Я ўсё жыцьце свае, дзень-у-дзень, год-у-год,
Землю цяжкай лапатай капаю, як крот;
Век пад сонцам й дажджом гну пакутную сьпіну,
Раскідаючы глыбамі торпу і гліну,
Ліпкі глей, бы смалу, ды рассыпчаты жвір;
Я праводжу канавы удоўжкі і ўшыр,
Нібы стужкамі землю абвязваю ўкруг.
Я дарогу гранічу, граніцу і луг,
І спускаю з балотаў я лішнюю воду,
Ды рэжу раўкі для платоў агароду.
Так ўсё жыцьце свае варушуся ў зямлі,
Хоць пад сонцам жыву, а калі-ні-калі
Толькі бачу я вокам адкрытым яго.
Хоць ня зьмерыць наўкола прастору усяго
Неаглядных палёў, неаглядных лугоў, —
А кармлюся красою я іх дзеля сноў,
І у мёртвым сваім, незварушаным сну
Бачу шчасьця свайго ў надыходзе вясну.
Я ўсё жыцьце свае, дзень-у-дзень, год-у-год,
Землю цяжкай лапатай капаю, як крот,
І так многа, я многа яе накапаў!
Направодзіў шырокіх і доўгіх канаў,
І прарэзаў я цэлыя мілі равоў:
Шмат, ой шмат я са сьвету балотаў так зьвёў, І багата вады праз равы прапусьціў,
А ў ваду тую шмат я крыві свае ўліў,
Ды з гарачым сваім яе потам зьмяшаў,
Пад вадою-ж на дне свае гора хаваў.
Я ўсё жыцьце свае, дзень-у-дзень, год-у-год,
Землю цяжкай лапатай капаю, як крот.
Натачыўшы абклад я лапаты свае,
Вечна долі шчасьлівай шукаю сабе.
У халоднай нячулай зямлі
Можа хто захаваў яе, матку, калі
І дагэтуль яна бяз руханьня ляжыць,
А зямля ня пускае яе к людзям жыць.
Вось яе тут шукаю цяпер,
І як толькі знайду, пракапаю ёй дзьвер,
Нарасхлест перад ёю, слугой адчыню,
Хай нясе яна сьвету ўсю радасьць сваю.
Я усё жыцьце свае, дзень-у-дзень, год-у-год,
Землю цяжкай лапатай капаю, як крот,
І як многа ужо я яе накапай!
Што-ж за працу сваю я у адплату дастаў?
Што за плён мне зямля, за труды прынясла,
За той пот і за кроў, што сабе узяла,
За бурлівую рэчку гарачых тых сьлёз,
Што ўсё жыцьце мае паабмыў імі лёс?..
О, дала яна мне, ой за працу дала;
З калючковых расьлін мне вяночак спляла,
З медзі звонкай, цяжкой даравала шнурок,
А дарогу жыцьця ухарошыла ў мрок,
Каб я шоу, як сьляпы, каб бясконца я йшоў,
Землю вечна капаў і дабра не знайшоў.
Магілеў н/Д. 1911
|