Зборнік «Нашай Нівы» (1912, кірыліца)/1/Думкі
← Сусьветны жаніх | Думкі Верш у прозе Аўтар: Апалінар Пупко 1912 год |
Тулягі → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Думкі (Пупко). |
Думкі.
Душа мая ныла; хацелося прастору, веры і праўды. Была ужо ноч. Нейкая сіла цягнула мяне у лес у поле… туды дзе ня чуў бы я людзкога голасу, ад катораго занасіло дамашнімі сваркамі, дзе ня чуў-бы я нічога і нікога не бачыў.
Выйшоў я с хаты. Цёплы майскі вецярок прабег па маім гарачым твару, заварушыў мае раскіданые валасы і ўцёк нейдзе далёка, далёка. Думкі мае не пабеглі за ім, а асталіся пры мне і пры маей гаротнай долі. Захінуўшыся цяплей выйшоў я ў поле. Была пекная ноч. Там, дзе вечэрам схавалося сонейко, гарэў цяпер ясны маладзік, каторы кідаў ўсё больш і больш яснасьці на нашу цемную зямлю, каб заслужыцца гэтым перэд сваім старшым братам.
Было нудна на сэрцы. Начная ціш нарушалася толькі брэхам сабак, ды крактаньнем жаб ў балоці. Музыка іхняя працяжная і монотонная, была і прыкра і прыятна.
А потым стала ціха. — Божэ — думаў я: — чаму гэта людзі не зазнаюць шчасьця у жыцьці, чаму яно, гэта гаротнае жыцьцё гэтак запанавало над намі? Дзе-ж праўда? Дзе шчасьце???… І убачыў я гаротнаго забітаго брата-беларуса. Жыцьцё — нядоля заела яго, і цягне ён сваю лямку спакон вякоў. Бедны мужык! Хто не выежджае на тваіх крэпкіх плечах, хто ня корміцца тваей крывавай працай, тваім мазалём? Ты ня ведаеш адпачынку, ад усходу сонца і да заходу ходзіш па сваей убогай ніўцы; нудная песьня, працяжная, як хаўтурны звон, развесяляе цябе. Бедны, гаротны мой брат! Цяжка мусі табе жыць, але-ж затое маеш увагу ад людзей: яны цябе сдавяць, яны дябе паважаюць, бо ты хлебароб іхні. Ты даеш ім тое, без чаго ніхто ня можэ жыць. Хлеб даеш ім, а яны???…
Я апынуўся каля села. Па нуднай вуліцы яго я прайшоўся… Сьпіць сяло. Сьпяць тые мужыкі-небаракі, што заўтра з усходам сонца, ізноў возьмуцца за саху, барану, каб карміць імі увесь сьвет, ізноў пацягнуцца нудные, цяжкіе дні…
Бедны люд… Сьпі пакуль-што моцным і добрым сном, але вер, што і ты не забыты у Бога, што і ты зажывеш чэлавечым і пекным жыцьцём… Абач! Вось уздыймаецца на небі то адна, то другая зорка; сьвецяць яны ясна і праўдзіва: да іх прыбаўляецца ешчэ і ешчэ і наступіць гадзіна, калі асьвечэны будзеш ты, мой бедны беларускі народ! Узыйдзе сонцэ праўды і над тваей зямелькай, асьвеціць твае куткі, сагрэе тваё ахаладзелае цела і уліе новае жыцьцё ў панурую душу.
Хвэлька з Івенца.