За дваццаць пяць гадоў (1903-1928)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
За дваццаць пяць гадоў (1903-1928)
Аўтар: Антон Луцкевіч
1928
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА[правіць]

У беларускім адраджэнскім руху элемэнт палітычна-рэвалюцыйны зьяўляецца шмат пазьней, чым культурна-нацыянальны. Зачаткі адраджэньня нашага пісьменства сягаюць пачатку XIX сталецьця. Наадварот, першая чынная праява палітычнага руху прыпадае толькі на другую палову мінулага сталецьця: гэта дзеяльнасьць павадыра паўстаньня 1863 году ў Беларусі, Кастуся Каліноўскага, «дыктатара Літвы», як называюць яго расейскія гісторыкі паўстаньня. Каліноўскі бадай ці ня першы (пасьля тварцоў дэмакратычных арганізацый эмігрантаў з Беларуска-Літоўскіх зямель пасьля паўстаньня 1831 году, закладаных у Францыі, Бельгіі, Англіі) разглядае беларускае пытаньне ў чыста палітычнай плашчыні, але ўжо не як частку «польскага пытаньня» (як рабілі ягоныя папярэднікі), а як пытаньне зусім самастойнае, ды стараецца збудзіць прыспаныя сялянскія масы дзеля барацьбы за палітычнае вызваленьне Беларусі й Літвы (былога Вялікага Князьства Літоўскага) у імя нацыянальнай і рэлігійнай свабоды, у імя сацыяльных інтарэсаў беларускага сялянства (гл. выдаваную Каліноўскім нелегальна па-беларуску «Мужыцкую праўду» №№ 1-7). Лёзунг будаваньня сваей, беларускай дзяржаўнасьці праўда, не асобна ад Расеі, а ў фэдэрацыйнай сувязі з ёй, бачым і ў так званых «народавольцаў». Аб гэтым выразна гавораць ужо і Гэрцэн, і Бакунін, а ў 1884 годзе выходзяць два гэктаграфаваныя нумары нелегальнее часопісі ў расейскай мове пад назовам «Гомон», дзе група народавольцаў-беларусаў даець абаснаваньне ідэі беларускага дзяржаўнага будаўніцтва ізноў жа ў складзе Расейскае фэдэрацыі[1]. Адгалоскам гэтае дзеяльнасці Партыі Народнае Волі зьяўляюцца беларускія студэнцкія гурткі (прыкладам, маскоўскі гурток з 1890 году, да якога належаў беларускі пісьменьнік Антон Лявіцкі, ён-жа: Ядвігін Ш.), якія, аднак, блізу ня выходзяць па-за межы студэнцкага жыцьця і ліквідуюцца бяз сьледу з выхадам із унівэрсытэцкіх муроў закладчыкаў іх. Гэтак беларускі палітычны рух з другой паловы XIX ст. прадстаўляе рад спорадычных выступленьняў, ня мае цягласьці ды ўсьцяж рвецца, і тагачаснае беларускае грамадзянства, цалком апынуўшаеся пад уплывам расейскае ды польскае культуры, праходзіць над гэтымі праявамі моўчкі да парадку дня. А народныя масы йшчэ сьпяць непрабудным сном, толькі ў рэдкіх выпадках напамінаючы аб сабе «паном палажэньня», дый да вёскі слаба йшчэ даходзяць тыя думкі, тыя ідэі, якія лунаюць у галовах лепшых адзінак спасярод нашае наагул здэнацыяналізаванае інтэлігенцыі. І толькі ў 1903 годзе паўстае першая зусім самастойная беларуская палітычная арганізацыя «Беларуская Рэвалюцыйная Грамада», якой было суджана распачаць цяглы, нясупынны ўжо палітычны рух, разбудзіць народныя гушчы і ў працягу пятнадцацёх гадоў давясьці праз акт 25 сакавіка 1918 году да зьдзейсьненьня лёзунгу беларускіх народавольцаў: да закладзінаў беларускае дзяржаўнасьці ў складзе Саюзу Сацыялістычных Радавых Рэспублік.

Палітычны бок беларускага адраджэнскага руху дагэтуль ня мае свайго дасьледчыка й гісторыка. Паданыя-ж вышэй праявы руху ў другой палове XIX ст. бадай ці не сьвядома й тэндэнцыйна заціраюцца польскімі і расейскімі гісторыкамі рэвалюцыйнага руху на нашай зямлі. Спадзяюся, што нашы маладыя працаўнікі на ніве роднае гісторыі асабліва ў Усходняй Беларусі, дзе прад імі расчынены ўсе тайныя дагэтуль палітычныя архівы, распрацуюць магчыма поўна і ўсестаронна палітычна-рэвалюцыйны бок нашага адраджэнскага руху. Сам-жа хачу адзначыць двадцаціпяцілецьце стварэньня Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады жменяй сваіх асабістых успамінаў: сядзючы ў вастрозе, ня маючы ніякіх пісаных ці друкаваных матэрыялаў, магу апірацца толькі на сваей памяці ды запісаць тое, што ў ей пэўне-ж, дужа неідэальна, захавалася. Дык няхай дасьледчыкі нашага адраджэньня ня шукаюць у гэтых успамінах адказу на зусім натуральнае пытаньне: чаму тое ці іншае сталася, бо выкрыць прычыну гэтага задача гісторыка. Я-ж у гэты мамэнт пішу толькі аб тым, як яно сталася, і кажучы славамі Максіма Багдановіча «бачанаму мной я годны веры сьведак».

«Лукішкі». 27 сьнежня 1927 г.

А. Луцкевіч.

ЗАКЛАДЗІНЫ БЕЛАРУСКАЕ РЭВАЛЮЦЫЙНАЕ ГРАМАДЫ. ЯЕ ДЗЕЯЛЬНАСЬЦЬ[правіць]

Яшчэ на школьнай лаве мой брат Іван і я усьведаміліся і нацыянальна, і сацыяльна, ды пачалі гуртаваць каля сябе болей-меней сьвядомых беларусаў. Было гэта ў Менску, дзе мы ад 1897 году хадзілі ў гімназію. Spiritus movens гэтае работы быў Іван, які й да самае сьмерці сваей аставаўся запраўдным павадыром беларускага адраджэнскага руху. Ужо тады да нас, гімназістаў, прыходзіў Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец), які, верны традыцыі, заўсёды насіў тыповую паляшуцкую вопратку з чырвоным паясом, ды нож за халявай «на кожную прыгоду». Ён чытаў нам свае беларускія вершы, якія пачаў пісаць у пачатку 90-ых гадоў, ды гутарылі мы з імі аб беларускай справе. Прыходзілі й калегі-гімназісты, у якіх пачала прабуджацца нацыянальная сьвядомасьць. Зьбіраўся ў нас і гурток інтэрнацыянальны, у якім мы займаліся сацыяльнымі пытаньнямі (Кропотов, Гэрцык, Чапіньскі ды інш.). Мы заклалі беларускую бібліатэчку ня гэтулькі беларускую па мове кніжак, бо такіх было йшчэ вельмі мала (творы Марцінкевіча ды Багушэвіча), сколькі па зьместу; бо ў ёй былі кніжкі аб беларускай гісторыі, этнаграфіі і інш. Было, памятаю, і шмат украінскіх літэратурных твораў. Іван, як знаўца гісторыі, якой пачаў вельмі цікавіцца ад трэцяе клясы гімназіі (яшчэ ў Лібаве), будзіў і разьвіваў у нас нацыянальную сьвядомасьць успамінамі аб слаўнай мінуўшчыне, выясьняючы ўсю тэндэнцыйнасьць расейскіх гістарычных падручнікаў ды польскае патрыатычнае літэратуры, якія роўна стараліся ўкрыць праўду аб беларусах. Так утварыўся даволі чысьлены беларускі гурток, з якога пасьля выйшаў цэлы рад актыўных работнікаў на беларускай адраджэнскай ніве.

У 1902 годзе мы з Іванам скончылі менскую гімназію і паехалі вучыцца далей у пецярбурскі унівэрсытэт. Іван адначасна хадзіў на юрыдычны факультэт і вечарамі слухаў лекцыі ў архэалягічным інстытуце, які і скончыў у працягу двух гадоў. Я запісаўся на прыроду. Зараз-жа па прыезьдзе ў Пецярбург мы ўцэнтраваліся ў «каталіцкай» студэнцкай сталоўцы пры Забалканскім праспекце 20. Тут гуртавалася польская і літоўская моладзь, ды і нашы спольшчаныя каталікі, пад той час, як праваслаўныя абмаскоўленыя беларусы дзяржаліся за расейскія па духу «зямляцтвы» і карысталіся сталоўкай агульна-сгудэнцкай пры унівэрсытэце. У першыя-ж дні пасьля прыезду ў сталіцу мы бліжэй зышліся з Вацлавам Іваноўскім, тады студэнтам тэхналягічнага інстытуту, родам з Лідчыны, і стварылі цесную, добра «сьпетую» тройку, узяўшую на сябе ініцыятыву, а пасьля й кіраўніцтва ўсей працай сярод беларускага студэнцтва. У канцы 1902 году намі была закладзена культурна-асьветная арганізацыя Кружок Беларускае Народнае Асьветы. Арганізацыя на першым месцы ў сваёй праграме паставіла: друкаваньне беларускіх кніжак і тварэньне беларускае школы для народу. Была выдадзена адозва да грамадзянства (па-польску), клікаўшая ўсіх грамадзян Беларусі незалежна ад іх культурна нацыянальнае прыналежнасьці працягнуць руку помачы беларускім масам, каб яны маглі стануць на ўласныя ногі і вызваліцца культурна ад чужынцаў. Пачалі зьбіраць складкі, ладзіць вечарыны, ды гэтак злажыўся невялікі фонд, з якім мы і прыступілі да друку «Вязанкі» Янкі Лучыны (у 1903 годзе). Але ў меру таго, як выяўляліся дужа няпрыхільныя адносіны да беларускае справы з боку абшарніцкае інтэлігенцыі, якая яўна працавала над апалячаньнем беларускага сялянства, у меру таго, як мы глыбей усьведамлялі істоту сацыяльных адносінаў у Беларусі і бліжэй станавіліся да працоўных масаў ды іхніх бедаў і патрэбаў, сярод нас крапчэла думка, што шлях да адраджэньня й вызваленьня нашага народу вядзе ня тудой. Волю сабе можа адваяваць толькі сам народ. Нацыянальную культуру мы адбудуем толькі тады, калі ўлада ў-ва ўсей Расеі пяройдзе ў рукі дэмакратыі, калі Беларусь здабудзе прынамся аўтаномію ў ёй. Так думалі мы талы і пачалі шукаць шляхоў дзеля зьдзейсненьня гэтага.

Пад той час у Расеі наагул, а асабліва сярод студэнцкае моладзі, крапчэлі рэвалюцыйныя настроі. На «акраінах» рэвалюцыянізм гэты прыймаў нацыянальную ахварбоўку. Ужо існавала ў Польшчы П. П. С., у Літве Літоўская С.-Д. Партыя, такая-ж партыя ў Латвіі, а на Каўказе — прагрымеўшы пасьля Дашнакцутюн. І для нас было даволі прыкладаў, які шлях абабраць. Мы выбралі шлях рэвалюцыйны.

У 1903 годзе у восені у Пецярбузе стварылася беларускае рэвалюцыйнае ядро, у якім апрача нашае тройкі быў рад найвыдатнейшых прадстаўнікоў нашае краёвае моладзі. Асабліва выдатную ролю сярод студэнцкае моладзі наагул ігралі два нашы сябры, імёнаў якіх дзеля пэўных прычын тут не называю; дый яны ад 1904 году пакінулі Край і парвалі з ім усе сувязі. Апрача студэнтаў былі сярод нас і работнікі-беларусы: іх заўсёды многа эмігравала з Беларусі ў Пецярбург. Быў і нейкі фэльчар з Абухоўскае бальніцы, у службовым памяшчэньні якога адбываліся часамі нашы зборкі. У Менску першы далучыўся Каганец і адвакат Антон Шабуня. З менскіх работнікаў памятаю Віктара Зелезея. Быў і рад сялян, сярод якіх найбольш выдатны быў Мікалай (прозьвішча не памятаю), з вёскі Блонь у Ігуменскім павеце, ведамы сваім рэвалюцыйным настроем, абуджаным уласьнікам суседняга двара, старым эсэраўскім дзеячом Анатолем Восіпавым Бонч-Асмалоўскім. Назоў нашай арганізацыі быў дадзены Іванам: «Беларуская Ревалюцыйная Грамада».

Праграма Б. Р. Г., здаецца, не захавалася. Памятаю, што яна стаяла на груньце аўтанамічна-фэдэратыўным адносна да Расеі і ўсіх яе народаў, трэбавала нацыянальных свабод для беларусаў (беларускае школы, правоў для мовы), востра выступала проці самадзяржаўнае ўлады і за дэмакратычны лад, трэбавала для сялян зямлі, для работнікаў фабрык і заводаў. Ды пры ўсей сваей прымітыўнасьці і нявырабленасьці яна пацягнула за сабой лепшыя элементы спасярод краёвае моладзі. У Менску да Б. Р. Г. далучаецца Антон Трэпка, Браніслаў Земенцкі (абодва пецярбурскія студенты), Казіміра Яноўская, Сьцяпан Багушэўскі (студэнт), далучаецца і Аляксандар Уласаў спад Радашкавіч (тады студэнт рыжскае палітэхнікі); у Вільні пад уплывам Вацюка Іваноўскага далучаецца Аліёізія Пашкевічанка, пасьля па мужу Кейрысовая, мянюшка «Цётка» (спад Васілішак, у Лідчыне), Фэлюк Стэцкевіч, мянюшка «Аганёк» (са Шчучына, у Лідчыне), Аляксандар Бурбіс, мянюшка «Піліп», студэнты Умястоўскія, група вучняў віленскае праваслаўнае духоўнае сэмінарыі з Аўгеням Хлебцэвічам, мянюшка «Халімон спад пушчы» (з в. Кленікі, Бельскага пав.) на чале.

