця, да мужчынскае ласкі, здаровай, ядранай, жыцьцярадай кабеце, нельга марнець у самамуштраваньні, нельга абыходзіцца сутрыманьнем, зьнішчэньнем маладых прагных пазываў. Што там за жыцьцё будзе бяз гэтага, на вошта яно? Акіліна перабірала гэтыя думкі, як пакутніца пацеркі, і балюча хвалявалася. Ладымер вярцеўся каля машыны, як які шворан, як складная яе часьціна, бясьцікаўны да Акілініных перажываньняў, глухі да яе патрабаваньняў, а з боку, як на пружынах, увіваўся малады, элегантны, кіпучы маладосьцю, хвацкі канторшчык Цыбулін. Белы, чысты, з правідловымі рысамі яго твар, квятучая, сакавітая ўхмылка на ім, агністыя, шэрыя вочы, з зіркам, як электрычны бляск, пакірованым на Акіліну, мучылі апошнюю, зьбівалі яе з толку, таўхалі на грэх, на праступак, кроілі сям’ю мячамі маладзічына сэрца. Як хто падсмальваў ёй пяткі ці калоў іголкамі ў бакі — яна вярцелася на месцы, нэрвавала, то апускала, то паднімала вочы, то хмурыла, то чарсьцьвіла твар. Здавалася, пахвільна апускалася, раставала, як сьвечка, завядала, як сарваная рожа. Цыбулін калупаўся ў яе балючым месцы…
— Ладымер, хадзем, нарэшце, дахаты, ужо далёка за паўдня, а ты яшчэ нават не аграшаўся. Ці-ж можна так? Цябе тады ня хопіць і машыны паправіць… Хадзем, — ня стрымалася Акіліна.
Але, калі яе слоў Ладымер не заўважыў, тады Акіліна пераказала іх у большай нэрвовасьці.
Ладымер, аднакава, ня зразу адарваўся ад машын — яшчэ хвілін з пяць папрабаваў розных яе частак, і толькі ўгледзіўшы, што ўсе на дварэ, а ён размаўляе й судзіць сам з сабою, вышаў.
Падзівіўшыся з пагоды, яны разышліся.
VI
Справа з кватэраю ў Ложкаў не зацягнулася: Ладымер уладзіў яе ў тры дні. Назаўтра, пасьля агледзін саўхозу, ён зранку, разам з жонкаю й цешчаю, прыняліся за ўборку сьмецьця і чыстку. У абед Парог падаслаў двух рабочых і сталяра. З апошнім Ладымер умовіўся паправіць рамы ў вокнах, зрабіць перагародкі і некалькі зэдлікаў, палавіну чаго ён зрабіў у два дні. Рабочыя пасобілі перанесьці печку-чыгунку, пару сталоў, шафу і калыску, дадзеныя для Ложкаў упраўляючым саўхозу. Таксама рабочыя перанясьлі з часовага памяшканьня, дзе спыніўся Ладымер з сям’ёю, яго прывезеныя хатнія рэчы — гэта ў адзін дзень. На другі-ж была падмыта падлога і пабелены сьцены. Аставалася паправіць печ і зашкліць вокны. Гэтага ўжо нельга было выпаўніць сіламі саўхозу, і Ладымер мусіў ехаць у мястэчка Кругі. Але паездку ён ня лічыў перашкодай для перабраньня ў кватэру, і ўжо чацьвертую ноч Ложкі начавалі ў сваім памяшканьні. Часовыя няўдобствы хоць і рупілі яму, усё-ж не маглі адбіцца на патрэбнасьці пачынаць работу па рамонту. Якраз к гэтаму часу павінны былі цесьлі пачаць падбудоўку дзераўляных частак заводу, а чорнарабочыя — ачыстку іх ад пяску й бруду. Таксама пад наглядам Ладымера трэба было нарэзаць дзерава ў лесе і пачаць пілоўку. Адным словам, пуск работы па адбудаваньні заводу цалкам залежаў ад мэханіка Ладымера Ложкі, і ён, Ладымер Ложка, вымушаны быў да яе прыступіць неадкладна.
На чацьверты дзень з дзевятай гадзіны раніцы, выпіўшы, як і ўсе дні, кубак малака, Ладымер ужо быў каля будынку заводу. Усіх рабочых ён узяў на падлік, і з захапленьнем пачаў кіраваць работаю, паказваючы і расказваючы кожнаму цэху рабочых, як і што рабіць. У самога-ж у руках былі сантымэтр, цыркуль і напільнік. Хвіліна ад хвіліны ён сам прырываўся да машын, аглядаў, вымяраў, адкручваў шрубкі.
На абед Ладымер дазваляў сабе толькі паўгадзіны, і ўжо шмат пасьпяваў паўвіхацца, пакуль вярталіся з абеду рабочыя. Гэтыя былі зьдзіўлены павядзеньнем Ладымера і пільна абгаворвалі яго паміж сабою.
Наогул асабістасьць характару Ладымера, як чалавека, і працаздольнага, як работніка, за першыя дні яго прыезду ў Скуплі ўжо былі ведамы ўсяму насяленьню саўхозу. Аб ім заўзята перагаворвалі рабочыя, талкавалі служачыя і шушукалі кабеты. Пэўна, не аставалася бяз прыкрас, што звычайна ў сялянскім быце. Тым болей загудзела гутарка аб майстры, калі ён узяўся за працу. Асабліва з цікавасьцю чакалі ад Ладымера наладжаньня ім тэатру. Толькі ён агледзіў памяшканьне, як усе забубнілі аб акторскіх здольнасьцях Ладымера.
Тэатр вельмі гостра чапаў жыхароў саўхозу, і яны не аднораз скардзіліся самі сабе на адсутнасьць у іх жадных забаў. Калі адзін раз упраўляючы Парог успамянуў аб патрэбе тэатру для саўхозу, то моладзь не давала яму спакою, закідаючы пытаньнем — калі-ды-калі, нарэшце, ён яго ўладуе. Упраўляючы перш абяцаў у блізкім часе, а пасьля скардзіўся на няйменьне часу… Цяпер-жа, з прыездам Ладымера, ён зарадаваўся, што гэта справа можа ажыцьцёвіцца, і ўсім хваліўся, што тэатр наладзіць мэханік. Парог абяцаў Ладымеру ўсякую дапамагу ў справе пастройкі тэатру, і, калі Ладымер прыступіў да гэтага, упраўляючы набраў да дзесяцёх чалавек моладзі і прыслаў пасабляць Ладымеру. Стараўся пасабляць і сам.
Гэткім чынам, ужо праз тыдзень у Скуплях стараньнямі Ладымера была пабудована сцэна і ўмайстрована ўсё для тэатру. Асталося намаляваць заслону, некалькі дэкорацый і здабыць трохі грыму. Ладымер узяўся і гэта зрабіць, прыўрочыўшы на паездку ў мястэчка Кругі. Недастача адмечаных рэчаў лічылася ім нясур’ёзнай, і ён, сваім чарадом, пачаў адшукваць хлопцаў і дзяўчат для развучваньня роляў у намечанай да першай пастаноўкі «Паўлінцы». Галоўныя ролі Ладымер думаў раздаць Акіліне, Парогу і сабе. Аб гэтым пляне Ладымера хутка праведалі ўсе скуплеўцы, і шмат-шмат гутаркі разьвялі па саўхозе. Водгаласкі яе разьляцеліся нават па вакольных вёсках.
Акіліна чула гэтыя гутаркі на кожным кроку. Выходзіла з хаты на дзядзінец, ішла да каго пазычыць што-кольвек, вечарам, седзячы на прызьбе, — усягды і ўсюды яе распытвалі жанкі і дзяўчаты, ці скора таварыш майстар наладзіць тэатр. Многія кабеты няскрытна лісьцілі ёй у вочы, хвалячы Ладымера і лічачы яго за дарагога для іх чалавека.
— Каб ня ваш гаспадар, — казалі Акіліне жанкі, — дык тут ніхто не дадумаўся-б гэтага зрабіць. Кожны заняты сваімі справамі і не шманае. А нашы мужчыны, ведама, цёмныя, гэтага ня сьцямяць.
Акіліна мала ўдавалася ў гаворку аб тэатры: адкажа двума-трыма словамі на запытаньне і пяройдзе да другога. Аднак яна не хацела выказваць сваіх поглядаў на мужаву зацею і ні адным крывым словам не абмаўлялася па адрасу тэатру. Не пярэчыла яна нізваньня і ўдому. Ладымер варочаўся на кватэру стомлены, запылены, у поце, паведамляў ёй аб зробленым за дзень, а яна, нібы адабраючы яго, пакіўвала галавою і казала:
— А я Паўлінку ганю на ўсіх парох.
Ладымер прымаў словы жонкі за пахвалу сабе і яшчэ больш захапляўся справаю тэатру.
— Паглядзі толькі, як усе задаволены! Праходу не даюць — усё распытваюць. Прыяжджаюць з сёл і дазнаюць. Забачым, як разьвярну працу! Зусім і забудзеш аб горадзе! — хваліўся ён жонцы. — Вось толькі паеду ў мястэчка ды куплю матэрыі на заслону, крыху грыму і, бадай, праз тыдзень-другі можна будзе даць першы спэктакль.
Тое, што Ладымер меўся хутка паехаць у мястэчка, найбольш цікавіла Акіліну. Ёй прагне хацелася часовай перамены, мінутнага проблеску ў хадзе яе сямейнага жыцьця. Частыя пераезды з месца на месца, адданьне Ладымерам вялікае ўвагі на грамадзкую справу, яго нядбайнасьць да сям’і — сьціскалі Акіліну жалезнымі абручамі нудоты, глушылі надзею на шчасьлівыя мінуты, на выкарыстаньне мажлівасьцяй сямейнага шчасьця. Адчуваньне гэтага кранула яе душы ўжо пасьля выезду іх з Крумкаў, дзе ў глушы ды ў адзіноце яны пражылі амаль ня цэлы год. Горад, куды яны вярнуліся, хоць провінцыяльны, далёкі па размаху жыцьця ад Пецярбургу, расшавяліў Акілініну душу гарадзкім гмахам жыцьця, дапомніў ёй аб шумлівым і рэзвым дзявоцтве і пасеяў нейкае цьмянае, нясьмелае жаданьне. Акіліне не хацелася ехаць у Скуплі, — страх, як не хацелася, і праз цэлыя дзень і ноч перад ад’ездам яна перабірала ў думках усе ўмовы й абставіны, з якімі прыдзецца спаткнуцца ў новым саўхозе. Баялася глушы, як мыш сьвятла. Ня верыла, што ў іх будзе іначай, весялей, як у іншых глухіх куткох. Нарэшце, перамагла гэта пачуцьцё, вырабіла ў сабе бадзёры настрой, пагадзілася з лёсам і намерылася нясьці лямку на працягу году… А мо’ выпадак здарыцца які, а мо’ раптоўна праблісьне які шчасьлівы момант? Якраз ён не заставіў сябе доўга чакаць. Прымха нейкая падвяла к ёй Цыбуліна. І, як на зло, надало ім стрэцца ў гэткую мінуту, калі на твары Цыбуліна склаліся неадхільныя рысы, чаруючая ўхмылка, якія прайшлі ёй, Акіліне, у нутро і абнадзеілі яе салодкімі надзеямі. Яна адчувала прыкрасьць гэтых надзей, бачыла косыя озіркі Ладымера, ведала, што муж калі-небудзь зазнача ёй гэта, прызнавала сьлізкасьць сваіх крокаў, — яна ступіла на гэткі шлях — і… не магла сустрымацца. Цыбулін засеў у голаў, зацьміў Ладымера, Паўлусіка, сямейнае ціхае жыцьцё, яго непарушанасьць, падцяў нясумненную павагу з яе боку да мужа, хоць ня палкую, а калісь моцную любоў да яго. Сама не разьбіралася, як усё ідзе, як скручваецца клубок… І ў той-жа час думка, што «Ладымер паедзе ў Кругі», суцяшала Акіліну, як суцяшае хлебароба пагодлівы час у жніво. Яна яшчэ раз малявала сабе вобраз саду, ночы, спатканьні з Цыбуліным, ласкі… ласкі… і дрыжэла, каб хаця ўсё асталося ціха, шыта-крыта, мінутна, пераходна, каб ніякага сьледу не пакінула гэта на ўзаемаадносінах з Ладымерам. Гэта было штосьці на манер загавору, падгатоўка помсты мужу за яго грахі ў сямейных узаемаадносінах.
