Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/2/Вялікодная каробка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„Лайдак“ Вялікодная каробка
Апавяданьне
Аўтар: Цішка Гартны
1929 год
Байструк
Іншыя публікацыі гэтага твора: Велікодная каробка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯЛІКОДНАЯ КАРОБКА

I

У чысты чацьвер, калі Антось Ступа вярнуўся дамоў з падзённае работы ў Іцкі, у якога ён гарадзіў платы, двое дзетак яго, Сёмка і Прузя, спаткалі на вуліцы і, хапіўшы бацьку за полы, у адзін голас запыталі:

— Татачка, родненькі, ці вы купіце мукі на пірагі і парасятка? Ужо ўсё сёньнека нясьлі з места і парасят, і муку, а наша мама нічога ня купіла.

Антось Ступа паглядзеў на бледных замурзаных дзетак, пагладзіў кожнага з іх і суцешна адказаў:

— Купім і мы, мае вы блазноткі, і мукі, і парасятка. Справім каробку.

Дзеткі задаволена папляскалі ў далоні, весела зарагаталі і ўперадзе бацькі пабеглі ў хату.

— Мама, мамачка, — крычаў першым Сёмка, падбегшы да мацеры, якая ў сумным настроі сядзела каля мыцельнікавага вакна, аб нечым думаючы.

— Вось ідзе татка з Прузяю! Ён казаў нам, што й мы купім і мукі на пірагі і парасятка. Папрасеце, мамачка, каб ён хутчэй гэта зрабіў.

Маці — Юстына, бледая, шчупленькая маладзіца, роўнадушна паглядзела на дзетак, колькі хвілін памаўчала, даўшы Антосю прысесьці ў запечку, пасьля гняўліва вымавіла ні то да яго, ні то да дзяцей:

— Плявузгае ліха ведае што. Дражніць дзяцей, на яго цураха. А грошы, бадай, ня прынёс ад Іцкі, каб хаця хлеба купіць к сьвяту, бо ўжо толькі акрайчык на стале… Няхай ужо людзі спраўляюць каробкі, а мы… пражывём сьвяты і так… хаця-б быў хлеб…

Пакуль Юстына казала гэта, дзеткі дапытлівымі ўзрокамі вадзілі ад бацькі да мацеры і зьдзіўлена пераглядаліся паміж сабою. Калі-ж маці змаўчала, Сёмка ўпінна праказаў:

— А чаму-ж ува ўсіх будзе каробка, а ў нас не?

— А таму, што ўсе багацей ад нас: і свой хлеб маюць, і назараблялі яшчэ грошы з фурманамі, а твой бацька праз ўсю зімку й капейкі меднае не зарабіў… Бачыш, не рамесьнік ён у нас, дый досьціпу няма, непракідкі ні каліва, ні званьня…

Дзеці пераглянуліся паміж сабою, ня ведаючы, што казаць.

— Вучы дзяцей бацькі неўважаць! — паднятым голасам выгукнуў Антось да жонкі: — папрабуй ты зарабі… заробіш! Дзе ты тут заробіш! Пэўна, каб быў рамясьніком — та было-б лепей, але што-ж зрабіць, калі бацькі не наўчылі. Упхнулі ў грабары змалку — і мушу цяпер зямлю капаць… Што-ж, зімою не ўкапаеш… Гэта не языком мяньціць… Вось добра, што да вясны працягнулі…

Юстына, праслухаўшы гаспадара, замоўкла й адвярнулася ў вакно: ёй паказалася, што яна дарэмна ўпікнула яго на гэты раз. «Антось кажа праўду, што ён нявінен у нашым бяздольным жыцьці. Пэўна, суджана ўжо так», парашыла яна сама з сабою. І ёй стала ніякавата перад гаспадаром, што кожны раз у цяжкім адчаю яна вінаваціць яго за іх дрэннае становішча.

Юстына паглядзела на Антося і, убачыўшы яго пакорліва-маўклівую міну, папікнула сябе за сваю нецярплівасьць перад ім. Разам у яе вынікла спагада да мужа і патрэба папрасіць выбачэньня за рэзкі няпуцёвы напад.