Першай ахвярай беларускае рэвалюцыйнае працы ў 1903 годзе яшчэ да афіцыяльнага заснаваньня Б. Р. Г. быў Іван Луцкевіч. Паміж намі і расейскімі эсэрамі, з якімі мы разыходзіліся ідэалагічна, як больш блізкія да марксызму, існавалі ўжо тады дужа блізкія адносіны на тэй падставе, што яны, як і мы, стараліся абхапіць вёску. Гэтыя адносіны і былі прычынай арышту Івана ў Пецярбурзе напярэдадні 1-га мая. У нейкай сьпешная грамадзкай справе Іван мусіў зайсьці ў кватэру сёстраў Ізмайловічанак (з Менску, дачок генерала, начальніка артылерыі). Аднак, у той вечар я дарэмна ждаў яго дома: замест яго ў поўнач зьявілася паліцыя… Аказалася, што Ізмайловічанкі, як эсэраўскія дзеячкі, былі днём раней заарыштаваны, і ў кватэры іх была зроблена паліцэйская засада. Калі Іван увайшоў да іх, ён таксама быў арыштаваны і адасланы на Шпалерную ў так-званую «Предварилку» («Дом Предварительного Заключенія»), скуль, пасьля галадоўкі, якая там акурат была пры ім праведзена, яго перавезьлі хворага ў бальніцу ў «Крестах», дзе прадзяржалі да канца чэрвеня ды выслалі з Пецярбурга «на родину» ў Менск.

У 1904 годзе пачалася расейска-японская вайна. Як ведама, вайна была дужа непапулярная ў Расеі: чуць што ня ўсё сьведамае грамадзянства было проці вайны ды старалася выкарыстаць яе дзеля падняцьця рэвалюцыйнага настрою ў масах. Адкрылася шырокае і ўдзячнае поле да працы для ўсіх рэвалюцыйных партыяў, а ў тым ліку і для Б. Р. Г. Акцыя проці вайны гэта была першая масавая акцыя нашай арганізацыі. Б. Р. Г. паразумелася з аднадумнымі партыямі: Літоўская С.-Д., П. П. С. Літвы і Латышскай С.-Д., ды разам з імі выдала ў чатырох мовах дзьве проціваенныя адозвы з чатырма подпісамі. Беларускім выданьнем іх была пазакідана ўся Беларусь: гэтак шырока раскінулася арганізацыя. Памятаю, як улетку 1904 году я вазіў гэтыя адозвы і нашу партыйную праграму ў найдалейшы на палудзень наш арганізацыйны пункт: у Лоеў на Дняпры. Вазіў і тыя тры беларускія брашуркі («Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць», «Хто праўдзівы прыяцель беднага народу» і «Як зрабіць, каб людзям было добра жыць на сьвеце» здаецца такія точна былі загалоўкі іх), што была выпусьціла ў Лёндане ў 1903 годзе х П. П. С.[2] — у паразуменьні з намі й часткова за нашы грошы. бо мы ў той час мелі йшчэ зусім мала ўласных агітацыйных друкаў.

Характэрнае, але легка зразумелае зьявішча: да нас пачалі шыбка перакідацца заагітаваныя эсэрамі сяляне. Памятаю ў марцы м-цу 1905 г. сялянскі зьезд у Менску, на які былі скліканы сялянскія делегаты ад грамадаўскіх і эсэраўскіх арганізацыяў. На чале апошніх стаяў А.Бонч-Асмалоўскі. І вось, пасьля выступленьняў з прамовамі Бонч-Асмалоўскага і нашых (галоўным прамоўцам у нас быў Іван), усе эсэраўскія дэлегаты выказаліся за Грамаду і пакінулі эсэраў. Пры гэтым адзін із дэлегатаў расказваў, як колькі гадоў перад тым ён сядзеў у «Бутырках» (у Маскве) з некалькімі таварышамі беларускімі сялянамі, ды як яны зусім саматугам строілі ўжо талы пляны аб чыста беларускай рэвалюцыйнай рабоце, зрэалізаванай цяпер Грамадой. Гэтак нацыянальны элемэнт узяў верх, хаця і эсэраўская праграма падзелу зямлі на «общинных» правох з «перадзеламі» пужала нашых сялян-індывідуалістаў, для якіх вялікаруская «община» была зусім чужая і псыхалягічна няпрыемлемая[3]. На гэтай канфэрэнцыі, паміж іншым, было пастаноўлена стварыць пад павадырствам Б. Р. Г. «Беларускі Крэсьцянскі Саюз» з праграмай у духу Грамады. «Саюз» быў створаны і адыграў паважную ролю ў нашым руху ў 1905 годзе. Ад ягонага імя езьдзілі дэлегацыі на маскоўскі ўсерасейскі сялянскі зьезд (Іван і Мікалай). Друкавалася шмат лістовак з подпісам «Саюзу».

Год 1904 быў асабліва памятны для мяне асабіста: у гэтым годзе адбылося маё «баявое хрышчэньне» у менскім вастрозе. Памятаю, што неяк улетку (здаецца, у ліпні месяцу) ў Менск заглянуў з вёскі мой калега па гімназіі і па ўнівэрсытэце (таксама, як і я, прыроднік), Адвард Б. (прозьвішча ўпамінаць не хачу). Сустрэўшы нас з Іванам на вуліцы, ён прасіў даць яму беларускіх проціваенных адозваў завезьці ў вёску. З прычыны таго, што Іван акурат выяжджаў некуда (я йшоў правясьці яго на вагзал), я ўзяўся даставіць Б-у адозвы і ў той-жа дзень справу ўладзіў. Праз колькі дзён Б. папаўся пры раскіданьні адозваў у сваей ваколіцы, ды на дапросе «чистосердечно» прызнаўся да ўсяго і пакаяўся перад дужа лоўкім жандаром, падпалкоўнікам Хриповым. Ведама, назваў і мяне. Назаўтра-ж Б. звольнілі, затое пасадзілі мяне і дзяржалі добрыя два месяцы. На маё шчасьце, Б. заблутаўся ў сваіх паказаньнях на аднэй драбніцы, што мне дало магчымасьць пярэчыць узьведзенаму на мяне абвіненьню; датаго-ж вастрожнага доктара замяняў тады часова дужа парадачны чалавек, мястовы доктар Сыльвэстровіч, які сцьвярдзіў у мяне востры рэўматызм, дзеля чаго мяне і звольнілі з вастрогу, але цэлы год трымалі пад наглядам паліцыі, забараніўшы выяжджаць з Менску. Судовая-ж справа Б. і мая была пасьля зьліквідавана на падставе амністыі. Прымушаны бязвыездна аставацца ў Менску, я заняўся мястовай работай, пад той час, як Іван працаваў у Пецярбурзе ды рабіў выезды за граніцу, завязываючы рэвалюцыйныя сувязі ў першы чарод з украінцамі.

У 1904 годзе ў Вільні адбыўся зьезд краёвае інтэлігэнцыі ўсіх нацыянальнасьцяў. Беларусы былі тут прадстаўлены грамадаўцамі: іншых тады ня было! Апрача віленскіх нашых дзеячоў («Цётка» і інш.), на зьезд езьдзілі з Менску Іван і я, ды з Радашкавіч Уласаў. Генаральным нашым прамоўцам быў, як заўсёды, Іван.

А рух сярод сялянства, пачынаючы ад 1904 году, усё крапчэў і крапчэў. У пачатку 1905 году вёска ўжо крэпка хвалявалася. Гэтае хваляваньне мы пастанавілі выкарыстаць, кіруючы яго на шлях сацыяльнае барацьбы з абшарніцтвам. Нашым канкрэтным заданьнем было ладжаньне сялянскіх забастовак у часе веснавых і летніх палявых работ дзеля здабыцьця лепшых варункаў працы і прывучэньня масы да самадзейнасьці і арганізованых выступленьняў. Праз забастоўкі, запраўды, шмат дзе ўдалося падняць заробкі сялян дый дабіцца розных уступак і палягчэньняў ад двароў, сьлед чаго астаўся надоўга і выяўляўся навет і ў часе пазьнейшае жорсткае палітычнае рэакцыі. У Менску мы выпусьцілі спэцыяльную лістоўку аб сялянскіх забастоўках («доўгенькія паперкі», як іх паводле даўгаватае формы называлі ў вёсках). З друкаваньнем яе была трудная справа. Прышлося друкаваць, ведама, нелегальна. Справу нелегальных друкаў у той час у Менску трымалі ў сваіх руках расейскія эсдэкі, як свайго роду манаполію; вось, і нам, ня маючы йшчэ ўласнае «тэхнікі», прыйшлося зьвярнуцца з «заказам» да іх. Заказ пасьля доўгага «прынцыповага» торгу быў прыняты, але усе 10.000 заказаных экзэмпляраў былі адбіты… бяз нашага партыйнага подпісу! Так прыкрае было, відаць, для прадстаўнікоў «усерасейскае» ідэалёгіі імя Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады… Што-ж рабіць? На ратунак прыйшоў Каганец, які быў ня толькі паэтам, але й патроху маляром ды разьбяром. Ён і выразаў на дубовай калодцы круглую пячатку з назовам партыі, і мы мусілі адбіваць яе на кожным экземпляры адозвы.

У 1905 годзе ўлетку была зроблена спроба выпусьціць першы нумар падпольнага органу «Грамады» (яшчэ «Рэвалюцыйнай») пад назовам «Свабода». Узяўся з’арганізаваць гэту справу Вацюк Іваноўскі. На-жаль, газэта сьвету не пабачыла: як апавядае Іваноўскі, нумар быў ужо адбіты на цыклястылю, калі ў кватэру, дзе йшла работа, прынесьлі вестку, што туды йдзе паліцыя на вобыск. Ня маючы магчымасьці вынясьці наклад, асобы, якія адбівалі «Свабоду», зьнішчылі ўсе адбіткі, і ніводзін жывы чалавек не пабачыў гэтае першае спробы выпусьціць беларускі рэвалюцыйны орган у беларускай мове…

Прыступаючы да нашае працы, мы, грамадаўцы, адразу станулі на тым пункце гледжаньня, што чыста сялянскі рух без работнікаў ня здолее нічога дабіцца, што толькі пры дружным, скаардынаваным націску рэвалюцыйнага места й рэвалюцыйнае вёскі будзе звалена ненавісная ўлада расейскага царызму ды зломлена панаваньне абшарнікаў і фабрыкантаў. І мы, працуючы сярод сялян на вёсцы, адначасна распачалі работу сярод беларускіх работнікаў места. Я ўжо ўспамінаў аб пецярбурскіх работніках, якія і пазьней увесь час прымалі ўчасьце ў беларускім руху. Але найвялікшыя работніцкія цэнтры былі ўтварыліся ў Менску і крыху пазьней — у Вільні.

У Менску мы ўжо ў пачатку 1905 году завязалі крэпкую сувязь з работнікамі фабрыкі Якобсона ды мелі паадзінокіх сваіх людзей і ў іншых фабрыках. Гэтыя нашыя сувязі мы выкарысталі ў канцы 1905 году ў часе агульных масавых рэвалюцыйных выступленьняў мястовага пралетарыяту і ўсерасейскіх агульных забастовак. Бо трэ’ адзначыць, што і ў Менску і ў Вільні нашы цэнтры ў часе Рэвалюцыі ішлі салідарна з другімі рэвалюцыйнымі партыямі. З менскага жыцьця ўспамінаецца мне з тых часоў пара характэрных мамэнтаў.

