Перайсці да зместу

Дзіва (1927)/I/Заўтра

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Заўтра… (Чарнушэвіч))
Ня трэба занадта слоў Заўтра
Цыкль вершаў
Аўтар: Нічыпар Чарнушэвіч
1927 год
Ты ў вачох у сябе затаіла

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАЎТРА…

1

Заўтра, заўтра, чым усьміхнешся нам —
сьпевам сьвятошным, сьлёзаў крышталямі?..
З месяцам рэчка, глянь, разьвіталася,
заўтра, заўтра, чым усьміхнешся нам?
Воблачкаў менш-бы, вачам каб відней было,
покі ня знаемся з болямі старасьці;
Ціхая радасьць хай усьміхнецца нам,

досыць умыліся сьлёзаў крышталямі.

2

Знаю, з разгону прыдзецца ўпасьці,
можа павіснуць на гольлейках вербаў…
Дык ня пужайце, буланыя ветры,
знаю, з разгону прыдзецца ўпасьці.
Долі, ой долі хоць-бы з напарстак,
покі вясна дыямэнтамі сьвеціць…
Ў бойцы за шчасьце ня шкода упасьці,
нават павіснуць на гольлейках вербаў.

3

Сёньня іскра — заўтра полымя,
ня тушы яе, мой любы!
Хай ня вераць яшчэ людзі, —
сёньня іскра — заўтра полымя.
Вось і вочы скаргай поўняцца,
скаргай ціхаю, балючай…
Сёньня іскра — заўтра полымя,
ня тушы яе, мой любы!