Ля срэбнай затокі, ля рэчкі на лузе
Дубок прытаіўся і рос.
На ім салавейка спяваў свае песні,
І траўкі блішчэлі ад рос.
І слухалі кветкі, расліны малыя
Званочкі яго веснавыя.
А хмарка, як лебедзь, над лесам ляцела,
А зорка, як вока, мігцела.
Дзівіўся чарот залаты,
І плоткі глядзелі з вады.
Удзень тут хлапчына туліўся маленькі
І жаласна ў дудку свістаў.
І дзынкалі пчолкі, мятлічкі лясныя,
І ветрык на вуха шаптаў.
Тады ля барыны буяла сон-кветка
Пад сонечнай яснай паветкай.
Хмяліла чаромха на вольным абшары…
Дрыжэла і млела імшара.
Раса прылягла да зямлі,
І гутаркі хвоі вялі.
Пад хмарай затока, і моршчыцца рэчка
Ад цёмных разгойданых хваль.
Вясна праляцела, праймчалася лета,
Бы коннік у смуглую даль.
І высах, загінуў лужок зеляненькі,
І ссеклі дубок маладзенькі,
І песня салоўкі зусім анямела,
У рэчцы вада памутнела.
Чарот шмат зрабіўся радзей…
І плоткі залезлі глыбей…
Лес лісці губляе — пажоўклыя лісці,
Іх носіць па лужах віхор.
І неба у шэрую світку адзета,
Там сумна, бы хтосьці памёр…
І плача і енча хваіна на полі.
І вецер асенні скаголіць.
Дождж сыплецца буйны у самыя вочы,
Балота пад лапцем так квохча.
І млее душа у нудзе —
Прытулку не знойдзеш нідзе…
Вільня, 1913 г.
|