— Ведаеш, Антось, я-ж зусім ня віню цябе. Мне так горна і цяжка на душы, што я мімаволі вазьму й пакрыўджу цябе, — як-бы перапрашаючы, сказала Юстына: — падумай сам, ці-ж лёгка ўгаварыць дзяцей, ня даўшы ім куска булкі на сьвяты. Яны-ж чакаюць вялікадня, як бога, думаючы, што гэтак, як у людзей, угледзяць і сёе і тое… Ды з боку суседзяў ніякавата зусім: кажуць — «і на каробку ня маюць».

— Ну, што-ж, ня маем, — адказаў Антось: — тут не вялікая ганьба. Будзе заўтра час — будзем мець… А з дзяцьмі — няпраўда — авось заўтра паспрабую расстарацца грошы і купім мук: — мо’ сышчу ў Іцкі за сёньнешні дзень, а то дапазычу ў Ермалая — і зладзім сёе-тое, хоць з большага…

Антось абярнуўся да дзетак, якія заспакоена слухалі бацькаўскую размову, прытуліўшыся каля прыпеку.

— Нічога, малыя, я вам расстараюся к вялікадню сяго-таго. Будзе й булка, будзе й парасяціна… Вось прасеце ў мацеры вячэраць ды лажэцеся спаць.

Дзеці палезьлі за стол, а Юстына завінулася каля печы.


II

Назаўтра Антось Ступа йзноў пайшоў у падзёншчыну да Іцкі. У яго з самага ранку, толькі што прачнуўшыся, склаўся гатовы плян вызыску грошы к сьвятам. У абед, разьлічаў Антось, ён зайдзе да Іцкі і возьме плату за два праробленых дні, а вечарам, ідучы да хаты, заскочыць да Ермалая пазычыць з рубель. Чамусьці Антось ні каліва не сумняваўся ў тым, што яго разьлікі спраўдзяцца, і спакойна, нават з лёгкай бадзёрасьцю, справодзіў работу. За работаю зусім ня прымеціў, як праскочыла паўдня; у абед Іцка падышоў да яго і запытаў:

— Што-о, Антось, мусібыць ты сёньнека абедаць ня пойдзеш?

Антось выкарыстаў гэта, каб папрасіць у Іцкі грошы.

— Пане Іцка, — абярнуўся ён да Іцкі: — я ўжо сам хацеў ісьці да вас прасіць грошы, а як вы падышлі ка мне, та тым лепей. Ведаеце, сьвяты прышлі, а ў мяне яшчэ нічога ня куплена. Вось, можа, будзеце ласкавы, ды заплаціце мне за гэтыя два дні? Га?

Іцка пагладзіў бараду, патрос галавою, ухмыліўшы вочы, і адказаў:

— Ня маю, браток. Хіба па сьвятах ужо… Мне вось вінны людзі, ды таксама адказалі аддаць да сьвят… Ведаеш, у нас субота, а я без капейкі застаюся.

Антось зусім быў азадачаны словамі Іцкі; ён не хацеў верыць, што той кажа сур’ёзна, і разам з гэтым дрыжаў ад нейкага ні то сполаху, ні то проста няёмкасьці, што намалёваны ім з раньня плян трымаецца на валаску. Іцкава міна і тон у голасе, зусім спакойныя й бясьпечныя, зьбівалі з панталыку Антося. «А ну-ж Іцка на жарты гаворыць? Ці проста па сваёй натуры», падумаў ён і яшчэ папрасіў у Іцкі:

— А ўсё-ткі, пане Іцка, пашукайце, а мо’ і знойдзеце. Тут-жа ня так ужо многа. Ня можа-ж быць, каб вы былі бяз грошай. Вы не абышліся-б і паўдня. Пашукайце, прашу вас, а то мне грозіць астацца на вялікдзень з пустымі рукамі. Апроч вас зусім нельга нідзе дастаць…

Іцка зрабіў тыя-ж самыя кіўкі і рухі, што і перш, і так-жа спакойна адказаў.

— Які ты, Антось, цудны! Або-ж я ня ведаю твайго становішча, ці што? Тут ня ласка, а павіннасьць: грошы табою зароблены, і я мушу табе іх аддаць; і аддам, толькі ўжо ня сёньнека. Так выпала, ведаеш, што якраз няма.

