І туды, і сюды навакола глядзі:
Толькі тхлань, толькі гідкае нетра.
Па карчах, па ламах цэлы тыдзень брыдзі, —
Цябе душыць гнілое паветра.
Сцеражыся дрыгвы, бо адразу глыне,
Хтосьці ў процьму пацягне за ногі;
Прападзеш пад карчом у дрыготнай багне,
Дзе няма ні пуці, ні дарогі. Сум пануе вакол, страхаццё і жуда,
Плача каня ў кустах на балоце;
Адусюль на цябе паглядае брыда,
Млее сэрца, дрыжыць у самоце.
2. ШТО БЫЛО ДА СТВАРЭННЯ ПАЛЕССЯ
Зіхацела даўней тут вада, нібы шкло,
Быццам неба было тут другое.
І Палескай зямлі тут зусім не было, —
Быў абшар вадзяністы затое.
Толькі рыбкі ў вадзе мігацеліся тут
І блішчэлі хвастамі на дзіва.
На жар-сонца глядзеў акунёў цэлы жмут,
Карагоды кружылі гулліва.
Сонца ўсходзіла з хваль на надводны абшар,
Бо пад коўдрай вады начавала.
Красавалі ў глыбі плоймы колераў, хмар.
Было сонечных косак нямала.
Неба Ў люстра вады аж на самае дно
На бруштын апускалася чысты.
І дрыжэла яно, і блішчэла яно
Перламутравай плахтай іскрыстай.
І блакіт расцвітаў да нябес ад вады
Абрусом-палатном з павуціны;
На блакіце — блакіт. За гадамі гады
Так ішлі векавечнай пуцінай.
Ветрык хмаркі ганяў, ветрык зыбаў віры,
Цішыню лёгкім шэптам трывожыў;
Калыхаў ціш вякоў ад пары да пары,
Бы дзіцё сваё песціў і гожыў.
І была цішыня. Ні людзей, ні звяроў,
Ні драўлякаў, ні траў, ні зямліцы…
Вадзяніцаю цьма з-пад шкляных пустыроў
Выхадзіла на ўзверх падзівіцца.
Быў нямы белы свет, нібы камень-скала,
Быў нямы даль-абшар над вадою,
Цішыня, як мара, вандравала, плыла.
Шлі гады так капа за капою…
3. БОГ, ЧОРТ І ДУДА
Ў алатырных палях бог на небе сядзеў,
Галубіную кнігу чытаў ён.
З глыбі вод угару злы нячысцік глядзеў,
І змяіную кнігу трымаў ён.
У кнізе белай у той было мудрасцяў шмат
Аб дабры векавечным, аб долі.
Ў кнізе чорнай у той было жудасцяў шмат
Аб смяротных грахах, аб нядолі.
Паміж небам-зямлёй самаграйка дуда
На грудзях дзеда-сонца вісела.
Побач ціха плыла сівых хмар грамада,
Побач ззянне блакітнае млела.
Нібы птушкі ў гняздзе, спалі гукі дуды,
Іх ніхто не будзіў навакола,
Так плылі, так ішлі за гадамі гады,
Бы з вясёлак адвечнае кола.
З валакністых агнёў ткала даль паясы,
Аздабляла ў нябесныя краскі;
З яркіх зорак-вачэй ткала даль абрусы,
Дуда спала пад сонечнай ласкай.
4. ПЕРШЫ СОН ДУДЫ
І дуда сніла сон, заварожаны сон:
Матылькамі кружыліся зыкі.
Абляцеў белы свет дзіўны тон, вешчы тон
Пад рукамі сівога музыкі.
Спеў імкнуўся удаль лебядзіным пуцём,
Дудар граў і спяваў грайкі-песні.
Бачыў хаткі сялян, бачыў панскі харом,
Цэлы свет дудару быў зацесны.
Слёзы ў ясных вачах ззялі светлай расой,
Акраплялі ратайскія грудзі.
Людзі йшлі на агонь. Людзі рынулі ў бой,
Згадаваныя працаю людзі.
Нібы хваля плыла, ірвануўся сыр-бор,
Грамада йшла, гуляла, спявала.
І глядзела ўгару на нябесны прастор,
І жаданне ў вачах красавала.
Колькі моцы было ў гучных песнях людзей,
Радасць хлынула светлай навалай.
Гукі шчасця раслі з гарапашных грудзей,
Зычным выраем песня лунала.
5. ДРУГІ СОН ДУДЫ
І дуда сніла сон: абяздолены край
Між балот і лясоў дрэмле ціха.
Па лугах і палях жабраком ходзіць бай,
Па шнурах ходзіць злыбеда-ліха.
Край той спіць, як стары занядужаны дзед
За цямнюткай, за курнай пячуркай,
А над краем відаць светлы зорачны след,
Захаваны пад шэраю хмуркай.
Ой, каб быў там пясняр, сівабровы дудар
У забытай, загнанай старонцы, —
Ён падняў-бы людзей, разварухаў-б абшар
І паклікаў-бы ў госці да сонца!
Скарб багаты ў зямлі векавечна ляжыць,
Сіла брызгае светлай крыніцай.
І прачнецца той край, будзе вечна ён жыць,
Закрасуе зарой-зараніцай.
6. ЯК БОГ СТВАРЫЎ ПАЛЕССЕ
Вось уздумаў пан бог край Палесся стварыць
І людзей і жывёлін, і птухаў;
І вяроўку пачаў ён з праменьчыкаў віць,
І сівую патыліцу чухаў.
Па вяроўцы з нябёс апусціўся ў ваду, —
Бог — вялікі штукар на ўсе рукі;
Захапіў ён з сабой самаграйку-дуду, —
Маюць сілу вялікую гукі.
Ледзь падумаў загад — крышталёвы чаўнок,
Як цудоўны мянтуз, паказаўся.
І сявалка ў чаўне. У той сявалцы камок,
Як шаўковы клубок развязаўся.
Развязаўся клубок: дыяментавы мак
Заіскравіў, напоўніў сявалку.
Бог бярэ на вагу, бог прабуе на смак,
Такіх зерняў не еў ён і змалку.
„Вось насенне — дабро, вось насенне — адбор!
Гэтым свет тут засеяці трэба!
Тут хай будзе зямля, а над ёй цёмны бор
І лужок і ўрадлівая глеба“.
Бог плыве на чаўне ды мяркуе туд-сюд,
Нібы рупны ратай гаспадарны;
Сыпне жменю дабра — і расце, проста цуд,
Пушча-лес, нібы сад велізарны.
Вада шчыліцца ў міг выступае гаёк,
А за гаем — лугі, сенажаці.
