Перайсці да зместу

Збор твораў (Гартны, 1929—1932)/1/Песьні вольнай працы/Пераплёт

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праца Пераплёт
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1930 год
Жаданьне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пераплёт (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРАПЛЁТ

Промень барэльефы каміноў
На зялёны поплаў зьвёў…
Выхілястаю дарогай
Дыму скруткі плывуць логам…
Гоніць іскры на расу…
Стук, у заводзе — мо‘ касу
Б‘е рабочая рука?..
Ніва пераплёты збажыны
Да фабрычнае сьцяны
Падцягнула з-пад гаёў…
Песьня б‘ецца батрака
Ў цьвёрдасьць чорных каміноў…
Зовы перапевы падалі,
Гукам к нівам паплылі,
Аддаліся за грудком,
Абляцелі хмызьняком,
Заміраючы ўдалі.
З хат, з ваколіц кватэраў па бруку
Блутным радам ў роўны цуг
Сьлесароў жывы ланцуг
Зазьвінеў ў адказ гудку…
Вось-вось чуе гукі ўжо пастух,
Бачыць, дым крыху атух —
Праца шолам завяла:
Будзе серп і будзе плуг.
Вецер ціха лісьцем шалясьціць —
Гай трапеча, гай ня сьпіць;
Птушак стройны перапеў
Да заводу паляцеў,
Ў вокны сьветлыя прынік…
Чуй-жа песьню, працаўнік.
Сплецен, зьвіты дзіўны пераплёт
Жыцьцятворачых прыгод;
Б‘юць крыніцаю яны…
Дзе ні глянь — відны, відны
Нявычэрпныя скарбы
Завяданьня і сяўбы,
Няўміручае красы
З веку ў вечныя часы…

8/III 1925.