Як ведама, між расейскімі рэвалюцыйнымі партыямі с.-д. і с.-р. заўсёды йшла адкрытая барацьба. Абодва канкурэнты пры гэтым так падбухторывалі проці сябе ўзаемна работнікаў таго й другога кірунку, што тыя гатовы былі часамі адны адным горла перарэзаць перш, чым выступіць проці царскае ўлады. Такая прыкрая барацьба вялася і ў фабрыцы Якобсона (здаецца, адлеўня). Неяк каля крытычных дзён кастрычніка мы з Іванам, запрошаныя работнікамі, пайшлі на мітынг у гэтую фабрыку. Работнікаў было многа. Эсэраўскі і эсдэкаўскі прамоўцы сваімі вострымі прамовамі так узбурылі сваіх аднадумцаў сярод работнікаў, што тыя, здавалася, вось-вось гатовы былі ўзяцца за шасьцерні ды пусьціць іх у ход проці сваіх-жа братоў. Тады выступіў на трыбуну Іван і ў гарачай прамове пабеларуску пачаў клікаць да еднасьці працоўных і салідарнасьці ў барацьбе з супольнымі ворагамі. Уражаньне было неспадзявана сільнае. Дарэмна нейкі цераз меру «ўсерасейскі» эсдэк, падскочыўшы да трыбуны, пачаў крычэць… у дужа кепскай расейскай мове: «Эй, послушайте! Вы ведь не в театре! Говорите порусски!» Адказам яму былі грозныя крыкі работнікаў: «Маўчы! Пашоў вон!» А як скончыў Іван сваю прамову, узьнялася бура воплескаў, і яго чуць ня зьнеслі з трыбуны на руках. «Маладец беларус! Правільна!» доўга было чутно з усіх бакоў. Нейкая гарачая хваля прайшла праз сэрцы гэтых выхаджэнцаў з вёскі, пачуўшых зьнячэўку роднае слова; у іншых відаць было сьлёзы ў вачох…

Хутка ўзьнялася агульная забастоўка. Пасьля быў царскі маніфэст аб «свабодах» і расстрэлы мітынгаў ды работніцкіх паходаў. Памятаю мітынг перад Віленскім вагзалам у Менску, на якім быў прачытаны толькі-што атрыманы маніфэст. Пачаліся прамовы прадстаўнікоў усіх партыяў: эсдэкі, эсэры, бундаўцы, быў адзін пэпээс, дый я запісаўся да голасу ад Б. Р. Г. Але мне прамовіць не давялося. У тую мінуту, калі жаўнеры, якія былі на варце ў вагзале, склалі ў козлы вінтоўкі, і афіцэр ад іх імя заявіў, што яны ня пойдуць проці народу, энтузіязм таўпы дайшоў да найвышэйшага напружаньня. Афіцэра ўзялі на плечы, на шаблю начапілі чырвоны сьцяг, і таўпа пачала рухацца, каб пайсьці паходам у места, калі раптам падведзены ззаду новы атрад войска распачаў бяз ніякага папярэджаньня абстрэл таўпы. Дзікія, ніколі незабытыя сцэны… Маса забітых. Плошча заліта крывёй… Нейкім цудам выйшаў я жывы толькі з маленькай кантузіяй нагі ад кулі, якая зачапіла мне штаніну на правым калене.

Памятаю пахароны ахвяр расстрэлу. Места было стэрарызавана. Сабралося ўсяго некалькі дзесяткаў рэвалюцыйных дзеячоў з вянкамі з чырвонымі ўстужкамі. Выступіла, пэўне-ж, і Грамада, ад імя якое я злажыў на магілках вянок з беларускім надпісам на чырвонай стужцы…

Расстрэл 17-га кастрычніка 1905 г. вельмі цяжка адбіўся на настроях менскіх работнікаў. Ля фабрык і ў фабрыках стаялі казакі. Партыйцы пахаваліся, бо перад тым лішне адкрыта паказалі сваё аблічча. Пры такім палажэньні аднаго вечара, калі ў салі «Музыкальна-Драматычнага Кружка» (здаецца, пасьля яе называлі «Белай», а цяпер завуць «Чырвонай»), як звычайна, зыходзіліся палітычныя дзеячы на гутаркі й нарады, неўспадзеўкі прыйшла тэлеграма, што абвешчана другая агульная забастоўка. Было пры гэтым многа работнікаў. Згаварыліся: заўтра пачаць забастоўку ў-ва ўсіх фабрыках. Але да заўтра мо' будуць якія новыя весткі, якія могуць зьмяніць пастанову. Дык умовіліся, што, калі ўсё астанецца, як згаварыліся, дык фабрыка Якобсона ў 9 гадзін раніцы дасьць гудок.

Сказаць было лёгка, але зрабіць цяжэй. У фабрыцы казацкая ахрана. Ніхто з партыйцаў не адважаецца пры такіх варунках прайсьці праз казацкі кардон.

Тады справу ўзяў на сябе Іван.

Назаўтра раніцай, атрымаўшы вестку, што ніякіх пераменаў няма, Іван апрануўся ў пазычанае чужое шыкарнае хутра й «панскую» шапку «баторувку», селі мы з ім на возьніка ды паехалі к фабрыцы Якобсона. Недаяжджаючы крыху, я саскочыў, а Іван важна пад’ехаў пад фабрыку і горда прайшоў між казакамі, якія перад ім расступіліся. Ведаючы ўжо, дзе гудок, ён пайшоў проста ў той аддзел і сказаў машыністу даць сыгнал. Мамэнтальна ўся работа спынілася. Зьбегліся работнікі. Сказаўшы кароткую гарачую прамову, Іван ад імя міжпартыйнага забастовачнага камітэту аб’явіў забастоўку, што было спаткана бурнымі воплескамі, і з пяяньнем рэвалюцыйнае песьні работнікі высыпаліся на вуліцу. Перад таўпой казакі расступіліся і, паказуючы на Івана, гаварылі: «Ишь ты: пріехал заказчик, а вышел забастовщик!»

На сыгнал Якобсона спыніўся і рад другіх фабрык. Але, як ведама, гэтая другая забастоўка прайшла па ўсей Расеі няўдатна, і хадзілі чуткі, быццам яна была выклікана самым урадам з правакацыйнымі мэтамі…

З навязаных намі ў тыя часы работніцкіх сувязяў пасьля вырас цэлы рад работніцкіх арганізацыяў пад эгідай Грамады. Але аб гэтым пазьней.

У Вільні йшла гэтак сама грамадаўская работа ў работніцкіх масах. Асабліва 2 ў падмястовым прамысловым цэнтры Нова-Вілейску. Тут працу вяла «Цётка». Яна выступала пабеларуску на мітынгах, і яе выступленьні выклікалі гарачы спогад. «Цётку» ведалі ў Вільні ўсе. Асабліва ведамы былі пісаныя ею «на злобу дня» рэвалюцыйныя вершы, якія чуць што ня ўся работніцкая Вільня ведала напамяць. «Хрэст на свабоду» друкаваўся ў дзесятках тысячаў экзэмпляраў, ды ня толькі Б. Р. Грамадой, але і эльэсдэкамі ды пэпээсамі. Памятаю, як раз, едучы возьнікам, нам з Іванам прадэклямаваў гэты верш вазак: «Бомба трах! Сяргей у шматы!»… Побач з «Цёткай» вялікую энэргію выяўляў няўтомны, падобны з гэтага да Івана, Бурбіс. Часта галодны, у падзёртай вынашанай вопратцы, у дзіравых чаравіках, ён пасьпяваў усюды быць, з кожным бачыцца, да кожнае справы прылажыць сваю руку. Паміж іншым, яму ўдалося гэтак заагітаваць усю Мэйшагольскую гміну, што тамака ўтварылася ў 1905 г. як-быццам незалежная «Мэйшагольская Рэспубліка». Прадстаўнікі ўлады паўцякалі ў Вільню. У памяшчэньні воласьці засядаў Рэвалюцыйны Камітэт, якім кіраваў Бурбіс. У Вільні ўзьнялася паніка. Губэрнатар паслаў у Мэйшаголу (за 22 вярсты ад Вільні) казакоў. «Рэспубліку» зьліквідавалі, а «прэзыдэнт» яе, як мы называлі, жартуючы Бурбіса, быў пасьля засуджаны на тры гады крэпасьці.

Гэтыя дзьве цэнтральныя пастаці гуртавалі каля сябе лепшыя беларускія работніцкія сілы ды моладзь. У склад арганізацыі ўваходзілі два браты Умястоўскія (цяпер «палякі»), але арганізацыя выкарыстоўвала іх пераважна толькі тым, што ў доме бацькі іх (Росса, Варшаўскі завулак) можна было даволі бясьпечна зьбірацца, начаваць і г. д. Праўда, Пранук Умястоўскі быў добры прамоўца, але ён выступаў публічна на мітынгах вельмі рэдка й неахвотна. Памятаю, як «Цётка» з сьлязьмі ўваччу жалілася, што, каб дабіцца выступленьня Пранука, яна станавілася перад ім на калені, ды чуць што ня рукі мусіла цалаваць!… Пасьля Умястоўскія неасьцярожна зьвязаліся з нейкім Галаўнёй, як пасьля выявілася, правакатарам, які нібы то вёў рэвалюцыйную работу ў войску. Галаўня прывёў да Умястоўскіх некалькі жаўнераў, але адначасна паведаміў аб гэтым паліцыю, якая і наскочыла на нелегальны сход «вайсковае арганізацыі». Умястоўскіх разам з бацькай іх заарыштавалі, але на судзе Пранука й бацьку апраўдалі, або ўсю віну ўдалося ўзлажыць на другога брата, Віцюка, які, звольнены пад каўцыю, уцёк заграніцу (ў Галічыну) ды там астаўся вучыцца за доктара.

Спаміж грамадаўскіх работнікаў асабліва выдзяляўся тады Янка Кармазын. Да арганізацыі прымыкалі такжа «тры Язэпы»: Ліцкевіч, Салавей, Туркевіч, пасьля прымаўшыя чыннае ўчасьце ў беларускім руху падчас нямецкае акупацыі. На жаль, два апошнія (Салавей і Туркевіч) зыйшлі з даўнейшага свайго шляху і выракліся старых ідэалаў. Ліцкевіч-жа, здаецца, далучыўся да камуністычнага руху.

«Цётка», паміж іншым, наладзіла была першую беларускую жаноцкую (ці лепш: дзявоцкую) арганізацыю пры Грамадзе. На адным паседжаньні яе давялося пабываць і мне. На жаль, арганізацыя гэта была дужа нятрывалая і хутка рассыпалася, як пачалася палітычная рэакцыя.

Энэргічная дзеяльнасьць Грамады сярод работнікаў і здабытыя ею сярод апошніх уплывы заваявалі нашай арганізацыі ў Вільні «права грамадзянства» сярод усіх іншых палітычных партыяў, якія сьпярша ўглядаліся на яе даволі няпрыхільна, калі не сказаць: варожа. Грамада прыймала ўчасьце ў міжпартыйных нарадах, камітэтах і г.п. ды актыўна выступала на вулічных маніфэстацыях.

Гожа адзначыць, што ў 1905 годзе так-званымі цяпер «краёвымі» палякамі радыкальнага кірунку была зроблена спроба стварыць мясцовую сацыял-дэмакратычную арганізацыю пад назовам «Сацыял-Дэмакратычная Партыя Беларусі». Партыю гэтую заснавалі: Мар’ян Фальскі і два браты Трушкоўскія з Горадні. Даволі трудна сказаць, што мелі на мэце тварцы гэтае партыі, вельмі хутка закончыўшае сваё істнаваньне. Але здаецца, што прычынай стварэньня яе быў страх перад будзіўшымся тады нацыянальным пачуцьцём у беларускіх масах. Хаця партыя выпусьціла некалькі вельмі добрых лістовак пабеларуску («Царская гаспадарка», адозва да рэкрутаў і інш.), пашыраных у масе бадай выключна… грамадаўцамі, аднак, тварцы яе даволі рашуча выступалі проці «нацыяналізму» Грамады, хоць у сваей сацыяльнай ідэалёгіі зыходзіліся з эсдэцкай большасьцяй сяброў Б. Р. Г. Уплывы С.-Д. П. Б. сярод сялянства зусім не пашыраліся, арганізацыя ня выходзіла за межы свайго Ц. К-ту, зложанага з трох памянёных асоб, ды хутка зьліквідаваля ў сувязі з выездам з краю Фальскага і Трушкоўскіх. Пачынальнікі-ж яе аддалі свае сілы польскай справе, і Фальскі сягоньня займае паважнае становішча ў польскай культурна-асьветнай працы ў Варшаве, забыўшыся аб Беларусі і яе культурных патрэбах…

БЕЛАРУСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЯ ГРАМАДА. ПАРТЫЙНЫ ЗЬЕЗД. НОВАЯ ПРАГРАМА. ЗЯМЕЛЬНАЕ ПЫТАНЬНЕ. СПРАВА ТЭРОРУ. ПЕРШАЯ ДРУКАРНЯ. НАШ ПРАВАЛ І ПЕРАЕЗД З МЕНСКУ Ў ВІЛЬНЮ. ДАЛЕЙШАЯ ПРАЦА МЕНСКАЕ АРГАНІЗАЦЫІ[правіць]

У 1905 годзе арганізацыя Грамады была гэткая. Утварыліся тры цэнтры работы: у Пецярбурзе сярод студэнцкае моладзі й работнікаў (з апошніх памятаю нябожчыка Вінцука Тубіса, энэргічнага ідэйнага працаўніка), тут працай кіравалі Вацлаў Іваноўскі, Антон Трэпка, Антон Грыневіч і інш.; у Вільні «Цётка» і Ал. Бурбіс; у Менску (- нашым наймацнейшым цэнтры) Іван, я, Каганец, Шабуня, Зелезей, Уласаў, Земенцкі, Багушэўскі ды шмат іншых, імёны якіх бяз іхняе згоды называць не хачу (некаторыя з іх, адышоўшыя ад актыўнае беларускае працы, займаюць урадавыя становішчы ў Польшчы). Хаця галоўным цэмэнтам, які звязваў гэтыя цэнтры і каардынаваў іх работу, быў першы тварэц Б. Р. Г. Іван, усё-ж у меру разьвіцьця работы такое лучнасьці было мала. Адчувалася неабходнасьць беспасярэдняга кантакту між усімі актыўнымі сіламі тым балей, што на паасобных грамадаўцах адбіваліся ўплывы розных ідэалёгіяў: эсдэкаўскае, эсэраўскае, пэпээсаўскае. Трэба было неяк паразумецца, вызначыць сабе супольную лінію, мацней зьвязаць паасобныя цэнтры, стварыць крэпкую, добра спаяную арганізацыю з адным выбарным кіраўнічым органам (датуль кіраўніцтва неяк само сабой аставалася ў руках нашае тройкі — Івана, Іваноўскага і маіх, як тварцоў арганізацыі). Рэвалюцыйныя падзеі 1905 году асабліва вымагалі такога адзінства: пасьля кастрычнікавага маніфэсту і пераходу ўлады ад абароны да наступленьня, трэба было вельмі добра абдумаць шлях далейшае працы. Дзеля гэтага ў канцы 1905 году быў скліканы партыйны (дэлегацкі) зьезд Б. Р. Г.