Акіліна раз-у-раз паглядала на Ладымера, баючыся, каб ён чуцьцём не падслухаў яе думак, і, бачачы яго замілаваную заспакоенасьць, суцяшала сябе: «А я-ж ведаю, што ты не адзін раз зрабіў тое, што табе хацелася. І, пэўна, не пахвалішся мне. А я маўчу. Няўжо будзе грэх, калі я хоць раз прытаю табе сваю… чыннасьць».
— Калі-ж ты паедзеш у Кругі? — дапытвала Акіліна Ладымера і тут-жа выспрабоўвала яго:
— А, можа, чуеш, ня варта табе езьдзіць у мястэчка? Пачакай нейкі час, а ну-ж зьбярэцца больш спраў.
Хітра падыходзіла яна да яго і паглядала яму ў вочы, гадаючы аб адказе.
Ладымер памаўчаў і рашуча адказаў:
— Я не за аднэю справаю паеду; бачыш, трэба пячніка наняць, каб зрабіў групку ў кватэры, шкла трэба купіць, каб зашкліць вокны; а да гэтага — казённыя справы, таксама патрэбны шрубы, напільнікі. Не, паеду абавязкова.
Задаволеная ў глыбіні душы, Акіліна запытала:
— А калі ты канчаткова паедзеш?
— Пэўна, да нядзелі пачакаю: у нядзелю ў Кругох кірмаш — раз, падругое, сьвяты дзень, — адказаў Ладымер.
— Ёсьць ведама, што ў нядзелю ляпей усяго, — падказала цешча.
— Ну, а ты-ж толькі спраўляйся з роляю.
— Будзь спакоен, пакуль дакончыш сцэну — роля будзе гатова. Хай другія так падгатовяць, як я, то добра будзе, — пазіраючы ў вакно і зусім ня думаючы аб ролі, адказала Акіліна.
Ладымер задаволена ўхмыльнуўся і пайшоў тупаць па хаце, гаворачы ні то да жонкі ні то да сябе.
— Наладзіцца тэатр, і пойдзе на ўсю магу культурная праца. Трэба ўнясьці сьвет у глухі куток… Так, яшчэ цёмна наша вёска, так далёка ад культуры. Жывуць людзі, як ваўкі, адарваныя ад гораду, закінутыя ў лясы… Жадны новага слова, жадны новае весткі… Вакол столькі прыгожасьці, а для іх яна незразумелая зусім… Вакол кіпіць жыцьцё, а ім чуецца толькі водгалас у шуме лесу… Наша павіннасьць — аддаваць ім усе нашы веды, дзяліцца з імі тым, што сабралася ў галаве, што вычытана з кніжак. Цяперашняе жыцьцё не павінна спыняцца на адным месцы; яно мусіць вярцецца, віраваць, бегчы наперад. Бач, мы творым рэволюцыю, перабудоўваем усё на новы лад, нішчым старое да астатку. Ці-ж можна мірыцца з тым, што ёсьць хоць-бы ў гэтых Скуплях? Гэта-ж зусім не кранутае рэволюцыяй месца, выспа… А колькі іх, гэткіх выспаў, на абшары аднэй Беларусі!.. Я ня ведаю, як каму, а мне вельмі балюча глядзець, калі дзе сустракаю ціхае жыцьцё, непарушымую глуш… Каб прымеў, усё-б адным замахам перамяніў… Але на гэта мала аднаго. Я-ж таксама ня бог ведае якое навукі. Выкраў патрошкі з часу, вылучыў з кніжак саматугам і павінен аддаваць другім… Тэатрам можна многа зрабіць, і я зраблю. Тут глеба падгатаваная добра. Адно закінуўся, як усе пайшлі насустрач. А рабочыя прайсьці не даюць — калі будзе тэатр гатоў. — Будзе, — кажу, — пастанавіў, дык будзе. А паспрабаваў раздаць ролі — асобаў столькі няма ў п’есе, кожны просіць даць яму ролю, даць яму…
Гутарка захапіла Ладымера, ажно ён забыў пра сон, пра тое, што трэба заўтра а сёмай гадзіне ўставаць і йсьці на работу, заняўважыў, што яго ня слухае ні Акіліна ні цешча, якія няўпрымет для яго ўлягліся спаць і соладка пасопваюць. А сьведкаю яго толькі акраец месяца, выплываючы адным рогам з-за купы густое ліпы і ліючы ў прачыненае вакно разадраныя палойкі серабрыстага сьвятла, і салодкі водыр мёду.
Ладымер скончыў размову, паглядзеў на кватэру і падышоў к вакну. Чорны слуп — заводзкая труба — пераняла яго погляд і адцягнула Ладымераву ўвагу на паравік, на лесапілку, на плян іх рамонту і пуск у ход.
VII
— Ты прыгатоў мне сёе-тое на дарогу, — папрасіў Ладымер жонку ў суботу за абедам, — я заўтра зраньня абавязкова еду ў Кругі.
— А што-ж ты возьмеш? — пытала Акіліна. — Есьці захопіш з сабою? То я сьпяку табе скварак і каўбасу. А з адзежы — палажу паліто… Возьмеш паліто?
— Трэба ўзяць. Вазьму і есьці, таксама — усё-ж, як-ні-як, прыгадзіцца; сьпячы сала.
— А ты доўга там думаеш быць?
— Доўга? Дзень! Зраблю свае справункі і назад.
— Так ты ўжо не сядзі лішняга часу.
За чатыры дні, якія прайшлі з часу гутаркі аб паездцы Ладымера ў Кругі, Акіліна ні на момант не расставалася з сваімі думкамі і жаданьнямі. Як загартаваныя ў вадну галачку, качаліся яны ў яе нутры, за тонкім пластом будзённых, хатніх клопатаў, і раз-ад-разу давалі аб сабе знаць. У некаторыя мінуты, асабліва, калі Ладымер выходзіў з ёю ў палетак пагуляць і яны загаварваліся аб чароўнасьцях прыроднае красы, Акіліна адчувала моташнае бязвольле выслабаніцца ад пастароньніх, наносных думак і ўхілаў і захаваць сябе нявіннай для Ладымера. У гэтыя моманты яна забывала змарнаванае, па яе думках, сямейнае шчасьце, прашчала Ладымеру яго халодную нядбайнасьць да яе жаночае ласкі і здавальнялася духовай блізасьцю з ім, павагаю да яго. Цьвёрдая галачка спакусы падала дзесь глыбока-глыбока на дно душы, давала волю новым адчуваньням, якія навейваў лёгкі подых сьвежага вятрыску, зелень і пах, блакітнае неба. Хісталася пад нагамі густая мятліца, схіляліся налітыя малаком каласочкі жыта, рэзьвіўся адлятаючы ў лес жаўранак, залівалася перапёлка, гучэлі песьні вясковых дзяўчат… Акіліне не хацелася ні гораду ні яго жыцьця. Бег уперадзе Паўлусік, лепятаў няўмоўчна, азіраючыся на бацькоў, ганяўся за матылькамі і рваў валошку. Каб у гэтыя моманты паказаўся канторшчык, Акіліна здрыганулася-б усёй істотай ад агіднага пачуцьця да яго, упікнула-б сябе неміласэрна і мо’-б, чаго добрага, перарвала-б тую спакусную нітку, якая высукалася ў яе нутры зачарствелай будзёншчынай сямейных стасункаў і ёмка перакінулася да Цыбуліна… Акіліна прыўздымалася настроем, пахадзіўшы адвячоркам паміж ніў, напаўнялася асаблівым шляхетным пачуцьцём, прымала выгляд дабрачыннай гаспадыні і жонкі… Але толькі вярталася ў кватэру, уваходзіла ў абставіны сямейнага быту, разыходзілася з Ладымерам, які хапаўся за п’есы, за проекты тэатру, кідаў сям’ю цалкам і яе ў асобку, як ізноў пачынала думаць грэшныя думкі… Галачка гэтых думак высочвалася са спрату, з дна нутра, кратала думак і пачуцьця і напаўняла ўсю істоту цягучым нявыразным жаданьнем, прагаю, хаценьнем. Ладымер прымаў у яе ваччу сухі, завялы выгляд, манашаскі воблік і адыходзіў далёка-далёка з яе адзнаньня, чужы і халодны. Акіліна паварочвалася да сынка, абеглым зіркам праходзіла па яго тварыку і дзівілася таму, што Паўлусік падобны да бацькі, і таму, што ў ёй так мала да яго ўвагі і мацерынай любові. «Шэсьць гадоў сынку, і чым больш ён падрастае, тым менш ва мне прыхілу і пашаны да яго. Міжвольна ўстае пытаньне, як і што здарылася так, што я й ня прымеціла, калі мінулі гэтыя шэсьць гадоў. Бесканечная вандроўка, як вечнага яўрэя, бяз прытулку, бяз пэўнага месца. У Ладымера адно, а ў мяне другое». Акіліна пераносілася думкамі ў дзявочыя гады свайго жыцьця і перабірала ўсе падрабязгі тых умоў і абставін, якія справодзілі яе знаёмства з Ладымерам, жаніцьбу, першыя гады жыцьця. З шэрае мінуўшчыны выблісквалі ружовыя мясьцінкі, аб якіх так прыемна ўспомніць і якія так міла адчуць. Ладымер калісь быў зусім іншым хлопцам: жыцьцярадым, жывым, рэзвым, любіўшым жыцьцё, як яно йдзе, у моманце, у перажываньнях бягучых хвілін. Агнём гарэлі вочы, нясло цеплатою ад усёй постаці, крыніцы ласкі, пэнту, замілаваньня… Акіліна насілася на скрыдлах успамінаў, як пёрка на ветры, захоплівалася імі што далей, тым болей і глыбей. Адвячоркамі, здавалася, губіла цэльнасьць іх, перарывала, як быццам забывала, але йшоў Ладымер на працу, і ўчарашняе аднаўлялася зноў, сточвалася шчыльна-шчыльна з ранейшым і разварочвалася шырэй ды шырэй.