— То можа к вечару адшукаеце дзе? — запытаў Антось.

— Дзе… Ужо шабас надыходзіць. Дзе там дастанеш! Няма, браце… Нават і не спадзявайся.

— Няма? Ах, што-ж я рабіцьму? — горна выказаў Антось, хапіўшыся аберуч за голаў: — то-ж прыдзецца на сьвята бяз хлеба астацца-а…

— Як? Чаму? Няўжо ў цябе падышло да таго? Ці ты маеш лад? То будзе вельмі крыўдна, калі так. А хіба-ж ты на павер ня можаш дастаць? Зайдзі да Хрумы ці да Маталя і папрасі: яны павінны даць… Вось цяперака, у абед… Ужо вечарам адробіш… Трэба-ж, вядома, к вялікадню сёе-тое купіць, я ведаю па сабе…

Антось нічога не адказаў, а моўчкі кінуў работу і пайшоў дахаты. Ідучы ён пільна раздумваў над праваленым плянам. На сэрцы яго было так няпрыемна, нібы хто насыпаў на яго чэмеру. Не хацелася думаць аб ядзе, ды яна зусім была яму непатрэбна. «Куды там з ядою, калі вось сьвяты на носе, а ў хаце ні капейкі грошай. Прыдзеш дамоў, жонка зразу і стрэне пытаньнем: — А як наконт грошай? — Што ёй адказваць будзе? Адлажыць на вечар? Ці-ж паверыць Юстына? Ды й вечарам што я зраблю? Ермалай? Хто яго ведае… Мо’ яшчэ ў хаце не застану… Зайду хіба цяпер да яго», разважаў Антось.

Ужо ён падыходзіў да свае хаты, але вярнуўся назад, каб зайсьці да Ермалая. У грудзях яго скрабло сумненьне; тыя запэўненьні, на якія ён мусіў пазычыць хоць два рублі ў Ермалая, паказаліся яму зусім слабымі, каб той паверыў. Праз гэта яму рабілася няёмка перад таварышам, якога, фактычна, ён ішоў ашукаць.

Чым бліжэй Антось падыходзіў да Ермалая, тым нерашучай былі яго крокі і тым брыдчэй рабілася яму перад самім сабою. Але варочацца назад было яшчэ горай: выйдзе што, ня выйдзе — трэба давесьці да канца. Як-ні-як, ён ішоў пазычаць грошы не на што-кольвечы малаважнае ці брыдкае, а на жыцьцёвыя патрэбы. У змаганьні за жыцьцё нельга заўсёды праехаць на чэснасьці. Што-ж, дзе можна схлусіць, ці абмануць, каб выратавацца з цяжкага становішча, чаму не зрабіць гэтага? Тым болей гэта будзе дарована яму, бо на сваім вяку Антось яшчэ ніколі не карыстаўся хлусьбою.

— А мо’ й ня дойдзе да таго, — разважаў ён, увайшоўшы ў Ермалаеў двор: — няўжо такі Ермалай будзе распытваць ды ўпэўніцца, нашто мне грошы? Або не паверыць? Не павінна таго быць, усё-ж свой чалавек.

Гэта самаразвага падвесяліла Антося, і ён цьвёрдым крокам прайшоў у хату.

У хаце Ермалая якраз абедалі. Невялічкая сям’я, з чатырох душ, сядзела наўкол стала, увіхаючыся над міскаю. Антось парушыў абед: усе адвярнуліся ад стала і паглядзелі на яго, крыху зьдзівіўшыся яго наведваньнем.

— Го-о, чагосьці заблудзіў, Антось? — пераняў Антося Ермалай.

— Дзень добры… Так… заблудзіў… Бываюць выпадкі… і вось, пэўна, не дагадаецеся, чаго прышоў, — адказаў Антось, прысядаючы на лаве.

— Кажы… — прамовіла жонка Ермалая.

— Аж брыдка казаць, — замяўся Антось.

— Нічога. Няма чаго царамоніцца: можна будзе — выпаўнім, не — прабачыш, — разважыў Ермалай.