Зьезд быў скліканы ў Менску, дзе Грамада была найдужэйшая і мела найбольш актыўных сіл. Кватэру даў Віктар Зелезей (недзе на шляху ў Кальварыю на канцы места).

На парадку дня стаялі гэткія справы: перагляд партыйнае праграмы, апрацоўка зямельнае праграмы, тактыка (справа тэрору), арганізацыйныя справы і выбар Цэнтральнага К-ту. Падрыхтоўка зямельнага пытаньня была загадзя даручана мне і Уласаву, і мы апрацавалі на зьезд свой праект нацыяналізацыі зямлі ў духу Маслова.

На зьезьдзе былі: з Менску Іван, я, Уласаў, Каганец, Зелезей, Шабуня, Земенцкі, ды рад сялянскіх дэлегатаў з Ігуменскага, Менскага і Слуцкага паветаў; з Вільні «Цётка», Бурбіс, Стэцкевіч ды Аўген Хлебцэвіч; з Пецярбургу Іваноўскі ды йшчэ нехта, каго не прыпамінаю. Усяго было душ 20. Быў і госьць пэпээсаўскі дзеяч інж. Станіслаў Высоцкі, які, жывучы часова ў Менску, дзе меў нейкую службу, лічыў сваім абавязкам супрацоўнічаць з Грамадой (як-жа непадобны цяперашнія пэпээсы да гэных старых, даваенных!). Большая частка прысутных ня была між сабой знаёма і сустракалася перщы раз; дзеля кансьпірацыі кожнаму напісалі мелам нумар на грудзёх і называлі сябе нумарамі.

Зьезд пачаўся агульным аглядам тагачаснага палітычнага палажэньня, які зрабіў Іван. Пасьля перайшлі да справы ідэалёгіі Грамады. У выніку гарачае дыскусіі выявілася, што эсэраўшчына мае дужа слабыя карані сярод грамадаўцаў, а пераважае кірунак с.-д. пераважна ў пэпээсаўскай інтэрпрэтацыі ў адносінах да нацыянальнага пытаньня. Сцьвярджэньне пры гэтым, што наагул у партыі цалком пануе сацыялістычная ідэалёгія, мела сваім вынікам зьмену партыйнага назову на: «Беларуская Сацыялістычная Грамада», што было прынята аднагалосна.

Самая гарачая дыскусія ўзьнялася на грунце зямельнае праграмы. Тут спорку вялі між сабой Іван і я, ды мы толькі той раз і разыходзіліся ў сваіх паглядах, бо далей ніколі ніякага разыходжаньня ў нашых паглядах ня бывала. Справа ў тым, што мой і Уласаўскі праект праграмы па зямельнаму пытаньню як быццам прадбачыў наперад доўгі шлях да зьдзейсненьня яе: мы схіляліся да таго пагляду, што выбух Рэвалюцыі ўжо канчаецца, і пачынаецца рэакцыя, проці якое мы сяньня бяссільныя. Наадварот, Іван лічыў неабходным кінуць сялянству найбольш зразумелы яму лёзунг: дзялі зямлю! — маючы наўвеце прадоўжыць і ўзмацаваць слабеючы размах Рэвалюцыі. Іван глядзеў на далейшае развіцьцё Рэвалюцыі больш аптымістычна, чым мы, і прапанаваў сваю формулу ў сказаным духу. Аднак, і большасьць зьезду не падзяляла Іванавага аптымізму, і наш праект перамог.

Галоўныя пункты нашае зямельнае праграмы, насколькі цяпер помніцца, былі такія:

1) Канфіскацыя ўсіх дворных, царкоўных, касьцельных, «удзельных» і іншых зямель ды ўтварэньне з іх разам з землямі казённымі нацыянальнага зямельнага фонду, з якога будуць карыстаць малазямельныя і беззямельныя сяляне.

2) Гаспадар нацыянальнага зямельнага фонду ў межах Беларусі краёвы самаўрад (аўтаномны Сойм), незалежны ад расейскага цэнтральнага ўраду ў справах зямельнага распарадку.

3) Зямлёй надзяляюцца (ведама, бяз ніякага «выкупу») малазямельныя і беззямельныя сяляне па прынцыпу тварэньня рацыянальна пастаўленых дробных гаспадарчых адзінак, здольных быць прадуцэнтамі хлеба, ад чаго ўзалежняецца і велічыня надзелаў.

4) Дыфэрэнцыяльная зямельная рэнта канфіскуецца на карысьць Краю шляхам увядзеньня дыфэрэнцыяльнага зямельнага падатку.

5) Перапрадаваньне зямлі, як тавару, забараняецца.

Доўгая была і дыскусія аб тэроры. Тут мо' найбольш выявіліся эсэраўскія заплывы і настроі перажыванага мамэнту. Аднак, і ў гэтым пытаньні зьезд разышоўся з эсэраўшчынай: была прынята формула, якая прызнавала тэрор толькі як спосаб самаабароны, а ня наступу. Б. С. Г. станула на становішчы масавае барацьбы, а не індывідуальных выступленьняў.

Не памятаю цяпер дэталяў: не магу іх узнавіць і паводле дакумэнтаў, якія ў 1913 годзе былі здадзены на сховы ў Вільні нясумленнаму чалавеку, які іх прысабечыў і адмовіўся вярнуць. Ці яны асталіся ў ягоным асабістым архіве, ці мо' зьнішчаны, ня ведаю. Калі зьнішчаны, дык гэта непапраўная шкода, бо там былі ня толькі ўсе грамадаўскія друкі за час істнаваньня партыі (па 10 экзэмпляраў), але і ўсе недрукаваныя рэзалюцыі і пратаколы зьездаў і канфэрэнцыяў, у тым ліку і пашыраная ў рукапісе матывоўка нашае зямельнае праграмы, апрацаваная мной з даручэньня нашага Ц. К-ту. Прыпамінаю, што на апісаным зьезьдзе быў прыняты цэлы рад рэзалюцыяў культурна-нацыянальнага характару, якія вызначылі ўвесь далейшы шлях беларускага адраджэнскага руху да самае вайны 1914 году. Была там і справа беларускага школьніцтва, і друкаў, і правоў для мовы, і т.д., ды навет справа царкоўнае уніі!

У канцы быў выбраны Цэнтральны Камітэт. Усяго было выбрана 5 асоб (тры сябры і два кандыдаты, толькі не памятаю, хто за каго): Іван, я, Уласаў, Іваноўскі, Бурбіс. Новаму Ц. К. была загадана, паміж іншым, арганізацыя партыйнае падпольнае друкарні, што было падгатавана ўжо раней: Фэлюк Стэцкевіч быў спэцыяльна адкамандзіраваны да чужое нелегальнае друкарні ў Вільні, каб навучыўся друкарскае штукі, ды ўжо многа папрацаваў на гэтым груньце, складаючы беларускія адозвы для віленскае арганізацыі.

Цікавыя былі абставіны, у якіх адбываўся зьезд. Дзеля кансьпірацыі было пастаноўлена распачаць зьезд з самай раніцы, як толькі прыедуць віленскім поездам дэлегаты з Вільні й Пецярбурга (нешта каля 8 гадз.), ды сядзець у хаце Зелезея бязвыхадна датуль, пакуль усё ня будзе абгаворана. Дык і правялі мы ў гасьціннага гаспадара роўна 24 гадзіны да наступнае раніцы і разышліся тады, як усё скончылі.

Арганізацыяй друкарні заняліся мы з Іванам. Іван паехаў у Вільню ды тамака закупіў усё патрэбнае праз пэпээсаў (праз ведамую і дужа сымпатычную дзеячку Марыю Пашкоўскую). Прывёз друкарскі станок у Менск я у навагоднюю ночку, запакаваўшы ў коўдры і ўвязаўшы ў рэмні. На Тарговай вуліцы (каля Нізкага Рынку) знайшлі пакойчык пад друкарню, ды тамака й засеў, прыехаўшы месяцы праз два з Вільні, «Аганёк» (Стэцкевіч). Друкарня працавала цэлы год, выпусьціла цэлы рад лістовак і праклямацыяў, ды была арганізацыяй зьліквідавана ў сувязі з агульнай ліквідацыяй працы ў Менску, але аб гэтым далей.

Зьезд аказаўся скліканым вельмі ўпару: прыпазьненьне з увагі на далейшыя падзеі магло-б вельмі блага адбіцца на дзеяльнасьці арганізацыі, а мо’ й зусім разьбіць яе, зьнішчыўшы пачаткавы цэнтр. Пачатак 1906 году зыйшоўся з «праваламі» сьпярша Каганца й Багушэўскага, а пасьля нас двайга, Івана й мяне.

Першы з гэтых «правалаў» стаўся мо' навет у канцы 1905 году. Каганец з Сьцяпанам Багушэўскім паехалі сьвятам на вёску да зродных братоў Каганцовых, Кардэцкіх, недзе каля Койданава. Зрабілі яны тамака мітынг, на які зыйшлося даволі многа народу. Але, замест таго, каб зараз пасьля мітынгу вярнуцца ў Менск, яны спакусіліся пагасьціць яшчэ дзень у гасьцінных гаспадароў. Аб людным мітынгу, ведама, хутка дазналася паліцыя і назаўтра раніцай наляцела на хату Кардэцкіх, ды ўзяла абодвых гасьцей у ложках… Каганец за гэта быў асуджаны на тры гады крэпасьці і адсядзеў кару ў Менску. Багушэўскаму-ж удалося да суду звольніцца пад залог, ды пасьля ён уцёк заграніцу, дзе і скончыў вышэйшую школу, але з рухам беларускім з таго часу разьвітаўся.

Што датычыць нас двайга, дык справа вось як адбылася.

У найбольш гарачы мамэнт рэвалюцыйнага руху перад і ў часе агульнае забастоўкі наша арганізацыя ў Менску пачала арганізоўваць свае баявыя сілы. Падбіраліся адпаведныя людзі, гуртавалася аружжа, якое складалася ў нашым доме (Крэшчэнская 27) на падстрэшшы. Былі там вінтоўкі, браўнінгі, запас патронаў да іх, дынамітныя патроны ўсё тое, што мы маглі скупіць пры невялікіх нашых капіталах. Ведама, вясьці баявую акцыю самастойна наша арганізацыя не магла і ня зьбіралася, і мы падтрымлівалі кантакт з другімі рэвалюцыйнымі партыямі, а перадусім з эсэрамі. Кантакт з эсэрамі быў у нас даволі цесны праз А.Бонч-Асмалоўскага, д-ра Гершуні, сёстры Ізмайловічанкі (Соня і Катя), ды Пуліхава, пазьней павешанага ў Менску. Пасьля расстрелу мітынгу на пляцу перад Віленскім вагзалам 17 кастрычніка 1905 году, наша арганізацыя (яшчэ да зьезду і яго резалюцыі аб тэроры) згаварылася з эсэрамі ў справе адказу ўладам на крывавую лазьню і абяцала ім сваю дапамогу. Быў праектаваны рад тэрорыстычных актаў на губэрнатара Курлова і вышэйшых чыноў жандармэрыі, беспасярэдна камандаваўшых расстрэлам. Насколькі ідэя тэрорыстычнага адказу вінавайцам расстрэлу была ў той час папулярна, паказуе факт, што распачаты супольна намі і эсерамі збор грошы на гэту мету ішоў дужа памысна: ахвотне давалі значныя ахвяры навет некаторыя з польскіх абшарнікаў (прыкладам Эўстахы Любаньскі з Лошыцы), абураныя крывавай расправай Курлова.