Чым бліжэй падыходзіла да часу выезду Ладымеру ў Кругі, тым разгульней віравала Акілініна выабражэньне, настойней прасіліся на перабору ўспаміны і глыбей вырывалася канава між ёю і мужам у іх сямейных стасунках…
У суботу за абедам, калі Ладымер папрасіў прыгатовіць яму сёе-тое на дарогу, Акіліна зразу адчула ў сабе нейкую перамену, астужанасьць. Быццам раскалыханыя хвалі маладых яе пазываў раптам сьціснуліся стромкімі высокімі берагамі, у якіх ня стала ранейшага прастору. На разгарачаны лоб нібы апала некалькі халодных капель, якія прабілі чэрап і дробнымі пырскамі пакрапілі мозг. Так бывае ў выпадках, калі чалавек, разагнаўшыся ўдагонкі за намечанай мэтай, пры дабліжэньні к ёй, раптам траціць яе сьлед.
Акіліна, выправіўшы мужа з абеду на работу, прынялася за гатоўку яму сяго-таго на дарогу: папершае, яна дастала з куфэрку сьвятошні гарнітур, падчысьціла яго і падпрасавала, прыгатавала чыстую бялізну, а пасьля завіхнулася ля яды. Падпаліла ў чыгунцы, дастала з кубелка кавалак сала і пачала крышыць. Усё, як рупная гаспадыня й жонка. Але думкі працавалі ня ў тахт рукам і нагам: думкі пераносіліся ў заўтрае. «Ладымер едзе», спляталіся яны ў словы, «пэўна, заўтра я яшчэ буду спаць, як ён выедзе. А можа разбудзіць? Трэба-ж к абеду заехаць… Так… Ці адзін? Няўжо й Цыбулін паедзе?..» Слова «Цыбулін» выклікала ў яе душы лёгкі жах і нявыразнае, адначасна радаснае і палахлівае пачуцьцё. Ажно пад яго ўплывам цішэй пачалі хадзіць рукі, і густая ліпкая вяласьць разьлілася па целе. Акіліну пацягнула к вакну, якое зранку было адчынена для асьвяжэньня кватэры. Яна падышла, перагнулася на падваконьнік і ўстраміла погляды ў гушчу ліпавых карон. Зелень, чорназялёная, укропленая бела-жоўценькім цьветам, залашчыла яе вочы, заваражыла да сябе. Гарачае сонца паліравала лісткі, павернутыя да яго, і палівала прамяністым сьвятлом процьму пчол і вос, лятаўшых над ліпамі, падтрымоўваючы роўны зьлітны гуд-гармоньню. Тонкі водыр уліўся Акіліне ў грудзі і сп’яніў думкі, разьвіваючы гультайную асалоду. Раз-ад-разу праляталі птушкі, кідаючыся наляту ў лісьцяную гушчу і адтуль падаючы свае галасы. З-за вулічнай сьцяны даносіўся тонкі галасок яе Паўлусіка і ўшчунак малога бабаю… Акіліна не зважала гэтага. Ня прымеціла яна і таго, як сонца паціху ўкрадкаю спусьціла пучок свайго сьвятла з даху дому і каўзанула ім па яе твары.
Гэта нявыразнасьць настрою, які ні зваў, ні прыпыняў, ні цешыў, ні суміў, трымала Акіліну на месцы каля паўтары гадзіны. Стук дзьвярыма яго перабіў. Акіліна хутка адвярнулася на пакой і падбегла к чыгунцы. Паглядзела. У чыгунцы жухацеў чырвоны прысак, абложаны вакола попелам. На крэсьле помеж стаяла скаварада з раскрышаным на ёй салам і з нажом між сала. Акіліна, ня гледзячы, хто ўвайшоў, хапілася за скавараду і паднесла яе к чыгунцы, але тут-жа адумалася, паставіла зноў на крэсла і нагнулася за некалькімі паленцамі, каб падлажыць у печ.
— Ты паліш чыгунку, дачушка? — запытала Акіліну маці, падыходзячы к ёй.
— А як-жа, трэба сьпячы Ладымеру сала на дарогу. Заўтра-ж не пасьпею, — адказала Акіліна. — А Паўлусік дзе? — запытала яна.
— Бегае, яшчэ к бацьку пабег… А болей што ты будзеш пячы?
— Каўбаску якую; вось купіла надоечы ў Башлыкавых… Вы, мама, наскрабеце бульбы на вячэру. Зараз ужо Ладымер павінен прыйсьці.
— Нешта, я бачыла, да яго ў паравік пайшлі ўпраўляючы і канторшчык, а з імі яшчэ нейкіх двое мужчын… Гэты канторшчык, на яго ліха, такі далікатны мужчына, што міла паглядзець; як паніч які — ды годзе.
Гэты сказ яе быў так не ў пару! Акіліна пакінула скавараду, на чыгунцы, а сама падышла к вулічнаму вакну і паглядзела ў бок паравіка. Густая прыземная ракіціна заступіла ад яе вачэй яго сьцены, і Акіліна, паглядзеўшы комін і стрэху, вярнулася к печы.
— Не павінны там доўга быць, ужо вечарэе, — праказала яна.
— Я думаю, калі яшчэ ня зойдуць у тэатр.
— Гэта ня йначай… Я й забыла, што ён ёсьць у нас…
— Нарабіў-жа, ведаеш, гоману ён па ўсіх Скуплях… Дзяўчаты, хлопцы, дзеці — не дачакаюцца…
— Увесь час за гэтымі тэатрамі… занядбаў усё… Нікому ня трэба — а яму…
Гэтыя словы Акіліны мелі ў сабе звычайную нездаволенасьць, ужо застарэўшую, цьвёрдую і едкую. Аднак, маці не западозрывала гэтага — яна, наогул, мала ўдавалася за ўзаемаадносіны паміж дачкою і яе мужам. Акіліна не выдавала мацеры сваіх скрытных думак, а Ладымер з сваёю халоднасьцю да сямейнага жыцьця выглядаў у ваччу старое занадта крутым бальшавіком. Дачка не здаволілася гэтым — то прымячала маці, але не падлівала масла ў вагонь. Наогул тое, што зяць трымаў яе ў сябе, абыходзіўся з ёю добра, з павагай, рабіла Ладымера ў вачох цешчы харошым чалавекам, памяркоўным і сталым гаспадаром. За гэтыя якасьці цешча даравала-б яму ўсе недахваткі яго, каб і ведала іх. І ні за што-б не прасьціла Акіліне яе помыслаў, яе скрытых, навеяных Цыбуліным, думак каб толькі праведала аб іх.
— Ну, што-ж — няхай строіць тэатры, гэта-ж невялікая бяда, — разважала цешча.
— Не бяда, калі ў меру, а калі ўжо занадта зацягам, тады моташна робіцца, тады горш бяды, — не згадзілася Акіліна.
— Бач, ужо яго гэткая натура; не перавучыш-жа сталага чалавека… Другія гоняцца за горшым, а тэатр…
— А, бачце, яму сям’я на другім пляне…
Падскваранае сала ня сьціхала трашчэць, папаўняючы скавараду тлустым лёкам. Румяныя скваркі выразна пярэсьцілі чорную галу пасудзіны, як маленькія выспачкі ў цёмнай вадзе. Старая напоўніла лаханку белаю, аскрэбенаю бульбаю і палівала яе вадою з меднае конаўкі. Раптам абедзьве прыпыніліся і прыслухаліся.
— Ідуць абое, здаецца! — прамовіла старая.
— Ідуць!? Але! А ў мяне яшчэ вячэра не гатова…
— Нічога, падложым дроў, і бульба ўраз зварыцца…
Яны разьбегліся па куткох пакою, адна за вадою, другая за нечым іншым.
— Можа дроў няма? — запытала старая.
— Нічога, я выскачу вазьму, — адказала Акіліна і пабегла к дзьвярам. Але не пасьпела хапіцца за ручку, як яны адчыніліся, і ў кватэру ўвайшоў Ладымер з сынком, а за ім Парог.
— Добры вечар у хату! — павітаўся ўпраўляючы, працягнуўшы руку Акіліне.
— Вечар добры! — адвіталася Акіліна, зрабіўшы на твары міну неспадзейнасьці.
Парог угадаў Акілінін настрой і пераняў неспадзеўкі.
— Я бачу, вы зьдзіўлены маім наведваньнем?
— Так, проста прымха. Другі тыдзень побач, а вы ўпяршыню заходзіце.
— Ведаеце, так няма часу, так няма часу, што хоць ты лопні… Аж самому няпрыемна, ведаеце… Што-ж, што-ж… — Парог убачліва схіліўся і разьвёў рукамі. — Ды і то трапіў таму, што вось заўтра маю ехаць разам з таварышам Ложкам у Кругі.
— І вы паедзеце?
— Я і агароднік таксама…
— Усё начальства, — пажартавала Акіліна.
— Не, якраз пакідаем намесьнікам сабе нашага Цыбуліна… Будзе вас ахоўваць…
Акіліна патужылася стрымаць раўнадушша, але міжвольны проблеск здаваленьня, раптам прабегшы па яе твары, выдаў яе. Парог хутка адвярнуўся ў бок, сказаўшы:
— Выбачайце. Вы йшлі кудысь, а я толькі затрымоўваю вас.
— Нічога, пасьпею. Дроў трэба пален некалькі ўнясьці. Вячэру гатоўлю…
— Я зьбегаю, — перабіла старая і, не чакаючы адказу, вышла з кватэры.
Акіліна вярнулася к чыгунцы, а Парог пайшоў к сталу, ля якога сядзеў Ладымер і штосьці вылічаў алоўкам на паперы.
— Трэба, усё-ж, шмат грошай. Каля дваццацёх чырвонцаў, — абярнуўся Ладымер да ўпраўляючага.
— То хай-бы вы скарацілі, таварыш Ложка, на якіх чырвонцаў пяць, а то ўсе грошы, якія маюцца, прыдзецца аддаць…
— Дык нельга, бачыце. Я й так ужо на тэатр скараціў да трох чырвонцаў. Няўжо-такі пашкадуеце гэтых ашчэдных грошай на гэткую справу, як тэатр? Вы падумайце, колькі карысьці можа ён даць? Гэтыя тры чырвонцы могуць вярнуцца тысячамі рублёў…
— Можа быць, але, ведаеце, зараз у нас крута з грашыма. Папершае, трэба гаспадарчыя рэчы справіць, а тады ўжо…
— Дарэмна, таварыш Парог, кажаце… Пакуль укантактаваць гаспадарства і нічога не рабіць іншага — гэта абмылковы погляд. Я сам добра разумею, што аснова для даходнага гаспадарства Скупляў — гэта адрамантаваньне паравіка, але-ж каб у огуле паднімалася гаспадарнасьць, то трэба сачыць і за культурным узроўнем рабочых саўхозу; трэба выпрацоўваць у іх ахвоту й замілаваньне да працы, павагу да рэспубліканскага дабра, як да свае ўласнае рэчы… Мы вельмі шмат цярпімо ад някультурнасьці нашай — далей годзе. Наша павіннасьць — пачаць культурную працу як мага, якімі ёсьць сіламі і сродкамі… А тэатр — найлепшы праваднік асьветы…
Парог маўчаў і не перашкодзіў Ладымеру выказацца поўнасьцю. Нарэшце, рассудзіўшы сам сабе, пастанавіў не пярэчыць у асыгнаваньні трох чырвонцаў на патрэбы абсталяваньня тэатру, адказаўшы Ладымеру:
— Што-ж, няхай будзе павашаму, не зьбяднеем…
— Вось, пэўна, — хапіўся Ладымер.