Зелянеюць палі і шуміць каласок,
Ажыла ўся зямеліца-маці.
Выступаюць ушыр, разлягаюцца ўдаль
Лугі, пожні, даліны і ўзгоркі.
Кветкі граюць, блішчаць, зелень ладзіць свой баль,
Мігаціцца раса, нібы зоркі.
Прамяністым агнём сонца грэе зямлю,
Аздабляе луг свежы і сочны.
Цеплыня… Хоць дзіцё палажы на раллю,
Дык пачне тут расці відавочна.
7. ГРАЮЧЫ НА ДУДЗЕ, БОГ СТВАРЫЎ ПТУШАК, ЗВЯРОЎ І ПЕРШАГА ПАЛЕШУКА
Ой, пачатку няма, ой, канца не відаць
Шчыр-красе агняцветаў і фарбаў.
Вось давай на дудзе бог іграць ды іграць —
І з‘явіліся новыя скарбы:
Замільгаў матылёк, зашумела пчала,
Зух-стрыгунчык між травак туркоча.
І зязюля пяе, кволы гук завяла,
Громка болбатка ў лесе балбоча.
Грае бог на дудзе. Лось выходзіць на лог
З лагавішчаў дрымотнага бору;
Тур лагодна глядзіць на атару ў палёх,
Што пасецца на вольным прасторы.
Грае бог на дудзе і плыве песня-гук,
Бог насенне паўсюды кідае.
На паляне стаіць, нібы дуб, паляшук,
Першы раз вольны свет аглядае.
Выкрасае агонь, дыміць люльку ўзасос
І магерку кідае на камень;
Зірк туды і сюды — уваходзіць у стос,
Бурчыць: „Хату збудую тут. Аман!“
Шмат клапот, шмат турбот, паляшук, будзеш мець,
Ты глядзі, не спудлуй, а трымайся!
Прападзеш, як разок заваронішся ледзь,
Над сабой пастыром быць старайся.
Дзеі думкі твае — гэта стада гаўяд
На даліне абшырнай жыццёвай,
Пуга-цямлівасць іх абароніць ад здрад,
Будзе рупнасць трымаць у захове.
8. ЧОРТ УКРАЎ У БОГА НАСЕННЕ
Бог плыве на чаўне, а тым часам злы чорт
Круць і верць вакол божае вабы.
Чорт з рагамі, з хвастом і худы, як той хорт.
Чорт — гідкі і слізкі, нібы жаба.
Бог — слабенькі дзядок — слепавата глядзіць
На жар-сонца — на вечны загарак.
„Эх“ і „Эх“, „квох“ і „квох“, і дрыжыць і дрыжыць,
А гады яму згорбілі карак.
Нібы ўюн, туд і сюд вакол бога шальмец,
На насенне ён слюнкі пускае;
Трэ аб човен бакі, дасць пад човен нырэц,
Дражніць бога, як малпа дурная.
Раптам лапу тыц-мыц, цапнуў жменю дабра,
Проста з рук вырваў божых чарцюга.
Ён насенне глынуў і паплыў, як мара,
Рагатаў жарабцом лайдацюга.
Бог маўчаў — яму што? Кончыў працу. Назад
Па вяроўцы ўскарабкаўся ў неба.
На аблоках ляжыць. Спачывае і рад,
Што нацацкаўся болей, чым трэба.
9. ПАЛЯШУК ГРАЕ НА ДУДЗЕ
Кінуў з неба дуду на зямлю бог уніз,
Паляшук ад яе слодыч мае.
Скача поле і лес, скача звер сярод хмыз,
Як ратай на дудзе тут зайграе.
І дабрэе злы воўк; ён глядзіць, бы ягнё,
І ківае ў лад-тахт галавою.
Нібы рой галубкоў, замаўчыць груганнё
І лунае над мяккай раллёю.
Не кусае вужак; ён звярнуўся клубком,
Заварожаны слухае гранне.
Хоць у рукі бяры, перазайся вужом, —
На цябе, як дзіцё тое, гляне.
Паляшук на дудзе пасля працы цяжкой
Грае цэламу свету на дзіва.
Адыходзіць, як цень, жальба з цяжкай журбой,
На душы — бы хто мажа алівай.
Плывуць гукі ў прастор, нібы птушкі нябёс,
Разлягаюцца пошчакам дробным.
Рады краскі, трава; ў яркіх кропельках рос
Апранаюцца пышна, аздобна.
І журчыць ручаёк, байку-казку пляце,
Дудару вельмі шчыра уторыць, —
Во ад чараў дуды ўся зямля запяе,
Зараз камень нямы загаворыць…
Ой, на свеце няма прыгажэй і пякней
Вольнай песні і простай і шчырай;
Паляшук нават смерць забывае пры ёй,
Яго сэрца ўзнімаецца ў вырай.
Думка рэчкай плыве праз краі, праз вякі,
Думка ў небе гарыць зараніцай.
Сыпле кроплямі ўніз, як раса на лісткі,
Жыве сэрца жывою крыніцай.
10. ЯК ЧОРТ СТВАРЫЎ БАЛОТА
Чорта гне у дугу, бельмы лезуць на лоб,
Забурчэла ўнутры аж занадта.
Бы атруту глынуў, бы глынуў горкі боб —
То зашкодзілі божы зярняты.
Ён крычыць на жывот, бо пачала расці
Раптам чэрава ў стог велічэзны,
Распірае бакі, ні сапсці, ні храпсці, —
Распучыўся ў гару ваўкарэзны.
І пачаў ён бляваць, мэкаць, нібы каза, —
То вылазіць крадзёнае бокам;
Там, дзе плюне, — расце гнілы корч і лаза,
І ракіта і лопух, і блёкат.
Чорт снуе, як павук, выпірае аж дух,
Плюе, харкае серкай, крывёю;
Ён паганіць ваду цэлай кучай рапух,
Рабакамі і дзікай травою.
Чорт снуе, як павук, рыгануў раз-другі,
Плюнуў панам і яснаю паняй.
Пойдзе гора гуляць на шнуры, на лугі
І жыццё мужыка апаганіць.
Чорт снуе, як павук. Ён усё — храк і храк:
Вылез поп з яго ляпы паганай.
Поп калматы такі. Гэй, пільнуйся, бядак, —
Поп закурыць у вочы туманам.
Чорту моташна — страх, аж хвастом лясь ды лясь,
Дзе рыгне — камары, аваднішчы;
З нутра купіны пруць, — скок і скок, плясь і плясь,
Чорт паскудзіць ваду, брудам нішчыць.
