Перайсці да зместу

Заўтрашні дзень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Заўтрашні дзень
Аповесць
Аўтар: Кузьма Чорны
1944
Крыніца: https://knihi.com/Kuzma_Corny/Zautrasni_dzien.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Тым летам мурашнік перавысіў першы сук старой яліны. Цяпер ён даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб'ехаў, растрывожаныя мурашкі бегалі ў траве. Нехта хадзіў тут, хто не ведаў ходаў і сцежак, убіўся ў мурашнік, набраўся голак з мурашкамі, выйшаў з узлесся ў поле і сыпаў з сябе яловымі голкамі па цаліне аж да арабіны з ададранай галінаю. Пад арабінай былі цэлыя камякі з мурашніку, і вялыя з холаду мурашкі поўзалі па каструбаватай кары старой арабіны і на зямлі пад ёю. Самі яны не маглі сюды дайсці так далёка ад лесу, у поле. Той невядомы нешта тут рабіў каля дрэва, гэта няйначай было так. Напэўна, ён і цяпер недзе тут паблізу, ён не паспеў яшчэ далёка куды адысціся, у мурашніку ён нядаўна коўзаўся, сляды свежыя, і дажджы з ветрам не паспелі яшчэ ўпляскаць у зямлю пад арабінай і на сцежцы яловых голак. І ніхто нідзе не заўважыў, каб які-небудзь бадзяга ішоў дзе або круціўся полем ці лесам, шукаючы дарогі. Праўда, гэта мог быць спрактыкаваны хітрун і прайдзісвет, які ціхом высачыў, што яму трэба было, і знік сабе так, што цяпер шукай яго разам з ветрам у полі. Можа і так. Але гэта была б вялікая ганьба таму, хто недапільнаваў яго. І першы, каму за гэта была б, ці можа ўжо і ёсць, ганьба, гэта Коля Сушчэвіч. Ён быў цяпер вельмі ўзбуджаны і ўражаны, гэты Коля. І з дзвюх прычын. Першае - гэта тое, што сама справа была вельмі цікавая сваёй таемнасцю. Нехта ходзіць, і ніхто яго ўбачыць не можа. А другое - гэта ж ён, Коля, праспаў у шапку таго невядомца, які можа тут нарабіць вялікага зла. Хоць можа гэта, калі раздумацца, быў хто-небудзь нявінны і ціхі, а можа і не чалавек, а прыблудная жывёліна ўбілася ў мурашнік і бадзялася па полі. Як бы там ні было, Коля Сушчэвіч быў вельмі ўзнепакоены. Здавалася, што ён аж схуднеў за той дзень, хоць яму і худнець лішне не было чаго. Плечы яго былі вострыя, і здавалася, што ён занадта доўгі на рост паводле сваёй дзіцячай вёрткасці. Яму было цяпер год трынаццаць. Можа і больш крыху. Як шпарка прайшоў час! І як зацягнулася вайна! Калі яна пачыналася, Коля быў зусім малы. Вялікі смутак точыць яго душу, як толькі на думку яму прыйдзе тое, што было калісьці. Адзін толькі ўспамін аб маці забівае дух і, як стопудовы камень, цісне яго ўсяго. Маці была (ці здаецца гэта яму цяпер?) высокая ростам, і рукі яе заўсёды пахлі мылам, а валасы пахлі раннім вечарам, ружовым захадам, калі ўжо лета пайшло на восень, і канае дзень, і вецер дзьме з саду ў адчыненае акно. Так асталося ў яго памяці, і пахнуў вечар полем. У маці быў такі голас, якога ён ужо больш нідзе на свеце не пачуе. Апошні раз ён чуў яе голас, калі яе вялі паліцаі, а яна азірнулася і сказала яму:

- Шукай бацьку. А я вярнуся.

А бачыў ён яе апошні раз, калі на тым жа пляцы, дзе і іхні дом быў, маці стаяла высока, так што відна была адусюль з плошчы, і вочы яе не мелі спакою і шукалі ўсё навокал. Дзіцячым сваім сэрцам ён здагадаўся, што гэта яна яго шукае ў апошнюю сваю хвіліну. У яго, аднак жа, хапіла розуму, каб не паказацца ёй і не даць ёй новай атруты смутку бачыць яго і ведаць сваю адарванасць ад яго навек. Ён прысеў на зямлю, і сэрца яго схаладала. Ён запомніў гэты апошні момант: вецер трапаў распушчаныя матчыны паласы. Калі ён падняўся з зямлі і зірнуў, усё было скончана. Маці вісела на тых лесках, па якіх раней фізкультурнікі рабілі свае практыкаванні. Некаторыя заўважылі: тады ж адразу, у момант вока, у Колі Сушчэвіча ўздрыганулася і пачала існаваць над левым вокам дугаватая маршчына, і здавалася, што яна не на дзіцячым, а на старым ілбе. Так яна і асталася. Вайна цяглася, час ішоў, і маршчына не сыходзіла з ілба. Яна толькі выраўнялася і стала глыбейшая. Гэта ўжо навек. Яна надавала Колеваму твару новы, адмысловы выраз. Магло здавацца, што гэта не хлапчук-недаростак, а чалавек, што з нейкай хворасці спыніўся на рост і старэў жывучы. Аднак жа твар яго ад часу згладжваў на сабе сляды непатрэбнай у гэтыя гады сталасці. Маленства вымагала свайго. І ў яго душы ішло вялікае змаганне заўчаснай сталасці з абязвечаным маленствам. Пачало перавышаць маленства. Яно было моцнае і ў абладзе сваёй хацела мець радасці ўсяго свету. Коля пачаў цешыцца з таго, з чаго не нацешыўся яшчэ датуль. Ён любіў вечарам сядзець на лаўцы ля спусцелага дома, у якім пазнаў першыя ўражанні ад жыцця. Не верылася, што ў доме нуста, і што вецер там дзьме праз выбітыя вокны, і павукі пазапляталі павуціннем куткі, і вераб'і гаспадараць так, як хочуць. Але можа быць, што ўвойдзе раптам туды бацька, не век жа пра яго не будзе аніякага слыху, недзе ж ён нешта робіць, недзе думае пра дом, і пра тое, што раней было, і пра яго, пра свайго Колю. Надзея, што бацька вернецца, расла і ўмацоўвалася і выратавала Колева маленства ад сталасці. Ён жыў адзін, начаваў дзе траплялася, еў што дзе знаходзіў, прыслухоўваўся да ўсялякіх чутак і раз пайшоў за дзесяць кіламетраў глядзець пабітых на шашы немцаў. Баязліва і з непераможнай цікаўнасцю ён вызірнуў з прыдарожнага рова і ўбачыў зграмозджаныя ў кучу разламаныя грузавікі, і немцы, парваныя і патрушчаныя, яны ляжалі, як пачварная агіднасць, сярод зялёных зараснікаў у зіхаценні яснага дня. Коля Сушчэвіч, больш не хаваючыся і не крадучыся, пайшоў па шашы і праз кіламетраў дзесяць убачыў у зарасніках прыдарожнай шыпшыны чалавека ў ботах і без шапкі. Толькі гэта і заўважыў Коля. А які гэта быў чалавек і як выглядаў - гэта пасля ўжо дайшло да Колевай свядомасці. Адразу ж чалавек аглушыў Колю нечаканым загадам:

- Стой, хадзі сюды! Далёка ідзеш?