Пачалася падгатоўка. Мы ўзяліся дастаць каня з санкамі, каб «тэхнік» эсераўскі мог паехаць за места ў лес — ды выпрабаваць прыгатаваныя ім бомбы. На жаль, у назначаны дзеля гэтага дзень «тэхнік» да нас не зьявіўся, а Іван і я мусілі якраз увечары таго-ж дня выехаць з Менску. «Тэхнік» прыйшоў толькі праз дзень ці праз два, калі ня было ні нас, ні каня. Прыняла яго наша Маці, шчыра спагадаўшая нашай працы, перад якой ён і разлажыў свой небясьпечны «тавар». Ды старушка, хоць і спагадала яму, не магла тут нічога парадзіць. Магчыма, што спазьненьне «тэхніка» і выклікала няўдачу замаху на Курлова (а пасьля й на паліцмейстара): кіненая ў Курлова Пуліхавым бомба у часе нейкіх пахаронаў не разарвалася, бо, як казалі, нешта ў ёй ад марозу замерзла, і ўся хітрая машына аказалася ні да чога. Калі-б жа бомбы былі выпрабаваны, як праектавалася, гэтак сама ў мароз, то нястача ў іх фабрыкацыі выявілася бы сама сабой. Усё-ж за «пакушэньне» на губэрнатара Пуліхаў быў павешаны ў Менскім вастрозе (пад скляпёнымі варотамі), а Аляксандра Ізмайловічанка, якая адначасна з кіданьнем бомбы страляла з браўнінгу, дастала вечную катаргу. Бадай адначасна з ёй (ці крыху раней) была заарыштавана сястра яе, Кацярына. Яна гэтак сама падгатаўлялася да нейкага замаху, і адзін з нашых людзей (фармацэўт) раздабыў для яе аднаго з найсільнейшых ядаў Curarinum sulfuricum каб атруціць кулі да браўнінгу. Пасадзілі яе ў жаноцкім вастрозе недзе на канцы места. Вастрог слаба пілнавалі, бо палітычных, апрача Ізмайловічанкі, тамака, здаецца, ня было. Вось, эсэры надумаліся вызваліць яе з вастрогу, што і ўдалося. Пры гэтым ім дапамог адзін з нашых людзей, імя якога не называю, каб не папсаваць яму кар’еры на польскай службе (цяпер ён зусім далёкі ад беларускага руху). Гэты наш таварыш пазычыў у некага пару добрых «панскіх» каней з санкамі і вызволеную з вастрогу Ізмайловічанку «умчаў» за пару станцыяў ад Менску, дзе яна села на поезд і паехала на пулудзень. У Севастопалі (ці ў Ялце? добра не памятаю) яна зьявілася да адмірала Чухніна, які толькі-што ўчыніў крывавую расправу з паўстаўшымі чорнаморскімі матросамі, ды стрэліла яму двойчы ў жывот з малога браўнінгу, але, відаць, неатручанымі кулямі, бо стрэлы аказаліся несьмяротнымі. Чухнін навет меў сілу загадаць салдатам застраліць Ізмайловічанку намесцы, і гэтак яна пагібла — бязыменна… Толькі нешта праз год Чухніна падпілнаваў у парку і застрэліў з вінтоўкі нейкі няведамы й нявыкрыты матрос.

Вось, гэтае супрацоўніцтва грамадаўцаў з эсэраўскай баёўкай было, відаць, выкрыта «ахранкай». Мы заўважылі, што нас пілнуюць «шпікі». У выніку абсэрвацыі быў дадзены загад заарыштаваць нас, ад чаго мы ўратаваліся дзякуючы гэткім акалічнасьцям.

Неяк у апошніх чыслах студзеня 1906 году Іван выехаў у арганізацыйных справах у Вільню, скуль меўся зьезьдзіць у Варшаву. Якраз у гэтым часе быў вызначаны сход інтэлігенцкае групы грамадаўцаў, на якім я павінен быў зрабіць справаздачу аб адбытым партыйным зьездзе. Сход быў назначаны ў кватэры доктара Яноўскага пры Паліцэйскай вуліцы, бо дачка яго, Казіміра, належала да Б. С. Г. Лёдзь распачаўся сход, прыбег туды Земенцкі, сябра арганізацыі, і расказаў мне, што наш дом пры Крэшчэнскай вул. абстаўлены шпікамі, якіх ён ведае з твару. Каб ня зрываць сходу, я папрасіў Земенцкага пайсьці да маей Маткі, паведаміць яе аб гэтым і дапамагчы ей перацягнуць аружжа і іншыя кампрамітуючыя рэчы з нашага падстрэшша у склеп другога дому на нашым падворку, што і было зроблена. Сам я, ведама, да хаты ўжо не пайшоў, а, скончыўшы свой даклад, пайшоў начаваць у бясьпечнае месца. Дні цераз тры я-ткі адважыўся пайсьці ўвечары да дому; падыходзячы, бачу, што ў цяню дзерава, які падаў на суседні дом на другім баку вуліцы, нехта стаіць, прытуліўшыся да сьцяны. Але, калі я, увайшоўшы ў хату, асьцярожна паглядзеў праз вакно на вуліцу, дык убачыў, што чалавек гэны зьнік. Тут я зразумеў, што гэны шпік пабег паведаміць сваю ўладу аб маім прыходзе на-нач дамоў, ды што трэ' ждаць налёту паліцыі. Павячэраўшы хуценька, я праз калітку на руку выйшаў з дому і ўзьбярэжжам Сьвіслачы выбраўся на начлег у бясьпечнае месца. А нараніцы туда прыбегла мая сястра і расказала, што ўначы дом наш быў акружаны паліцыяй, што ўсё перавернена ўверх дном, падстрэшша перакапана, але ў склеп не заходзілі. Кабета, што ў нас служыла, на пытаньні паліцыі паказала адно толькі складзік на дровы, але ў склеп не павяла: яна акурат перад тым узяла ў маей Маткі пэнсію за два гады працы золатам (120 рублёў), усыпала грошы ў мяшэчак дый… закапала ў тым-жа склепе! Тэта ўратавала наш склад аружжа, з якога пасьля й карыстала наша арганізацыя, пакуль яго не захапіла паліцыя у Зелезея, каторы быў за гэта сасланы ў Сыбір. У яго-ж была ўзята і пячатка Грамады тая, што рабіў Каганец…

Увечары я коньмі выехаў з Менску і назаўтрае пад вечар быў ужо ў Ракуцёўшчыне, фальварачку майго дзядзькі, пад Красным. А праз пару дзён прыехаў спакойна поездам у Вільню, дзе ўжо чакаў мяне Іван, напярэджаны тэлеграмай аб адбытым «налёце», які меў на мэце наш арышт. Гэтак мы былі прымушаны расстацца з Менскам і кінуць тамака нашу колькігадовую работу, ды распачаць «новую эру» на віленскім бруку, куды я прыехаў, здаецца 2 лютага 1906 году.

З нашым прымусовым пераездам у Вільню перайшоў туды-ж і наш партыйны цэнтр. На сваё месца мы пакіравалі з Вільні ў Менск выпрабаванага ўжо нашага дзеяча Ал. Бурбіса. Стэцкевіч такжа хутка перабраўся туды. Урэшце, асеў там і Уласаў, ды далучыўся да Грамады новы чынны сябра аграном Скандракоў, былы эсэр. Гэтак на першы час работа ў Менску ад нашага выезду не пацярпела; аднак, у далейшым узмацаваньне эсэраўскіх уплываў аказалася гібельным для яе: у выніку гэтых уплываў была з’арганізавана экспрапрыяцыя казённых грошы дужа няўдалая, якая і была прычынай пазьнейшага развалу менскае арганізацыі. Проці эскпрапрыяцыяў рашуча выступіў наш Ц. К. (тады ўжо ён быў у Вільні), што выклікала напружаныя адносіны між Менскам і Вільняй, а накліканы экспрапрыяцыяй на Грамаду паход уладаў прымусіў галоўных менскіх дзеячоў «зьліквідавацца» і перабрацца ў другія месцы. У Менску з далейшым узмацненьнем рэакцыя наагул рэвалюцыйная праца ў нас спынілася; захавалася толькі ў дужа абмежаных рамка праца чыста культурная, наладжаная праз пару гадоў пасьля апісаных выпадкаў.

Усё-ж такі ў працягу 1906 году, да гэтага нешчасьлівага «эксу», нашы менскія таварышы: Бурбіс, Шабуня, Уласаў, Яноўская, Скандракоў, Зелезей, Каганец, Кукель («Апанас»), Ленкоўскі і другія разьвілі былі шырокую дзеяльнасьць Грамады сярод работнікаў (ня кажучы, ведама, аб нармальнай і сталай працы на вёсцы). Характэрна, што Грамада дапяла тут таго, чаго дапяць не маглі другія партыі: яна з’арганізавала рад прафэсіянальных работніцкіх саюзаў шаўцоў (пераважна на Камароўцы), парыкмахераў, музыкантаў, фармацэўтаў, абыймаючы сваімі ўплывамі работнікаў розных нацыянальнасьцяў, навет жыдоў, ахвотна йшоўшых пад эгідай беларускае партыі. Гэтак сама Грамада з’арганізавала дробных чыншавікоў-дамаўласьнікаў на мястовай, папоўскай ды ксяндзоўскай зямлі; сярод іх «вёў рэй» нейкі Верасаў, пазьнейшы карэспандэнт «Нашае Нівы», які пісаў пад прозьвішчам «Мікола Камароўскі» і дужа крэпка «дапякаў» менскую адміністрацыю і духавенства.

1906 ГОД У ВІЛЬНІ. ЗАБАСТОВАЧНАЯ АКЦЫЯ НА ВЁСНЫ. СПРОБЫ СТВАРЭНЬНЯ АДЗІНАЕ С.-Д. ПАРТЫі БЕЛАРУСІ І ЛІТВЫ. ІЗНОЎ ПРАВАЛ! ЗАМІРАНЬНЕ ПАРТЫЙНАЕ РАБОТЫ[правіць]

Вярнуся цяпер ізноў да Вільні, бо ад лютага 1906 году па сягоньняшні дзень (а Іван да самай сваей перадчаснай сьмерці ў 1919 годзе) я зьвязаны з Вільняй і віленскай работай.

Нашае асабістае палажэньне ў Вільні было дужа цяжкое. Бяз грошы, з фальшывымі пашпартамі ў кішані баючыся сустрэцца на вуліцы з кім-небудзь із непажаданых менчан, мы мусілі неяк наладзіць свае жыцьцё на новым месцы. Закватэравалі: Іван на Кальварыйскай вул. № 44, як «Іван Міхальчык», я на Замковым завулку № 3, кв. 2, як «Гэнрык Буковецкі». Кватэра Івана аказалася вельмі сьцюдзёная, дык ён, бедны, ледзь мог тамака праспаць, ды, як дзень, уцякаў стуль адагрэцца ці то да мяне, ці да каго іншага. Затое пад вясну перабраўся ён на Антакольскае узьбярэжжа ў маленькую хатку ў садзе нейкае пані Ракіцкае, і ўжо я хадзіў туды вечарамі падышаць добрым паветрам і паслухаць салаўёў, праводзячы Івана з места да хаты. Але нястача грошы прымусіла нас хутка кінуць платныя кватэры й пашукаць бясплатнае. Яе мы знайшлі ў таварыша нашага сгудэнта-пуцейца Івана Кастэцкага, празванага «Кудла» (Юраўскі праспэкт, цяпер вул. Міцкевіча, № 35), які на лета перабраўся сюды ў кватэру нейкага афіцэра Юдіна, што быў выехаў у лагер. Тут мы ня толькі пражылі ўсё лета самі, але й наладзілі сваю «тэхніку», адбіваючы начамі на гэктографе адозвы й лістоўкі Грамады. Аднак, у канцы лета пачалі ля гэтага дому круціцца шпікі, і мы стуль мусілі выбрацца ды зьмяніць свае «прозьвішчы» на новыя.

Дзякуючы нязвычайнай рухавасьці і энэргіі Івана ды ягоным старым сувязям з Вільняй, мы хутка ўвайшлі ў віленскую работу, якая, трэба прызнацца, з пачаткам рэакцыі ў Расеі была шмат сьцішэла. Прыезд новых людзей у нашых асобах, ведама, мусіў яе ажывіць. Хаця большая частка людзей, якія прымалі ўчасьце ў выбуху рэвалюцыі 1905 году, адыйшла ад актыўнае працы, і з намі пасьля пераезду Бурбіса і Стэцкевіча ў Менск асталася бадай ці не адна толькі «Цётка» (дый тая пад восень 1906 году мусіла ўцякаць заграніцу ад судовага перасьледаваньня), аднак, мы хутка ўзнавілі старыя сувязі з вёскай ды выкарысталі сувязі сярод моладзі: у Праваслаўнай Духоўнай Сэмінарыі і ў сярэдняй Хіміка-Тэхнічнай Школе. Праз гэту моладзь, пераважна прыезную з правінцыі, мы і пачалі наладжваць акцыю ў масах, якую вызначылі сабе на лета 1906 году: пачалі арганізоўваць забастовачны рух у часе летніх работ у полі.

Выпусьцілі некалькі адозваў з заклікам да змаганьня за лепшую плату і лепшыя варункі працы, друкуючы для паасобных ваколіц асобныя адозвы з чыста мясцовымі дамаганьнямі (рабіў гэта й Менск). Асобная лістоўка інфармавала, «Як рабіць забастоўку». У аснову ўсяе нашае акцыі быў пакладзены прынцып разьвіваньня самадзейнасьці і самаарганізацыі масы. І ў працягу лета 1906 году быў праведзены цэлы рад такіх арганізаваных сялянскіх забастовак на вельмі шырокім прасторы.

Пры гэтым нам давялося зрабіць цікаўны крок: друкаваць нашыя забастовачныя адозвы ня толькі пабеларуску, але і палітоўску[4]. Гэта было выклікана поўнай бязьдзейнасьцю у гэтай галіне літоўскіх партыяў, і нам трэба было самім вясьці забастовачную акцыю наабапал этнаграфічнае беларуска-літоўскае граніцы. У пашырэньні літоўскіх адозваў Грамады мы карысталіся галоўным чынам сэмінарскай моладзяй папоўскімі сынамі, бацькі якіх былі параскіданы і на літоўскай тэрыторыі, ды гэтак нашы адозвы часта вандравалі далёка ў глыб Літвы, пэўне задзіўляючы подпісам сваім тамтэйшых сялян! Мушу адзначыць, што пераклады рабіў нам літоўскі эсдэк Біржышка (брат Міхала, імя яго не памятаю), ды ён-жа браўся й за друкаваньне.

