Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Вясной

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ганулька Вясной
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** Кажа вецер-віхор: хвойкі, елі, зламаю
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясной (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯСНОЙ

То не снег — то чаромха цвіце:
Падарунак вясны-дабрадзейкі,
То не снег — то бярозка расце,
То не снег — матылёчкаў сямейка.

То не шоўк — гэта рунь пад гарой,
То вясны маладой арнаменты,
То не скарб дарагі над зямлёй —
То праменняў блішчаць дыяменты.

То не водгукі струн залатых, —
То жаўронак чаруе ратаяў;
Ён у спевах вясновых у тых
Хараство ніў-палёў усхваляе.

І, здаецца, не ў першы разок
Гэта шчасце вясна прынасіла.
Але вабіць вясновы дзянёк,
І насыціцца вока не ў сіле…

Мая радасць імчыць да нябёс,
Да бязмежных у далі паветак,
І раблюся я братам бяроз,
Ручаёў, матылькоў, кволых кветак.

Запалонен я песняй зямлі,
Загубіўся у ёй, як пясчынка.
Не магу ад яе адыйсці,
Як ад дуба малая галінка.

Пасадзец, 1918 г.