— Я, ведаеце, — суцішаным голасам праказаў Антось: — зайшоў папрасіць, каб вы мне на які тыдзень грошай рублёў два пазычылі. Так прыпёрла, што нельга вылузацца. Спадзяваўся на Іцку, а той, гад, як назнарок, не дае. Я, бач, раблю ў яго гэтыя дні, зарабіў, усё, а вось не дае, гад. А прыпёрла, хоць ты гвалту крычы. Тады я й надумаў вас патрывожыць. Што вы скажаце на гэта?

Ермалай, кончыўшы есьці, падняўся з-за стала і надыйшоў к прыпечку, каб зьвярцець папіросу. Пры гэтым ён маўчаў, як-бы раздумваючы над адказам Антосю.

— Ведаеш, браце, — нарэшце сказаў Ермалай, зьвярцеўшы і прыпаліўшы папіросу: — хоць і няёмка, але прыходзіцца адказаць: няма. Сыскаў заўчора ў Азіка, што муку вазіў у Крыжы, і ўсё распусьціў на сьвята. Ты-ж павінен ведаць, што грашам у нашым становішчы ніякай меры няма. Тут каб тысячы — то разыйдуцца, а то… прабачай, браце Антось…

— А можа як-колечы… — паспрабаваў Антось яшчэ папрасіць і зразу-ж супыніўся, пачуўшы нейкую няёмкасьць: — Так, ды яно-ж вядома, адкуль тыя грошы. Я так, проста, сабе думаю, давай зайду на кожны выпадак… — паправіўся ён: — А няма — то, што-ж зробіш — трэба яшчэ дзе-кольвечы пашукаць. Бывайце здаровы…

Антось выйшаў з хаты зусім расстроеным і прыгнечаным. З адказам Ермалая не аставалася больш нічога, як згадзіцца з думкаю кінуць далейшыя клапоты па адшуканьню грошай і быць, як ёсьць. Праўда, цяжка гэта перацярпець, але нічога не парадзіш.

Каб не расстройваць жонкі, Антось рашыў ня йсьці абедаць, а вярнуўся на работу не абедаўшы.


III

У красную суботу Антось быў дома: з прычыны шабасу Іцка адмовіў яму ў рабоце. Праз цэлы дзень, карпаючыся ў хаце пры сім пры тым, Антось мусіў супакойваць дзяцей угаворамі, што ён яшчэ сумее для іх прыгатаваць каробку. Але чым бліжэй падыходзіў вечар, тым дзеткі рабіліся неспакойней і падазроней: яны ўсё нагальней лезьлі да Антося і назойлівей вымагалі ў яго хутчэй дастаць мукі, яечак і купіць парася. Выбягаючы на вуліцу, яны бачылі, як другія дзеткі бегалі з яечкамі ды кавалачкамі сьвежых булак, а ў іх нічога гэтага ня было. Забягалі Сёма і Прузя ў суседнія хаты і завідна сачылі, як там ішла клапатлівая падгатоўка да сьвят. Пакрыўджаныя, яны прыбягалі дамоў і плакалі, ня бачачы гэтага нічога. Юстына, скрапіўшы сэрца, таксама маўчала праз увесь дзень, як-бы сваім маўчаньнем пасылала папрок Антосю. Антось адчуваў гэта і сузнаваў, што віна за труднае становішча ў вялікай долі падзе на яго. І яму цяжка рабілася, што ён ня можа згладзіць вострасьці гэтага становішча. «А можа я мала старэннасьці прылажыў, каб дастаць грошай?» — правяраў ён сам сябе, не перастаючы вынаходзіць розныя іншыя спосабы.

У цяжкіх супярэчках думак прайшоў дзень. Вечарам разувераныя ў бацькавых абяцанках дзеці ўлягліся спаць. Антось нэрваваўся і непакоіўся — з яго роздумаў нічога ня выходзіла. Нарэшце яму зрабілася зусім нявыносным сядзець у хаце, і ён на 10 гадзіне ўвечары вышаў на двор.

Зорная вясеньняя ноч крыху асьвяжыла яго. Ува ўсіх хатах сьвяціліся агоньчыкі. У паветры чуўся пах булак і мяса. Ён прысеў на сваёй прызьбе і тутка, зьнябыўшыся, задрамаў. А палове дванаццатай ночы яго абудзіў звон да ўсяночнай. Антось хутка падняўся з прызбы і, не заходзячы ў хату, пайшоў у бок царквы.