Апісаны факт, сьведчучы аб неабходнасьці паразуменьня і супрацоўніцтва рэвалюцыйных партыяў сумежных нацыянальнасьцяў пры правядзеньні шырокае масавае акцыі сацыяльнага характару, напамінае мне аб спробе стварэньня адзінае сацыял-дэмакратычнае партыі Беларусі і Літвы — з самастойнымі нацыянальнымі сэкцыями. Мы вельмі горача падтрымлівалі гэту ідэю. Ініцыятыву правядзеньня яе ў жыцьцё ўзяла на сябе арганізацыя П. П. С. Літвы, якая пачувала сябе на нашым груньце наагул вельмі слаба, ня маючы глыбейшых каранёў у масах. Здаецца, ў маі ці ў чэрвені 1906 году ў Вільні ў гэтай справе было склікана некалькі партыйных канфэрэнцыяў зацікаўленых арганізацыяў, у тым ліку і Грамады. Наша адбывалася ў кватэры «Цёткі», браты якое афіцэры расейскае арміі жылі з ёй разам і «аблаганадзёжывалі» кватэру (на Хівінскай вул. адзін з саракавых нумароў па левай руцэ). Пэпээсы засядалі першы дзень на Віленскай вул. (рог Мастовай, дом Лэнскага), на другі ў кватэры «Прафэсара» (Дамініка Рымкевіча), у банкаўскіх дамох ля Мантвілаўскага парку. Наша канфэрэнцыя высказалася за зьдзейсьненьне сказанага праекту аб’яднаньня, цьвёрда стоючы на груньце нашае зямельнае праграмы і ад прыняцьця яе новай партыяй узалежняючы сваё ўчасьце ў ёй. Да пэпээсаў на першы дзень былі выдэлегаваны Уласаў і я. Тут мне прышлося выдзяржаць цэлую баталію, маючы проці сябе аднаго з галоўных павадыроў пэпээсаўскае арганізацыі, Пятра Шумова, які стаяў на груньце праекту зямельнае рэформы Рожкова аб «прырэзках», не падыходзячы да радыкальнае перастройкі зямельных адносінаў у Краю і адкідаючы пастаўленую намі ліквідацыю абшарніцтва. Дыскусія вялася папольску, і толькі пасьля я пераканаўся, што зрабіў вялікую абмылку, сам гаворачы папольску: мне трэба было гаварыць… парасейску! Справа ў тым, што ў складзе ППС Літвы, імкнуўшаеся стацца арганізацыяй тэрыторыяльнай, а не нацыянальнай (ня гледзячы на назоў «Польская» і падчырківаньне нацыянальнага элемэнту словам «Літвы»), была жыдоўская сэкцыя, прадстаўленая на канфэрэнцыі некалькімі галасамі. Прадстаўнікі жыдоў, як я пасьля з прыватнае гутаркі з імі даведаўся, папольску мала разумелі, у дыскусіі не разабраліся і галасавалі за формулу Шумова, як за «сваю» партыйную. Гэтак большасць сяброў пэпээсаўскае канфэрэнцыі сваім галасаваньнем высказалася проці асноўнага пункту нашае зямельнае праграмы, што было раўназначна з пазбаўленьнем нас магчымасьці пайсьці на партыйнае аб’яднаньне.

Калі мы з Уласавым здалі справу аб гэтым на нашай канфэрэнцыі, дык усе аднагалосна прызналі аб’яднаньне немагчымым і прынялі рэзалюцыю, у якой абвінавачывалі пэпээсаў у недэмакратычнасьці і імкненьні да захаваньня ўлады польскіх абшарнікаў над беларускім сялянствам (тое, што і цяпер робяць пэпээсы…). Назаўтрае Іван і я былі пасланы нашай канфэрэнцыяй на паседжаньне пэпээсаўскае канфэрэнцыі, каб прачытаць там нашу дэклярацыю. Уражаньне ад апошняе было забойчае для пэпээсаўскіх павадыроў, на якіх мы ўзлажылі адказнасьць за разбіцьцё ідэі адзінае с.-д. партыі Беларусі і Літвы.

З літоўскай С.-Д. пэпээсы гэтак сама не здалелі, да нічога дагаварыцца. Але тут віна была, здаецца, цалком на старане літвіноў, якія імкнуліся да такое аўтаноміі «этнаграфічнае» Літвы, каб у склад яе ўвайшлі беларускія абшары Віленшчыны і Горадзеншчыны пад відам «этнаграфічна-літоўскіх», а з рэштай Беларусі ніякага дзела мець не хацелі. Ведама, з такой пастаноўкай справы не маглі пагадзіцца ня толькі мы, але навет і пэпээсы.

Наша канфэрэнцыя, схіляючыся да ідэі аб’яднаньня рэвалюцыйных сілаў на груньце краёвае сацыял-дэмакратычнае партыі, ясна паказала, што грамадаўская ідэалёгія ўсё больш і больш самавызначалася ў духу С.-Д. І толькі адзінкі (з менскае арганізацыі) пастараму захопліваліся эсэраўскімі лёзунгамі, дзеяўшымі на масу сваім бунтарствам, ды спробаваўшы правясьці гэтыя лёзунгі ў жыцьцё на беларускім груньце, мусілі зусім зьліквідаваць работу ў Менску, як ужо сказана вышэй.

Разумеючы, што дзеля разьвіцьця нашага руху неабходна ўзгадоўваць моладзь у духу нашых ідэалаў нацыянальных і сацыяльных, мы асаблівую ўвагу зварачалі на працу сярод вучняў праваслаўнае духоўнае сэмінарыі ў Вільні, тутэйшае хіміка-тэхнічнае школы, ды вучыцельскіх сэмінарыяў па ўсім краю. З апошніх нам удалося апанаваць чатыры: Маладэчанскую, Сьвіслацкую, Полацкую і Панявежскую, ды мы навет стварылі іх саюз, які пасьля правёў агульную забастоўку ў гэтых чатырох школах з нацыянальнымі беларускімі лёзунгамі. Спаміж вучняў гэтых сэмінарыяў выйшаў пасьля цэлы рад добрых, сьвядомых грамадзкіх работнікаў (Мікалай Шыла і інш.). Само сабой разумеецца, што не пакінулі мы бяз увагі і настаўнікаў урадавых народных школ (расейскіх). Улетку 1906 году ў Вільні адбыўся з учасьцем Якуба Коласа і іншых скліканы намі зьезд народных вучыцялёў, які і пастанавіў закласьці тайны саюз беларускіх настаўнікаў, галоўнай мэтай якога была барацьба за беларусізацыю народных школаў у Беларусі. Пасьля Колас (Костусь Міцкевіч) пробаваў закласьці ў роднай Мікалаеўшчыне, Менскага пав., аддзел саюзу, ды сход вучыцялёў быў «накрыты» паліцыяй, і Колас з нешта пяцьма таварышамі былі засуджаны на тры гады крэпасьці кожны.

У канцы лета 1906 году адбылася ў Вільні йшчэ адна наша партыйная канфэрэнцыя (у кватэры «Кудлы» Кастэцкага на Юраўскім завулку). Памятаю з гэтае канфэрэнцыі два вельмі важныя мамэнты: асуджэньне экспропрыяцыі, з’арганізаванай у Менску бяз ведама і згоды Ц. К., і пастанова распачаць яўную легальную працу. Апошнюю справу рэфэраваў Іван і тут кінуў думку аб патрэбе друкаваньня легальнее беларускае газэты ведама, ў грамадаўскім духу. Прапазыцыя Івана была прынята аднагалосна, у выніку чаго праз пару месяцаў і нарадзілася «Наша Доля», замененая пасьля «Нашай Нівай». Ня буду тут затрымлівацца над гэтымі часопісямі: аб іх мне ўжо даводзілася пісаць у беларускіх газэтах даволі падробна ў сувязі з нядаўным 20-лецьцем іх. Скажу толькі, што адгэтуль рэдакцыя «Н. Д.» і «Н. Н.» зьяўляецца фактычным цэнтрам ня толькі Грамады, якая фармальна якбыццам замірае, але і ўсяго беларускага адраджэнскага руху яго «генэральным штабам». Тут вырашаліся ўсе справы руху, тут было кіраўніцтва кожнай шырэйшай акцыяй. А раз у год на сьвята Купалы у Вільню нібы-то дзеля абходу гэтае традыцыйнае ўрачыстасьці зьяжджаліся найбольш актыўныя беларускія сілы з усяго краю дзеля абмену думкамі і вызначэньня шляхоў далейшае працы.

Здаецца, ў 1906 (а мо’ і ў 1907?) годзе Б. С. Г. апошні раз прымала ўчасьце ў зьезьдзе рэвалюцыйных партыяў усяе Расеі, які адбыўся ў Фінляндыі. Делегатам нашым быў Іван.

Ня буду пералічаць тут усіх тых акцыяў, якія ў далейшым часе вёў «нашаніўскі» цэнтр (прыкладам, выбарная акцыя ў Дзяржаўную Думу III і IV, ды інш.): партыйнае фірмы тут афіцыяльна ня было, хаця ўвесь кірунак нашае працы быў бязумоўна грамадаўскі. Адзначу толькі факт нашага (Івана й мяне) «правалу» ў канцы лета 1907 году.

Мы тады зрабілі спробу пасяліцца пад сваім уласным прозьвішчам. Нанялі мансарду ў доме Сьмірновай пры Партовым завулку. Але не прайшло і двух тыдняў, як «ахранка» зрабіла на нас «налёт». Толькі дзякуючы двум таварышам (Баброўскаму і Мацкевічу, пасьля адыйшоўшым ад руху), якія бяз нас сядзелі ў нашай кватэры і пілі гарбату ды, выходзячы стуль за папіросамі, сустрэлі ў завулку йшоўшую да нас паліцыю і нас на дарозе перанялі ды папярэдзілі, мы ўхіліліся ад арышту, пасьля чаго йзноў на цэлы год схаваліся ў падпольле.

Не магу ўстрымацца, каб не расказаць тут адну акалічнасьць, якая можа паказацца анэкдотам, хаця прадстаўляе бясспрэчны факт.

Наша мансарда, у якую вялі зусім асобныя ўсходы, складалася з двух пакойчыкаў. Першы паўцёмны меў вакно на ўсходы, пад якім стаяў наш самаварны стол; у тым-жа пакоі стаялі два ложкі. Другі пакоік служыў нам за габінэт да працы, «гасьціную», сталовую і ўсё іншае. Паслугоўваць нам прыходзіла нейкая старая кабеціна двойчы на дзень: у 8 гадзіне раніцы і 8 гадз. вечара. З прычыны таго, што ўвечары нас часта ў хаце ў тую пару ня бывала, мы ключ ад кватэры пакідалі за нейкай белькай на ўсходах, і наша кабеціна сама адмыкала хату, настаўляла самавар, ставіла яго са шклянкамі на той стол пад вакном у першым пакою, слала ложкі і т.д. Бліжэйшыя да нас людзі ведалі аб гэтым ды часта прыходзілі да нас на гарбату бяз нас. Так было і гэтым разам. Баброўскі і Мацкевіч, выходзячы адно на колькі мінут, не затушылі навет лямпы, якая гарэла ў другім пакойчыку; і знадворку, і праз вакно першага пакою ня было, аднак, відаць нутра другога пакою, хоць у ім было сьветла. Паліцыя, падняўшыся да нас на ўсходы, да бачучы сьвятло ў хаце, пачала стукацца ў дзверы. Праз вакно яна бачыла, што на стале стаіць самавар і «пускае пар», ды ложкі пасланы да сну. Значыць, «птушкі» мусяць быць у клетцы! Але ніхто на стук не адказвае. Што-ж гэта знача? Пры ўсей сваей адвазе, паліцыя… спалохалася гэтага пустога асьветленага пакою. Так, спужалася зусім паважна: гэта быў якраз час так званых «вооруженных сопротивленій при арестах», калі ў Пецярбурзе, Маскве і інш. рэвалюцыянэры сустракалі стрэламі ці бомбамі паліцыю, якая прыходзіла браць іх. Вось, і віленская паліцыя ждала гэтага ад нас: бо чаму-ж мы «прытаіліся»? Пратаптаўшыся з гадзіну каля дому й на лесьвіцы, уся каманда ля паўночы пакінула на ўсходах двух паліцыянтаў ды сама пайшла. Гадзін у 8 раніцы вярнулася назад і што-ж яна праз вакно з усходаў пабачыла? Ложкі прыбраны, лямпы ўжо няма, а на стале … самавар стаіць і кіпіць! Тут ужо не чакалі, пакуль ім адчыніць нехта дзьверы, і проста выламалі іх, а, ўвайшоўшы ў хату, здубелі: нікога няма! Накінуліся на вартаваўшых паліцыянтаў: «што-ж вы не ўпілнавалі? яны-ж былі, начавалі і толькі што ўцяклі пад вашым носам!» Ня ведаю, ці дасталася ім за гэта на гарэхі, ці не, але паліцыя так і не дазналася, што гэта наша кабеціна прашмыгнула, як цень, міма вартаўнікоў, зрабіла акуратна ўсю сваю работу ў нашай кватэры, ды спакойна пайшла сабе дамоў… Затое-ж паліцыя сваю злосьць спагнала на нашых рэчах, рвучы на кускі старасьвецкія дакумэнты Іванавы ды топчучы й ламаючы цэнную калекцыю яго адціскай пячатак на ляку, ад якіх і сьледу не асталося! А Іван рабіў гэтыя адціскі ў працягу многіх гадоў, і іх было вельмі багата…

Цікаўная прычына «налёту». Вельмі магчыма, што нас бы гэтак хутка не зачапілі, бо з твару віленскія шпікі нас яшчэ не ведалі, а прозьвішча Луцкевічаў нічога ім не гаварыла: «грашылі» мы проці царскае ды панскае ўлады пад фальшывымі імёнамі. Але сталася вось што.