Ад натугі язык целяпаецца ўдоўж,
І тырчыць, нібы шост сукаваты.
Ўвесь запеніўся чорт; ён слізкі, як той смоўж,
А плюецца, плюецца рагаты.
Там, дзе плюне — багна і атрута-трава,
Тхлань трасецца, лапоча, дрыгоча;
Чадзіць голаў багун, сасе п‘яўкай дрыгва,
То паморак, то трасца якоча.
Чорт нарэшце за корч зачапіўся, рыгнуў —
З жывата ўсё насенне рванула;
Забурчэла, аж бор у далі ўздрыгануў —
Аж сава прыкры спеў зацягнула.
Раптам выскачыў дзед — гэта злыдзень-шаптун.
Яго вочы — два гнойныя бельмы.
А пад шапкай расце, нібы лямец, каўтун,
Штось мармыча пад нос гэта шэльма.
Апаганіўся ўсюль чысты водны прастор,
Стаў ён чортавым гідкім балотам:
Там пайшлі панаваць страхаццё, смертны мор,
І начніца і цмок пад чаротам.
Чарцяняты кішаць, нібы вар у катле,
Іх гадуе там чортава матка;
Паратунку няма ад іх проста нідзе, —
Прыстаюць да лапцёў, да апраткі.
11. ЧОРТ ВАРЫЦЬ СІВУХУ ПАЛЕШУКУ НА ЗАГУБУ
То не вецер гудзіць, не шуміць сухавей,
То не гойдаюць злыя віхуры;
То над борам не мчыць чарадзейны цар-змей,
То не ладзяцца плачы-хаўтуры.
Гэта ў медных катлах між зачумленых вод
Вадзянік варыць жыжу-атруту;
Там і хмель і палын, і пякельны смурод —
Для людзей на лайдацтва, пакуту.
Між балотных карчоў многа бочак стаіць,
Іх пільнуюць-вартуюць вужакі;
Жыжа пенай бурліць, і кіпіць і блішчыць.
Ой, шалёныя будуць прысмакі.
І прабуюць на моц, і прабуюць на крэп,
І пячэ агнём, плягай пякельнай;
Голаў круціць, бы ўюн, і малоціць, як цэп,
Голаў круціць ён бубнам вясельным.
Не дыміцца туман — курыць люльку сваю
Вінакур-вадзянік сярод ночы.
Нечысць вабіць людзей, нечысць ладзіць гульню,
Дым туманіць у самыя вочы.
Паляшук моцна п‘ян, скача, песні пяе,
Лье у глотку нячысцікаў трунак;
Ломіць-крышыць усё, жонку родную б‘е, —
Дзеці клічуць людзей на ратунак.
Як за клямку з дзвярэй, цягне чорт за язык —
Паляшук нешта брыдка гавора;
Ён хрыпіць, як вяпрук, ён раве, як той бык, —
Па калена яму сіне мора.
Збудаваў браварок пан на дзікі прыгон,
Сплёў бізун для сялян на Палессі,
Змайстраваў поп царкву, зазваніў ён у звон
У глухім заварожаным лесе.
І прыехаў царок на крылатай бядзе,
І астрог ён прывёз — падарунак.
Ой, канец надышоў. Паляшук прападзе,
Хіба сам сабе знойдзе ратунак.
Вось як гідкі той чорт дзеду-богу памог,
Пастараўся зладзюга нямала.
А ў нябесах сваіх вельмі рад стары бог —
Вышла досыць цікава, удала…
12. ЧОРТАВА ЛАЗА АБХАПІЛА ПАЛЕССЕ, ШТО З ГЭТАГА ВЫШЛА
Урадзіла лаза. Нясе ліха з сабой,
Перайшла ад балота на поле, —
Проста рады няма, стаіць шчыльнай сцяной, —
Паляшук праклінае лёс-долю.
І злуе паляшук: цэлы край прападзе
Пад чартоўскай пляцёнкай-заховай:
То-ж Палессе, як дзед, барадой абрасце
Кучаравай, калючай, лазовай.
У гарачыя дні просіць сонейка ён:
— Ты спалі мне лазу — гэту здраду!
У халодныя дні просіць зімачку ён:
— Змаразі мне лазу, дай ты рады!
Давай сонца пячы, давай парыць ваду —
Яшчэ болей расце, вырастае.
І мароз надышоў на лазу, на брыду, —
А лаза не баіцца, не дбае.
Зноў бярэцца яна на вясну, як вязель,
Заглушае лугі і паляны;
Лезе ў вочы і твар, як дакучлівы чмель,
Сваёй лапай чартоўскай паганай.
І злуе паляшук, і сякеру бярэ,
І кусты сам цярэбіць адважна.
Нямаведама скуль насустрэчу чорт прэ,
Секачу ён шапкуе паважна.
Чорт частуе яго з капшука тытуном, —
Паляшук гэта зелле смакуе;
Чорт ратая заве гультаём, ласуном,
З яго люлькі жартуе, штукуе:
„Ты радзіўся, мабыць, з сваёй люлькай у губах, —
З губ не выпусціш люлькі ніколі;
Ты прывык да яе, цёнгле дыміш, аж страх,
Душыш дымам гаркім сваю долю“.
„Загарыцца твой кут, — няма як ратаваць, —
Насагрэйкай сваёй ты заняты.
Прыдзе смерць па душу — няма як паміраць, —
Тытуну засталося багата“.
— „За жыццё тытуну спаліш цэлы ты стог,
На той свет ты паедзеш капяжкай;
Гібель бочак віна выпівай, каб не ссох,
Каб лілася, як рэчка, гамонка“.
І хвастом ляснуў чорт — з-пад лазы гоц і гоц
Скача пляшка за пляшкай сівухі;
Паляшук п‘е на гвалт, паляшук п‘е на моц,
Абліваецца чортавай юхай.
„Кінь лазу церабіць, — кажа чорт, — лепш дуду
Прынясі ды зайграй мне вяселле“.
І пайшоў паляшук па дуду на бяду,
І ад бабы дастаў на пахмелле.
13. ЯК ПАРАБІЛІСЯ ЧАРТОЎСКІЯ ДАРОГІ І ЯК ПАЛЯШУЧКА ЗРАБІЛАСЯ ВЕДЗЬМАЙ
Жонка б‘е мужыка той чартоўскай лазой,
Паляшук нешта сп‘яну бармоча.
Чорт вясёлы глядзіць, круць і круць галавой
І віляе хвастом і рагоча.
Тутка рады няма, сама баба пайшла
І цярэбіць лазу, дзярэ на лыка;
Ўе вяроўкі з лазы, супачыць прылягла, —
Дзень пагодны, лагодны, вялікі.
