Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні працы ў прыгоне/Без работы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ткачыха Без работы
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Сявец
Іншыя публікацыі гэтага твора: Без работы (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЗ РАБОТЫ

Няма працы — й сэрцу млосна —
Не знайсьці спакою…
Я так шчыра, я так моцна
Зжыўся змалку з ёю.

Дзень прыходзіць і пытаньні
Пруцца, лезуць ў душу:
Што да вечара ад раньня
Я рабіці мушу?

Рэзвым бегам кроў ня льецца,
Рукі зьвісьлі кнізу;
Сэрца вераю ня б‘ецца,
З думак — адны рызы.

Беглым ўзрокам хвіляй гляне
Водгуку надзея —
І у момант-жа растане —
Толькі зьяў павее…

Ходзіш — блудзіш і, здаецца,
Дарма траціш сілу —
Цяжкім болем сэрца рвецца,
Людзі, сьвет нямілы…

І ня тое, што работа
Голад прыпыняе,
Ва мне родзіць ўсе клапоты
Сумам абвявае.

Не, ня тое. Хопіць з гэтым
Сіл ва мне зьмірыцца,
Мяне мучыць, што для сьвету
Нечым прыгадзіцца;

Што задарам прага гіне,
Як пясок у балоце,
Дні і ночы няупынна
Аддаваць рабоце…

Няма працы… цяжка гэта
Мне цярпець бяз меры,
Бо ў ёй лёс мой, мая мэта —
Ў ёй спадзеў і вера.

Пецярбург, 1913