Нешта за тыдзень да «налёту» Іван сустрэўся на вуліцы з былым нашым таварышам па гімназіі ў Менску і па першых вучнёўскіх нелегальных гурткох, Гэрцыкам. Ведаючы Гэрцыка, як ідэйнага чалавека, Іван ня ўкрываў перад ім нашае дзеяльнасьці і даў яму наш новы адрас, просячы да нас даведацца. Просьбу гэту паўтарыў і я пры сустрэчы на вуліцы з тым-жа Гэрцыкам. Аднак, ён да нас ня прыйшоў, а затое прыйшла… паліцыя! Дагадаліся мы аб ролі Гэрцыка ў гэтай справе толькі пазьней, калі прачыталі ў газэтах аб выкрытым у Парыжу расейскім агеньце-правакатару, які выступаў у тамтэйшых расейскіх эмігранцкіх колах пад прозьвішчам ці то Ляндэссэна, ці фон Коттэна, ды ў якога правай рукой быў… гэны самы Гэрцык!

Толькі цераз год, калі начальнік віленскае «ахранкі» Шэбэко папаўся на нейкай правакацыі, ды ўвесь склад агентаў «ахранкі» разам з яе галавой быў зьменены, мы папробавалі ізноў «улегалізавацца». Гэтым разам нам пашэньціла, і ад 1908 году мы маглі ўжо жыць у сваей кватэры (хоць вобыскі ў нас бывалі і тут!), ня туляючыся па чужых куткох, ды ня мерзнучы ад часу да часу ўсю ночку на вуліцы, дзе мусілі, бывала, да раніцы гуляць, ня маючы начлегу… Сколькі сіл і здароўя змарнавалі мы ў тыя цяжкія часы! На колькі гадоў скарацілася ад гэтага жыцьцё слабагрудага Івана, скончыўшага перадчаснай сьмерцяй ад сухотаў!…

Але на становішчы — вытрымалі.

Пасьля «правалу» 1907 году, калі Іван і я мусілі ізноў вярнуцца ў «падпольле», мы адбылі канфэрэнцыю ў Докшыцах, на якую прыехалі апрача нас двайга Уласаў і Стэцкевіч, апошні як прадстаўнік Менску. На гэтай канфэрэнцыі быў выпрацаваны плян нашае далейшае працы, які, вярнуўшыся цішком у Вільню, мы і праводзілі ў жыцьцё.

УЗНАЎЛЕНЬНЕ Б. С. Г. У 1917 Г. ЗЬЕЗД У МЕНСКУ. АДЫХОД ЛЯВІЦЫ ДА КАМУНІСТАЎ. Б. С. Г. І НЕЗАЛЕЖНІЦКАЯ ІДЭЯ. НОВЫ Й АПОШНІ РАСКОЛ ПАРТЫІ І ЛІКВІДАЦЫЯ ЯЕ[правіць]

Калі ў 1915 годзе лінія ваеннага фронту адрэзала Вільню ад Усходняе Беларусі, тут з актыўных беларусаў асталіся толькі мы з Іванам, «Цётка» ды Ластоўскі, які, на-жаль, адыграў ня вельмі прыгожую ролю ў нашым адраджэнскім руху праз сваю хвараблівую «амбіцыю» ды імкненьне да «славы». Ластоўскі ня быў ані сацыялістам, ані рэвалюцыянерам, дык і ня мог зьліцца з тым радыкальным цячэньнем, якое ў нас заўсёды было пануючым, і марнаваў свае сілы й бясспрэчныя здольнасьці на няўдзячную ролю тварца клерыкальна-кансэрватыўнае партыі (разам з баронам Шафнаглем, князем Сьвятаполк-Мірскім і некаторымі ксяндзамі), якая ў нашым руху была наперад засуджана на сьмерць. Дык толькі наша тройка: Іван, «Цётка» ды я вяла тутака работу ў духу Грамады. Работа наша мусіла абняць усе праявы жыцьця ў тагачасных цяжкіх і ненармальных абставінах. Каб згуртаваць нашы работніцкія сілы ў Вільні, мы стварылі нібы філію Грамады Беларускую Сацыял-Дэмакратычную Работніцкую Групу, якая адыграла выдатную ролю ў тагачасным работніцкім руху ў Вільні наагул. Апрача нас трайга, у склад групы ўваходзілі: тры «Язэпы» Ліцкевіч, Туркевіч і Салавей, Ладзята, Мундуць, Вансовіч, Сянкевіч, Астаноўка і іншыя ўсе работнікі. Група прымала чыннае ўчасьце і ў беларускай нацыянальнай працы (мела сваіх дэлегатаў у Беларускім Народным Камітэце агульна-нацыянальным цэнтральным органе нашым пад нямецкай акупацыяй), і ў агульна-работніцкім руху, ладзючы супольне з другімі работніцкімі арганізацыямі ці то публічныя мітынгі, ці работніцкія каапэратывы, ці інш. Паміж іншым, нашае групе ўдалося з’арганізаваць друкарскіх работнікаў хрысыціян у прафэсіяльны саюз аб’яднаць яго з істнаваўшым раней такім-жа жыдоўскім саюзам, чаго да нас дарэмна дабіваліся другія партыі.

Аб тым, што рабілася за лініяй фронту, мы блізу нічога ня ведалі. Дык толькі ў 1918 годзе пасьля заняцьця немцамі Менску мы даведаліся, што ў сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі ў Расеі тамака ўзнавіла сваю дзеяльнасьць Беларуская Сацыялістычная Грамада, што ўтварыліся камітэты Грамады ў Пецярбурзе і Маскве, што ў Пецярбурзе ў чэрвені 1917 году адбылася канфэрэнцыя Б. С. Г., што ўтварыўся часовы цэнтральны камітэт партыі, які і правёў скліканьне партыйнага зьезду ў Менску ў кастрычніку 1917 году. На зьезьдзе былі прадстаўнікі ад гэткіх арганізацыяў Грамады: Масква — Язэп Дыла; Пецярбург Язэп Варонка, Зьмітра Жылуновіч, Браніслаў Тарашкевіч; Слуцак — Радаслаў Астроўскі; Менск — Аляксандар Прушынскі (Алесь Гарун), Аркадзь Смоліч, Палута Бадунова, Людвіка Сівіцкая; Гэльсінгфорс — Муха; XII армія — Мамонька, Дадон; Барысаў Шыцёнак; N-дывізія — Мікалайчук; Бабруйск — Шантыр, Талчынская і Крычко; Бакшты — Бычкоўскі і Чэрнік; Нарвская арганізацыя (ў Пецярбурзе) — Чарвякоў; X армія — Сымон Рак-Міхайлоўскі; Менская дружына — В.Адамовіч; N этапны батальён — Платон, ды інш. Апрача пералічаных дэлегатаў, з дарадчым голасам былі сябры партыі Бандарчык, Мікалай Шыла, Ігнат Дварчанін, Ласко, В.Лявіцкая, Данілевіч і Галавач[5].

Зьезд рабіў вялікую работу: ён апрацаваў абноўленую праграму Б. С. Г. і арганізацыйны статут партыі, разгледзіў цэлы рад бягучых спраў і выбраў новы Ц. К-т. У аснову зямельнае праграмы зьезд палажыў гэткія тры прынцыповыя пункты: 1) уся зямля ўсяму народу; 2) зямельнай справай загадывае Краевая Рада Беларусі; 3) надзяленьне зямлёй мае быць ня вышэй працоўнай і ня ніжэй харчоўнай нормы, што было значным адступленьнем ад нашае старое праграмы і адбівала настроі перажыванага тады мамэнту. Партыйны дэвіз было пастаноўлена зьмяніць гэтак: «Працоўная бедната ўсіх народаў, злучайся!» (замест даўнейшага: «Працавітая бедната ўсіх краёў, злучайся!»). У справе адносінаў Б. С. Г. да справы нацыяналізацыі войска зьезд прыняў гэткую пастанову: «ІІІ партыйны зьезд Б. С. Г. вітае ўтварэньне беларускай народнай арміі і жадае, каб яна сталася рэвалюцыйнаю гвардыяй працоўнага народу беларускага і памагла яму дабіцца яго нацыянальных і сацыяльных мэтаў». У канцы быў выбраны Ц. К. у ліку 12 асоб: А.Прушынскі, В.Адамовіч, П.Бадунова, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Смоліч, І. Мамонька, Муха, Яз. Дыла, Зьм. Жылуновіч, Яз. Варонка, Б.Тарашкевіч, М.Шыла, а кандыдатамі да іх Яўхім Ласко, Лузгін, Бандарчык, Пятроўскі, Петрашкевіч, Турук.

Сярод грамадаўцаў у меру расслаеньня агульна-расейскага рэвалюцыйнага руху пачала выяўляцца дыфэрэнцыяцыя. Выдзялілася спаміж іх больш радыкальная сацыяльна група з Зьмітрам Жылуновічам («Цішкам Гартным»), Чарвяковым і Дылам на чале, якая пасьля ўвайшла ў склад Камуністычнае Партыі і ўзяла на сябе ініцыятыву будаваньня Радавае Беларусі, зьдзейсьніўшы часткова ў складзе С. С. Р. Р. наш дзяржаўны ідэал (1 студзеня 1919 г.), абвешчаны раней актам Рады Рэспублікі 25 марца 1918 году, аб чым скажу далей. Жылуновіч-жа заняў, хоць і не надоўга, становішча галавы першага ўраду Радавае Беларусі.

Але большасьць грамадаўскіх дзеячоў стаяла яшчэ і далей на старым дэмакратычным становішчы. У канцы 1917 году Грамада пробуе стварыць зачатак сваей беларускай народнай улады на тэрыторыі Беларусі. Ня спыняючыся на падробнасьцях, аб якіх сам ведаю пераважна з апавяданьняў другіх асоб і з менскае прэсы таго часу, я ўспомню тут толькі скліканыя грамадаўцамі вайсковыя зьезды беларускія на ўсіх адрэзках ваеннага фронту, спробы тварэньня беларускага войска, а ўрэшце — Першы Ўсебеларускі Кангрэс у самым канцы 1917 году, вынікам якога было першае абвяшчэньне самастойнае Беларускае Рэспублікі ў фэдэрацыйнай сувязі з Расеяй ды стварэньне Рады Рэспублікі («прадпарляманту»), пад старшынством Язэпа Лёсіка, і яе выканаўчага органу першага беларускага ўраду пад назовам Народнага Сэкрэтарыяту, з Язэпам Варонкай на чале. Хаця да пазьнейшае дзеяльнасьці Варонкі я аднашуся вельмі крытычна ды лічу, што ён зьбіўся з старое дарогі на бездарожжа, аднак мушу сказаць, што ў той мамэнт ён аказаўся на вышыні палажэньня і выявіў сваё палітычнае чуцьцё, паставіўшы беларускую справу на дзяржаўны грунт.

У марцы 1918 году з вялікімі труднасьцямі віленскай Беларускай Радэе (яна заняла месца ранейшага Народнага Камітэту і была выбрана на Беларускай Канфэрэнцыі у Вільні 25-27 студня 1918 году) удалося дабіцца у немцаў дазволу на пасылку делегацыі ў Менск. Паехалі мы з Іванам, Янка Станкевіч, Язэп Туркевіч і Дамінік Семашка (гэты пасьля — дзеля кар’еры — стаўся «літвіном»). Семашка ў Менску ад дэлегацыі адстаў, бо даведаўся, што немцы скрыва паглядаюць на Раду Рэспублікі і Народны Сэкрэтарыят. Дык наша дэлегацыя ў зьменшанай лічбе пакіравалася ў нашы першыя дзяржаўныя ўстановы, дзе і пазнаёмілася з агульным палажэньнем.