- З раёна.

- Ого! немцаў бачыў дзе?

- А нідзе.

- А ў раёне?

- Таксама няма. Толькі паліцаі.

- Чый ты?

- Я Сушчэвіч.

- Дзе ж твой бацька?

- Я не ведаю.

- А хто ж ведае? Можа ён у арміі?

- У арміі.

- А можа не?

- Не.

- Дык дзе ж ён?

- Я не ведаю.

- І слыху ён не падае?

- Не падае.

- Чаго ты хітруеш? Ты яшчэ малы на хітрыкі! А як немцы матку павесілі, дык ён і тады не абазваўся?

- Не абазваўся.

- Няпраўда.

- Праўда.

- Не можа быць. Твайго бацьку бачылі на тым тыдні ў Барцёўскім лесе. Ён і нейкія яшчэ два з ім ляжалі на траве.

Што раптам зрабілася з Колем! Бурная радасць, вялікая, як увесь свет, нарадзілася ў ім, і назаўсёды пакінула яго нэндза, якая не давала яму спакою з таго [дня], калі ён убачыў матку на шыбеніцы. Горш за пагібель, калі жыць без надзеі! У Колі Сушчэвіча была цяпер надзея. Ён знойдзе бацьку. Бацька прыйдзе да яго. Бацька тут недзе блізка. Коля лёг поплеч чалавека ў шыпшынніку і астаўся з ім. Ужо і дзень пачаў хіліцца к вечару, а Колю Сушчэвічу не хацелася адыходзіць ад чалавека. А як жа! Яго чаканне бацькі павінна быць важна і гэтаму невядомцу. Так ратавалася ад адзіноты Колева душа. Цені ад дрэў пачалі рабіцца доўгімі, як раптам чалавек прыўзняў галаву і стаў прыслухоўвацца. Ён сказаў Колю:

- Вызірні на дарогу і палічы машыны, колькі іх ідзе.

- Дзве, - сказаў Коля, углядаючыся ў дарогу.

- Кладзіся хутчэй пры мне і не варушыся!

Дзве машыны з немцамі праехалі, і яшчэ яны ляжалі з гадзіну. Пачало змяркацца, і чалавек падняўся.

- Дык дзе ж ты жывеш?

- Нідзе, - адказаў Коля.

Сэрца яго калацілася з радасці. Ён зачапіўся за мэту: мэта яго - чаканне бацькі - і надзея, усеабдымная, ні з чым не параўнаная, абнімала яго.

Чалавек дарма чакаў цэлы дзень: немцы ездзілі толькі вялікім гуртам, і ніводнага цярплівы снайпер за дзень не застрэліў. Ён пайшоў моўчкі, і так жа моўчкі Коля пайшоў з ім. Гэта было яшчэ першымі месяцамі вайны. Ужо і другі год вайны пачаўся, і ўсё так жа надзея і спадзяванне ратавалі Колеву душу. Ён ужо многа выхадзіў мясцовасцей і прывык ужо да таго, каб бачыць часта, як канчаецца прастрэлены немец. І ўсё ж не ўнімалася скруха ў душы: нішто ядавітае і самая горшая атрута з атрут не маглі б выпаліць з сэрца і памяці таго моманту, калі вецер трапаў распушчаныя матчыны валасы. Самая малая душа можа змясціць у сабе найвялікшую ў свеце радасць. Ён прагнуў усё больш шчасця. Ён упіваўся радасцю кідаць гранаты пад нямецкія машыны; цэліцца ж у матацыклістаў і страляць у іх ён не мог многа: вінтоўка была яму яшчэ зацяжкая. Ён лёгка пралазіў пад калючыя загарадзі, мог падгрэбціся пад сцяну пуні і так улезці ў яе або вылезці з яе. Ён мог прыкінуцца глухім пастушком, галодным сіратой-жабраком, цікаўным малым дурнем, вясёлым рагатуном, шукальнікам усяго, што толькі льга згубіць і страціць. Ён мог дапасці да нямецкага штаба, да вартавога салдата на мосце, да вайсковай нямецкай стаянкі, палічыць танкі і колькі салдат, папрасіць у немца закурыць, каб у таго не было падазронасці. Ён мог абсачыць за суткі шырокі круг мясцовасці, узяць на памяць кожны след на роснай траве, пераначаваць у нямецкай кватэры, вярнуцца яшчэ загадзя ў атрад і выслухаць пахвальбу і падзяку ад камандзіра. Так месяц за месяцам, усё больш і больш яго ясная надзея злілася з плынню дзён, заўсёды занятых, поўных дзейнасці, што стала яму ратункам. Ён жыў поўным жыццём. Маршчына над левым вокам хоць і аставалася на сваім месцы, але ўжо так стала, што пакінула надаваць усяму твару свой выраз. Яе забіла і перавысіла штосьці іншае, што ішло з душы і свяцілася на твары. І як жа гэта так прыйшлося, што ён нават і падумаць не можа, хто развярнуў мурашнік і калупаўся нешта пад арабінай у полі? Паняверка тачыла яго. Ён быў сам не свой. Цэлы той дзень яго не бачылі ў атрадзе. Змрокам дня ён вярнуўся і сказаў, што ўначы зноў пойдзе, бо яму здаецца, што напаў на тое, што трэба. Цераз ноч, калі сонца ўжо высока стаяла, ён вярнуўся і сказаў, што ў той трухлявай хаце, што стаіць крайняя ад ельніку і ўжо многа часу пуставала, нехта жыве.

- Ты бачыў? - запыталі ў яго. - Адкуль ты ведаеш? Ты быў у гэтай хаце?

- Не быў, але нехта жыве.

- Дым з коміна ішоў? Агонь у вокнах свяціўся? Нічога ж гэтага не было.

- А чаму ж ручнік там на плоце вымыты сохне?! І белы певень больш не спіць на седале перад акенцам сенечным? І чырвонаю анучкаю дзірка ў шыбе заткнута? І лом валяецца ў брамцы? Нехта з лесу цягаў апал у хату.

- Дык высачы, хто гэта. Паглядзі, які ён. Адкуль ён з'явіўся і чаго ён тут. А калі ён гаспадар хаты, дык дзе ён дагэтуль быў, што хата пуставала.

Так яму сказаў камандзір, і ён гатоў быў у той жа момант кінуцца на пошукі таго, хто так смела з'явіўся тут. Але якраз у гэты момант і з'явілася ў яго нечаканая думка; яна кранула ўсё глыбокае і патаемнае, што жыло ў яго пачуццях і адкуль білася на паверхню такое вялікае шчасце, як надзея. Раптам ён стаў думаць, што гэта можа сам бацька яго аднекуль з'явіўся і хаваецца ў гэтай пустой хаце. Хоць тут можа і недарэчы слова «хаваецца». Той невядомы не вельмі і хаваўся, калі так адразу льга было заўважыць, што ён жыве ў хаце.