„Хочаш ведаць нашто? Зараз я пакажу.
Стань во тут, каля гэтага дуба;
Я на рукі твае во лычок палажу!“
Баба чорта рукою галубіць.
Чорт раскіс і размяк, анямелы стаіць;
Так стаяў-бы гадамі, здаецца.
Баба лашчыць яго, росным вокам блішчыць
І смяецца, смяецца, смяецца.
Скрампавала яго да таўшчэзных сукоў
Лычаком і вяроўкай пляцёнай;
А лазою давай лупцаваць па бакох, —
Пайшлі вохі і плачы і стогны.
Чорт рвануўся раз-два, вырваў дуб векавы
І сунуў з тоўстым дрэвам далёка;
Барануе зямлю, прабівае равы,
Прэ наперад і бокам і скокам.
Баба мае свой спрыт і таксама не спіць,
Моцна села на дуб і кіруе:
— Гэй налева! — крычыць, — гэй, направа! — крычыць, —
І лупцуе, лупцуе, лупцуе.
Толькі пошчак гудзіць; вые чорт, нібы воўк;
Ад лупцоўкі ён жвавы, рухавы.
Чорт нарэшце аслаб; зубы сцяў ён і змоўк.
Грыміць баба: „Налева! — направа!“
Чорт — бягом, узвярнуў шыр балотных раўнін,
Нарабіў ён брады, брадзяняты;
Дзікіх выскацяў шмат, без канца азярын,
Вызяроў і каўдобін багата.
Па сягонешні дзень асталіся сляды, —
То чартоўскія сцежкі-пуціны;
Ні праехаць па іх, ні прайсці нікуды
Няма як. А хто пойдзе — загіне.
Чорт засеў у глушы, з дуба бабу сцягнуў
І зрабіў яе ведзьмаю лютай;
Ажаніўся ён з ёй і на вёскі сунуў
На нядолю людзям і пакуту.
14. АГІДНЫЯ ЎЧЫНКІ ВЕДЗЬМЫ
Сядзіць ведзьма ў кустах, а над ёю сава
Шэрым крыллем плюгавым лапоча;
Крэхча жабай, дрыжыць, як жывая дрыгва, —
Ведзьма злая замовы шапоча.
А жар-месяц глядзіць на калматы гушчар,
Нібы твар агняшчокі, чырвоны.
Ой, Палессе замрэ ў ланцугах ночных чар,
У паганых кіпцях забабонаў.
Ваўкалакам страшным ведзьма душыць дзяцей,
Лезе чорным катом у сялібы,
Губіць спрэсу народ, муціць бедных людзей,
Кожны прэ на ражон і на хібу.
Плодзіць-родзіць чарцей, знахароў, ведзьмароў,
Паслугачак-шаптух усюль мае;
І падвеем ляціць на гумно з пустыроў
Паляшучка, вядзьмарка старая.
На людзей, на быдлё шле бяду за бядой
І бядой паганяе, бы пугай;
Замятае сляды чараўніцкай мятлой,
Затуляе гнілою дзяругай.
Пусціць дождж на жніво, сыпне град ільдзяны
З зачарованых горных харомаў;
Душаць кур, куранят каршуны-груганы,
Губяць збожжа страшныя заломы.
Сонца паліць-гарыць, нібы прысак пясок,
Хоць пячы ў ім яйцо, як у печы.
Пошасць, трасца бярэ, есць дзяцей прагны цмок,
Усіх поедам есць і калеча.
15. ЯК ПАЛЯШУКІ ЗМАГАЮЦЦА З ПАМОРКАМ
Людзі б‘юць шаптуноў, у магілы кладуць,
Да зямлі прыбіваюць асінай, —
Ведзьмакі-мерцвякі не ідуць, не брыдуць
Па начах таямніцай-пуцінай.
Людзі ў пушчу ідуць; з усіх сіл грамадой
Вырубаюць высокую хвою;
Робяць крыж, валакуць да ракі талакой,
Ставяць крыж на гары за ракою.
Дзецюкі аб той крыж брусок ясеня труць,
Губку ў міг да бруска прыкладаюць;
Загарыцца яна, агонь людзі бяруць,
Ва ўсіх хатах з яго запаляюць.
І гарыць дзень і ноч гэты вечны агонь.
І пад крыжам не зводзяць агнішча.
Дзед паморак дрыжыць, як спалоханы конь, —
Не пускае яго пажарышча.
Ходзіць-бродзіць адзін між карчышчаў балот
Сівы дзед аднавокі, калматы;
Ён у вёску ідзе, дзе вартуе народ, —
Дзед праплішчыцца думае ў хаты.
Пападзе на агонь, пападзе на ваду, —
Яго смаліць агонь, вада топіць.
Люд дрыжыць і глядзіць на паморка-брыду,
Вочы пільна ў яго утаропіць.
„Ой, пусціце мяне, я вам шчасце нясу,
Векавечнае шчасце такое…
Я вам радасць даю, на спякоту — расу,
Ой, пусціце-ж у хаты затое!“
„Таго шчасця няма ў мужыка пры жыцці, —
А ў мяне — мае волю нявольнік.
У мяне можа сон-адпачынак знайсці,
Гарапашны палескі бяздольнік“.
„Гэта смерць, гэта смерць…“ — кажуць людзі кругом,
— „Адыйдзі-жа! акыш! мы не хочам!“
А паморак стаіць, як той цень над агнём,
Вокам зіркае, штосьці шапоча.
Расплятаюць тады бабы косы свае
І скідаюць апраткі дагола;
Грамада голых баб шумна песні пяе,
Аб‘язджае сахой вакол сёлаў.
І равок-баразна мае моц, як ніхто, —
Смерць яго не пяройдзе ніколі.
Дзед-паморак злуе, ажна плакаць гатоў,
Ходзіць-бродзіць па чыстым па полі.
16. ПАЛЯШУК ПЛЯЖЫЦЬ ЛЕС І ВЫКАРЧОЎВАЕ БАЛОТА
Шуміць бор векавы. Лясун гойкае — страх.
Ён тут пан-уладар сярод пушчы.
Паляшук пляжыць лес. Стук і стук, трах і трах,
Толькі пошчакі граюць у гушчы.
Кружыць чорт секача. Не баіцца мужык, —
Дзераўлякі ён лысіць сякеркай;
Не заблудзіцца ён, бо да лесу прывык,
Як да світкі сваёй, да магеркі.
Валіць хвою і дуб, на будоўлю кладзе,
Чысціць лапікла, рупна карчуе;
Сее збожжа, арэ, бараною вядзе,
І бяды за сабою не чуе.