Не ўцярпела, каб не ўмяшацца, і Акіліна.
— Ды ён ужо калі прыстане, дык не адступіць, — кінула яна па адрасу мужа.
— Ты лепш не мяшайся ў нашу гутарку, — перабіў жонху Ладымер.
— Што так строга! Уразіла сінагогу! — не здаволілася Акіліна.
— Не пасварэцеся хаця, — пераняла цешча, вярнуўшыся з дрывамі, — вось гатовы, пэўна, і каўбаса і бульба, — дадала яна.
— А на дарогу мне згатовіла што, Акіліна? — інакшым голасам запытаў Ладымер.
— Згатавала, чаму не; каўбаса таксама ў дарогу табе; сала наскварыла, а вось ляпёшак сьпяку… Ты скажы, будзеш браць сьвятошні гарнітур ці не? Я дастала й падпрасавала яго…
— Вазьму, як-жа ж.
Старая падышла да стала й заслала яго сарвэтаю; пасьля прынесла міску з насыпанаю ўгору паранай бульбай і некалькі талерак для малака.
— Заўтра, пэўна, на золку выедзеце? — запытала яна зяця і спынілася, ждучы адказу.
Ладымер паглядзеў на Парога, перакінуў думкамі і адказаў:
— Так, зраньня выедзем. Трэба сабрацца сёньня акурат.
— Ды ўжо яно сабрана, што тут доўга.
Акіліна прынесла малака, разьліла ў талеркі і абярнулася да Парога:
— Падзялеце з намі вячэру.
— Дзякую! — адказаўся Парог, устаючы з крэсла і адыходзячы ад стала.
— Да не саромейцеся. Садзецеся. Там-жа жонка не прыгатавала нічога. Садзецеся…
Парог яшчэ крыху паўпіраўся, але нарэшце сеў і разам з сям’ёю Ложкаў пачалі вячэраць.
VIII
Ладымер назаўтра прачнуўся чуць сьвет. У вокны прабіваўся смуглы одсьвет золку, прасочаны санлівасьцю, томячы. За вакном у парку чырыкалі раньнія птушкі; пастух нукаўся з каровамі, рыпаючы варотамі хлявоў. Гергяталі гусі ў сьвіронку.
Ладымер падышоў к вакну не адзяючыся і паглядзеў на дзядзінец к вазоўні. Якраз канюх Посік адмыкаў вароты, азіраючыся ў бок стайні. Ладымер прыняўся гатавацца ў дарогу, асьцярожна тупаючы па пакоі. Адзеў порткі, памацаваў клунак з ядою і пайшоў мыцца. Бяручыся за конаўку, заглядзеўся і выпусьціў з рук. Конаўка стукнула аб зэдлік.
— Хто там?! — раптам заварушылася Акіліна.
Закрактала цешча.
— Сьпеце, сьпеце, гэта я, — супакоіў Ладымер.
— Ужо едзеш? Мо’ мне ўстаць і памагчы што? — выказала знарочыстую клапатлівасьць Акіліна.
— Сьпі, не клапаціся, сьпі.
Ладымер ціхутка ўмыўся і адзеўся, выпіў малака, прыгатоўленага яму на сьнеданьне, і пашоў з кватэры, каб падагнаць фурмана. Але толькі вышаў на дзядзінец, як раптам стрэўся з Парогам, які бег да яго.
— Я па вас, коні гатовы. Ідзеце за рэчамі.
Ладымер хутка павярнуў назад у кватэру. Асьцярожна, моўчкі прачыніў дзьверы, забраў клунак і паліто і вышаў. Пераступаючы парог, ён азірнуўся к ложку, на якім спала Акіліна з Паўлусікам, паглядзеў і бяздумна адвярнуўся. На сходах яму закарцела вярнуцца й пацалаваць абоіх. Ладымер павярнуўся, зрабіў некалькі крокаў назад, але штось яго спыніла, і ён спусьціўся ўніз, разважаючы сабе: «Няхай сьпяць. Навошта трывожыць!»
Але Акіліна зусім ня спала: яна ляжала ў лёгкай дрымоце праз увесь час, пакуль Ладымер зьбіраўся ў дарогу, тужылася ўстаць і не магла — як-бы што трымала яе, прывязаўшы да ложка. Лёгкі стук дзьвярэй, зачыненых Ладымерам пры выхадзе, сагнаў дрымоту і канчаткова яе абудзіў. Акіліна паднялася з ложку, пацягнулася й падбегла да вакна. Працёрла вочы й паглядзела на дзядзінец, адкуль чулася гутарка. Каля рогу будынку стаяла падвода, запрэжаная параю коняй у дышаль і напоўненая сенам. На заднім сядзеньні ўжо сядзелі поруч Ладымер з Парогам, а на пярэднім умешчваўся агароднік. Фурман Посік папраўляў вупраж.
З-за вярхоўяў ліп выскоўзвалі разгалістыя пукі чырвонага праменьня, накладаючы на куцы дзярэў цёмна-алавяны адбітак хмурнасьці. За паркам, к лесу, чуўся сьвіст жалейкі. Рэзвая жоўтабрушка, седзячы на вытыркнутай галіне ліпы, заліўным шчэбетам вітала радаснае нараджэньне дню. Яна трапятко азіралася вакол і паглядала ў вокны муроў, ачырвоненыя з-пад даху ўсё больш і больш распаляючым полымем усходу. Паціху, украдкай Акіліна прачыніла вакно і ў маленькую шчылінку між рам уваткнула нос. Дыхнуў мяккі, плаўкі вятрыска, студзячы яе цела праз шырока выразаны горс абінталяжанай белай кашулі. Некалькі палоек цяжкіх густых кос апусьцілася ёй на твар, заказлытаўшы шчокі. Акіліна адхіліла іх за вушы і працерла вочы.
Між тым фурман сеў збоку агародніка, аглядзеў воз і пагнаў коні. Грукат калёс як-бы нешта дапомніў Ладымеру, які азірнуўся на вокны свае кватэры, мерачыся каго-кольвечы ў іх угледзіць. Ці прымеціў ён профіль Акілінінага твару, ці толькі абмежаваўся трыма пустымі вокнамі з ліцавога боку — нельга было ўгадаць. Пэўней, што апошняе, бо, наколькі адмячала Акіліна, яго выгляд твару нічога не выдаваў.
Калі воз схаваўся за паваротам дарогі між платоў парку, Акіліна адхілілася з вакна, больш яго прычыніла і зацяжна пацягнулася, шчапіўшы рукі на галаве і выдаўшы ўперад грудзі. Тонкая кашуля, аблегшы шчыльна сьпераду, вымулявала прыгожыя формы яе нязношанага, пружыністага цела. Акіліна зацяжна ўздыхнула, кінуўшы думкаю к Цыбуліну, і раптам зымяніла позу: апусьцілася, схіліла голаў і ціхаю няўвернаю паходкаю адышла к ложку. Паўлусік ляжаў распрануты і моцна, запоем хроп. Здаровы выгляд, руж на шчочках ухарошвалі хлопчыка. Акіліна некалькі хвілін глядзела на яго і, як ніколі, адчувала ў сабе прыліў глыбокай мацярынскай прыязьні. Ня стрымалася — і пацалавала ў заплюшчаныя вочкі, падмалёваныя густымі доўгімі расьніцамі. Пасьля прылягла, выцягнулася з сударжнай сілаю і заплюшчыла вочы. Раптам надышоў здром — яна забылася, але праз хвілін пятнаццаць абудзілася і паднялася.
У кватэры было сьветла. Засаб у тры вакны яшчэ неразагрэтае раньняе сонца ліло багатыя каскады променю. Ледва ачула прайходзіла з вакна жаралцо сьвежага паветра. На дварэ чуўся гоман.
Заварушылася ў пасьцелі маці, закрахчэла і падняла голаў. Прамовіла праз сон:
— Ты ня сьпіш, Акіліна?
— Ня сплю.
— Яшчэ-ж рана, хай-бы заснула.
— Ня хочацца неяк: як раскатурхалася пры ад’езьдзе Ладымера, дык ні за што не заснуць.
Яна наўмысьне паглядзела на спушчаныя на падлогу белыя тонкія ногі і леваю рукою кранула грудзей.
— Ці-ж Ладымер цябе разбудзіў? — запытала маці, абапёршыся локцем на падушку і гледзячы ў вакно.
— Не, ён цішком ад’яжджаў, але я пачула і абудзілася…
— А ўжо даўно, як паехаў?
— Мо’ з паўгадзіны… Вы сьпеце, мама, яшчэ рана, — запрапанавала Акіліна.
— Ну, а ты-ж хіба ня будзеш больш лажыцца?
— Не глядзеце на мяне: мне вельмі душна… Хачацца крыху астудзіцца… і вакно прачыніла, а не памагае. Так напалілася за дзень…
— Мо’ табе нездаровіцца, Акілінка?
— Ха-ха, што вы, мама: нічога, здарова…
Старая сунялася і прылягла. Акіліна-ж устала, прайшлася босаю, у ваднэй кашулі, к сталу і паглядзела на гадзіньнік. Гадзіньнік паказваў палову восьмае. «Зусім ня рана! Куды там лажыцца… Трэба адзявацца і…» яна не даказала ўсёй думкі і пасьпешна стала адзявацца…
Праз хвілін дваццаць ужо стаяла перад насьценным люстэркам і ўладжвала косы. Меркавала перш сабраць у куклу, пасьля адумалася і падняла ўверх, зашпіліўшы ў новую прычоску. Каля вушэй апусьціла модныя бачкі, а сьпераду — хібок. Справіла — і прагледзела сьпераду і з бакоў. Прыпляскала рукою. Радзімец каля носу, прыдаваўшы Акіліне характэрную рыску, зацікавіў яе і адцягнуў на момант увагу. Акіліна цешылася сабою, зусім забыўшы пра Ладымера. Здавалася ёй, што і іншыя думкі прытупелі, згубілі сваю цікавасьць… Аднак, нейкая незьясьнёная сіла, настойны позыў, затаены прымус таўхалі яе па гатовым шляху. Яча дастала з куфэрку белую ў чырвонасінія квяты тарыноўку, ускінула яе на плечы і цішком, як-бы скрадаючыся, вышла з кватэры.
У цёмным калідоры раптам стукнула ў яе нутры жаданьне, рэзкае і выразнае, як іскра, жаданьне — прайсьці між кватэры Цыбуліна, паглядзець у вакно, як ён устае, і падаць сыгнал… Закружыліся вірам разнастайныя блутаныя думкі, паўстала палкае абурэньне, адчуваньне нейкае ні-то асалоды, ні-то трывожнага здарэньня. Яна пачула, што шматразовыя пазывы пераходзяць у хваробу.