Ужо сонца даўно з поўдня сышло. Да таго ж быў кастрычнік месяц, і дзень знікаў шпарка. Да вечара мала аставалася часу, як Коля Сушчэвіч выйшаў з лагера. Было ясна і дзьмуў вецер. Усюды было многа вады ў нізкіх мясцінах. Усюды было многа вузкіх дарожак з глыбокімі каляінамі, выезджанымі за доўгія гады. У каляінах стаяла вада, і трава над ёю была жаўтаватая, збляклая і мокрая. Да яе прыліпала зморшчанае лісце. Парыў ветру рвануў з прыдарожнай дзікай ігрушы хмару счарнелага лісця, і яно, як снег у замець, доўга не магло асесці на зямлю. Коля стаяў у віхры лісця, і ўсё яму было добра. І поле паміж двух лясоў вабіла яго ў свежы вецер, і жоўтыя колеры позняй восені. Можна сказаць, што ў ім ужо цвёрда жыла нават не надзея, а ўпэўненасць знайсці бацьку ў той хаце. Падыходзячы да доўгашуканай мэты, чалавек не рвецца да яе, а абдумана перажывае асалоду канца цяжкай дарогі. Такое параўнанне можа было б дарэчы пры Колевым настроі, калі ён, ужо добрым змрокам, убачыў перад сабою тую хату.

Гэта была мясцовасць глухая і зацішная. За дзесяць кіламетраў праходзіў вялікі шлях, на якім мала калі заціхаў рух машын і людзей. Конныя абозы і калоны грузавікоў тут праходзілі часта, нават і ў гэты час, калі даўно ўжо тут не было нямецкіх салдат і толькі паліцаі трымалі сяк-так нямецкую ўладу. У гэтым жа кутку, паміж двух вялікіх хвойных лясоў, здавалася, ніколі не знікала і не знікне спрадвечная цішыня. Уяўлялася, што самы густы і напорны вецер не заб'е тут паху грыбоў і лясной трухліны. Там, за дзесяць кіламетраў адсюль, быў да вайны раённы цэнтр, а цяпер нямецкая воласць і каменданцкае кіраўніцтва. Тут, здавалася, усё жыло толькі зменай дзён і начэй. У дажджысты восенны дзень адзінокі жоўты лісток цалюткі дзень трапятаўся пад ветрам на звіслай галіне, і здавалася, што тут толькі таго і руху, што гэты лісток, і што гэта будзе і заўтра, і далей. Узбунтаваная адчаем душа тут магла ўціхамірыць сваё ўтрапенне, і вечнасць тут жыла ў першародным сваім абліччы. Дзе-небудзь пад лясным сухастоем чарвівее грыб, і ніхто не патрывожыць яго павольнага знікнення са свету, пакуль ён не размыецца дажджамі. Жолуд падае з дуба, правальваецца да самай зямлі праз гнілы пласт лісцвянага насцілу, ляжыць восень і зіму, прарастае, узыходзіць і расце, на доўгі век паднімаецца маладое дрэва. Дубы стаяць, як каменныя горы. Магутная сіла і найтанчэйшае хараство зліліся тут у непадзельнае і вялікае, як свет, адзінства. Раніцай гэты куток агалашаецца самавітым гудком з якога-небудзь блізкага завода. А пасля на ўвесь дзень трава пачынае спяваць сваю ціхую песню пад роўным ветрам.

У гэтым кутку, дзе хадзіў цяпер Коля Сушчэвіч, была ўжо зусім глухата. Самае люднае месца, бліжэйшае адсюль, гэта і быў той раённы пункт, за дзесяць кіламетраў, на шляху. Вітая дарога, як размінуцца двум з калясьмі, ішла скрозь полем, пасля бралася паўз лес, і там над ёю навісалі, кіламетраў на два, бярозы і роўна ўзнімаўся граб. З другой стараны ішла шырокая града хваёвага лесу, і ясным адвячоркам ціхае сонца доўга ляжала на старых хвоях. Ціхае хараство знікала доўга і незаўважана, і здавалася, што і ўночы штосьці ад яго асталося на дрэвах. Я памятаю, як у гады першай маладосці мне заўсёды хацелася на ўсю ноч аставацца пад тымі хвоямі. Скрозь паўз лес дарога даходзіла да акружанага з трох бакоў лесам поля. Гэта было падобна да шырокай паляны. Шэсць хат стаяла там маляўнічым непарадкам, не ў вуліцу, а абы-як. Адна хата стаяла задам у вокны другой, другая бокам да глухой сцяны першай, і ўсе далёка адна ад адной. Будаваліся тут, не ашчаджаючы месца. Хаты былі няроўныя, былі вялікія, з кветнікамі перад вокнамі і з маляванымі вокнамі і дзвярыма. Былі новыя, яшчэ з жоўтым колерам свежага дрэва і з нявыветранай свежай смалой на хваёвым бярвенні. Былі і малыя хаты. Цесныя і старыя. Гэтыя даўно аселі і цяпер трухлелі сярод сваіх прыбудовак і дрэў. Дарога праходзіла паміж імі і ішла праз лес. Толькі з аднаго боку гэты дробны пасёлак не быў адгароджан ад шырокага свету лесам. Там было поле, крыху ўзгорыстае, высокае, са старой прысадзістай арабінай, у якой была ададрана разам з паласой кары да самай зямлі тоўстая галіна. Ці то гэта маланкай у навальніцу, ці чыёй злой рукой. Арабіна стаяла на ўзвышшы, і ад яе да хаты полем вілася сцяжынка.

Самая крайняя ад поля з арабінай хата была новая і няскончаная. Вокны ў ёй былі забіты дошкамі наглуха, і ніякай агароджы каля яе. Спарыш і трыпутнік буялі навокал гэтай неабжытай будыніны. Мокрая і прыціснутая восенным холадам, цяпер гэтая расліннасць усё яшчэ гусцілася і ўпарта зелянелася. Ганка пры новай хаце з забітымі вокнамі таксама не было. Парог у сенцы быў высокі, падмуроўка ўжо была гатова, з роўна складзенага вялікага камення, змацаванага цэментам і абсыпапага жвірам. Бярвенне было здаровае, смольнае, шуфляды ў вокнах тоўстыя і шалёўка на іх шчыльна дапушчана. Відаць, што ўсё тут рабілася як навек, каб стаяла доўга і, як кажуць, на месцы гніло. Усярэдзіне яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. З пілованых плашак сцяна выгароджвала ў хаце кухню, а сцяна з дылёвых дошак - шырокую бакоўку. Вокны рабіліся вялікія, павінна было тут быць светла і прасторна, і, відаць, гаспадар меў густ да выгоды ці, у кожным разе, прагнуў яе. Але нейкі марны лёс скепсціў чалавечыя замыслы. Ужо і дах з гонты пачаў чарнець, а знізу ўсё так і асталося без завяршэння. Вераб'і снаваліся з хаты і ў хату праз шчылле ў забітых вокнах. Жытло пуставала. Але новыя сцены выглядалі весела. Падоўжная сцяна з трыма вокнамі стаяла на поўдзень, і ў яснае надвор'е сонца свяціла сюды. Рассыпаныя ўсюды дробныя трэскі гнілі і зарасталі травою. Арабіна на ўзвышшы адсюль відна была вельмі добра. Здавалася, што вельмі блізка адсюль гэтае дрэва. Узгорыстасць пад дрэвам зменшвала чалавечаму воку адлегласць.

