За байракам байрак… (Шаўчэнка/Бядуля)
Выгляд
За байракам байрак… Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка 1847 Арыгінальная назва: За байраком байрак Пераклад: Змітрок Бядуля |
За байракам байрак,
А там стэп ды магіла.
А з магілы казак
Ўстае сівы, пахілы.
Устае уначы,
Ідзе ў стэп, а йдучы
Песню сумна спявае:
«Нанасілі зямлі
Дый дадому пайшлі,
І ніхто не згадае.
Нас тут трыста, як шкло,
Таварыства лягло!
І зямля не прымае.
Як запродаў гетман
У ярмо хрысціян,
Зрабіў з нас прыганятых.
Па сваёй па зямлі
Сваю кроў разлілі
І зарэзалі брата.
Кроў братоў мы пілі,
І вось тут паляглі
Мы ў магіле заклятай».
Сціх казак, сумаваў
І да пікі прыпаў,
Стаў на самай магіле.
На Дняпро пазіраў,
Цяжка плакаў, рыдаў,
Сіні хвалі галасілі.
3-за Дняпра, за сялом
Рэха гаем гуло,
Трэці пеўні спявалі.
Праваліўся казак,
Страпянуўся байрак,
А магіла застагнала.
У каземаце 1847