Звініць, звініць
Праз ночы, дні.
То молат-зух
Так дзынк і дзынк
І дзьмуць мяхі.
Агні. Агні.
Не гром. Не стрэл, —
Кавадлы зык.
Як сонца — сталь.
Іскрыцца сталь.
О, дуж каваль!
О, дуб каваль!
Ён стукне — раз!
Ён стукне — два!
Эх, маладзец!
Эх, галава!
І бразь! і бразь!
І грох! і грох!
Араць —
Куе
Нарог.
Вуглі гараць —
Як гнеў, як злосць. Гэй, шмат работ!
Гэй, працы шмат!
Аж абцугі
Трашчаць, бы косць.
Каваль пяе.
Каваль так рад.
А люд вакол —
Плячо ў плячо.
Ці вер — не вер
Сваім вачом.
Напор грудзей.
Узмах рукі, —
Таму сярпок,
Таму цвікі.
І грук! і стук! —
Адна краса!
Касьба —
Касцу
Каса.
I круць i верць
Туды-сюды —
Тачыла рве
Луску іржы.
Няма бяды.
Няма нуды.
Наш люд жыве,
Наш люд зажыў.
Каваль, тут днюй!
Каваль, начуй!
Сякеру дай!
Дай секачу!
Чакае люд
Каля дзвярэй.
Гартуй скарэй!
Шліфуй скарэй!
Старое прэч — Плыве у нябыт.
Сяўба —
Сей
Нов быт.
Гады, вякі
Ідуць на злом.
На змену ім —
Вось новы дзень.
Ля кузні сход —
Як буралом.
Вясёлы дзень,
Увесь — прамень.
Куюць-куюць тут
Для грамад.
Даюць-даюць тут
Шмат прылад.
Бярэ малы.
Бярэ стары.
Бягуць бягом
На пустыры.
Гатова — ідзі!
Пайшлі! Ідуць.
Будуй!
Ты не
Марудзь!
Менск, 1918 г.
|