Жыта жнуць і пяюць, урадзіла зямля,
Жнеям ладзіць дажынкі араты.
Рэчка грае, бурліць; мёдам пахне ралля,
Сонца грэе вясковыя хаты.
Хаты лезуць у лес усё глыбей і глыбей.
Лесуна і нячысціка грабяць.
Лясун стогне — лясы ўсё радзей і радзей,
А балота людзей вельмі вабіць.
Высыхае яно. Чорт сунуў аж да дна,
Бо людзей пачынае баяцца.
Чорта сполах бярэ. Страшыць сіла адна —
Гарапашная, рупная праца.
17. ПАЛЕШУКІ І ПАНЫ
А дудар-паляшук на сваёй на дудзе
Дзень і ноч сабе грае ды грае.
Аб мужыцкім жыцці, аб сялянскай бядзе
Плыве песня ад гая да гая.
Песня паліць агнём, вугаллём залатым
Паляшуцкія шчырыя сэрцы:
„Іх нямнога — паноў. Мы — як лес той густы,
Дык хадзем на іх з косамі! Смерць ім!“
„Будзем біць тых паноў! Пусцім яркі агонь —
Хай гуляе над панскім палацам!
Нашы слёзы у ім, векавечны наш стогн,
Бо на пана ідзе наша праца…“
„У паноў сыць-гульня, абіваюць бакі.
Трэба нішчыць і біць гэтых гадаў!“
І пайшлі грамадой беднякі-парабкі
У бары, у лясы радзіць рады.
А дудар-паляшук на сваёй на дудзе
Дзень і ноч сабе грае ды грае.
Аб мужыцкім жыцці, аб сялянскай бядзе
Плыве песня ад гая да гая.
Гулкі пошчак ідзе ад сяла да сяла
Ад дударскага вольнага грання.
Песня птушкай ляціць і ракой паплыла,
Будзіць люд яна з рання да рання.
У маёнтках той спеў як пачуюць паны —
Давай коні сядлаць ды за пікі.
Па палях і лугах круцяць-верцяць яны,
Каб злавіць бунтароў і музыку.
— Дзе той хам-паляшук? Дзе адважны дудар?
Мы паробім з усіх квашаніну!
Як адважыўся ён — непрыстойны бунтар —
З ганаровых паноў строіць кпіны?
І бягом на усход і бягом на заход —
Полем-лугам і лесам вячыстым.
Ад мяцежнай дуды замяцежыў народ —
Лаві ветра у полі у чыстым!
Голас гулкай дуды, раней тонкі, як дрот,
Раптам вырас у буру-віхуру.
То грыміць на заход, то грыміць на усход:
— Па вяльможных наладзьце хаўтуры!
Гнеў кіпіць у паноў. Большы гнеў у сялян.
Свеціць белы маёнтак агнішчам.
І ад страху дрыжыць злы, збянтэжаны пан:
— Што рабіць? Нас мужык хутка знішчыць.
цар войска прыслаў — хоць гаці ты з іх гаць —
І пачаў будаваць шмат астрогаў.
А калматы „айцец“ давай пеклам пужаць
І нябесным царом — гнеўным богам.
18. ПАЛЕШУКІ І ПОП
А дудар-паляшук на сваёй на дудзе
Дзень і ноч сабе грае ды грае.
Аб мужыцкім жыцці, аб сялянскай бядзе
Плыве песня ад гая да гая:
„Ты не бойся, батрак, гэтай шэльмы-папа,
Не давай ты яму падарункаў.
Лепш ты хату пільнуй. Поп на жонку напаў,
Распусціўся гультай гэты з трункаў“.
Раз пайшоў паляшук аж на некалькі дзён
У багаты маёнтак на працу.
Ненарокам назад. Ажна ў хаце смех-звон.
— Добры вечар, калматая цаца!
— Дык ты часта, лайдак, тут да бабы маёй
Валачэшся на гэткія балі? —
І давай лупцаваць, аж той попік: „вой-вой!“
Па спіне яго граюць цымбалы.
Попік моліць яго і ад болю дрыжыць:
— Далібог, больш не буду, не буду…
Я дахаты пайду… Дай на свеце пажыць…
Мілы бог, выратуй сваім цудам…
Без кашулі стаіць ды у плач ды у плач,
І дрыжыць яго цела ад лою.
Не. Не пройдзе дарма. Паляшук бярэ квач
І папа таго мажа смалою.
І папа-шальмяца усадзіў ён пасля
У курынае пер‘е, у скрыню.
І замкнуў на замок і запрог ён каня
І павёз гэту скрыню на рынак…
„Гэй, збірайцеся усе! Падыходзьце сюды!
Пятакоў не шкадуйце вы толькі!
Я кіятар прывёз вам — маладым —
Зараз малпа станцуе вам польку!“
Сваю скрыню адкрыў. — Гэй-жа, малпа, вылазь!
Весялей! Патанцуй перад людам!
Што? Не хочаш, лайдак? — І драцянкаю лясь
Па спіне той папоўскай і кудлах.
І танцуе „айцец“, і людзей бярэ смех:
— Ну і гожы малойца! Ну й гожы!
І шапоча „айцец“: падаруй мне мой грэх…
Ствары цуд свой, нябесны мой божа…
19. ВОСЕНЬ, ЗІМА, ВЯСНА І ЛЕТА
З шчылін бору ў акно восень пільна глядзіць
Шэрым бельмам слязлівым, балючым.
Лес шуміць і дрыжыць, і звініць, і гудзіць
Жоўтым лісцем шуршавым, дрыжучым.
І Палессе тады у туманістых мглах,
У вільготнай і слізкай апратцы.
Хтось брыдзе па дрыгве у парваных лапцях
Па зыбучай патрэсканай кладцы.
А па восені ўслед надыходзіць зіма,
Ў снежнай хустцы вандруе па лесе;
Сцеліць-беліць абшар, проста месца няма,
Дзе схавацца на топкім Палессі…
З пытля сыплецца снег — з высачэзных пустот,
Спрэсу гурбай сялібы заносіць;
Нібы ў млыне мука, лезе ў вочы, у рот,
Вея ў трасцы трасецца, галосіць.
Мчыць мяцеліца ўдаль, завіруха круць-верць,
Ваўкі выюць на сівых курганах.
Вужы-косы скубе сіва-белая смерць,
Пакідае сляды на палянах.
Чорт марозіць людзей, губіць-душыць іх шмат,
Ён пякельную злосць спаганяе.
Людзі гінуць усюль — каля сёл, каля хат,
Ім усюды — магіла нямая.
