Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Урачыстасьць жыцьця/Каля бору сонца ходзіць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Я йду да ўсходу… Каля бору сонца ходзіць
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каля бору сонца ходзіць.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАЛЯ БОРУ СОНЦА ХОДЗІЦЬ

Каля бору сонца ходзіць
На высокіх ценкіх дыбах,
Чарадою цені водзіць
Па кустох — густых сядзібах —

Доўгакосых,
Тоўстаносых,
Цёмнатварых,
Грозных, ярых
Лясуноў.
З-пад кустоў,
З тайных сховаў,
Вабам, зовам
На палянкі,
На гулянкі,

Насустрэчу сьветлай ночы
Духаў скрытных зазывае,
І ў сьляпыя цемні-вочы
Сітам промень расьсявае.
Вузкіх шляхаў выгіб ломкі
Машастовай руньню убраны,
І шнуруюць скокам ёмкім
Німфы ведзьмы, феі-панны —

На граніцу,
Да крыніцы,
На гуляньне,
Як загляне
Маладзік;
Як з-пад пік
Стройных ёлак
Рысаў голак
Ў блутнай сетцы
Напляцецца

І ўбярэ ваду крыніцы.
Гэй, хавайся, сонца, з неба!
Дай-жа ночы маладзіцы
Адчыніць сваю бяседу!

Вось і месяц
З крэмню крэсіць —
Сыпле крэйду,
Меліць пэндлем
Воду, бор.
Стада зор
Ў гала гоніць
І гамоніць
Шэптам лісьцяў:
Гэй-жа, выйсьце

На гулянку, на вясельле!..
Бор змаўкае — не шапоча,
Ралкай жаднай не шавеліць, —
На крыніцу ўстраміў вочы.
Ў вярбалозах, ў пухкім моху
Завіліся карагоды;
Вадзянік адставіў лёху
У крыніцы спадысподу.

Bip вipуe,
І шнуруе
Градкай лёгкай,
Лентай вохкай
Гребень хваль.
Плецень-валь
Дымкай шарай
Туліць твары
Фей-русалак,
Што ў прагалак

Між кустамі над крыніцай
Распусьцілі бросьні-косы;
З хітрай мінаю глядзіцца
Ў іх лясун доўгавалосы.

Жаб капеля
Іх вяселіць
Многалікім
Хорам-крыкам
Пявуноў,
Покуль зноў
З па-над бору
Кроўным морам
Пачне ўсходзіць
І заводзіць

Сонца спацыр жыцьцявейны,
Стаўшы ціха ўверх на дыбы…
І пражэцца крохкай ценьню
Ўсё начовае — ў сядзібы.

Капыль 31/V 1924