|
У сонцы дзён, у зорнасці начэй
Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй.
Мільгалі думы хутка, як імгненні,
Стоцветныя, як водблескі вачэй.
А маладзік, бы срэбназлоты змей,
Кідаў у мора яркае насенне.
Маўчалі пальмы ў ночным задуменні,
Я запалонен быў красой чыей? —
Яна была чароўна, бы камея,
Як успамін, як вешніх красак сон.
Панёс віхор, бы шызай чайкі стогн.
Магутны морскі шторм яе завеяў,
А водгук кліча, як падводны звон,
У зорнасці начэй, у сонцы дзён.
Тут неба — даль бязбрэжная, як мора,
А мора — даль блакітная нябёс.
Тут лезе нізь на сонечны адкос,
А высь цвіце у сонечным прасторы.
Тут краскі каляруюць, нібы зоры,
А зоры — нібы коўшыкі мімоз,
Тут грае лета на краплінах рос,
Тут зелянеюць вечна долы, горы.
А там — у нас мяцеліца гуляе
Паміж балот, між курганоў-стагоў,
У белых іскрах спуджаных снягоў.
Мароз скрыпіць у гучназвонным гаі,
А сонца спавіваюць хмары-зграі,
А месяц не залоціць глянц лугоў.
Гагры, 15/I 1926 г.
|