Зблізка і здалёку

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зблізка і здалёку
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1915
Крыніца: НН. 1915. 9 крас.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як жа часта людзі бачуць рэчы далёкія, а не ўмеюць прыкмеціць таго, што робіцца каля іх!

Ёсьць і ў нашай старонцы йшчэ багата такіх, што, жывучы між беларусамі, зусім ня бачуць таго, чым жыве наш народ, чаго жадае, што робіць. Гэтак ня ўбачылі яны і той вялікай перамены, што зрабілася ў ім за апошнія дзесяць год: не прыкмецілі, як грамада цёмных хлебаробаў разам збудзілася ад векавога сну і стала зьмяняцца ў сьвядомы свайго я народ, пачала тварыць сваю нацыянальную культуру, будаваць новае жыцьцё. Шмат для каго беларускі народ - гэта нешта незнаёмае, аб чым ён ня мог бы двух слоў расказаць другім. Шмат хто ня чуе, як б'юцца мільёны сэрц беларускіх, каторыя ўжо прачуваюць ясьнейшую будучыну...

"Ня бачуць" беларускага адраджэньня і тутэйшыя расейскія і польскія нацыяналісты. Мала цікавілася ім да апошніх дзён жыдоўскае грамадзянства нашага краю. А тым часам кожная новая песьня-верш, што вырываецца з грудзей беларускіх песьняроў, кожная новая карэспандэнцыя, напісаная мазалістай рукой селяніна ў "сваю" беларускую газэту, кожная кніжка, кожнае таварыства - усё гэта жывы знак, што "жыве Беларусь" і жыць будзе!

З суседняй з намі Польшчы ідзе кліч да згоды між палякамі і беларусамі: там бачуць і справядліва ацэніваюць народны рух. "Тутэйшыя" палякі адказываюць на гэты кліч... зьдзекам над намі!

"Тутэйшыя" расейцы, што гуртуюцца каля "Виленского Вестника" і "Сев.-Западной Жизни", і ім падобныя - таксама ня маюць ніякай пашаны да тэй працы над стварэньнем беларускай нацыянальнай культуры, каторую пачаў наш народ. Зусім іначай глядзяць на гэту справу расейцы ў Расеі: здалёк яны могуць абхапіць вокам усю шыр беларускага руху і ацаніць яго як трэба.

Дзеля прыкладу цікава пазнаёміцца з тым, што кажа аб нашай рабоце вядомы расейскі пісьменьнік Максім Горкі.

Гэтымі днямі выйшла ў сьвет кніжка М. Горкага "О писателях самоучках" (Петраград, изд. "Жизнь и Знание", 1915). У кніжцы надрукованы стацьці, пісаныя колькі год таму назад і друкаваныя ў расейскіх журналах. Вось што кажа вялікі пісьменьнік аб беларускім адраджэньні:

"Я зьвяртаю ўвагу недавяркаў на маладую літаратуру беларусаў - самага забітага народу ў Расеі, - на работу людзей, што згуртаваліся каля газэты "Наша Ніва". Я пазваляю сабе прывесьці песьню, нядаўна выданую "Нашай Нівай"; словы да яе напісаны беларускім паэтам Янкай Купалай:

А хто там ідзе

У вагромністай такой грамадзе?

- Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,

На ў лапцях нагах, на ў крыві руках?

- Сваю крыўду.

А каму нясуць гэту крыўду ўсю?

А куды нясуць на паказ сваю?

- На сьвет цэлы.

А хто гэта іх, не адзін мільён,

Крыўду несьць наўчыў, разбудзіў іх сон?

- Бяда, гора.

А чаго ж, чаго захацелася ім,

Пагарджаным век, ім сьляпым, глухім?

- Людзьмі звацца.

Каб растлумачыць сабе глыбокае значэньне гэтай песьні, - каторая мо на нейкі час зробіцца народным гімнам беларусаў, - чытачу трэба было б паглядзець "Нашу Ніву": яна многа цікавага скажа яму".

Так глядзіць на беларускі рух Максім Горкі: глыбокі сэнс, вялікую вагу знайшоў ён у культурнай рабоце беларусаў, збудзіўшыхся да сьвядомага жыцьця...

Таго сэнсу, тэй вагі не здалелі ўбачыць тыя, што жывуць побач з намі - на Зямлі Беларускай!

Занятыя толькі сабой, дбаючы толькі аб сваю карысьць, яны ня йдуць разам з жыцьцём, - і жыцьцё абміне іх.