Перайсці да зместу

Збор твораў (Бядуля, 1937)/I/Успаміны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
*** Начлежнікі пяюць. Над вогнішчам туман Успаміны
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** Тры маладыя бярозкі — бярозавы снег
Іншыя публікацыі гэтага твора: Успаміны (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УСПАМІНЫ

I

Ноч у кажуху туманным.
Ані месяца, ні зорак.
Каля рэчкі дуб зламаны,
Круглы ўзгорак.

Днём відаць быў хвойны грэбень,
А за рэчкаю — стажарні.
Хтосьці войкнуў: „трэба! трэба!
Жарні! Жарні!“

Днём была тут касавіца.
Граў на косах поўдзень яркі.
Два браты пайшлі дзяліцца:
Бойкі. Сваркі.

Ноч маўчыць маўклівей смерці.
Я пры вогнішчы. Вакола
Цемень гойдаецца-ўецца
Цёмным колам.

Будзе досыць бавіць бавы,
Трэба ў мглу ісці густую:
Лес купецкі тут пры сплаве
Я вартую.

Аніводнай блізка вёскі…
Што за прыкрыя тут ночы…
Дзве мільгнулі папяроскі —
Воўчы вочы.

II

Раніца. Не гуслі — гэта раніца.
Агні гараць над рэчкаю — агні.
Грайніца — жаўранкавая грайніца
Звіні, сыр-бор! Вяршынямі звіні!

Сонейка. Зірні на поле, сонейка,
Па шкле нябёс, праменнем бі па шкле!
Гонейка, ты скінь цямравасць, гонейка.
У ймгле ты начавала, ува ймгле.

Грывамі махаюць коні — грывамі:
З начы імчаць начлежнікі, з начы.
Дзівамі, хваіны граюць дзівамі.
Крычы, абшар, ад радасці крычы!

III

Замест неба — бляха.
Дрэмле, спіць абшар.
Сонца стала страхам:
Ні дажджа, ні хмар.

Млеюць траўкі, кветкі,
Ледзь гудзіць пчала.
Высахлі палеткі.
На сасне — смала.

Стома ад спякоты.
Дзецца няма дзе.
Пастушок турботны —
Рыбкаю ў вадзе.

Непакоіць стада
Злосны авадзень.
Проста няма рады —
Эх, паганы дзень!

IV

Прыдзі, віхор, ты прошаны госць,
Хай крывавяцца маланкі.
Прыдзі, віхор, (зямля, нібы косць),
Прыдзі з дажджом-гулянкай.

Хай сыпне дождж з нябесных крыніц.
Бор адкажа гучным крэхтам.
Хай кроплі цвітуць з сінявых імгліц,
Як залатыя арэхі!

V

А вось і воблачка — далонь.
Расце далонь над касагорам млосным.
Не воблачка, а сіні слонь.
І неба стала злосным.

Патухла сонца ў дзёгці хмар.
Затросся бор, ад сонца абамлелы.
І пасінеў увесь абшар,
Балота пасінела.

Плыві-ж у грудзі, халадок.
Цяпер так мілы мне, прыемны цені.
Штось раптам асляпіла зрок —
Маланкі замігцелі.

Штось раптам аглушыла слух:
Пярун ідзе па небе гулкім крокам,
Над борам безліч сініх мух —
То сыпнуў дождж з аблокаў.

VI

Праімчала бура на шасцёрцы,
Дзынкнуў дождж у гучныя бразгулкі.
Быў вясёлы вадапой.
Цвёрды карак памякчэў на горцы,
Заскакалі дробныя рачулкі,
Зазвінелі пад гарой.

Зноў зайграла сонейка пад вечар,
Лужа кожная была люстэркам,
Кропля ў кроплю — сяміцвет.
Селянін тугу сваю залечыў,
З радасці ён выпіў поўбутэлькі.
Постаць, вочы — цэлы свет…

VII

Пайду дзівіцца я на летні вечар.
Над пушчай грае зборышча зарніц.
У рэчку ўтапілася іх веча
І гарыць.

Пайду дзівіцца я на цень самотны.
Смуглеюць там бярозы ува сне.
Зашэпча, скалыхнецца дуб вільготны
І засне.

Пайду дзівіцца я на спеў начлежны,
Дзе коні путамі жалезнымі звіняць,
Дзе зоркі запаліліся ў бязбрэжжы
І дрыжаць.

VIII

А вось і ноч. Я зноў адзін ля рэчкі.
Тут за пяскамі блізка хутарок.
Вунь канапля, а на пагорку грэчка.
І пахне так запознены дымок.

Звон камара цянюткі, нібы волас.
Кароткі крык гармоніка і — смех.
Урыўкі слоў. Дзявочы гучны голас.
Эх…

1911 г.