Сышоўшы на ніжні паверх і вышаўшы на ганак, Акіліна на момант прыпынілася, паглядзела па бакох і сышла на дзядзінец. Яшчэ крыху пастаяла, пасьля кранулася налева, адгонам двух сажняў ад будынку, каб спраўней сачыць у вакно Цыбулінай кватэры. Зрабіла некалькі крокаў, прамінула два вакны агароднікавае кватэры і параўнялася з вакном каморкі Цыбуліна. З нейкай трывожнасьцю зьмерыла яго поглядам і тут-жа адхілілася. З парку вышаў арандатар саду, Сроль, які, цікава разьзіраючы Акіліну пайшоў на дзядзінец саўхозу. Ужо мінуўшы вакно, яна яшчэ раз кінула ў яго косы пагляд, але ўгледзела белую фіранку. Гэта астудзіла Акілінін настрой. Яна, скрывіўшыся, прайшла ў парк.
У парку панясло вільгацьцю, памешанай з пахам цьвету ліп і кветак. Вузкая, асаджаная кустамі дарожка, неахаеная ад кавалачкаў ламачча і дзікае мураўкі, малаабходжаная, цягнулася далёка ў глуш парку, роўнаю, як струна. Зьверху кароны ліп і рэдка каштаноў спляталі жывую стрэху, хаваючы неба і сонца. Толькі рэдкімі плямкамі ў лісьцяной гушчы раскідаліся кусочкі сонечных праменьняў, пярэсьцячы цёмны фон драўляных шатаў. Як праз рэшата, пасмачкі яго падалі ў траву і кусты. Акіліна ціхаю паходкаю йшла ўсьцяж гэтай дарожкі, бяздумнаю, з нявыразным прыдаўленым настроем. Глядзела ў бакі, раскідаючы зіркі па сьветлых сонечных плямках. Перад ёю і над ёю пархалі птушкі — валовы вочкі, жоўтабрушкі, дзятлы. Выляталі з кустоў, жахаючы яе. Трапяталі матылькі і гулі мошкі… Акіліна мінула дзьве ператочных дарожкі і ўжо падыходзіла да трэцяй, а гэтая, па якой яна йшла, усё яшчэ цягнулася ўперад. Прыпынілася на скрыжаваньні, пастаяла крыху, паглядзела направа й налева і пайшла далей.
Але не пасьпела прайсьці з паўганоў, як нейчы сьвіст яе спыніў. Яна азірнулася: па папярэчнай дарожцы прайшлі двое хлопцаў. Акіліна правяла іх поглядам і пайшла ў свой бок. Паціху падышла к канцу дарожкі, к плоту. Аглядзела лугі, што абыймалі парк, спынілася зіркам на лесе і невялічкім фальварачку пры ім. Потым завярнулася назад і ўжо хутчэй прайшла да першай ператочнай дарожкі, дзе спынілася ля арэхавага куста і выламала дубчык. Тут яна пачула, што сьвежае паветра і ціхая хада яе прытамілі: захацелася адпачыць і пацягнула прылегчы на траве. Але сырасьць стрымоўвала. К гэтаму Акіліна ўспомніла пра кватэру і Паўлусіка: «Можа ён прачнуўся? Маці будзе злаваць, што я пацягнулася і соўваюся доўгі час». З гэтымі думкамі Акіліна пайшла дамоў, скора, бадзёрысьцей, не азіраючыся. Хутка падышла к варотцам і вышла з парку. Фасад муру спыніў яе пагляд і раптам дапомніў ёй аб кватэры Цыбуліна, аб ім самым, аб нядаўнім жаданьні ўгледзіць яго праз вакно ці сьпячым, ці толькі што ўстаўшым, яшчэ неадзетым. Зараз гэтыя жаданьні былі глушэйшымі, і яна нават не паглядзела ў вокны, а пайшла к ганку. Падышла і ўжо намерылася ўсходзіць на ганак, як раптам, падняўшым вочы, угледзіла Цыбуліна, які прымхаю выскачыў з дзьвярэй і падбег да яе:
— Ах, Акіліна Іванаўна, адкуль вы так рана? — ветліва запытаў ён.
Акіліна была захоплена стрэчаю з Цыбуліным: яна ня ведала, што адказаць на яго запытаньне, якога тону трымацца, да чаго дастасоўваць гутарку. Усе думкі і жаданьні, якія да гэтага моманту вярцеліся вакол імя Цыбуліна, дзесьці зьніклі, расталі і на іх месцы асталася пустата. Так раптоўна тухне зара, нядаўна зыркая, прамяністая.
— Я падсоблю вам узысьці, — спрытна хапіўшы Акіліну за рукі, праказаў Цыбулін.
Акіліна адняла ад яго руку і прамовіла:
— Я ўтамілася, гуляючы ў садзе. Прачнулася поцемкамі, як Ладымер ад’яжджаў і больш не магла заснуць. А цяпер так хочацца спаць…
— А таварыш Ложка ўжо паехаў?
— Ужо даўно, гадзін чатыры таму.
— Дык вы адна сёньнека, удавою?
— Адна, — адказала Акіліна і пачула лёгкі прыступ знаёмых пазываў.
— Вы так верны мужу, што хочаце праспаць яго адсутнасьць, каб і чужое вока не зазірнула на вас… А я зьбіраўся запрасіць вас у парк…
— З усёю радасьцю, але не цяпер… Валюся з ног…
— Я паказаў-бы вам пекныя месцы, гістарычныя, аб якіх яшчэ легенды жывуць…
— Хіба адвячоркам… — само выпала з вуснаў Акіліны.
У першы момант гэты выказ адазваўся прыкрасьцю ў яе нутры, але ў чародную хвіліну яна адумалася і забыла раскаяньне.
Цыбулін прайшоў з ёю па ўсходах на верхні паверх, пажадаў «усяго харошага» і вярнуўся назад.
Акіліна прышла ў кватэру і зразу-ж села на крэсла. Маці ўходжвалася ля чыгункі, гатовячы гарбату. Паўлусік стаяў ля вакна й перакрыкваўся з дзеткамі на дзядзінцы.
— Будзем гарбату піць? — запытала маці ў Акіліны.
— Пеце адны, ня хочацца. Сон бярэ.
— Выпі, дачушка, і тады засьнеш.
— Не хачу. Вы пеце, а я лягу крыху засну… А восьмай гадзіне мяне разбудзіце.
— Добра, дачушка: мы выйдзем з Паўлусікам на двор, а пасьля я цябе абуджу…
Старая сагрэла гарбату, загасіла чыгунку і прынялася паіць унука і піць сама.
Акіліна ў гэты час скінула падушку, адхіліла капу і прылягла, не разьдзяваючыся. Зразу, не аглядзеўшыся, яна задрамала і ўжо ня чула, як маці з сынком пайшлі гуляць.
IX
Акіліна праспала каля пяцёх гадзін і прачнулася а палове шостай. Яна паднялася з ложка, пазяхнула засаб разоў некалькі, прайшлася па пакоі. Ніякіх выразных думак ні настрою яна не адчувала пасьля спаньня. Лёгкі асадак нейкага заблутанага няяснага сну мігаў у галаве адрыўнымі, выпадковымі думкамі, але цэльнасьці не даваў. Не чапала Акіліна думкамі і Цыбуліна: прагулка па парку, спатканьне з ім на ганку асталіся дзесьці з боку, за нейкаю цьмянаю плевачкаю.
Каб хто папытаў яе ў гэты час, аб чым і што яна думае, Акіліна нічога не сказала-б, бо й сама ясна не выяўляла гэтага.
Яна бачыла пустую каморку кватэры, па якой хадзіла адна аднэй, няведама з якой мэтай і за чым. Для яе ня было блізкага нікога; нават Паўлусіка яна ня ўспомніла, дзе ён і што з ім. Забыла Акіліна і дапамінаньне свае мацеры, каб тая яе абудзіла а восьмай гадзіне. Раўнадушны азірк вачэй насіўся па сьценах каморкі, пападаў у прачынетыя вокны. Адзін раз Акіліна зірнула ў вакно і ёй паказалася, нібы пры сонцы падае дождж. Гэта яе зацікавіла: яна міжвольна падыйшла к вакну і спынілася. Задумалася, ці ня выйсьці на двор пасядзець крыху на чыстым паветры. «А пасьля?» — чапіла яе пытаньне. І, не знайшоўшы што адказаць, яна згубіла жаданьне выходзіць. Штосьці надало ёй ізноў тупаць па каморцы ўперад ды ўзад. Акіліна адыйшла ад вакна і намерылася крануцца йсьці наўскасяк, у куток каморкі, але толькі падняла нагу, каб зрабіць крок, як раптам пачуўся стук у дзьверы. Яна не знайшлася гукнуць дазволу вайсьці, а падбегла да дзьвярэй і адчыніла іх нарасхлест. Перад ёю стаяў Цыбулін, перапрашаючы за неспакойства:
— Выбачайце, Акіліна Іванаўна, што я парушыў ваш пакой, — ветліва, схінуўшы голаў, перапрасіў ён.
Акіліна сумелася ад неспадзяванасьці яго ўбачыць у гэты час і на гэтым месцы і ў зьдзіўленьні прамаўчала.
Цыбулін прыняў яе маўчаньне за дазвол ўвайсьці ў кватэру і рашуча пераступіў парог, прычыніўшы за сабою дзьверы.
— Вы адны дома? — ён агледзеў вакола пакой і спыніўся поглядам на адчыненым вакне.
Маўчаньне Акіліны не дазваляла яму казаць што-кольвек больш, і Цыбулін маўчаў, чуючы сябе ніякавата.
Акіліна зразумела гэта і, упікнуўшы сябе за негасьціннасьць, ласкава запрапанавала Цыбуліну:
— Сядайце, калі ласка.
Цыбулін прысеў каля стала, палажыў рукі і зрабіў здавольным твар.
— Нудзіце бяз мужа?
— Ня зусім, — прызналася Акіліна.
— Вы праўду кажаце?
— Хочаце верце, хочаце не…
Яна перш прысела з боку яго, пасьля ўстала й падышла к вакну, затым вярнулася к ложку й паправіла пасьцель, памятую спаньнем, нарэшце вярнулася к сталу і стала пры ім, апершы рукою шчаку. Цыбулін павярнуўся к ёй і хапіў за руку вышэй локця.
Гэтага было даволі, каб Акіліна раптам успалілася прагным жаданьнем, пачырванела ўся, задрыжэла і бязвольна, маўчліва апусьціла голаў яму на плечы. Нібы здарыўся з ёю якісь нечаканы выпадак, душэўныя сударгі ці сумленьне.
— Што з вамі, Акіліна Іванаўна? Што з вамі, галубка?.. — пытаў Цыбулін, сумеўшыся.
Акіліна маўчала, усё больш і больш бязволячыся і апускаючыся на Цыбуліна ўсёю сваёю істотаю, цяжкаю, вогнена-палкаю… Яе губы бязмоцна шавяліліся, штосьці лавілі, рухалі ў нэрвовых сударгах, выпускалі нязьвязныя словы, шэпты…
Цыбулін зразумеў… Як злодзей, вострым зіркам кінуў на адчыненае вакно, пасьля на дзьверы, прыўстаў крыху з крэсла і ёмкім прыёмам тыгра, які хапае сваю здабычу, хапіў Акіліну на рукі і панёс к ложку.
