Перайсці да зместу

За каня — брусок

З пляцоўкі Вікікрыніцы
За каня — брусок
Казка
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.org/2009-05-25-13-14-53/item/tales-folk/tales-folk-055.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жылі дзед з бабаю. Быў у іх конь. Дзед яго пасвіў, на начлег вадзіў.

Надакучыла яму гэтая работа. Вось аднойчы ён і кажа бабе:

— Баба, а баба. Давай прадамо каня, а купім вала.

— Навошта, дзед, табе вол?

— Вала лягчэй даглядаць: яго на начлег не трэба вадзіць.

Падумала баба.

— Праўда, — кажа. — Ты будзеш дома начаваць. А то мне адной маркотна.

Ну, прадалі каня, купілі вала. Патрымалі яго трохі ды агледзеліся, што вол многа сена есць.

— Давай, — кажа баба, — прадамо вала, а купім лепш казу. Яна будзе малако даваць. А карміць яе можна лазою або бярозавымі венікамі.

— Добра, — кажа дзед. — Няхай будзе каза.

Прадалі вала, купілі казу. А каза такая разбойніца трапілася — бяда. Адну бабу падпускае да сябе. А дзеда ні на вочы. Так і таўчэ яго рагамі.

Панасіў дзед сінякоў ад казіных рагоў і кажа бабе:

— Гэта шалёная каза. Давай прадамо яе ды купім лепш гусь.

— Давай. Яна будзе яйкі несці, гусянят выводзіць.

Ды дзед памыліўся: купіў не гусь, а гусака. Жыве гусак, а яек не нясе, гусянят не выводзіць. Што рабіць? А тут якраз людзі сена касіць пачалі. Сабраўся і дзед касіць, ды няма бруска касу вастрыць. Вось ён і кажа бабе:

— Давай, баба, прадамо гусака, а купім брусок.

— Давай, — згаджаецца баба. — Бо ўсё роўна толку з гусака як з казла малака.

Прадалі гусака, купілі брусок. Пайшоў дзед з касою і бруском сена касіць. Бачыць: у возеры качка плавае. «Забʼю, — думае дзед, — качку — мяса будзе.» Глянуў туд-сюд — няма нідзе каменя. А качка вось-вось далей адплыве. Узяў дзед і шпурнуў у качку бруском. Качка ўзнялася і паляцела, а брусок у возеры патануў.

Так і засталіся дзед з бабаю без нічога.