У Вільні мы ўжо ад 1915 году станулі на грунт дзяржаўнае незалежнасьці зямель былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства і стварылі «Канфэдэрацыю Вялікага Князьства Літоўскага», аб’яднаўшы на груньце ідэі незалежнасьці краю лепшых прадстаўнікоў дэмакратыі ўсіх чатырох нацыянальнасьцяў: беларусаў, літвіноў, жыдоў і палякоў. Дык, едучы ў Менск, мы ўжо былі падгатаваны да незалежніцкае канцэпцыі, якая ў нас знайшла была сваё выражэньне ў адпаведнай рэзалюцыі віленскае канфэрэнцыі 25-27 студзеня 1918 году. Наадварот, у Менску аб незалежнасьці ніхто адкрыта гаварыць не адважыўся, хаця сярод грамадаўцаў незалежніцкі кірунак быў ужо даволі сільны (Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Смоліч, Лёсік, Прушынскі ды інш.). Калі мы прыйшлі на паседжаньне Народнага Сэкрэтарыяту, там якраз разглядалася справа пасылкі дэлегацыі ў Кіеў з просьбай аб грашовую пазыку для Беларускае Рэспублікі. Скарыстаўшы з аказіі, я, перакінуўшыся некалькімі славамі з Іванам і маючы ягоную згоду, папрасіў голасу і выясьніў, што праўна-дзяржаўнае палажэньне Беларускае Рэспублікі дужа нявыразнае: яна лічыць сябе сябрам Расейскае Фэдэрацыі, але Расея яе за гэткага сябру ня лічыць. Да таго-ж спадзявацца дзяржаўнае пазыкі ад незалежнае Украіны нам, як частцы Расеі, бяз згоды цэнтральнага расейскага ўраду юрыдычна немагчыма. Украінцы, ведама, могуць нам дапамагчы грашыма, але ня шляхам дзяржаўнае пазыкі, а проста ахваря, — бо-ж хіба і яны першым чынам запытаюцца ў беларускіх дэлегатаў: ці-ж вы маеце права пазычаць грошы й даваць забавязаньні ад імя тэрыторыі, якая падлягае расейскаму цэнтральнаму ўраду? Я адзначыў неабходнасьць для Беларусі стануць на той самы грунт, на якім станулі ўсе другія вызволеныя народы, і абвясьціць поўную незалежнасьць Беларусі ад Расеі хаця-бы на знак пратэсту проці аддачы Расеяй часьці Беларусі чужым на Берасьцейскім міры. Мае выступленьне, горача падтрыманае Іванам і ўсімі сябрамі дэлегацыі, сустрэла спогад сярод сяброў Народнага Сэкрэтарыяту. Варонка заявіў, што гэтае пытаньне трэба перш паставіць у Грамадзе, як у партыі, меўшай тады абсалютную большасьшь у Радзе Рэспублікі, а калі там справа пройдзе памысна, дык тады адпаведны праект будзе ўраз-жа унесены Нар. Сэкрэтарыятам на пленарнае паседжаньне Рады Рэспублікі.

Нас запрасілі на паседжаньне фракцыі Грамады, дзе мы сустракалі цэлы рад зусім новых людзей, што нарасьлі ў працягу вайны й Рэвалюцыі. Пасьля абмену думкамі апазыцыя проці незалежнасьці ў асобе Макара Касьцевіча «здалася». Пры галасаваньні ўсе грамадаўцы высказаліся за незалежнасьць, і гэтак справа на пленуме Рады Рэспублікі была забясьпечана. І вось на скліканым адумысна паседжаньні Рады, якое пачалося ў 8 гадзін увечары 24 сакавіка і скончылася ў 8 гадз. раніцы 25 сакавіка 1918 году, пасьля доўгае і ўпорнае барацьбы грамадаўцаў з расейска-польскай групай «земцаў» (самаўрадавых дзеячоў з Дэмідэцкім-Дэмідовічам, Ярашэвічам і Жылінскім на чале) Рада Рэспублікі вялізарнай большасьцяй галасоў абвясьціла незалежнасьць Беларусі, аб чым і была выдана адпаведная «Устаўная Грамата».

Акт 25 марца 1918 году, хаця й ня быў праведзены ў жыцьцё ў тэй пастаці, як мяркавалі ягоныя тварцы, мае бясспрэчнае гістарычнае значэньне. Ня кажучы ўжо аб тым, што гэтак быў кінены лёзунг, за якім пайшлі ўсе нацыянальна сьвядомыя элементы, змагаючыяся за цэласьць і незалежнасьць сваей тэрыторыі, акт гэты бязумоўна прычыніўся да пазьнейшае зьмены радавае палітыкі ў адносінах да Беларусі й беларускага пытаньня наагул, што і выявілася ў утварэньні з Усходняе Беларусі, афіцыяльна называнай спачатку «Западной Областью», Беларускае Сацыялістычнае Радавае Рэспублікі ў складзе ССРР.

Тут гожа адзначыць адзін мамэнт, які сьвядома ці праз няведаньне, беларуская хадэцкая прэса і хадэцкія «гісторыографы» беларускага адраджэнскага руху стараюцца прадставіць у неадпаведным сьвятле: яны прысвайваюць хадэкам выдатнае ўчасьце ў акце 25 марца ды вінавацяць сацыялістаў у няўдачы пры правядзеньні яго ў жыцьцё, бо яны, сацыялісты, былі «благімі беларусамі». Вось-жа справа ў тым, што ў Радзе Рэспублікі ў мамэнт абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі зусім ня было прадстаўнікоў беларускіх буржуазных кірункаў, а тым самым і хадэкаў. Беларускае прадстаўніцтва ў Радзе складалася выключна з сацыялістаў (грамадаўцаў) і на сваіх плячох выносіла барацьбу з абрусіцельнымі і цэнтралістычнымі імкненьнямі «земцаў», якія ў той час зусім не разумелі беларускае адраджэнскае ідэі і глядзелі на яе, як на «польскую інтрыгу» (а іншыя як на «нямецкую»), скіраваную проці «единства русскаго народа» і «Матушки-Россіи». Беларускія буржуазныя групы, у тым ліку цяперашнія хадэкі, былі ў той час згуртаваны ў так-званым «Беларускім Прадстаўніцтве» пад павадырствам ведамага абшарніка Рамана Скірмунта, ды ў «Хрысціянскай Злучнасьці», і прадстаўлялі канкурэнтаў Радзе Рэспублікі на права выступаць перад нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ад імя Беларускага Народу. Вось-жа, пасьля правядзеньня ў Радзе Рэспублікі рэзалюцыі аб абвяшчэньні незалежнасьці Беларусі, наша дэлегацыя зрабіла візыту «Прадстаўніцтву». Нас прыняла ўся кіруючая група гэнае арганізацыі з Скірмунтам на чале. Пасьля абмену ўзаемнымі прывітаньнямі, я, як старшыня дэлегацыі, узяў слова і пастараўся растлумачыць утварыўшаеся палітычнае палажэньне, якое вымагала, каб цяпер, калі Беларусь абвясьціла сябе незалежнай дзяржавай, на будаваньне дзяржаўнасьці былі аддадзены ўсе нашыя актыўныя сілы. Дык і «Прадстаўніцтва» казаў я павінна не канкураваць аб уплывы ў немцаў з Радай Рэспублікі, а павінна ўліцца ў склад апошняе і, ня гледзячы на розьніцы ў сацыяльных паглядах, у гэты выключны мамэнт будаваць Бацькаўшчыну супольне з сацыялістамі, паклаўшымі першы камень пад гэту будоўлю. У адказ на мае словы ўскочыў Скірмунт і ў форме дужа рэзкай запратэставаў проці таго, што мы з Вільні прыехалі «вучыць» іх… Толькі праз пару месяцаў, пасьля паўторнага прыезду ў Менск Івана і зробленага ім на «Прадстаўніцтва» націску, апошняе ўвайшло ў склад Рады Рэспублікі, і быў мамэнт (улетку 1918 году), калі таму-ж Скірмунту было даручана ўтварэньне ўраду, маючы наўвеце, што буржуазны ўрад здолее дабіцца ў немцаў прызнаньня Беларускае Народнае Рэспублікі і дапамогі ей. Спроба гэтая, аднак, аказалася дужа няўдалай, і габінэт Скірмунта не пратрываў, здаецца, і двух тыдняў.

Ня буду тут затрымлівацца на тым унутраным фэрмэньце ў Грамадзе, які нямінуча мусіў распачацца, калі пасьля акту 25 марца аказалася, што рэалізацыя незалежніцкае ідэі ў пастаці Беларускае Народнае Рэспублікі сустракаецца з цьвёрдай процідзейнасьцяй нямецкае акупацыйнае ўлады. Скажу толькі, што ў працягу 1918 году ў Грамадзе зрабіўся раскол, які выклікаў ліквідацыю партыі: яна развалілася на дзьве арганізацыі Партыю Беларускіх Сацыялістаў-Рэвалюцыянераў (Грыб, Мамонька, Бадунова) і Беларускую Сацыял-Дэмакратычную Партыю (Лёсік, Смоліч, Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Прушынскі і інш.), да якое, натуральна, далучыўся і я з Іванам[6]. Партыя беларускіх эсэраў пасьля некалькіх гадоў бязьдзейнасьці і пустых гутарак ды разьвіцьця Рады Рэспублікі, зьняверыўшыся сама ў сабе пасьля лідэрства здэкляраванага праціўніка сацыялізму Ластоўскага, неўспадзеўкі заявіўшага сябе «эсэрам» і спрытна выкарыстаўшага «бязьлюдзьдзе» ў партыі дзеля сваіх асабістых мэтаў, зьліквідавалася і блізу ўся (апрача Грыба, Мамонькі й Бадуновай) увайшла ў склад Камуністычнае Партыі Беларусь А Бел. С.-Д. Партыя, хоць і працавала нейкі час ды апублікавала сваю праграму (эсэры праграмы ня мелі), аднак, пры новых варунках жыцьця не знайшла водгуку ў масах, была штабам бяз арміі, і павадыры яе, пераважна выдатныя культурныя дзеячы, усе сілы свае скіравалі на культурную працу, ўкладаючы ў яе сваю нацыянальную і сацыяльную ідэалёгію. Калі-ж у 1925 годзе стварылася ў Заходняй Беларусі новая беларуская арганізацыя масавага характару «Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада», пераняўшая галоўныя ідэі і лёзунгі старое «Беларускае Сацыялістычнае Грамады», цэлы рад старых грамадаўцаў увайшоў у яе склад, а на чале станулі былыя сябры Б. С. Г. паслы Браніслаў Тарашкевіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі[7].

Але справа «Б. С.-Р. Грамады» гэта ўжо не мінуўшчына, а сучаснасьць, дый да таго вымагае шырэйшых дасьледаў, а дзеля якіх ня маю патрэбных матэрыялаў. І я ня буду гаварыць аб ёй, толькі мімаходам адзначу, што у сувязі з стварэньнем яе сярод беларусаў у Заходняй Беларусі ясна вызначыўся ідэалягічны падзел: з аднаго боку выступіла на арэну сялянска-работніцкая ідэалёгія, дужа радыкальная сацыяльна, злучыўшая ў адно неразрыўнае гарманічнае цэлае лёзунгі нацыянальныя з сацыяльнымі, аз другога боку ідэалёгія буржуазная, абапёртая ўцэласьці на ўгодзе з пануючымі клясамі. У плошчы барацьбы між гэтымі двумя кірункамі грамадзкае мысьлі і йдзе цяпер усё нашае нацыянальнае жыцьцё ў Заходняй Беларусь Каторы з гэтых кірункаў пераможа, гэта пытаньне, адказ на якое даць дужа легка: трэба толькі пазнаёміцца з сацыяльнай структурай Беларусі ды з галоўным цячэньнем беларускага руху, тым цячэньнем, на якім фактычна й вырасла нашае Адраджэньне.

Крыніцы[правіць]

  1. Да групы беларусаў-народавольцаў, якая пасьля выдавала «Гомон» у 1884 годзе, належаў і Грыневіцкі, што кінуў бомбу ў Аляксандра II.
  2. Складальнікам іх ў пэпээсаўскай друкарні быў Дамінік Семашка, тады пэпээсавец.
  3. У надрукаванай рэзалюцыі зьезду зьмешчаны побач два спосабы вырашэньня зямельнага пытаньня, як кампраміс з эсэрамі: колектывістычны і эсэраўскі (з перадзеламі). Але зьезд фактычна ні таго ні другога не галасаваў, і яны абодва былі як-быццам накінены зьверху — адзін (колектывістычны) намі, другі — эсэрамі. Толькі ў 1905 годзе на партыйным зьезьдзе Грамады была прынята зямельная праграма, выпрацаваная намі і прыняўшая пад увагу індывідуалістычныя імкненьні беларускага сялянства. Але аб гэтым — далей.
  4. Нашу партыйную праграму з адозвай мы йшчэ раней выпусьцілі ў расейскай, польскай і жыдоўскай мове, маючы на мэце пазнаёміць з Б. С. Г. грамадзян усіх нацыянальнасьцяў краю.
  5. Усе гэтыя інфармацыі ўзяты з друкаванага пратаколу зьезду, прысланага нам з Менску пасьля навязаньня сувязі з Вільняй. Маю яго ў сваім архіве.
  6. Гожа адзначыць, што ўтварылася ў той час і яшчэ адна партыйная арганізацыя, заснаваная былым грамадаўцам Язэпам Варонкай пасьля расколу Грамады. Гэта была партыя так-званых «эсэфаў» (Беларускіх Сацыялістаў-Фэдэралістаў). У склад яе ўвайшло каля дзесятку беларускіх дзеячоў, якія пры Варонцы былі наагул безгалоснымі. Партыя істнавала выключна, яе парляманцкая фракцыя, і па-за Радай Рэспублікі ніякае арганізацыі не стварыла. Праграмы ня мела.
  7. Гожа адзначыць, што ў пачатку 1919 году, пад работніцка-сялянскай уладай, была зроблена некалькімі беларускімі дзеячамі ў Вільні спроба ўзнавіць левую фракцыю Б. С. Грамады. Яны выпускалі сваю часопісь, але вельмі нядоўга, ды спроба іх хутка зьліквідавалася: масаў пацягнуць за сабой яны ня здолелі. Падробнасьцяў аб гэтай групе ня маю, бо ня быў тады ў краю.