Толькі шэсьць цьвёрдых, частых ступаў прагучэлі ў пустой каморцы, аддаўшыся ў яе чатырох сьценах гулкім рэхам, якое, у свой чарод, зьлілося з апошнім трэскам ложка…
Акіліна ня помніла, што з ёю робіцца — яна згубіла памяць тады, калі яе крануў за руку Цыбулін… Звычайна так бывае ўсягды: памяць працуе ў моманты, калі ў чалавека толькі-што вынікае тое ці іншае жаданьне, і гіне рассудак тады, калі вынікшае жаданьне захапляе сваю афяру цалкам. Акіліна на нейкі час як-бы перамагла свае пазывы, доўга валадаўшыя ёю, як-бы паднялася над імі, але ў рашучыя хвіліны ў яе не хапіла сілы, і яна падалася, абвязволілася. Стала цёсачкай, якая плавае па бурных хвалях, якой залежыць ад чужой волі быць папхнутай на дно, ці выхапленай… Апошняга ня здарылася: Цыбулін падапхнуў, а ня спыніў размах хваль…
Толькі праз хвілін дваццаць, а то й болей, Акіліна агледзелася, як і што з ёю зрабілася. Яна расплюшчыла вочы і паглядзела на вакно. На дварэ было яшчэ відна, але на лісьцях дрэў адбівалася праменьне ўжо пачырванеўшага сонца, апушчанага к заходу. Лісьце не трапяталася, знача на дварэ стаяла сьціш. Лісьце інстынктыўна пацягнула ўстаць, і яна павярнула на каморку, але стрэлася поглядам з Цыбуліным, які ў растрывожаным, нясьмела- сарамяжым выглядзе твару стаяў у галаве ля падушак і чакаў, пакуль яна прароніць слова, з якога-б ён мог заключыць, ці яму йсьці ці аставацца. Ён прагна чакаў хоць якога зыку ад яе і нязьмігутна глядзеў ёй у твар. Акіліна нутром улавіла яго настрой і спагадліва-нядбайна, нават з агідаю, спакойным галасам праказала:
— Ідзеце, Цыбулін, мне хочацца астацца аднэй. Ідзеце, прашу я…
Цыбулін ёмка схінуўся, хочачы яе пацалаваць, але Акіліна знакам рукі заставіла яго выпрастацца: як ігрок, які жыве натужным жыцьцём, перад новым сэнсам ігры адчувае салодкую трывогу мажлівага посьпеху, а кончыўшы ігру і застаўшыся з невялікім пройгрышам адчувае цяжкае разувер’е, — як гэткі ігрок, пачуў сябе Цыбулін пасьля слоў Акіліны. Яму не аставалася нічога зрабіць, як павярнуцца і пайсьці з хаты. Так ён і зрабіў; але, каб ня даць выгляду пакрыўджанага, ён з ужытай яму ёмкасьцю і вяртлявасьцю даў даўбачэньне, завярнуўся і пайшоў к дзьверам. І калі схаваўся з кватэры, Акіліна хутка паднялася з ложка, падбегла да дзьвярэй, прыслухалася, праверыла, ці добра зачынены, і вярнулася к люстэрку. Аднак, беглы озірк на яго адбіў ахвоту пільней углядацца, і Акіліна падыйшла к вакну і паглядзела на дзядзінец. Перад яе вачыма прайшла маладая пара, рабочы з жонкаю і маленькім дзіцянём. Гэта раптам узбудзіла ў Акіліны думкі аб Паўлусіку. Яна схамянулася і настаражылася. Прыпомніла, што маці абяцала яе абудзіць. Зацікавілася з стрывожнасьцю як з ёю было? Ці ня прыходзіла маці? Ці не застала ў кватэры Цыбуліна? Што, калі яна падглядзела што-кольвек? З патайных куткоў яе душы стаў прасочвацца нейкі атручаны сполах, перамешаны з гостраю балючаю прыкрасьцю. Вынікала пытаньне аб чэснасьці к мужу, а гэта пацягнула за сабою разуменьне праступку… Сьледам думка, непакорная ёй, самастойная, вярнула на памяць Ладымера… Зарухаў цэлы рой няпрыемных вобразаў. Самі сабою пачалі ўставаць нарысы прадстаячай стрэчы з мужам; вось гэта ўжо блізка, толькі мінецца ноч. Як яна паглядзіць яму ў вочы? Прыдзецца таіць; а — раптам — Ладымер даведаецца — што тады? Акіліна пры гэтай думцы скаланулася ўсёю істотаю, крэпка сьціснула зубы і хапілася аберуч за косы. Нядаўна перажытае глянула ёй ў вочы адваротным, агідным чудзішчам, праціўным і спрашным… Яна ня ведала, што зрабіць, каб хутчэй адагнаць яго як далей ад сябе, прызабыць… Апраўдаць сябе не памыкалася, бо ня было за вошта хапіцца, толькі-б прызабыць, адыйсьці…
Акіліна ня прымеціла, як ўвайшла ў хату маці, не пачула, як Паўлусік, пераступіўшы парог, пазваў яе, працягваючы ў руках букет красак. Нават не азірнулася на іх. Патрабавалася, каб маці падышла к ёй, зазірнула ў вочы і запытала:
— Ты толькі-што ўстала? Выбачай, я зусім забыла цябе разбудзіць у час… Бач, ня тое, што забыла, а не магла… Паўлусік зацягнуў мяне ў паплавы к самаму лесу, і ніяк я не магла яго залучыць дадому. Бегае, рэзьвіцца, ганяецца за матылькамі і маладымі варонкамі, рве краскі і як быццам-бы ня чуе, што ты яго завеш… Паглядзі, вунь, колькі ён табе прынёс красак… Знарок нёс…
Падбег хлапчук і замілаваным паглядам кінуў Акіліне ў твар. Нельга было ўтрымацца перад выкрытай ласкай, якая абыймала Паўлусіка, і найчарсьцьвейшай душы чалавечай. Тым болей — мацеры. Акіліна як стаяла хмурнаю, задуманаю, так раптам абярнулася ў адкрытую радасьць, у нязьведанае натхненьне. Зразу пачула, як зацюкала сэрца, абліваючыся гарачаю любасьцю, як глыбока западала гэта любасьць у яе душу… Акіліне прагна хацелася змыць гэтаю любасьцю да свайго дзіцяці нядаўны выпадак з сабою, згладзіць тую шурпатасьць, якая засталася ў яе нутры пасьля выхаду Цыбуліна. Яна схапіла Паўлусіка на рукі, моцна абняла яго, прыціснула да сябе і запойна расцалавала… Каб у гэты момант — мігнулася ёй думка — быў Ладымер, яна хінулася-б яму на шыю і цалавала-б доўга-доўга, пакуль-бы той не дараваў ёй яе праступку. «Я так і зраблю, толькі ён прыедзе, толькі пераступіць парог у пакой, толькі ўбачу яго твар». Акіліне ў гэтай хвілі прыходзілася дваіцца ў шчырасьці, якая абурала яе нашчэнт, вылівалася напаверх, як ніколі, і прасілася для перадачы часткаю сынку, а часткаю мужу. Дрэнчыла балюча, каб хутчэй яго ўбачыць і аглушыць сваёю ласкаю.
— На, толькі панюхай, мама, як добра пахнуць краскі, — падаў мацеры пучок красак Паўлусік.
Акіліна зноў падняла сынка, зноў пацалавала яго і панюхала краскі. Тонкі, далікатны пах канюшыны і валошкі, цюцюпану й куколю стромым жаралком уліўся ёй у лёгкія.
— Мой сынок, ты, мабыць, шчыра любіш сваю маму? — разжалабена запытала яна Паўлусіка.
— Я вас вельмі люблю, мамачка.
Старая, нязьменна сочачы за дачкою і ўнукам, за тым, як яны галубяцца, цешылася з абоіх, умілялася шырокаю ўхмылкаю на твары. Яна ўжо даўно не прымячала гэтага з Акілінаю і думала сабе, з якое прычыны ў яе гэткая перамена.
— Ты мо’ хацела куды пайсьці ды праспала? — запытала маці, каб не сядзець моўчкі.
— Не хацела… пайду другім разам, — адказала Акіліна, і раптам пахмурнела, задумалася. Паўлусік хапіў яе за руку, а яна змаўчала. Акіліну запрыкрыла адно напамненьне аб ранейшым. Хай-бы ніхто ня кратаўся сёньнешняга дня ў яе жыцьці. Ён так глыбока страсянуў яе істоту, так балюча раніў сэрца і так многа вытачыў крыві, што яна гатова-б праклясьці яго, гатова-б выкасаваць з свайго жыцьця… Чым ён кончыцца для яе?
Паўлусік узяў мацеру за руку і падвёў к вакну, пасьля пабег і прысунуў зэдлік, устаў на яго і, аднэй рукою трымаючыся за мацеру, другою абапёрся на падаконьнік, схіліўся ў вакно.
— Можа тата едзе?
Старая падыйшла таксама і прытрымала Паўлусіка за фалду кашулькі.
— Тата заўтра вернецца; сёньня ўжо вечар, паглядзі, сонейка зайшло, і ў лесе ваўкі ходзяць…
— А мне гасьцінца прывязе?
— Прывязе, пэўна прывязе.
— А чаму ён сёньня ня едзе? А мо’ яшчэ і прыедзе?
«Можа дзе й едзе» падумалася Акіліне, і яна міжвольна выцягнулася ў вакно і паглядзела ў бок выезду з Скупляў. Чорны змрок, згушчаны ў каронах дзярэў, спадаў шэрай палатнінай к зямлі. Сіняе неба цьмілася змрокам, мяняючы празрысты промень на смуглы одсьвет тухнучага заходу. Над лесам, яшчэ няярка, мігацела вячорка. Яе вітаў жабін хор, рэзвыя дзіцячыя крыкі на дзядзінцы.
— Не паедзе, дзеткі, сягоньня; будзем лажыцца спаць, сыночак.
— Я пачакаю яшчэ…
— Трэба спаць, набегаўся за дзень… Лажэмся…
X
Паўдзённае сонца пякло, як і ў папярэднія дні. Стаяла духата — усе лужыны і канавы павысыхалі і ліпкі глей пакалоўся глыбокімі маршчынамі. Нават ветрыку не знаходзілася, каб паварушыць санлівымі расьлінкамі. Куды там гнаць коні ў такую пагоду! Фурман Посік, аднак, нясьціхана матаў пугаю, раз-по-разу хвастаў то правага, то левага і нокаў-нокаў… Але гэта было на паказ, няшчыра, абы не сядзець маўчліва і непарухна.