Апошняя ж на гэтай паляне, туды пад лес, хата была зусім старая і малая. Яна стаяла занадта ўжо далёка ад усіх іншых хат, прыткнутая да самага лесу, так што бадай у лесе яна стаяла. Паміж ёю і лесам была толькі гаспадарская, як праехаць аднаму з калясьмі, дарога, высланая хваёвым і яловым голлем і з выбітым наверх карэннем прыдарожных дрэў. Каржакаватая старадрэвіна тырчала пры хаце голлем над самай дарогай, і кара на ёй унізе была здзёрта восьмі праезджых вазоў. Хата гніла і трухлела. Яна ставілася на зусім ужо старасвецкі лад: саламяная страха з тоўстым каптуром над вулічнай сцяной, і шчыт не з стаякоў у наваратку, а з ляжачай паўтарачкі, даўно сточанай шашалем. Салома на страсе ўдзірванела пад зялёным пластом збітага моху і ўпарта працівілася дажджу і ветру, нізкая прызба і агароджа з ляжачых жэрдак, дзе-нідзе акораных і яшчэ здаровых. Хлявух з аполкаў і пунька са скрыўленымі сценамі яшчэ трымаліся на старым шуллі. Ляжачымі жэрдкамі перад двума вокнамі ў падоўжнай сцяне быў выгараджаны куток на расаду, цыбулю і можа кветкі. Увесь гэты плацец меў на сабе сляды таго, што тут доўга начавалі куры. Ці можа гаспадар з натуры свае быў пустадомак і не прыстроіў сваім курам зручнейшага седала, ці можа так яму ішлося, але ўсё тут сведчыла, што жыццё тут ішло як бы да часу. Але і так сказаць: сапраўднае жытло можа тут і ўкаранілася было вельмі даўно, калі хата толькі паставілася і была вялікім здабыткам таго, хто яе ставіў. Гэта быў тагачасны панскі парабак, і хату ён зрабіў сабе на тры акны - два ад двара і адно з вулічнай сцяны. Свой кут стаў раскошай чалавеку. Таго парабка прозвішча было Крамарэвіч. Ужо зусім старым чалавекам ён дажыў да рэвалюцыі і памёр у гэтай сваёй хаце, пакінуўшы трох сыноў, жанатых і з дзецьмі. Два паспелі ўжо ўзяць сабе зямлю і выбрацца на асталяванне ў былы маёнтак. А трэці Крамарэвічаў сын, самы маладзейшы, астаўся дома. Пахаваўшы бацьку, ён жыў тут сабе і гадаваў свайго адзінага сына, якому ў тыя часы было год дзесяць. Гэты дзесяцігадовы хлапец зваўся Антонам і да часу бацькавай смерці ўзмужаў як мае быць. Такім парадкам яму трэба было пачынаць самастойнае жыццё якраз у часы свае ўзмужаласці, бо гаспадарку да самай смерці вёў бацька, а ён сам упадабаў служыць на чыгунцы: ён чакаў таго, каб хоць трохі ўзняліся на ногі трое яго дзяцей, што нарадзіліся за першыя тры гады пасля таго, як ён ажаніўся. Жонка яго была нездараўчаная жанчына, і з дзецьмі было клопатна. А ў яго была вялікая прага паставіць добрую хату, прасторную і выгодную. На гэта трэба былі вялікая турбацыя і грошы. З жонкай яны згаварыліся так: яна будзе гадаваць дзяцей і жыць у старой дзедаўскай трохаконнай хаце, а ён будзе служыць і збярэ грошай. Гэта была мара аб прасторнай хаце. Аднаму яму, са слабай здароўем жонкай і дробнымі дзецьмі адолець будоўлю было зацяжка, і ён стараўся і чакаў. Тым часам трое дзяцей узраслі, ён прызапасіў грошай, і жонка як бы выраўнялася здароўем: як мае быць яна рабіла штодзень у калгасе, і нічагуткі. Ёсць такія хваробы, што праходзяць з часам і следу не пакідаюць. Трое дзяцей былі: густавалосая Ганка, няўнімная рагатуха Алеся і разважлівы з малых дзён Толя. Гэты вырастаў, не ў прыклад сваім сёстрам, заўсёды як бы ў задуме, так што аж кпілі з яго старэйшыя. Антон Крамарэвіч кінуў службу, вярнуўся дадому і распачаў будоўлю. «Будуецца чалавек раз у жыцці, - казаў ён жонцы, - дык трэба, каб будоўля была моцная, выгодная і каб цешыла вока». У яго калацілася сэрца, калі ён давёў сцены да вокан, а калі ўжо налажыў ашлапы над вокнамі - як бы і ўся будоўля была скончана. Блізіўся канец цеснаму жыццю ў дзедаўскай трохаконнай хаце. Праўда, у ёй радзіўся і вырас чалавек, але ж гэта быў час такі, калі ўсе навокал даўно ўжо зыначылі сваё жытло: ужо і не хаты стаялі скрозь, а новыя дамы і дамкі, і старасвецкай трухліны бадай што нідзе ўжо і не ўбачыш. Антон Крамарэвіч пакінуў жыць мараю, а жыў штодзённым клопатам. І, можна сказаць, толькі цяпер па-сапраўднаму ён ацаніў той куток на свеце, дзе ён радзіўся і асталёўваўся цяпер навек дзеля сябе і дзяцей сваіх. У той меры, у якой вырасталі сцены яго дома, ён спакайнеў душой: мара з'ядае чалавека, а яго мара цяпер перажыла сама сябе і пакінула існаваць. Ганка, Алеся і Толя былі ўжо такія вялікія, што і самі ўвайшлі ў бацькаў будаўнічы клопат. А яна! Жонка, маці гэтых дзяцей! Твар яе ружовіўся. Яна быццам ажыла ці спачатку пачала жыць. Дзеці і іх маці быццам бы знайшлі страчаную бацькам мару. Цяпер яны ўладалі мараю: жыць у новым доме, у выгодзе, у радасці і шчасці і на доўгі век. Гэта было жыццё без атрутнага смутку аб учарашнім дні і без горкай трывогі аб дні заўтрашнім. Можа быць, продкі нашы ад дзесятага пакалення думалі аб такім жыцці сабе і сваім дзецям. Антон Крамарэвіч так думаў аб далейшым і раіўся з жонкаю:

- Калі пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скіну з месца. Трухліна пойдзе на апал, а здаровае згодзіцца ў гаспадарцы.