Але з поўдня вятрок прысылае вясну;
Сонца грае, снег тае і тае.
Прабуджаецца свет ад зімовага сну,
Расцвітае, як дзеўчына тая.
Зноў балота-дрыгва пад бурлівай вадой.
Плывуць крыгі мільгаюць, бы качкі.
Пні, карчы і кусты па вадзе грамадой,
Аж скрыпяць, аж дымяць ад гарачкі.
Паляшук на чаўне не баіцца плысці —
Яму ўсюды дарожанька вольна.
Ці не хоча ён лёс, долю-шчасце знайсці
На прасторы празрыстым прывольным?
Думу думае ён, штось спявае ў душы,
Бы дуда у грудзях, а не сэрца.
Адчыняе сакрэт ён палескай глушы,
Нібы піша яго на паперцы.
Лета песні пяе у вянку з васількоў
І стаіць на шаўку, аксаміту;
А гарсэцік яе — з залатых каласкоў;
Саматканка-фартух — з сінь-блакіту.
Слепіць шыйку яе росных пацеркаў жмут
З буйных ягад, чырвоных, як золак:
Песціць стан малады абручок-баламут —
Паясок з сяміцветных вясёлак.
Там, дзе ступіць нагой — траўка-хохлік зірне,
Там на сонца ўгару гляне кветка;
Там, дзе кіне свой зрок, яркі свет мільгане,
І праменяцца шчасцем палеткі.
20. ПЛОЙМЫ ЗДАНЯЎ ПАНУЮЦЬ НАД ПАЛЕССЕМ
То не сны-туманы, не імгла аблягла
Густым невадам пушчы, даліны, —
Гэта ўздоўжку ў шыр-даль зданяў цьма наплыла,
Як паводка ў Палессе-краіну.
Крычыць мшалы лясун „го-го-го!“ у бары. —
Ён лясны гаспадар ганаровы;
У кароне з галля, ў світцы з цёмнай кары
Ён сядзіць на пасадзе дубовым.
Цягне-топіць людзей у вадзе вадзянік,
І русалкі там ладзяць ігрышчы.
У хаціне жыве стары дзед дамавік,
Злы гуменнік сядзіць на гумнішчы.
За пячуркай старой каты-злыдні жывуць
І трывожаць людзей беспрастанку.
На гаўяду, людзей цёнгле клічуць-завуць
Трасавіц, злых мароў, ліхаманкаў.
Ой, „страхоццяў“ зашмат мае наш паляшук.
Шмат пякельных агідных прывабаў.
У старых пустках гудзіць адзінокі кадук.
На гародах — жалезная баба.
Зух-паляруш імчыць звар‘яцелым віхром,
Ён вясковых калечыць і бэсціць.
Саранчою вісяць над забытым сялом
Беды розныя, розная нечысць.
А на крушні сядзіць у тумане ў расе
Краса-дзеўчынка голая — доля;
Яе грудкі вужак цёнгле смокча-сасе,
Плача бедная ў чыстым у полі.
Па пуцінах пустых залягла варажба,
Павуцінай плятуцца замовы.
Рвецца вужам з грудзей то праклён, то бажба,
Пырх і пырх ад заховы ў захову.
І чакае народ ад нявідзімых чар
Збаўцу светлага, гожага воя;
Аб ім мараць і сняць, і глядзяць на папар,
Ці не свеціцца постаць героя.
Яго шлях — млечны шлях, яго шлях — сонца шлях,
Яго зброя — з праменняў вясновых;
Зараніца гарыць на пукатых грудзях.
Яго вочы — з вясёлак вясёлых.
На высокім чале свеціць сонца, як жар.
Месяц ясны ў руках ён трымае;
Ў юным сэрцы яго гарыць вечны пажар,
Макам-цветам яскравым буяе.
Прыдзе збаўца такі. Ён затрубіць у рог.
Рой зданёў, як туман, здрыганецца.
Прападзе наўсягды. Будзе вольна ў палёх.
Светлым Розумам вой той завецца.
Забудуецца край. Загрыміць на ўвесь свет
Небывалаю славай-грымотай;
Паляшук зажыве, бы пад сонцам мак-цвет,
Заваюе навекі балота.
21. ІЛЬЯ ПАЛЮЕ ЧАРЦЕЙ, ЦМОК НІШЧЫЦЬ ПАЛЕШУКОЎ
Над Палескай зямлёй полаг неба вісіць
Велізарнай тканінай шаўковай.
Рослы волат-ратай — Сонца ў неба стаіць
І блішчыць галавою агнёвай.
Гляне вокам уніз, патрасе галавой, —
Рассыпаюцца кудры-праменні;
Неба рупна арэ залатою сахой,
Сее іскры-дабро поўнай жменяй.
Стада хмар ён пасе, штук нязлічаных шмат,
З крышталёвых крыніц ён іх поіць:
То пагоніць у кут, то іх верне назад,
Над Палескай раллёй ён іх доіць.
Малако льецца ўніз, бы з вядра плюх і плюх,
Корміць-сыціць абшар лугавінаў.
А тым часам імчыць па балоце злы дух,
Ён з вясковых людзей строіць кпіны.
А нячысцікі ўсе пад вадою кішаць,
Толькі бурбалкі пырсь сінім кругам,
Вось задумаў Ілья тут чарцей паляваць
Над балотам, над лесам, над лугам.
Разыграўся пярун, смаліць-паліць пярун,
Кіпіць неба, маланка гуляе.
Сярод дня сее мглу Ілья — грозны вяшчун,
Ён чарцей, нібы зайцаў, страляе.
Ілья громам грыміць: „Так, так, так! Го-го-го!“
„О, лупі яго, бі яго, гада!“
„Трах, трах, трах па зубах ды па карку яго!“
„Трэсні раз і другі ў гэту здраду!“
Паласуе дубы, запаляе стагі, —
Непрытульна на шэрым балоце.
Мокнуць дрэвы, кусты; плачуць поле, лугі.
Ўсё Палессе ў зыбучай вільгоце.
І мінула жуда, і мінула туга
На балоце, над полем, над гаем.
На абшарах нябес грае фарбай дуга, —
То каняку Ілья запрагае.
Трэба ехаць дамоў на спакой-супачын,
Трэба даць мужыку касіць сена;
Трэба на зіму шыць кажух з белых аўчын;
А гаспода без дроў — ні палена.
І паехаў Ілья, а тым часам злы цмок
На ўсіх тубыльцаў сее дрыготы.
Шмат глытае людзей, іх пужае знарок
Яшчэ горай, чым нечысць з балота.
