Арнаменты вуліц.
Скрыжалі касцёлаў, царквоў,
Сінагогаў і кірх і мячэцяў:
Багоў інтэрнацыянал.
Кавярні, шантаны,
Графоў і купцоў камяніцы.
Гатэлі. Рамізнікі. Конка.
Вунь некалькі комінаў —
Шпілек фабрычных
З аблокамі дыму,
З прызывам гудкоў.
Вунь Антокаль, Закрэт.
Вунь Лукішкі.
Пяты год у тым каменным доме
Святкаваўся крывёю,
Пятлёю і кулямі.
Срэбраны пояс Віллі
Тут уецца, блішчыць
Між далінаў, узгоркаў,
Садоў і лясоў
І магільнікаў.
Бедныя хаткі акраін,
Бы ластавак гнёзды,
Маленькімі купкамі Горад увесь абкружылі.
Балада вякоў і прастораў.
Балада крыві і няволі.
Скляпы-падзямеллі
Ахоўваюць, нібы святыню,
Гнілыя астанкі літоўскіх князёў.
А на могілках — косці рабоў,
Што рукамі сваімі
На плахце вякоў будавалі
Святы добрабыт для паноў.
Пергамінаў, шмат
Летапісаў пра Вільню —
Струхлелыя звіткі —
Ляжаць у музеях.
Іх мышы грызуць.
Адчуваюць іх водыр і смак
Археолагі.
Многа лірызма…
Усё тут запісана?
He.
Тут запісаны толькі легенды.
А былі лунаюць шаптушкамі
З вуснаў у вусны.
...........
Хоць лірыкі мала,
Затое…
Паслухайце:
Помнікаў два — Мураўёў…
Кацярына…
Пры іх дзень і ноч
Стаіць варта —
Ад птушак гарэзных,
Гарэзных людзей.
Гарадавыя пры іх
Нерухомы, як мармур,
І пышны пагрозлівы мармур
Вартуюць, як скарб. Дзень і ноч тут вартуюць, бо…
Ёсць ад каго вартаваць.
Дзень і ноч блізка кружаць вакол
Рознастайныя зграі
Шпікоў,
І мармур, абсвістаны ветрам,
Абмыты дажджамі,
Вартуюць, як порах,
Бо… ёсць ад каго вартаваць.
Стаіць варта
Ад птушак гарэзных,
Гарэзных людзей,
Бо бываюць выпадкі:
Каменнямі вуха адбілі ушчэнт
Фабрыканту вяровачных гальштукаў.
Тут-жа ля каменных ног
Тоўстай Кацькі —
Аматаршы цесных штаноў
Лейб-гвардзейцаў —
Знаходзілі шмат
Залатых абаранкаў…
А раз…
Была ноч…
І спала Вілля на пасцелі
З пяску між абоймаў прысад.
І Вільня драмала, як тыгра,
Гатова да скоку-нападу.
На вуліцах цёмна.
Ні месяца яркай ліхтарні.
Ні зорак — мятлічак агнёвых.
І дрэвы шапталі у парках
Аб старых часах.
Жартаўлівыя людзі
Бідон валяр‘янкі
(Каты вельмі любяць)
Прынеслі да помніка Кацькі.
І мармур яе
Ад дробных хвасткоў гарнастая Да самага нізу-падолу —
Да шлейфа царыцы
Давай валяр‘янкай крапіць.
Пасля,
Праз гадзіну ці дзве,
Тут гулялі каты
З усёй Вільні,
І ладзілі гучны канцэрт,
Не горш — даліпан —
Афіцэрскай ці панскай гулянкі.
З фліртамі, з пыхам і зграбнасцю
Вялікасвецкай;
Якраз мільянерская моладзь:
— Ня-а-а-а-а-а-аў…
— Ку-ня-а-а-а-ау…
Кацэн-ямер такі,
Ажна Вільня схапілася з ложкаў
Са страхам.
І вочы працёрла
І вушы наставіла,
Слухала…
— Што гэта?
— Хто гэта?
— Можа пажар?..
— Можа разбой?..
— Можа графскі дэбош?..
— Тышкевіч, няйначай, балюе
Адказ быў адзін:
— Ня-а-а-а-а-аў…
— Ку-ня-а-а-а-аў…
І начальнік губерні
Званіў паліцмайстру:
— Сейчас успокоіць! —
І сам паліцмайстар,
Як Неран той, рыжабароды,
Паехаў на баль да катоў.
