Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/IV/Хто гэта ідзе?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Заходняй Беларусі Хто гэта ідзе?
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** З палаючых квятаў-агнішчаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хто гэта ідзе?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХТО ГЭТА ІДЗЕ?

Ой, хто гэта ідзе
У вопратках чырвоных,
З адвагаю ў грудзях,
З сякераю ў руках?
Кіпіць у жылах кроў.
Агні ў вачах бяздонных.
Адным прыносіць смех.
Другім прыносіць страх.

Ой, хто ляціць шыбчэй
Вятроў, віхроў, грымотаў,
Бы шугануў сыр-бор
На вольны на загон?
Пальецца кроў ракой,
Пальецца кроў у ахвоту:
Асілак спешна йдзе,
Ён звоніць гучна у звон.

Дрыжы, магнат-сатрап!
То раб разбіў кайданы.
Пусціўся ён у свет
Да сонца і да зор.
Ён спаліць, як агнём,
І здзекі і абманы:
Засвеціцца зямля,
Ачысціцца прастор.

Нясе ён волю ўсім
Пакрыўджаным народам,
Нявольнікам зямлі
Нясе ён лепшы лёс.
Імчыцца на кані:
„Гэй, парабкі, на сходы!“
Ён славаю грыміць
Ад нізу да нябёс.

То — працы вечнай сын.
То — сын жуды-нядолі
Паганаму жыццю
Паставіў рубяжы.
Змагацца ён пайшоў
З агідай злой у поле, —
Дрыжы, груган, дрыжы!
Дрыжы, сатрап, дрыжы.

Менск, 1921 г.