Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/IV/Крылатыя машыны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Маладой гвардыі Крылатыя машыны
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Беларусь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Крылатыя машыны.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫЛАТЫЯ МАШЫНЫ

Во зараз, во зараз, во зараз
Пабачыце казку-праўдзівасць:
У сонечным вечным пажары
Задзівіцца дзіва.

Во феніксаў дваццаць міфічных
Сталёвай сям‘ёю прыгожай
Пад стукат, пад грукат стозычны
Даль-высь заварожаць.

Во крыллі трапечуць нервова,
Маторы абшарам запелі.
Во клічуць сто віхраў з заховаў
Прапелеры смела.

Машыны аж глушаць паляну,
У вырай рой феніксаў рвецца,
Чакайце, чакайце — зарана,
Стрымайце імпэт свой!

Пілоты глядзяць у бяздонне,
Рулі ахапілі харобра.
Крылатыя борздыя коні
Закелзаны добра.

Гэй, гэй! Шарахнуліся птухі…
Крануліся з месца сурова.
На полі імчыць завіруха
На колах гумовых.

Пырх пырх — і паляна пустая.
Ляцяць. Чуць ухопіш іх вокам.
Над полем, над рэчкай, над гаем.
Ой, ой, як высока…

Імчацца, імчацца, імчацца
Над пухкай, над снежнаю хмарай.
Сталёвыя гулкія раці
Глытаюць абшары.

Драбнее, драбнее, драбнее
У сіняй пустэлі дружына.
Баечныя цуды-пігмеі,
У небе — крапіны.

Ў абоймы стыхіі зразмаху
Памкнуліся з прагнай ахвотай.
Не ведаюць сполаху-страху.
Гэй, слава пілотам!

То робяць круць верць у паветры,
Кульгаюцца ў сінім прасторы.
Нырцы задаюць на шмат метраў:
Блішчаць метэоры.

Во, во, упадуць, як ікар той,
Насмерць разаб‘юцца ў хвіліну.
Падняліся зноў. Гэта жарты —
Жартуюць машыны.

Зноў пырхаюць, глушаць бязбрэжжа,
Імчацца блакітнай дарогай.
Нябёсам кідаюць мяцежны
Нястрыманы рогат.

Менск, 1923 г.