На вуліцы стала людна: мяшчане выходзілі з хат і з запаленымі сьвечкамі сьпяшылі на ўсяночную. З чужых вёсак ехалі фурманкі, вязучы пасьвячаць каробкі. Вакол чулася нейкая ўрачыстасьць. Але на душы Антося было брыдка: ён ішоў на звон, пакінуўшы ў дому засмучаную жонку й пакрыўджаных дзетак. Уся ўрачыстасьць была для яго ня толькі чужою, а нават і варожай. Гэта адчуваў Антось з таго моманту, калі выясьнілася, што яму надышоўшае сьвята прынесло многа дарэмных клапотаў і парушыла ўложаную хаду жыцьця. Чуючы звон і бачачы сьвяточны рух, ён даходзіў да злосьці і праклінаў сваё жыцьцё і грамадзянскі лад. Антося дзівіла ўся заблытанасьць і супярэчнасьць яго, якая выглядала перад ім ва ўсёй сваёй прыкрасьці. Вялікае сьвята для адных — другім цяжкая мука й клопат. Чаму яно так?

Падышоўшы да варотцаў на цьвінтар, Антось толькі зірнуў праз іх, што робіцца за парканам, і павярнуў назад. — Не пайду. Там не для мяне, — рашыў ён і прайшоў між паркану да паповага дзядзінца.

За брамаю, пры плоце саду стаяла некалькі фурманак. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Пры вазох — ні душы. У паповых пакоях, за дрэвамі, віднелася сьвятло. Антось спынуўся ля брамы і прыгледзеўся на дзядзінец. Прыгледзеўся і раптам падумаў: «А, што, каб прайсьці на дзядзінец і ўзяць адну каробку з возу!» Гэта думка зразу паказалася і прывабнай і няпрыемнай. Антось ажно засароміўся яе і аглядзеўся, каб ніхто не падслухаў яго намераў. Пасьля адыйшоў крыху ўбок, к плоту.

Непадалёчку прайшлі два чалавекі, мужчына й кабета. Антось прыгледзеўся і ўбачыў, што мужчына нёс у кошыку да пасьвячэньня.

— У кошыку — мабыць цяжка было сабраць на каробку! Пэўна, у гэтага ўзяць — ніколі, — падумаў Антось і скалануўся ўсім целам ад няпрыемнага пачуцьця… Ня мог стаяць на адным месцы і прайшоў каля ганоў далей ад паповага двара.


IV

Тымчасам у царкве затрызвонілі. Розназычны гуд званоў выводзіў нейкі царкоўны перапеў, разносячы яго вакола ў ціхім паветры.

Да Антося даходзілі вясёлыя галасы дзяцей, якія гулялі на цьвінтары, бегаючы вакол царквы з агоньчыкамі.

Антося засьвідравала думка аб сваіх дзецях. Ён пакінуў іх дома раздражненымі, расьсерджанымі. А што яшчэ запяюць яны заўтра, калі прачнуцца і замест абяцанай каробкі знойдуць кавалачак чорствага чорнага хлеба? Антось дрыжаў ад жаласьці да Сёмкі і Прузі, і жаданьне пацешыць іх, павесяліць, абурыла яго.

— Я пайду і вазьму… пагляджу, хто багацей. Што яму значыцьме? А я столькі шчасьця прынясу сям’і! Пайду і хутчэй-жа зраблю. Пакуль там, у царкве, ісьціме маленьне, я тут усё абгледжу і зраблю…

Раптам Антось адарваўся з месца і ўподбег кінуўся да папоўскага дзядзінца. Усё яго пачуцьцё сабралася ў адным намеры, вострым і рашучым, які цягнуў Антося саматугам.

Каля брамы Антось спыніўся і яшчэ раз праверыў сябе: «А мо’ я іду насупроць усякім даказам? Чалавек патраціўся, з пачуцьцём радасьці прыехаў на ўсяночную, прывёзшы з сабою каробку, а я раптам вазьму яе… Чалавек выйдзе з царквы, падыйдзе к возу, каб унясьці каробку на цьвінтар, і ня нойдзе. Падумаць адно, што зробіцца з ім? Усё нутро яго перавернецца, мігам згіне радасьць, агорне смутак і помста, чорная, як смутак, на мяне. Я заб’ю прасьветласьць і яшчэ больш растрывожу, самога сябе».