Ладымер яшчэ ў лесе зьлез з возу і, ідучы з ім, вёў гутарку з Даміцэляй Гумбінскай, маладою, пахудзелаю, з чэрствым, памятым тварам ні-то дзяўчынаю, ні-то маладзіцаю. Яна была адзета ў моднае плацьце, пераробленае з старога, з кароткімі рукавамі, буланае фарбы. Прычоска, таксама модная, біла на зухаватасьць і прыдавала Даміцэлі выгляд дасканалай артысткі. Тоўсты слой пудры на твары і чорныя пісагі пад сінімі вачыма, заўпалымі, непразрыстымі, кармон, як кроў, на губах, худых і тонкіх, пад стройным носам, які-б вельмі пасаваў ёй, каб крыху паўнейшымі былі яе шчокі, заўпалыя, роўныя, як дошка, грудзі, з сінімі жыламі, з гострымі вытыркамі ключыц — сьведчылі аб нярадасным жыцьці жанчыны. Можна было пашкадаваць яе і пашкадаваць шчыра. Але бедны выгляд жанчыны ўсё-ж ня суміў яе, а быццам-бы быў зусім нязначным фактарам у яе жыцьці: яна была жывуча, рэзва, з настроем вяла гутарку з Ладымерам. Парог і агароднік, якія ехалі разам, не маглі зьдзівіцца, адкуль у іх бяруцца словы і адкуль старчае цікавасьці. Між сабою яны падсьмейваліся і раскрывалі вочы.
Выехаўшы на грудок, з якога віднеюцца Скуплі ў чатырох вярстох, Ладымер настаражыўся, кінуў гутарку аб сваёй працы ў Ленінградзе і ўрачыста праказаў да Даміцэлі:
— Паглядзеце, чым-жа гэта не краса?
Даміцэля ажно прыўстала на возе і паглядзела на Скуплі.
— Праўда, прыгожая мясьціна. Я так даўно ўжо была ў маёнтку. Толькі перад вайною. Некалі езьдзіла з Масквы да знаёмых у маёнтак. Як весела праводзіла час! На поплаве зьбярэмся і строім спэктакль, сярод красак, у вянкох, у траве. Цікава ўспомніць, — пахвалілася Даміцэля.
— Вось цяпер затое пагуляеце. Толькі выяўце жаданьне астацца ў нас за кіраўніка тэатру і будзеце гуляць па поплаве ўволю.
— Што-ж, я буду ў вас лішнім ротам… Праўду кажучы, я ад вас нічога, апроч яды, не патрабую. Я бескарыстна памагу вашай працы. Я дзеля служэньня тэатру, даступнаму для народу, многім афяравала. Кінула некалі багатых бацькоў, кінула імянітага жаніха, усё, што абяцала мне замуства — пайшла ў тэатр, каб служыць народу…
Яе словы прыемна казлыталі Ладымера. Ён ня думаў, слухаючы Даміцэлю, ні аб чым, нават аб сям’і, а выключна быў заняты плянаваньнем тэатральнай чыннасьці для сябе і для Даміцэлі. Яго цешыла і лісьціла тое, што яму ўдалося зусім выпадкова натрапіць на Даміцэлю, угаварыць яе ехаць. Як многа можна зрабіць з ёю! Ладымер пераканаў у гэтым Парога, калі ўгаварваў чым-колечы пасабіць ёй. Запрашэньне пячніка і выпаўненьне праў, зьвязаных з рэмонтам паравіка, адыйшлі на задні плян, зацямніліся — то было дробным для Ладымера.
— Вось гэты дом — гэта палацы паноў-магнатаў Крэўскіх, — паясьняў Даміцэлі Ладымер. — У другім паверху мая кватэра, а ў ніжнім — заля для тэатру. А пабачыце, які з балькону дзіўны выгляд у парк! Мы прыедзем, паабедаем, і я вам пакажу ўсе месцы. Пабачыце…
Яны спусьціліся з грудка. Парк засланіў сабою будынкі саўхозу. Ладымер падсеў на воз і вярнуўся да ранейшага апавяданьня аб сваім жыцьці на заводзе, аб прычынах захапленьня тэатрам. Даміцэля ўважліва яго слухала, закідала пытаньнямі, цікавалася многімі падрабязгамі.
У захапленьні гутаркаю, абое не прымячалі нічога, што было абапал дарогі, скора, ці не, даедуць. Толькі больш громкія выкрыкі фурмана адцягвалі іх увагу і то на момант. Нават топалі, асаджаныя абапал паўздарожку пры самым саўхозу, не зьвярнулі на сябе іх увагі.
— Вось і дома, якраз чатыры гадзіны, — знарок гульчэй праказаў Парог, калі коні зьвярнулі ў маёнтак.
Гэта перарвала гутарку Ладымера з Даміцэляй, і яны прымоўклі. У маўчаньні прыехалі на дзядзінец. Калі фурман прыпыніў каля ганку коні, а з усіх бакоў сталі зьбягацца дзеці, Ладымер першым зьлез з возу і прыглядзеўся на дзяцей, шукаючы свайго Паўлусіка. Яго ня было.
— Давайце, я вазьму ваш клунак і пойдзем да мяне, — запрапанаваў ён Даміцэлі.
Тая маўчліва згадзілася. Ладымер пасабіў ёй зьлезьці, дастаў невялікі стары і падраны сакваяж і ўзышоў на ганак.
— Прыходзьце, таварыш Парог, у тэатр.
— Ня ведаю, спачыць хочацца з дарогі; хіба заўтра ўжо.
— А я вось з Даміцэляй Вікэнтаўнай пайду аглядаць.
Не атрымаўшы адказу, ён пайшоў у дзьверы, прапускаючы ўперад Даміцэлю, а сам нясучы яе клунак і свае пакункі.
На сходах, толькі яны намерыліся паднімацца, іх стрэў Паўлусік. Радасны таму, што напаткаў бацьку, хлопчык уголас пракрычаў, не зважаючы на Даміцэлю:
— Мы з вакна цябе ўгледзелі. Мама сядзіць у пакоі і цябе чакае. Прывёз мне гасьцінца?
— Бяжы, сынок, уперад, дома дам, бяжы.
Але на ўсходах Паўлусік не адыходзіў ад Ладымера, а толькі йшоў першым, як-бы правадыром. На калідоры-ж ён пабег к дзьверам кватэры, пастукаў, пасьля адчыніў іх, і, ускочыўшы ў пакой, пракрычаў:
— Мама, вось і тата. Ды з нейкаю цёцяю нават. Прыгатуй яму гарбаты.
Гэта пачуў Ладымер яшчэ за парогам. А калі пераступіў у кватэру, то ўгледзеў, як Акіліна паднялася з крэсла, зрабіла некалькі крокаў к сталу і разам адвярнулася.
— Акіліна, добры вечар! — прывітаўся Ладымер. — Як маешся?
Акіліна павярнулася да яго, потым акінула падазроным поглядам Даміцэлю і праказала не сваім, а падказным тут- жа агідным голасам:
— А гэта хто? — паказала пальцам на Даміцэлю.
— Пазнайцеся — Даміцэля Гумбінская, драматычная артыстка. Прыехала к нам на гастролі. Пазнайся.
Каб пераняць мажлівую выйсьці прыкрасьць, на што былі даныя, Даміцэля першаю падыйшла да Акіліны і працягнула ёй руку. Акіліна несхаця прывіталася і адышлася к вакну.
— Сядайце, Даміцэля Вікэнтаўна, — запрапанаваў Ладымер: — А ты, Акіліна, дай нам паабедаць.
— Я не варыла.
— Дык звары.
— А ты дасі з чаго?
— Чаму гэта?.. Што тут за штукі такія! — пагарачыўся Ладымер і зразу прыціх, успомніўшы пра Даміцэлю. — Пашукай чаго; а не — на грошы ды пастарайся купіць.
Нічога не адказаўшы, Акіліна выйшла з кватэры. З-за дзьвярэй пазвала Паўлусіка і вялела яму паклікаць бабулю. Хлопчык хутка пабег па калідоры.
— Скажы, хай баба йдзе дасьць есьці бацьку, — пусьціла за ім удагонку.
Сама-ж выйшла на дзядзінец, пастаяла крыху каля ганку і крута павярнула к парку.
Увайшоўшы ў парк, Акіліна, разам з подыхам асьвяжаючага паветра, пачула ў сваім нутры цяжкае, балючае самапачуцьцё: як быццам-бы хтосьці сьціснуў яе сэрца і прыпыніў на самым развою ажыцьцяўленьне салодкіх выпакутаваных у апошнія хвілі надзей, быццам раптам пагасьлі ўсе агоньчыкі толькі-што народжаных жаданьняў, разьлічаных плянаў, і яна асталася аднэю-адна, чужою для сваіх і для чужых. Ногі пераступалі міжвольна, бо ў яе ня было ніякіх намераў, ні рашчогаў, куды йсьці і што рабіць. Вакол вісела цёмная заслона, канцы якое сыходзіліся ў кватэры, у істоце прывезенай Ладымерам дзяўчыны, а ў сэрцы, сьціснутым, хвалявала бурлівая, ядавітая злосьць. Штохвілю Акіліне рабілася цяжэй на душы і штохвілю злосьць мацней стукала ў мозаг.
У гэткім становішчы, бяспытальна, яна прайшла ўвесь працяг дарожкі, вярнулася назад і заламала направа. Прайшла яшчэ ганоў са двое і пасьля прысела пры кусьце агрэсту. Доўга прасядзела, кіпучы і згараючы ў нарастаючай злосьці. Падкінуліся сударгі, нэрвовасьць. Акіліна вярцелася і так і сяк, зрывала лісьце з агрэсту, не зважаючы, на калюшкі, шчыпала траву, закідала голаў кверху, топячы пагляд у гушчы лісьцяў. Не зважала на пяяньне птушак, ня дбала пра шэршні, якія гулі вакол яе. Нешта пазывала яе знайсьці выразнае рашэньне, разарваць кола заварожнасьці, пераступіць вынікшы рубікон. Але, як і што? Якімі сродкамі, якім чынам? Акіліне рабілася душна ад ахапіўшага яе абурэньня, падыходзіла к горлу моташнасьць… Нарэшце, мо’ праз гадзіны паўтары цяжкіх душэўных пакут, раптам, як-бы хто пусьціў ёй электрычную іскру з дзесяткаў вольт па сіле, Акіліна ўсхапілася на ногі, саступіла на дарожку і сьпешным крокам, уверана, затаіўшы нейкую страшную думку, пабегла напрамкам к муру, паміж сажалкі.
XI
Астаўшыся ў кватэры ўдваіх, Ладымер пільна прыглядаўся Даміцэлі ў твар, баючыся, каб хаця не адбілася яго дамашняе жыцьцё на яе настроі. Дэмонстрацыя Акіліны, якую падмеціла Даміцэля, кранула яе за сэрца. Можна было думаць, што яе чулая душа адзыўчыва на ўсе вібрацыі людзкога жыцьця. Ладымер глядзеў на артыстку, як на ценькае далікатнае стварэньне, як на шкляную лялечку, якую трэба насіць з асьцярогаю. Гэтым зьясьняецца тая павага і ўшанаваньне, з якімі ён справодзіў яе праз усю дарогу. Ладымеру вельмі хацелася даць мажлівасьць Даміцэлі прыстаканіцца ў яго сям’і, даць ёй месца адпачыць і адначасова выкарыстаць для культурнае працы. Яму ня прыходзіла на думку, што Акіліна можа дапусьціць тую ці іншую западозранасьць у яго чэснасьці да яе. За сем гадоў сумеснага жыцьця ён вачавідка даказаў жонцы сваю вернасьць і нават павагу. Ці можна, сапраўды, у кожнае спатканьне мужчыны з кабетаю ўкладываць родавыя мотывы? Ці на гэтым пабудаваны адносіны між двума поламі людзкога роду? Ладымер у захапленьні ідэяй тэатру на вёсцы, яго дабрачыннай місіяй, забыўся аб усім іншым, фактычна адапхнуў усё ад сябе. Па яго думцы і няма нічога ў жыцьці, што-б раўнялася пасьвячэньню сваёй істоты ідэі агульнага дабра. Каб хто яму сказаў па дарозе дадому, што Акіліна зусім ня здатна падзяляць яго натхненьне, з прычыны запрашэньня Даміцэлі на гастролі ў Скуплі, Ладымер ня даўся-б гаварыць.
