Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/III/У зімовую ноч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
*** Ты слязамі і крыжамі У зімовую ноч
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** Нас пакута гартавала
Іншыя публікацыі гэтага твора: У зімовую ноч (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ЗІМОВУЮ НОЧ

Дзе зямля тут? Неба дзе?
Вее з вышкі. Вее з долу.
Гурба — дуба. Гурба йдзе,
Затуляе шыр падолам.

П‘яны мельнік — сівы дзед
Курадыміць з белай мшары,
Замятае тут-жа след
Па аслепленых абшарах.

Хтосьці водзіць нейкі звод,
Нейкі лямант сярод ночы.
Хтосьці ладзіць карагод,
Кружыць кругі ў твар, у вочы.

Ты, малое, спі цяпер,
Нікуды-жа не ідзі ты.
Белы снег, як белы звер, —
Ім-жа будзеш ты забіты.

Не ідзі-жа пад віхор,
Юлька-краска, з роднай хаткі:
Там угледзіш ты шацёр,
Там пачуеш голас маткі.

Там зазвоніць — нібы звон,
Там заззяе — нібы ззянне.
Не ідзі туды на згон,
Не ідзі туды на гранне.

Прабяжыш там, прабяжыш
Трое межаў, трое гоней.
Вось стаяла — вось ляжыш.
Над табою бор зазвоніць.

Бор зазвоніць над табой,
Ты пад звон той заначуеш.
Снег насыплецца гарой —
Не пабачыш, не пачуеш.

А у хатцы, бач, тапчан,
На тапчане тым бабулька,
Да дзяўчынкі кажа: „Глянь,
Кот свой тварык мые, Юлька!“

На пяколку шэры кот.
Ён чакае падарожных.
І бабулька сцяла рот,
Штось не спіцца. Штось трывожна.

У куточку вунь партрэт
Генерала ды старога.
Свеціць вока, эпалет,
Нос — цыбуля, вусы — рогі.

Важны, строгі знак вайны,
Важны, строгі генерал той.
„Вось якія, вось яны,
Што забралі сына гвалтам!“

Генерала рваць даўно
Ўсё хацела, ды баіцца.
„Вось дзе гора, вось яно!
Ах ты, злодзей! Ах ты, гіцаль!“

А газніца то блісне,
Асвячае бляскам хату,
Кветкі, траўкі на акне
Дзіўнай фарбай так багаты.

Бы галінкі рэчных лоз,
Бы лілеі з дыяменту,
Лье краплінкі дзед-мароз,
Не шкадуе атрамэнту.

Вось газніцы-аганёк
Змеркне дымам на хвіліну, —
Атуляе цень куток,
Атуляе ўсю хаціну.

На пяколку кот сядзіць,
Паглядае на закуткі.
„Ой, бабуля, ой, глядзі…
Енерал той, як жывюткі!…“

„Як жывюткі… далі пан!“ —
Кажа Юлька: — „Ці вы чулі?“
Скача з жаху на тапчан
На ратунак да бабулі.

— „Ляж ты, дзеткі, ува сне
Не пабачыш гэтай цэры!“
— „Маці цукру прынясе
Ад таго ад афіцэра…“

— „Ляж, унучка, тут пры мне
Будзе добра, цёпла спаткі“.
— „Мой татуля на вайне.
Прывязе гасцінец татка…“

— „Маці збегла з казаком, —
Кажа бабка, — дык маўчы ты.
Родны тата пад агнём
У акопах спіць забіты…“

Юлька плача. Спаць пара.
Кот мурлыча на пяколку.
— „Бабка, бабка, енерал
Зноў пужае страшным вокам!..“

— „Прыкусі лепш свой язык“, —
Юльку бабка сунімае.
За сцяною нейкі зык.
— „Хай была-б ты лепш нямая!“

І бабулька крыж кладзе:
Мо’ хоць гэта ды паможа?..
„Гора едзе на бядзе…
Так трывожна і трывожна…“

„Дзе пакіну сірату?
Злая сіла пакарала“… —
І глядзіць на пустату,
На благога генерала.

А газніца — блясь і блясь,
Цень кідае, або ззянне.
Злосным вокам кожны раз
Генерал са сценкі гляне…

1917 г.