Ужо нават і тое, што ён калі-небудзь будзе пілаваць на дровы трухліну са старой хаты, радавала яго. За тыя гады і ўвесь той пасёлачак выбудаваўся і перабудаваўся. Хто жыў у старой хаце, той і новую пакрысе складаў, бервяно да бервяна, дзе-небудзь у іншым месцы, дзе з задаваленнем спынілася яго вока. А хто жыў ужо ў новай хаце, той старую не пільнаваў, а скідаў яе. Такім парадкам гэты пасёлак так і астаўся шасціхатным. Можна было выбрацца на большую разлегласць, дзе ў полі вырасла новая вялікая вёска, але ў гэтым кутку людзі любілі сваё абжытае месца і з яго не зрушыліся. Антон Крамарэвіч быў шчаслівы яшчэ і тым, што нарэшце не жыў ужо на службе, як да часу, а асядаў на родным месцы. Гэта быў чалавек ціхмяны, добры і справядлівы. Пра яго казалі, што ён казюлі без патрэбы не раздушыць. Але, які б ён ні быў, раптам прыйшоў такі час, што ўвесь яго клопат пайшоў намарна і нічога ў яго не асталося больш, як паспрабаваць вярнуцца да той старой мары. Але горыч сціснула яму душу, і мара ператварылася ў здзеклівае непатрэбства і атрутную прыкрасць. Сам Антон Крамарэвіч лічыў, што ўсё здарылася праз Аляксандра Сушчэвіча, новага тут тады чалавека. Можа і так, а можа тут мела месца тая акалічнасць, што гэты Аляксандр Сушчэвіч, як мог і як зносіла яго не вельмі вострая галава, стараўся ўтрымацца на той паверхні, на якую выбіла яго бурнае ў тыя гады жыццё. Іншая справа, што гэта магло дрэнна прычыніцца да Антона Крамарэвіча. Як бы там ні было, трэба не спускаць з увагі самога факта.

Аляксандр Сушчэвіч быў у тых жа гадах, што і Антон Крамарэвіч, і людзі яны былі вельмі непадобныя адзін на аднаго. Антон Крамарэвіч мог быць залічаны ў натуры дробныя, якія могуць убачыць у растрэсенай на дарозе саломе вялікую страту. Ён выгадаваўся на хлебе, з якога ашчаджалася кожная крошка. Так складалася гэтая натура. Дык трэба ведаць, што калі ў яго выпрацавалася патрэба ставіць не абы-якую хату, а дбаць у ёй аб святле, прасторы і выгодзе, то гэта быў бунт і рух у вялікае. Тут не трэба забываць жыватворчага подыху тых год, калі «хто быў нічым, той рабіўся ўсім».

Аляксандр Сушчэвіч быў родам з дробнага горада і з сям'і, у якой нязменна верылі, што найглыбейшая існасць усяго свету ў тым, як каму пашанцуе, а на гэтым і трымаецца чалавечае жыццё. Сушчэвічаў бацька, не ў прыклад Крамарэвічаваму бацьку, зямлі не араў і хлеба не сеяў, а пускаў у ход дробную капейчыну і хацеў пакласці ў кішэню дзве. Ён сцен не ўзводзіў і дарог не масціў, а прыгандлёўваў на ўсім, што льга было купіць і перапрадаць. Гэта быў дробны перакупшчык. Аляксандрава маладосць прыпала на час першых год рэвалюцыі, і вялікая плынь пацягла і яго ў сваю імклівасць. Ён, як і кожны ў той час, лёгка мог вызначыць сабе сваю дарогу. Не ў прыклад тысячам маладых людзей, ён ні ў якія рабфакі і тэхнікумы не падаваўся, а з лёгкай душой далучыўся да тых, што адразу хацелі ступіць на прывабную сцежку. Ён быў хлопец увішны і дбайны. Ён не захацеў падначальвацца, а каб самому ўзначальваць. Аж сам бацька дзівіўся: як ён, такі малады, здолеў астацца за начальніка валасной міліцыі.

Спачатку ён канфіскаваў самагонныя апараты, а пасля налажыўся да гладкіх прамоваў. Месяц за месяцам і год за годам, і ён засвоіў некаторыя думкі вялікіх людзей, але браў іх не з правага, а з левага боку. Аднак жа праз год пяць сваёй службовай дзейнасці мог, вокам не міргнуўшы, лезці ў спрэчкі, і нават філасофскія, з кім толькі хочаш. «Усё цячэ, усё зменьваецца». Ён і гэта ўзяў сабе ў галаву. І раз як адзін з дзеячаў раённай улады выступіў на выпускным вечары ў сярэдняй школе. Невядома, з якой прычыны, але ён тут доўга гаварыў аб тым, што ў адной кнізе, якую ён чытаў, сказана, што нехта праз дзесяць год вярнуўся ў родныя мясціны і застаў усё там на ранейшым месцы і без змен.

- Вучыцеся вы, - сказаў ён выпускной з дзесятага класа моладзі, - бачыць праўду жыцця дыялектычна, а не так, як гэты аўтар, у якога нішто нідзе не цячэ і не зменьваецца, а астаецца нават і праз дзесяць год на тым жа самым месцы.

Хоць з яго прамовы ніхто нічога і не зразумеў, аднак жа ўсё гэта мела дачыненне да яго далейшага жыцця. Пасля ўрачыстай часткі былі танцы, і ён здорава танцаваў, і асабліва з нейкай ціхай і высокай дзяўчынай. Яна была дачка тутэйшага аптэкара, і гора яе было ў тым, што яна нямала да гэтага часу прачытала кніг, але да поўнай меры не дачыталася, а толькі ўзварушыла свае думкі. Такім чынам яна адразу скеміла, што Сушчэвіч гаворыць у плане філасофіі, а што і як - да гэтага яна ў той вечар не магла яшчэ дайсці. Гэтая добрая сэрцам і спакойная душой дзяўчына з таго вечара пачала думаць аб ім як аб чалавеку, вартым таго, каб ім захапляцца. Простае сэрца! Святая наіўнасць! Яна думала, што пасля дзесяцігодкі паедзе вучыцца далей, але імкненні яе маладосці раздвоіліся. Што ж да яго, то ён таксама з таго вечара не выпускаў яе з сваіх думак. Трэба сказаць проста і адразу: увосень таго ж года яна стала яго жонкай, а роўна праз год радзіўся Коля, які цяпер, маючы надзею, што гэта яго бацька таемна з'явіўся і жыве ў крайняй ад лесу старой трохаконнай хаце, шыбаваў сюды, азіраючыся і дробна перабіраючы нагамі.