З гэткаю думкаю Ладымер прыехаў дамоў, з ёю-ж увайшоў у кватэру. Знаёмячы Акіліну з Даміцэляй, ён думаў, што зробіць гэтым прыемнасьць жонцы, і тая з патрэбнай увагай паглядзіць на артыстку і раптам — на табе — адкрытая варожасьць. Ладымер ня мог заставацца спакойным, бачачы нялюдзкае абхаджэньне Акіліны. А калі яна пайшла з пакою, Ладымер раз-по-разу азіраўся на дзьверы, прыслухоўваўся да кожнага стуку ў калідоры і нездаволена адварочваўся. У нутры яго закіпела злосьць на Акіліну, і ён ня мог спакойна гутарыць з Даміцэляй. А тая, з свайго боку, адчувала няроўнавагу Ладымеравага настрою і закідала думкамі наперад, як быць, ці астацца, а калі не, то куды ехаць.
— Ваша жонка, відаць, пакрыўджана тым, што я прыехала з вамі?
— Нічога, зьмірыцца, — нераўнадушна адказаў Ладымер, прыўстаў і паглядзеў у вакно. — З вашым братам усялякае бывае. Адны гэткія, а другія іншыя, — ён пусьціў па твары знарочыстую ўхмылку.
— Я думаю, таварыш Ложка, што мне мо’ лепш будзе, калі я выеду ад вас.
— Ніякім чынам; нельга папускацца розным капрызам. Мала што яна захоча? Ёй не падабаецца, што займаюся тэатрам, пасьля нойдзецца іншае што…
За дзьвярыма пачуўся тонкі галасок Паўлусіка. Абое, Ладымер і Даміцэля, настаражыліся і абярнуліся паглядамі да дзьвярэй. Ладымер сабраўся папікнуць Акіліну і ў думках падбіраў адпаведны сказ. Паўлусік адчыніў дзьверы і першы ўбег у хату. А сьледам увайшла цешча. Ладымер спаў з сэрца і пакойным тонам запытаў у Паўлусіка:
— А дзе-ж мама?
— Ня ведаю, пайшла на дзядзінец.
— Вы, маці, яе ня бачылі?
— А ці-ж яна ня дома? — запытала цешча.
— Пайшла недзе.
— То хіба ня будзем яе чакаць, а сядайце ды абедайце, — праказала цешча, прыглядаючыся на Даміцэлю, — Акіліна надыйдзе.
— А ласьне ёсьць што-кольвек абедаць?
— Варылі сеё-тое.
Ладымер скрывіў злосную міну і цьвёрдым голасам адказаў:
— А яна-ж казала, што няма чаго… Давайце, што ёсьць… Сядайце, Даміцэля Вікэнтаўна. Сядай, Паўлусік.
Хутка старая падала на стол капусту і ўсе ўчацьвярох прыняліся абедаць. За абедам ніхто нічога ня гутарыў, і Ладымер, як і да гэтага, пазіраў на дзьверы і чакаў з няцерпам Акіліну.
Цешча таксама непакоілася за дачку, некалькі разоў устаючы з-за стала і падыходзячы да вакна.
— Дзе яна дзелася? — ня стрымаўся Ладымер, вылазячы з-за стала.
— Я хіба пайду пашукаю яе? — запытала цешча і, не чакаючы адказу, выйшла з хаты. Паўлусік пабег за бабаю.
Ладымер няпрыветным зіркам правёў іх да дзьвярэй і пасьля абярнуўся да Даміцэлі:
— Давайце, Даміцэля Вікэнтаўна, я павяду вас паказаць нашу сцэну?
— Давайце, — згадзілася Даміцэля.
Яны тут-жа выйшлі з кватэры. Ладымер з хвілінку пастаяў за дзьвярыма, ня ведаючы, як быць, ці пакідаць незапёртай кватэру, ці мо’ пачакаць, пакуль хто вернецца. Рашыў пакінуць.
Паціху, моўчкі прайшлі яны калідор і спусьціліся па сходах на ганак.
— Давайце пройдзем у парк, да сажалкі: там паглядзімо красак і культурную агародніну, а пасьля пойдзем у памяшканьне для тэатру. Паглядзіцё, якая прыгожасьць прыроды! — запрапанаваў Ладымер, і яны павярнулі ў парк тэй-жа дарогаю, якою йшла Акіліна.
Але ўвайшоўшы, яны не пайшлі ў глыб парку, а павярнулі налева да сажалкі. Ідучы, Ладымер падрабязна расказваў Даміцэлі сучаснае становішча саўхозу і яго мінуласьць. Даміцэля ня так слухала яго, як давала выгляд, што слухае; сама-ж з зацікаўленьнем пазірала па бакох, прыглядаючыся да кожнага дрэва, да ўсялякага кусьціка. Пралятала птушка — яна кідала ёй усьлед свой погляд, вярцеўся матылёк — Даміцэля прыпынялася і, як дзіця, памыкалася кінуцца і злавіць. Яе ачулая душа, сасмагшая па чыстым паветры, па зелені, па пяяньню птушак, апівалася вакольнымі вобразамі і цешылася. Даміцэлі не хацелася й шавяльнуць мозгам, не хацелася на момант адцягнуцца ўбок. Роўная, ціхая гутарка-гудзеньне Ладымера толькі была дапаўненьнем агульнай музыкі, якую вялі мошкі, птушкі і ціхі шэлест лісьцяў. Працягнуўшы руку, Даміцэля гладзіла кусты, мацала камлі клёнаў і ліп, лавіла тоненькія павуцінкі. Ужо забылася аб тым, што прыдзецца аглядаць вядомыя мясьціны — дзеля чаго, калі ўвесь парк — адна суцэльная прыгожая мясьціна. Яна-б, чулася так Даміцэлі, ішла-б бесканечна сваім роўным ціхім крокам і не стамілася-б. Усё-б любавалася, усё-б мілавала жывучую прыроду.
Каля старой, пахіленай, абросшай мохам альтанкі Ладымер павярнуў налева. Даміцэля не заўважыла гэтага. Толькі калі яны прайшлі з паўганоў і між густых кустоў крушыны і какалушы яна спынілася вачыма на лапінах цёмнае вады, тады запытала Ладымера.
— Ці ня сажалка вунь?
— Вось, налева ад яе клумбы красак. Забачыце, як мастацка іх рассадзіў Парог. Сам агроном і з замілаваньнем любіць сваю справу. Дарагі чалавёк. Каб такіх пабольш. Вось ужо дык са шчырасьцю працуе для савецкае ўлады — няма чаго казаць. Ведаеце, мяне затым і зманілі сюды. Думаю, што нам удасца цалкам аднавіць гэты саўхоз. Я вазьмуся каля паравіка, адстрою млын, лесапілку і крухмальню… А вы… Убачыце, як усё заверціцца, заходзіць. А паставіўшы на мазь — перадаць сьвядомым працаўніком, якія-б глядзелі на гаспадарства, як на сваё ўласнае… Вось, Даміцэля Вікэнтаўна, у чым заключаецца адно з адпаведнейшых заданьняў — зрабіць культурнымі нізы. Улажыць у душу цёмнага селяніна выразнае адзнаньне дзяржаўнасьці, доўгу перад вобчаствам, перад усім чалавецтвам. Нельга зараз глядзець на казну, як на нешта чужое, на вошта часамі (а то і часта) можна махнуць рукою. Нельга ламаць і па кусочках расьцягаць, як то многія робяць яшчэ і да гэтага часу… Памойму, Даміцэля Вікэнтаўна, правядзеньне асьветы — то першае заданьне ня толькі правіцельства, а і нас, больш-менш сьвядомых людзей. Вось чаму нам асабліва трэба налегчы на тэатр. Трэба паказаць рэволюцыйную драму, асьвятліць вялікія ідэі; а поруч — наставіцельныя пастаноўкі… Усё відаць, ня трэба натужваць памяці. Селянін ня прывык думаць над прачытаным, ды і чытаць у большасьці ня ўмее. Перш паказаць яму трэба вобразамі, ачула, як на далоні.
— Стойце, Ладымер Сымонавіч! — раптам жахліва закрычала Даміцэля, тузнуўшы Ладымера за рукаў: — Вунь жонка ваша йдзе сюды…
Ладымер разам спыніўся і паглядзеў між бераг сажалкі, да якой яны падыйшлі. Зусім недалёчка ад іх, подбегам, з кіём у руках, ішла Акіліна.
— Дзе ты была дагэтуль? — паслаў Ладымер насустрэч, сумеўшыся, аднак, гэткай стрэчы. Адказу не атрымаў.
Даміцэля на некалькі крокаў адступілася ўбок і нязьмігутна глядзела на Акіліну. У яе нутры зашчымела, зарухалі палахлівыя думкі. Як зьвер, захоплены зьнянацку ахвотнікамі, яна ня ведала, куды падацца, як кіўнуць галавою, як шавяльнуць губамі. Не глядзела на Ладымера, бо не чакала ад яго жаднай дапамогі.
Ладымеру перадаўся яе настрой, і ён таксама чакаў нечага надзвычайнага і нясупынна паводзіў вачыма то ўправа, то ўлева. Калі Акіліна падыйшла зусім блізка, на адгон якіх пяцёх крокаў ад іх, ён крануўся з месца, каб яе супыніць. Але Акіліна хіснулася ў бок і шустрым скокам, як кошка наскакаючы на птушку, кінулася на Даміцэлю. Ладымер ня ўсьпеў агледзецца, як абедзьве жанчыны шчапіліся за валасы, завярцеліся клубком, закрычалі.
— Курва паганая! Ты прыехала жыцьцё мне разьбіць! — дзіка крычала Акіліна, перамагаючы Даміцэлю і таўхаючы яе ў бок сажалкі. Даміцэля, падаўшы некалькі выкрыкаў, агаласіўшы ўвесь парк, ціха стагнала.
Ладымер быў ашаломлены. Хвілін са тры ён не знаходзіў, што зрабіць, захоплены зьнянацку нечаканым выпадкам. Прастой ён яшчэ момант, Акіліна ўпіхнула-б Даміцэлю ў сажалку… Але хутка ён знайшоўся, падбег да Акіліны і сцапаў яе ззаду за аберуч. Даміцэля міжвольна падалася ў бок і, зачапіўшыся за ламачыну, грымнулася на зёмлю. Акіліна ва ўсю моц закрычала ў абдыме Ладымера:
— Згубца-а! Пракля-а-ты згубца, — і залілася сударжнымі ўзрыдамі.
Масква–Менск,
1924 г.
Студзень–Люты.