Не адзін, а з атрадам
Узброеных гарадавых… І была там ідылія…
Слаўнае гульбішча…
Кошак, як зайцаў, стралялі…
І многа каго —
Падазроных ў справе катоў,
Больш дзесятка людзей —
У Лукішкі забралі.
Быў допыт у аптэках:
— Дзе?
— Хто і калі?
— І каму?
— Прыметы?
— Хто валяр‘янкі купляў?
Як асінавы ліст,
Дрыжэлі аптэкары.
Агенты царскай ахранкі
Аж некалькі месяцаў
Хлеб зараблялі па горла:
Лавілі, лавілі, лавілі…
Лукішкі глыталі нямала
„Няісціннарускіх“…
...........
А вось з Мураўёвым…
Прашу прабачэння, не з ім,
А з адным селянінам.
Прыехаў на рынак малюсенькі,
Дробненькі, жвавы адзін Янучок.
Не адзін з роднай жонкаю Мартай —
Таўстухай высокай,
Якая магла б на руках,
Як дзіцёнка, качаць мужанёчка
Свайго. Авечку прадалі яны,
Япрука. Шанцавала. І вось
Ў аднаго „землячка“
У „Заезным дварэ“ пакінулі
Людзі каня і пайшлі сабе
Горад агледзець. Скупыя былі
І любілі глядзець толькі тое, За што ім не трэба плаціць.
Не пайшлі ў балаган —
Пяць капеек не жарты — ого!
І чаго там глядзець? —
Як няшчасны за грошы тым бокам
Спявае, якім людзі добрыя
Іншае робяць?
Ці можа глядзець, як там жулік
Нагою, як пісар той,
Піша? Падумаеш — фокус!
Хоць Янка рукою не зробіць
Таго… Дык затое у воласці
Пісар у іх. Дык такі ён
Аматар, што піша зімою
Па снезе павесткі…
І Янка наш з Мартай
Праспектам пайшлі.
Быў пагодны дзянёк. Вераб‘і і вароны.
І Янка наш з Мартай
Глядзяць у вітрыны.
„Мо‘ купіце што?“ —
Так цікавіцца крамнік адзін.
Далікатныя людзі у Вільні…
„Не трэба нам, дзякуй“.
І Янка наш з Мартай
Пайшлі аж на сквер
Паглядзець Мураўёва.
Драбнюткі, сухенькі Янук
Выглядаў нібы муха пры ім.
А Марта вачэй адарваць не магла:
— Ён вялікі такі
І напэўна у гэтага ўсё
Велічэзнае…
Эх!..
І не чулі муж з жонкай,
Як гарадавы ім сказаў:
„Разайдзісь!“
„А які-ж ён вялікі!..“ Нагледзецца Марта не можа.
Зазлаваўся Янук на яе —
І як крыкне, як гіркне
(Хоць быў ён малы,
Трубны голас ён меў велікана):
— Не бачыла поскудзі гэтай!
Хадзем!
Ледзь паспеў ён закончыць
„Хадзем!“ — як два фараоны
Яго за руку гэтак моцна
Трымалі, аж думаў ён:
Сам Мураўёў сваёй каменнай
Лапай прыціснуў яго.
Фараоны, як вогалас,
Слова, „хадзем!“ — паўтарылі:
— Хадзем у кутузку, гасцёк наш,
За „поскудзь“, хадзем!
— Оскорбление важной особы… —
А Марта у лямант, у плач
На ўвесь голас:
— За гэтага з каменя?!
Цьфу на яго з гэтым камнем!
Тут двое яшчэ фараонаў
Да Марты. Пад ручку жанчыну.
— Хадзем-жа і ты,
Маладуха, за „цьфу!“
— Оскорбление важной особы… —
Збіраўся народ і смяяўся,
І жарты і кепікі строіў.
„Гу-га“ і „гу-га“.
Гарадскія смяюцца з вясковых:
— Дзеля гэтае малпы людзей
Павялі у кутузку!..
Тут царскія агенты
Вызвалі йшчэ фараонаў.
І колькі дзесяткаў людзей
Павялі:
— Оскорбление важной особы!.. — За малпу" хадзем!
Вядуць у кутузку грамаду.
Наперадзе Янка той з Мартай
З вёскі. За імі ідуць
Гарадскія. А вакол
Фараоны…
...........
А потым быў суд.
Чорнасоценны друк затрубіў
Аб крамоле.
Ля помнікаў варту
Паставілі
Ўдвойчы,
Утройчы.