Аляксандр Сушчэвіч аставаўся з году ў год у адным месцы, то ў тым раёне, то ў іншым. Як чалавек і работнік ён выпрацоўваўся ўжо на ўсё жыццё. Нарэшце ён асеў надоўга на адным месцы, у тым раёне, дзе і застала яго вайна. Гэта і было за дзесяць кіламетраў ад таго ціхага кутка, дзе Антон Крамарэвіч ставіў сабе добрую хату. Яшчэ год за колькі да вайны Аляксандру Сушчэвічу раз прыйшла ў галаву думка, што нешта не так, як трэба, у раёне. Яно як быццам бы ўсё, як і трэба, было. Людзі хлеб елі, і зямля добра радзіла, і ніхто на бяду не скардзіўся, але немаведама адкуль пагібельная думка пачала тачыць Аляксандра Сушчзвіча. Ён раптам успомніў, што ён сын не пралетарыя, а перакупшчыка і калісьці ўтаіў гэта і ні разу аб гэтым не напісаў у анкетах і біяграфіях. Гэта быў нейкі псіхоз, смутак пачаў тачыць яго. А вядома, што калі хто праз меру баіцца агню, то той гатоў утапіцца ў вадзе. Сушчэвіч стаў старацца так, што неўзабаве пачаў дрыжаць сваіх жа перагібаў. Ён прычапіўся і да Антона Крамарэвіча: «А чаму ты адразу не сядзеў на зямлі, а быў немаведама дзе, а чаму твая жонка была ў калгасе, а ты і на воку тут ні ў кога не быў, а хто цябе ведае, што ты там дзе рабіў, а можа ты якім злом там займаўся. Дык, значыцца, ты не маеш права стаць членам калгаса. Твая жонка няхай будзе, а ты не».

- Дык што ж мне з жонкай развод браць, ці што?! - устрапянуўся збянтэжаны Крамарэвіч.

- Калі ты браў яе замуж, то ты ў мяне не пытаўся. Што ж ты цяпер пытаеш! У цябе павінна быць свая галава на плячах.

Слабавольны Антон Крамарэвіч уныў душой. Ён пачаў думаць, што дзеля якіх-небудзь, яму невядомых, а Сушчэвічу вядомых прычын трэба, каб ён разлучыўся з жонкай. Дык жа трэба ратавацца. Самае лепшае, каб доўга не паказвацца Сушчэвічу на вочы. Але ж трэба канчаць хату. Ужо нямнога асталося. І вось ён надумаўся: зноў з'ехаць і астацца на чыгунцы, пакуль развеецца над яго галавой хмара, а хату няхай паспрабуе канчаць жонка, няхай наймае людзей, а грошы ён падашле. Аднак жа сталася не зусім так, як ён думаў. Праўда, хмара і сапраўды развеялася: неўзабаве і сам Сушчэвіч пра ўсё забыў. Але адной жанчыне было занадта ўжо клопатна давесці да заканчэння і парадку новую будыніну. Яна пісала яму аб гэтым пісьмо за пісьмом. Ён жа не адважыўся так адразу назад вярнуцца. «Яшчэ год ці два», - думаў ён. Да таго ж яму вельмі спадабалася новая служба на чыгунцы. Нарэшце прыйшло пісьмо: «Хату я накрыла, каб сцены не гнілі, а вокны і дзверы забіла дошкамі. Няхай так стаіць сабе, пакуль усё выйдзе на лад, нейк жа скончыцца пакрысе. Дзякуй Богу, жыць ёсць дзе, дождж і ў старой хаце за карак не лье». Ён прачытаў пісьмо і аддаўся горкай задуменнасці. Дзень пайшоў за днём і месяц за месяцам, і не тое што год, а і два, і больш прайшло. І так нейк жылося да часу. Усё чагосьці чакалася. І дачакалася да вялікага няшчасця. Ужо і не пайшлі пісьмы ад яе і дзяцей, і невядома стала, ці хаця жывыя яны асталіся.

