Па летніку грэбля
Вядзе да ракі.
Мільгаюць абапал
Сямейкі-кусткі.
Тут ветрык, як хлопчык,
Ківае, трасе
Бярозку крывую
У дробнай рace.
На купіне зыбкай
Тырчыць мухамор,
На шапцы чырвонай
Шмат беленькіх зор.
На ножцы бусловай
Сабачы грыбок
Уверх падымае
Свой жоўты чубок.
А порхаўка млее
Пучочкам-канцом
На моху у гняздочку
Птушыным яйцом.
А яшчарка-цнотка
З агнём у вачах
У хованкі з жабай
Гуляе ў карчах.
Во зніклі-прапалі,
Няма іх нідзе:
Адна — паміж травак,
Другая — ў вадзе.
А вожык здалёку
Паўзе з-пад кустоў,
І яшчарку й жабу
Ён зглымзаць гатоў.
А з вожыкам жарты, —
Дык жарты з агнём,
У дужкі бярэцца
Ён нават з вужом.
А грэбля крывая,
Як той паясок,
То зверне направа,
То зверне набок.
І цягнецца цягам,
І жэрдкі — квах-квах!..
I сук часам шлёпне
Цябе па нагах.
І грэбля да броду
Цябе давядзе
І кіне ля рэчкі
Ў вялікай бядзе.
У рэчцы па пояс
Абхопіць вада;
Няма тут парома,
О, гора-бяда;
Пясок залацісты
Хрусціць паміж ног,
А рыбка мільгае,
Як месяца рог.
Тут кветкі, як зоркі,
Травіца, як пух,
А колькі пстрыкатых,
Крылатых пяюх!..
А далі якія —
Дымяцца, як дым…
Вунь хмарка харомам
Блішчыць залатым.
Вунь комін хацінкі
Ў аблокаў ланцуг
Уткнуўся, як шпілька,
Ў бавэльны фартух.
А далей смуткуе
Стагодні сыр бор;
Густой барадою
Ён лезе ў прастор.
А дрэвы стуль вабяць
Дзесяткамі рук,
Па імені кліча
Няведамы гук.
І дуб табе — братам,
І хвойка — сястрой,
І цёткай — бярозка,
І ёлка — кумой.
1922 г.
|