Ня спадлі ‘шчэ раньнія росы
І сонца ня стала сіяць,
Як гострыя ў поплаве косы
Вясёла і зычна зьвіняць.
Бліскаюць рэзва на сонцы,
Сьвішчуць, шумяць у траве.
Думкі жывым валаконцам
Ўюцца ў касцоў ў галаве.
Росная гнецца травіца
Роўна, пракос у пракос.
Радасьць у сэрцы іскрыцца,
Труд нам адплату прынёс.
Гэй, разыдзецеся рукі,
Косы так востра бяруць,
Цела ня ведае мукі,
Ногі спачынку ня ждуць!
Сонца яскрава зіяе,
Ветрык нячутна шуміць;
Роўна трава правядае,
Весела сена сушыць!
Песьнямі спорыць работу, —
Бабы і хлопцы пяюць.
Поўны працоўнай ахвоты
Сэрцы іх радасна б‘юць.
Зыкі сталёвыя клёпу
Песьняй срабрыстай зьвіняць.
Ссохшае сена у копы
Бабы сьпяшаюць складаць.
Тут-жа растуць ў вачавідкі
Тоўстыя копы у рад.
Многа выказвае прыткі
Посьпех рухавых дзяўчат!
Променем смуглыя твары
Ў працы жывой аддаюць.
Многа гадзіны прыпару
Сіл у людзей адбяруць!
Толькі ня дарма ўсе сілы
Людзі сьцяраюць свае,
Праца ўвесь сьвет ускарміла,
Праца нам шчасьце дае.
Працаю сілы прыроды
К людзям у слугі ідуць,
З ёю-ж у сьвеце народы
Лепшае долі прыждуць.
Вількамір, 1912
|