Праз тую станцыю, дзе служыў Антон Крамарэвіч, прайшлі апошнія цягнікі, і немцы былі ўжо зусім блізка. Не тое што ад кананады, усё траслося і рвалася ад частых налётаў нямецкай авіяцыі, але ўжо і нямецкія танкі падышлі былі да самай станцыі і зноў зніклі. Антон Крамарэвіч разам з усімі, з кім ён жыў і працаваў тут доўгі час, быў у знішчальным атрадзе, які затрымліваў падазроных асоб, капаў супрацьтанкавыя равы, узводзіў насыпы, забіваў надаўбы, спаткаў быў нямецкія танкі стральбой і гранатамі. І многа тут яшчэ было работы гэтаму атраду. Але яшчэ няясна было: ці астанецца атрад тут, як прыйдуць немцы. Падыходзіў апошні момант. А на станцыі аставаліся яшчэ таварныя вагоны, цэлы эшалон. Гэта быў таварны цягнік, у паравоз якога трапіла бомба і раніла машыніста. Начальнік станцыі выбраў з усіх Антона Крамарэвіча: ён ведаў, што Крамарэвіч такі чалавек, што калі ў яго не хопіць пачуцця абавязкаў давесці справу да канца, то таксама не хопіць і смеласці не давесці яе да канца. Антон Крамарэвіч увесь час, некалькі гадзін, стаяў на паравозе пры раненым машынісце. Машыніст быў забінтован па твары, плячах і жываце і сядзеў на высокім табурэце. Крамарэвіч стаяў пры ім і то даваў яму піць, то рабіў тое, што казаў яму машыніст. Без агнёў і ціхім ходам яны адводзілі цягнік у тыл. Але паравоз быў сапсаваны бамбардзіроўкай, і язда была такая марудная, а нямецкія самалёты шукалі сабе спажывы так часта, што цяжка было гнаць ад сябе безнадзейнасць. Ехалі, ці, праўдзівей сказаць, паўзлі ўсю ноч і раніцу і тады, калі сонца рушыла на поўдзень. Тут якраз і здарылася тое, што вырашыла далейшыя Крамарэвічавы паводзіны: немец зверху заўважыў цягнік і стаў над ім кружыцца. Машыніст спыніўся. Трэба думаць, што немец пачаў траціць цягнік са сваіх вачэй і, можа быць, каб зусім не згубіць яго для сябе, ён бадай што на ўсялякі выпадак скінуў увесь груз сваіх бомбаў. Гэты страшны пачастунак упаў так блізка ад цягніка, што паравоз і пярэднія чатыры вагоны ўздрыгануліся, зрушыліся набок, пагнуліся і сталі нягоднымі для далейшага руху. Машыніста і Крамарэвіча выкінула з паравоза. Крамарэвіч ачомаўся праз некалькі гадзін, і не так сабе, а ад артылерыйскай кананады. Немцы абстрэльвалі гэтую мясцовасць з гармат. Усюды ўзнімаліся ўзрывы. Пыл з дымам раз'ядаў вочы і грудзі. Крамарэвіч хацеў прыўзняцца і адчуў, што ранен у грудзі. Кроў закарэла і пакінула ісці. Уночы свяціў месяц. Крамарэвіч хацеў стаць на ногі і ўпаў у непрытомнасць. Вельмі можа быць, што жудасны холад, які можа быў і ад хворасці, вярнуў яго да памяці. Ён калаціўся з холаду і не ведаў, колькі часу ён так праляжаў. Заходзіла сонца, і зямля была мокрая, мусіць, нядаўна прайшоў дождж. З нечалавечай натугай Крамарэвіч усё ж такі падняўся на ногі і паспрабаваў паволі ісці. Яго вадзіла ўбакі, і ў вачах стаялі чорныя кругі. Сам не ведаючы куды, ён усё ішоў, растапырыўшы рукі, быццам мацаючы паветра і трымаючыся за яго. Разышоўшыся, ён аднак жа пайшоў лягчэй. Ён садзіўся і лажыўся на зямлю і зноў ішоў. У адным месцы, дзе чарнеліся кусты і дрэвы, ён чуў зусім блізка ад сябе нямецкую гаворку і ледзьве мог схапіць грудзьмі паветра. На рассвітанні ён бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкіх танкаў. Ён лёг пад куст палявога быльнягу і не варушыўся. І ніколі так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла яго душа па Алесі, Ганцы, Толю і ёй, добрай яго жонцы, такой блізкай і роднай жанчыне. І па тым кутку пры лесе, дзе сэрца многа знаходзіла ціхай радасці і дзе ўцеха з малога была лепш за радасць з вялікага. Пераляжаўшы так многа гадзін, ён зноў пайшоў. Ужо ён быў слабы і ад раны, і ад голаду. Многа сілы адабрала і ўся гэтая валтузня. Ён ведаў адно. Па ўсёй мясцовасці панавалі ўжо немцы, а мясцовасць была незнаёмая. Яшчэ праз паўсутак ён дацягнуўся да нейкай дробнай вёсачкі, дапаў да скошанай і прывялай травы каля частакола з рассунутымі прутамі. Бязвусы, босы і ў чорнай рубашцы без падпяразкі чалавек угледзеў яго і разгаварыўся з ім. Ён паспагадаў яму ў няшчасці і паклаў на леташнюю салому ў сваёй пуні. Кожны дзень ён прыносіў яму два разы хлеб і малако, і так пайшоў тыдзень за тыднем. Адно што душа была не на месцы, а так усё ішло добра. Хоць паволі, марудна, як світанне ўвосень, але варочалася здароўе, а значыцца, у чалавека і надзеі ажывалі. Антон Крамарэвіч, ужо ўвосень, упершыню выйшаў з пуні, ахоплены одумам, што яму цяпер рабіць. Гаспадар яго быў чалавек ціхі і баяўся немцаў. Ён распытваў па людзях, што дзе чуваць, а пасля падоўгу сядзеў з Крамарэвічам, і яны раіліся і думалі, як далей трымацца і ці трэба Крамарэвічу падавацца цяпер у свой раён, дзе аставаліся жонка і дзеці. Хадзілі аднак жа чуткі, што ў тым раёне, далёкім адгэтуль, многа нямецкага войска, і там людзі забілі трох гітлераўскіх афіцэраў, і карны атрад там даўно ўжо, і няма як туды паткнуцца. Вельмі можа быць, што Крамарэвіч занадта рана падняўся з саломы і не вылежаў хваробы да канца. Бо праз невялікі час рана адкрылася і хвароба адкінулася. Ён зноў ляжаў на саломе ў пуні, пад кажухом і ў ботах, бо восень была позняя і пачыналіся замаразкі: снег пайшоў, і маразы пачаліся. Стала зіма. А ён усё ляжаў. Добры лёс паслаў яму чалавека з душой і розумам. Ён прыводзіў да Крамарэвіча доктара, і той сказаў берагчыся і раней часу не ўставаць. Так і зіма прайшла, і вясна настала. І толькі як высахла зямля, Антон Крамарэвіч па-сапраўднаму ўбачыў, што ён як мае быць робіцца здаровы. На пераломе вясны на лета ён цвёрда надумаўся брацца ў свой бок. А там будзе відно, што і як далей. Скрываючыся і трымаючыся глухіх закуткаў, ён больш як тры тыдні ішоў у свой бок. Да знаёмай стараны ён дайшоў якраз тады, калі яна апустошылася. Многа людзей забраў з сабою карны атрад. Казалі, што многія апынуліся ў канцэнтрацыйным лагеры, а многіх пагналі ў Германію. Дзе-нідзе Антон Крамарэвіч натыкаўся на чутку, што далёка адсюль, па дарозе ў лагер, многа людзей уцякло з-пад варты. Ім памаглі партызаны, напаўшы на канвой і перабіўшы яго. Самымі гарачымі днямі Крамарэвіч прыйшоў у свой пасёлак. новую сваю хату ён знайшоў з забітымі дзвярыма і вокнамі, так, як і пісала яму калісьці жонка. Што ж да старой хаты, то яна была як пустка якая: усё паадчыняна, паразварочвана, кінута абы-як, і ні душы нідзе. Крамарэвіч кінуўся па суседзях. Але толькі ў двух хатах знайшліся людзі. Астатнія хаты пуставалі. Суседзі казалі ў адзін голас, што трое Крамарэвічавых дзяцей і жонка зніклі немаведама дзе. Разам з тысячным ці большым натоўпам людзей і іх гналі некуды. А ці ўцяклі яны, ці не - невядома. І што з імі, і дзе яны - ніхто не ведае. Антон Крамарэвіч абышоў увесь раён, дападаў куды толькі мог і нічога не дазнаўся. Вялікае