Няма рады — хоць плач, каму плакаць няма —
Асталіся пустыя сялібы.
І вісіць страхаццё над Палессем, як цьма,
Увесь край анямеў, нібы рыба.
22. АСІЛАК ЗАБІЎ ЦМОКА, А САМ СКАМЯНЕЎ У КУРГАН
На той жудасны час у Палескай глушы
Жылі ў згодзе ў любосці дзед з бабай.
Не было ў іх дзяцей, было добра ў цішы —
Не было ў іх для цмока прывабы.
Дзядок дровы сячэ, бабка воўну прадзе
Так плыве дзень за днём ў адзіноце.
Не баяцца бяды, хоць жывуць у бядзе,
Не баяцца жуды на балоце.
Але здарыўся цуд: зорка ў небе мігціць,
Паглядае на хатку крывую;
І расце і цвіце, і на хатку глядзіць, —
Апусцілася ў хатачку тую.
Зіхацела яна залатым галубком,
Над бабуляй сівой залунала.
Зорка стала пры ёй дзіцянём-хлапчуком,
Было клопату ў бабы нямала.
Рос хлапчук міг у міг, рос па днях, па начах,
У пяць год быў асілкам высокім;
Ступіць крок — грук ідзе па лясах і палях,
Грэе-лашчыць усё ясным вокам.
Вырваў з корнем сасну і на цмока пайшоў
Ваяваць на абшырным балоце.
Брыў-хадзіў доўгі час, таго цмока знайшоў,
Пачалася там бітва — страхоцце.
Аж балота у стогн, аж дрыжэла яно,
Аж кіпела вада, бы ў катлішчы.
Кінуў цмока ў вір-глыб ён на самае дно,
Ад крыві парудзела багнішча.
Волат рад, волат горд сваёй сілай страшной,
А няма з кім падужацца болей,
Стукне ў неба ілбом, трах па сонцы сасной,
Нібы ўночы, сцямнелася ў полі.
Волат рад, волат горд крэпам плеч, сілай рук,
Кроў у жылах гарыць і буяе.
Кулаком аб зямлю грук і грук, стук і стук,
Зацвіла на душы думка злая.
Пачаў свет на свой лад гартаваць, папраўляць,
Перайначваць нанова парадкі;
Выпіў воду з азёр і давай абліваць
Той вадою сялянскія хаткі.
Курган соваў рукой — то адзін, то другі, —
Нібы порхаўкі, з месца на месца;
Кінуў луг на лясы, кінуў лес на лугі, —
Няма з сілай сваёй куды лезці.
Моц па сэрцы стучыць, крэп гудзіць па касцях,
Мучыць волата дзікая смага:
Трэба штосьці рабіць на прасторных палях —
Усёроўна ці добра, ці блага!..
Неба у злосць увайшло. — Чараўнічы туман
Спутаў волату рукі і ногі;
Дзікім мохам пакрыў, скамяніў у курган,
Што стаіць і цяпер ля дарогі.
23. СТАРЫ ДУДАР СХАВАЎ СМЕРЦЬ У РАЖКУ, ЛЮДЗІ ПЕРАСТАЛІ ПАМІРАЦЬ, І ЗРАБІЛАСЯ ЯШЧЭ ГОРАЙ
Смерць брыдзе і касой косіць старых, малых,
Нібы снег на вадзе, вёска тае.
Раз вандруе дудар па пуцінах лясных,
У гушчэчы ён смерць сустракае.
Стала цёмна ў ваччу. Дастае ён ражок,
Каб панюхаць табакі шчапотку.
Ён ад страху дрыжыць, лезе трасца праз бок,
Ражаном стала ў горле хрыпотка.
Смерць вітае яго, адкідае касу
Здрацянелай сваёй рукой-косткай.
„Покуль богу душу я тваю панясу,
Дай сюды тытуну на пачостку!“
— „Нюхай!“ — кажа дудар, — ражок тыц ёй пад нос,
Востры дзюб смерць бліжэй падстаўляе.
„Ой, тытун твой слабы, як трава; дзе ён рос?
Моцы-крэпу ні трошкі не мае!“
— „Калі так, — у ражок лезь і нюхай як след,
Будзеш чыхаць, праветрыцца голаў“.
Смерць палезла ў ражок, зачыніў яе дзед,
І дахаты пайшоў ён вясёлы.
Сядзіць смерць у ражку: чых і чых, стук і стук,
Штосьці глуха і хрыпла лапоча.
Песні грае дудар, стары дзед-паляшук,
Робіць тое, што ўздумае, хоча.
Люд працуе, жыве; прайшоў год і другі,
На Палессі ніхто не ўмірае.
Зелянеюць лугі і бялеюць лугі,
І жывецца ратаям, бы ў раі.
На шнурах — ураджай, у снапах — умалот,
Развялося гаўяды без ліку.
Дзяцей шмат у бацькоў, распладзіўся народ
Грамадою бясконца вялікай.
Так прайшло гадоў сто, а мо‘ болей за сто.
А людзей так паўнютка на свеце.
Стала прыкра старым: дзед памерці гатоў, —
А, як хоча, не можа памерці.
І людзей і быдля на зямлі, як гара, —
Во зямелька разваліцца зараз.
А даўненька-даўно ім памерці пара, —
Гэта-ж нейкая лютая кара…
Хай паморак, вайна выратуюць зямлю,
Хай ачысцяць мяцёлкай віхурнай.
Надакучыла жыць, адкідаюць гульню, —
Зажадалася песні хаўтурнай.
А буяе зямля, хоць ратай не арэ,
Плодзіць-родзіць дабро без аддухі.
Ратай лезе ў багну, а багна не бярэ,
Не бярэ на балоце зыбуха.
Ратай лезе ў пятлю, рэжа горла касой,
Сабе дол на гародзе капае;
Кроў пальецца ад ран жыватворчай вадой, —
Бедакоў і зямля не прымае.
Наракае народ, што дудар вінават,
Бо ён смерць у ражку запалоніў.
„Дай нам шчасце, дудар, — ці ты рад, ці не рад! —
Пусці смерць нам на родныя гоні!“
Адчыніў дзед ражок, бо няма што рабіць, —
Людзі самі жадаюць загубы.
І пайшла смерць гуляць, і пайшла смерць касіць
На галодныя — вострыя зубы.
24. СМЕРЦЬ ДУДАРА
То не рвецца струна, то не лебедзь пяе,
То не ломяцца крыллі сакола —
То канае дудар. Сум пануе ў сяле,
Прычытанне чуваць навакола.
Зайшло сонейка ў бор, загуляла жуда,
Кажанамі над вёскай мільгае.
