Зборнік «Нашай Нівы» (1912, кірыліца)/1/Прыгонная душа
← Дачэсные | Прыгонная душа Прыпавесьць Аўтар: Янка Журба 1912 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прыгонная душа. |
Прыгонная душа.
(Тэма запазычаная).
Старэнькая бабуля, Аксана, што калісь, маладой будучы, была за няньку у пана Сакалоўскаго, выйшла на двор і села на прызьбі,
Стаяла весна. Быў цёплы, соўнечны дзень. Верабьі звонка шчэбеталі на вярбіне, што схілілася над старой спарахнеўшай хатай, як-бы падтрымываючы яе і не даючы ей саўсім зарыцца.
Даўнейшая панская нянька, а цяпер адзінокая бабылька, грэлася на сонцы, падстаўляючы свае старые плечы пад гарачые лучы. Твар яе быў увесь зморшчэны, падобны да печэнаго яблыка, валасы на галаве сівые.
Закрываючы ад сонца рукой свае мутные вочы, яна пазірала на хлапцоў і дзеўчат, што стаялі ўвакол яе.
— Вы хочэце, каб я расказала вам аб прыгоне. А вы-ж усяму, што раскажу вам, дасьцё веры? Бо цяперашніе маладые людзі нічому ня вераць, саўсім папсаваліся, — пачала бабуля сваё апаведаньне.
Дык, вось, слухайце, калі ужо дужа хочэце ведаць, як жылі у нас ў дварэ.
Наш пан быў страшэнна сярдзіты. Ледзьве што якое бывала не так, крычыць: „На стайню! ўсыпаць двадцаць розаг!“ Помню, як ён памёр… Прывязлі тады да дзяцей немку. Я гэта ўвайшла у каморку, гляджу, а немка нейкіе іголкі разсыпала дый падбірае. — „Што ты гэта тут, кажу, нямец кая морда, робіш? А?!“ Твар у яе якісь нядобры і якіесь незразумелые словы кажэ мне. Я адразу пайшла да пані і ўсё расказала — і аб незразумелые словы і аб усё. А паня толькі сьмяецца. Ну, і што-ж вы думаеце? Праз два дні стары пан і захварэў. Колець яго з усіх бакоў. А я то добра ведаю, што яго колець. Кажу пані: „прымусьцё чортаву немку, каб аддала гэтые іголкі, ды у ваду з сінім каменём іх палажыце, ды дайце вы гэнаго сіняго каменя выпіць пану, дык у яго ўсё калацьцё на верх іголкамі вылезе. Не, не дала веры! Вось і памёр. Ці-ж паны дадуць веры? Колькі іх бачыла, — усё такіе…
… Быў у нашых паноў кухар, адукаваны, трыста рублёў пан за яго заплаціў, сталога купіў. Дык кухар гэты быў гэткі благі для нас, што наўмысьля нам у хлеб тараканоў запекаў. Плачэм, а сказаць баімся, бо пан яго дужа любіў…
… Хустачку паня наша вышывала два гады; чатыры анталяжніцы іголачкамі плялі, кожная свой ражок. Паня наша, на што казаць, вельмі разумная была. Ніколі дзяўчыну па правай руцэ не ўдарыць, дзеля таго, што ўсе мы ў яе анталяжніцы былі; ну, а левую руку, бывала, сашчыпець, ай, як сашчыпець; у кожнай левая рука, як рэшэта, шэрэнькая. У нас усе дзеўчаты крывабокіе былі. (С пяці гадкоў за кросенцы садзілі, — правае плячо уверх, а левае у ніз, левай рукой з нізу іголку падтыківаеш. У дзявоччую каморку да нас любіў захадзіць паніч і жартаваў з дзеўчатамі, каторые былі прыгажэй. Прыехаў раз с палка, вывалок Кацярыну за косы у сьпіжарню, клычыць яе дый крычыць: „Сьпевай мне, мая красуня, варшаўскіе песьні!“ Кацярыні было усяго шэснадцаць гадкоў — дурная, напужалася. А паніч блізка ўсю ноч трымаў яе у сьпіжарні, змардаваў саўсім.
На другі дзень была, як атручэная; тры дні ў сябе не прыхадзіла. Але каб толькі-ж гэтым і скончылося, дык дзе там… А панічу што? Праз колькі дзён гэтак сама было і з Матрунай, дый з другімі. Паніч троху змяніўся толькі пасьля свайго вясельля…
Сталі у мяне, мае вы дзеткі, балець вочы, тады аддала мяне паня панічовай жонцы за няньку. Добрая была маладая паня, кволая ўся. Усё на цыпачках хадзіла, як анёл. Тоненькая такая, як саломінка. А сам малады пан дужа сярдзіты быў, у бацьку ўдаўся. Як пачне каго біць, аж заходзіц- ўвесь. Але, мае вы кветачкі, да маладой пані нашай чужы пан хадзіў. І лісты ей пісаў. Лісты яна мне хаваць давала, бо непісьменная я, сама не прачытаю і людзём не пакажу. Дужа верыла мне. Вельмі яе любілі ўсе. Адна наша заступніца яна была. Бывала, за кожнаго апошняго мужыка у пана ў нагах поўзаець. Вось раз нарыхтаваўся пан вечэрам у госьці. А лякай Навум і кажэ мне: „Глядзі, нянька, я не я буду, калі сягоньня дзесяці рублёў не зараблю“. Паехалі. Да пані госць прыйшоў. Сідзяць гэта яны ў дваіх, размаўляюць. А Навум, ад’ехаўшы колькі вёрст, і кажэ пану: „Нам бы, паночэк, цяпер да дому звертацца, паглядзець-бы, як у нас вечары спраўляюцца“. Вярнуўся пан зьвер-зьверэм. Начыньне ўсё перабіў. А госць патрапіў такі неяк уцячы. Чую я с каморкі, як пан завінуўся. Ну, думаю, прыйшла наша гадзіна пакаянная. Пачэкала троху, але ўзяла ўсе лісты паніны, пабегла да пана ды бразь у ногі. Так вось і так. Супроціў пана майго я вось ня згубніца. І—і, Божухна! Што тут толькі было!… Пасьля гэтаго здарэньня паня наша, анёл наш, і году не працягнула. Заеў ён яе гэтымі лістамі. А Навуму лоб абгаліў і ў салдаты аддаў. Колькі сьмеху было — хі-хі-хі! Вось табе і зарабіў дзесяць рублёў!
Памёрла мая паня, сьветлая ты мая панячка, заступніца наша. Пэўне і рай-то увайшла на цыпачках. Вось, памру, мае дзеткі, і я цяпер, апрануць цела маё у апратку сьмяротную, паложаць у сьвежую яму на магільніку, а сама я ў рай пайду, і спаткае мяне там мая паня кволая і прад Богам заступіцца. „Вось, скажэ, Божухна, прыйшла нянька мая. Аксана, верная слуга мая, прыгонная душа. Дай Ты ей, Божухна, мейсцечка пад пазухай, каб яе душачка у цяпле распарылася, у выгодзі пакачалася“.
Янук Журба.