Але гэтыя думкі снавалі як-бы самі сабою. Антосева істота захоплівалася другім: каробка стаяла ў яго ваччу, затуманьвала розум і нястрыманаю сілаю цягнула да сябе. Антось мімавольна правёў рукою па галу брамы, шукаючы клямкі. Не знайшоў. Яго разабрала, і ён з пяць колаў вывеў рукою на гладзі дошак. На шостым хапіўся халоднага жалеза, абмацаў і паціснуў: пачуўся стук. Антось адскочыў і хутка пайшоў да ўходу на цьвінтар, перасек яго да выйсьця ў папоў дзядзінец. Без затрымкі апынуўся на ім, сярод рахманых коняй, якія паважна стаялі ля вазоў, і, у чэсьць вялікадня, уміналі корм. Ад здавальненьня фыркалі, тупалі нагамі, чапляючы аглоблі. Нейкі асабісты імпэт, зьмешаны пах парагоў і парасяціны з смуродам конскага гною, напаўняў папоўскі дзядзінец, разносячыся далёка за яго.

Антось прыгледзеўся паміж вазоў і зрабіў некалькі крокаў убок. Хапіўся за біла і пастаяў.

Потым яшчэ мінуў адзін воз і прысеў: яму здалося, што на трэцім возе хтось сядзіць. У прысядкі дайшоў да брамы і адшукаў клямку. Думаў, што замок павешан, але яго ня было. Значыць — засунута. Антось абмацаў засаўку і, затаіўшы дух, абедзьвума рукамі хапіўся за яе. Леваю прыціскаючы адзін канец засаўкі, праваю ён націскаў другі. І бяз зыку адвёў. Пасьля, згорбіўшыся, абышоў колькі падводаў, часта забываючы, для чаго ён да іх падходзіць, і, нарэшце, спыніўся ля брычкі, якая стаяла ў самым кутку, між сьцяною паповай хаты і плотам. У перадку брычкі тырчала вялікая паўвасьміна, з коптурам напікаваная пірагамі і іншай ежай, прывезенай да царквы ня так для пасьвячэньня, як напаказ. Паўвасьміна была абкрыта белаю сурвэтаю — Антось пазнаў, дакрануўшыся.

Дакрануўся і не знайшоў сілы адняць рукі — нібы прыляпілася яна да каробкі. «Гэтую, гэтую, гэтую!» як стук малатка па касе, калі яе адбівае касец, прастукала думка ў Антосевым нутры. І ён з неапісанай пасьпешнасьцю замятусіўся каля каробкі. Ступіў на калодку каляса — і саскаўзнуўся. Некалькі раз стукнуў паўвасьмінаю аб руб брычкі — але не заўважыў, а плішчыў, каб паставіць на біла.

Нарэшце панатужыўся як мага, і, штосьці зламаўшы, выцягнуў.

Паставіў якраз, каб узяць на плечы, і ўжо намерыўся стаць, як раптам зазванілі на абхаджэньне. Антосю пачулася, нібы хтось стукнуў ззаду ў пасудзіну, і ў яго ад спугу аслабелі рукі; выскаўзнутая каробка папала на калясо і зрабіла рэзкі трэск.

Конь рвануўся ўбок, пацягнуўшы брычку і ёю ў плот. Гучны стук разьнёсься па дзядзінцы і аддаўся рэхам за цьвінтаром.

Антось адскочыў убок і перш памкнуўся бегчы, але раптам перадумаў і прытаіўся на месцы.

— Каб ты згарэла! Як назнарок! — вылаяўся ён у дзікім адчаю і праз хвіліну зноў хапіўся за каробку.

У гэты момант зусім недалечка пачуўся лопат бегатні і зычны вокрык:

— Хто-о там? Сто-ой! Стой!

Антось адскочыў ад каробкі, і, зачапіўшыіся за аглоблю, грузна паваліўся на зямлю.