На каго-жа цябе, сіраціна-дуда,
Сівабровы дудар пакідае,
Анямее твой гук, засмуціцца загон,
Будуць жнеі тужыць на дажынках.
Рване сэрца, душу хворы стогн, ціхі стогн
Без дуды на гульнях-вечарынках.
Без зязюлі-дуды на гады край засне,
Будзе нема маўчаць, як магіла.
І чырвоны, бы кроў, месяц круглы зірне,
Абалье цішынёй крыж пахілы.
Загуляюць вятры ў ясных світках снягоў,
Бы каляднай парою ваўчышчы.
Сярод белых лясоў, абамлелых лугоў
Рыхтаваць будуць веі ігрышчы.
Будзе сонца пячы ўлетку жоўты пясок
На магіле сівога музыкі.
Будзе пушча будзіць: „Гэй, устань, каласок!
Чаму змоўклі дударскія зыкі?“
Плача бедны народ, у жалобе ўвесь край,
Льюцца горкія слёзы бясконца.
Валасы свае рве гарапашны ратай:
„Што пакінуў ты нас, абаронца?“
„Будуць цюкаць на нас, будуць люкаць на нас,
Будуць крыўдзіць паны, паняняты.
Наша сонца зайшло, наш агонь раптам згас,
Што рабіць без цябе, голуб-тата?“
„Аздабляў нам жыццё гучнай песняй сваёй,
Працаваць было лёгка і лоўка.
Не кідай нас, стары, пачакай-жа, пастой!
Надалей будзь вясновым салоўкам!..“
25. ЯК ДУДАР ГРАЎ НА НЕБЕ ПЕРАД БОГАМ, ПОТЫМ АПУСЦІЎСЯ НА ЗЯМЛЮ І АСТАЎСЯ ВІСЕЦЬ ПАМІЖ НЕБАМ І ЗЯМЛЁЙ
Вось памёр дзед-дудар, ці хацеў — не хацеў.
Пахавалі ля шляху-дарогі.
Нібы птушка-арол, угару паляцеў
Аж на самае неба да бога.
Дзеду лёгка было на нябесных палёх
Без балот, без лясоў, без азёраў;
Было добра яму: яго слухаў сам бог,
Сонца, месяц і хмаркі і зоры.
Чараваліся ўсе, любаваліся ўсе, —
І святыя дзяды і анёлы;
Ззялі вочы ў слязах, у надгорнай расе, —
Гэткай песні не чулі ніколі.
Увесь смутак балот паляшуцкай зямлі
Красаваўся пад божым пасадам;
Гукі моцна раслі, гукі ціха плылі,
Гукі сыпалі сонечным градам.
Стары дзед-паляшук на мужыцкай дудзе
Думкі-жальбы на небе іграе
Аб сялянскіх шнурах, аб жывой грамадзе,
Аб турботах забытага краю.
Гук ляціць да зямлі галасней і зычней,
Ён дрыжыць паміж зор і галосіць.
„Пусці, божа, назад на зямлю да людзей…“ —
Паляшук ціха моліць і просіць.
„Пусці, божа, назад… Будзеш слухаць з зямлі
Мае шчырыя, простыя гукі. Пусці, божа, назад… Я тут згіну з тугі,
Спапяліцца душа мая з мукі…“
Бог грымнуў у адказ: „Ты астанешся тут,
Бунтаваць не дазволім на небе!..“
Не паслухаў дудар, захацеў у свой кут,
Ён пусціўся наўцекі на глебу.
Паляцеў на зямлю і астаўся вісець
Паміж небам і нізкай зямлёю;
І пачаў дзед малець і пачаў дзед драбнець,
І зрабіўся ён птушкай малою.
На шнуры йдзе ратай і глядзіць угару, —
Хтосьці гучна спявае над гоняй.
То пяе над раллёй смелы гімн на зару
Птушка-жаўранак, кружыцца, звоніць…
Менск, 1922 г.
↑Матэрыялам для „Палескіх баек“ служыў мне багаты фальклор Палесся, сабраны рознымі этнографамі.
Раней Палессе было месцам каўтуноў, папоў, шаптуноў і незвычайнай памешчыцкай эксплаатацыі працоўнага сялянства. Да рэволюцыі яно жыло бадай што першабытным жыццём. Непраходныя лясы і балоты, няведанне законаў прыроды спрыяла таму, што палешукі пад панскім бізуном і пад націскам рэлігіі стварылі сабе своеасаблівы фантастычны свет, своеасаблівую філасофію змагання дабра і зла, арыгінальна разважалі аб жыцці і смерці, тварылі касмагенічныя ды іншыя байкі ў стылі міфаў старадаўняй Грэцыі.
Да бога і чорта паляшук у сваіх байках адносіўся аднолькава кпліва, з лёгкім смяшком, да папоў і паноў — з вялікай класавай нянавісцю.
Баечнік-паляшук вельмі паэтычны, усёй істотай любіць музыку і таму фантазіруе аб яе неймавернай сіле над прыродай.
Паляшук усё жыццё змагаўся з навакольнай прыродай, пляжыў лес, будаваў сабе курныя хаты, і характэрна, што сялянская праца, паводле палескіх баек, вельмі палохала, нячыстую сілу і яна, чартаўшчына, старалася перашкодзіць яму гарэлкай. З боку гісторыі культуры варта адзначыць, што бадай да рэволюцыі ў Палессі захаваўся звычай першабытнага здабывання агню, як рытуал пры змаганні з паморкам.
Нямала палескіх баек насычаны соцыяльнымі матывамі. Яшчэ старыя баечнікі часта тлумачылі прычыну кепскага жыцця сялянскай беднаты панскім гнётам. У часы грамадзянскай вайны Палессе дало шмат партызан-рэволюцыянераў.
Трэба адзначыць, што і даўней самі баечнікі, у большасці старыя людзі, мала верылі ў свае байкі аб „нячыстай“ і „чыстай“ сіле. Яны проста любілі пафантазіраваць і пацешыць людзей на начлезе або ў хаце ў часы адпачынку.
Старое цёмнае Палессе, дзякуючы партыі і совецкай уладзе, пайшло ў нябыт. Цяпер яно стала краем калгасаў і соўгасаў з квітнеючай багата-ўраджайнай зямлёй на асушаных балотах, дзе торф дае электраэнергію вакольным фабрыкам і заводам.
Дзеці і ўнукі непісьменных паэтаў-баечнікаў становяцца высокаадукаванымі людзьмі, якія твораць пышную совецкую культуру ў галінах гаспадаркі, навукі і мастацтва.