Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Урачыстасьць рэволюцыі/Будаваньне (Зьлітна, згушчана, зьяднана…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хто мы? Будаваньне
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Комунар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Будаваньне (Зьлітна, згушчана, зьяднана…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БУДАВАНЬНЕ

Зьлітна, згушчана, зьяднана,
Як цамэнтам, прагным пэнтам
Да змаганьня,
Будаваньня
Скалыхнулася грамада
Промэтэем —
Вяліканам!
І кранула
З громам, гулам,
Нястрыманым
Вадаспадам,
Паднялася
Пяруновай агнявеяй!
І ўздыбіла
Перад намі
Прытаёнае вякамі —
Трохвярстовымі хібамі
Хваль узбуранае мора…
Вочы ўгору!
Гучней стукі!
Зьлітна, згушчана, зьяднана
Пад націскам вялікана
Стогне-рвецца слой цалінны
Векавечнае дзярніны
Загартованым нарогам…
І грымоча бурна, строга
Раскалыханай грамады
Падлятаючае рэха
Волятворчага пасьпеху.
Непарухныя пасады
Нікнуць, гінуць, прападаюць…
Толькі вогнішчам палаюць
Разгарачаныя вочы!
Ды ляскоча
Молат важкі сілай грому…
І сьмяюцца маладому
Аднаўленьню,
Будаваньню
Сонца яснага праменьні
Й зор бліскучае мірганьне.

23/IV 1923