гора здушыла яго. Да самай глыбокай восені ён стаў сумным вандроўнікам. Дзе ён толькі ні быў! Абышоў круг на сотні кіламетраў. Быў і ў тым баку, дзе з-пад варты ўцяклі людзі. Дзе што чуваць было яму спанаднае, ён кіраваўся туды. І на след не напаў. Нарэшце, ужо ўбачыўшы марнасць сваіх пошукаў, ён узгадаваў у сабе прагу знайсці дзе сляды партызан і астацца з імі. Але партызаны сваіх слядоў напаказ не выстаўлялі. Дзе грамаздзіліся на дарозе куча лому з разбітых машын і парваных гранатамі на кавалкі немцаў, там, здавалася, яшчэ цішэй было, як дзе. На дрэвах спявалі сабе птушкі, і спакойна шастала трава пад ветрам. Здавалася, што тут няма і не было нікога нідзе жывога. Адзінокі, як саломіна на дарозе, Антон Крамарэвіч зноў рушыў у свой бок. Ужо ніякіх цвёрдых намераў ён не меў. Дзесьці ў глыбіні душы была толькі, як яснасць сонца па той бок хмар увосень, надзея, што пакрысе, як павелічэнне дня к вясне, выкіруецца ўсё на дабрыню і шчасце. На гэта патрэбен час, і ён радаваўся кожны вечар, што яшчэ адзін дзень мінуўся. Так, у маруднай хадзе, ён прычакаў позняй восені. Ужо быў кастрычнік, і дзіўна, як гэта так доўга стаяць цёплыя дні. Хоць поле было і пустое, хоць трава была злеглая і збляклая, але часам, з вялікай задумы, здавалася, што зараз над прыгрэтай сонцам травінай загудзе пчала. А ў лесе зусім было цёпла. Часамі яшчэ чуўся піск камара. Антон Крамарэвіч дайшоў да роднага кутка ў канцы ночы. Было холадна і мокра. Мінулым днём доўга ліў дождж. Крамарэвіч падыходзіў да лесу. Сцежка, калісьці знаёмая, губілася ў змрочным падлеску. Ён доўга шукаў сцежкі і з прыкрасцю крывіўся, калі пад нагамі трашчала ламачча. Ён кружыўся на адным месцы, убіўся ў мурашпік, пакаўзнуўся і выцяўся тварам аб зямлю, усхапіўся і, ужо не шукаючы больш сцежкі, рушыў проста ў прастор паміж дрэвамі. Тут жа адразу пачалося поле, і як быццам сцежка чарнелася і вілася ўгару на ўзвышша. Ён пайшоў сцежкаю і ўбачыў перад сабою дрэва з ададранай галінай. «Гэта тая самая арабіна, каля якой я некалі араў і на нізкі сучок торбу з хлебам вешаў». Ён прыгнуўся, абмацаў сук. Сэрца яго як бы ўздрыганулася. Ён пайшоў шпарчэй. Ужо добра світала. Дзень пачынаўся ясны. Ён падышоў да шасці хат. Дзесьці тут у хляве рыкала карова. Ён падышоў да новай сваёй хаты. Усё таксама яна стаяла з забітымі вокнамі і дзвярыма. Але бярвенне ўжо яе пачарнела. Быццам стараючыся адкаснуцца ад страшных прывідаў, ён паддаў ходу, проста да той старой хаты. Ён тады яе замкнуў, калі пакідаў яе апошні раз. Ён здалёк бачыць: замок вісіць на дзвярах, ніхто не зачапіў нічога. Ён увайшоў у двор. Тое самае ржавае і сплюшчанае ў бляху вядро валялася пад нагамі. Пасярод двара стаяла вада. Белы певень, худы і нейкі доўгі, з вострым і высокім грэбенем на галаве, спалохаўся чалавека і з крыкам, узмахваючы крыллем, рынуўся наўцёкі. Ён адзічэў у адзіноце. Ён пакінуў след пасля сябе, ён начаваў перад вокнамі на плоце. Крамарэвіч згубіў ключ у часе свайго вандравання. Ён падняў камень, адбіў прабой і адчыніў сенцы. Як яго ўразіў пах вільгаці ў хаце! Першае сонца білася ў акно і ляжала на столі. Са сцяны тырчаў той самы драўляны крук, убіты яшчэ дзедам, на які два ці можа тры пакаленні вешалі вопратку, хусткі, шапкі. Смутак здушыў Крамарэвічу грудзі. Ён зноў пад гэтым крукам, пад якім быў малым, пад якім часта курыў, седзячы тут на лаве. Яго душа ныла аб тым, што яшчэ так нядаўна было, напаўняла жыццё і радавала чалавека. Ужо ж быў даведзены да даху дом. Гэта нічога, што заканчэнне дома адклалася, самае большае было зроблена. А дзеці! Старэйшая Ганка ўжо даўно пісьмы яму пісала. Яго душу рвала тое, што ён зноў апынуўся ў дзедаўскай хаце, быццам злы лёс сумысля не даваў яму выбрацца на прасторнейшую сцежку, чым тая, па якой ішоў дзед. А каб ён і скончыў дом, і пажыў год ці два ў ім. Тое шчасце было б нічым перад тым няшчасцем, што цяпер агарнула яго. Ён быў адзін, без дзяцей і жонкі, без нікога на свеце. Што з таго, што ён мае дзве хаты! Навошта цяпер канчаць новую хату, калі іх няма. Хоць цэлую вуліцу дамоў дай яму. Гэта толькі павялічыць яго смутак, нічога яму цяпер не міла, няма яму цяпер за што зачапіцца, каб жыць. І няма каму скардзіцца, над душой вісіць гад з гадаў, бязлітасны прышэлец з чужой зямлі. Пакуль чалавек жыве, ён ратуецца ад усякай злой навалы. Каб уняць свой смутак, Антон Крамарэвіч падумаў, што трэба ж жыць на свеце. Ён выйшаў, набраў лому, напхаў у печ і падпаліў. Некалькі разоў ён падкідаў у печ дровы. Печ нагрэлася, па хаце пайшла парнасць. Ён падумаў, што будзе чад, і яму карцела ісці шукаць людзей і зноў пытацца, ці не ведаюць дзе следу яго жонкі і дзяцей. Замест замка ён укруціў дротам клямку і рушыў з двара. Той белы худы певень выткнуўся з-за вугла, і зноў убачыў чалавека, і зноў кінуўся ў лес з крыкам. «Як адзічэла птушка! Нейк жа і жыве адна, начуе сабе на плоце, жывіцца сама». Думаючы аб усемагутным жыцці, якое на кожным кроку ўкараняецца і імкнецца да красавання, адчуваючы гэта ўсёй душой сваёй, ён пайшоў у той вялікі пасёлак, дзе быў раней цэнтр раёна. Там ён гаварыў з людзьмі, нічога не выясніў і каб трохі, дык трапіў бы ў рукі паліцаяў, якія заўважылі нейкага новага тут чалавека. Добрым змрокам вярнуўся ён дадому. Праз пабітую шыбу дзьмуў па хаце вецер. Ён заткнуў анучаю дзірку ў акне і агню не запальваў. Ён памятаў, што на тым дзедаўскім круку вісіць чорны ад гразі ручнік. Яго не паспелі памыць. Вобмацкам ён паклаў ручнік у ночвы, якія бачыў у сенцах, наліў вады і абмацаў ля коміна на печы мыла. Доўга ён мыў ручнік, і гэтая разрыўка гнала ад яго смутак. Ужо было позна, калі павесіў ручнік на плот. У цемені ночы ён заўважыў, што той белы певень сядзіць на плоце перад хатаю і схаваў пад крыло галаву. Яму захацелася як-небудзь прылашчыць гэтую адзінокую птушку. Пасля ён пайшоў на той бок арабіны ў полі, дзе бачыў, калі ішоў сюды, цэлы загон нявыбранай бульбы. Ці ёсць на яе гаспадар, ці не? Няхай сабе як хоча. Ён навыграбаў бульбы ў мех як панесці мог. Вярнуўся з мехам у хату. Белы певень спаў усё на плоце. Ён лёг на цёплую печ і адразу заснуў. Перад днём выбіўся з-за хмар месяц і пачаў цьмець. Раніца пачалася ясная. Ён прахапіўся, быццам было ў яго многа важных справаў. Зазірнуў у акно. Белы певень дзёўб нешта пасярод двара. Ён падпаліў у печы, узяў з-пад лавы чыгун і паставіў да агню бульбу, каб хапіла і сабе, і пеўню. Управіўшыся з гэтым важданнем, ён сеў на печ, звесіў ногі і курыў. Неўзабаве дым ад яго папярос плаваў па ўсёй хаце. Круціў ён папяросы адну за адной, смутак, як самы востры боль, пёк яму грудзі. Ён адчуў, што так не вытрымае доўга. «Толькі пераначую яшчэ адну ноч і тады сыду куды». Ён, здаецца, чуў, як ідзе час, секунда за секундай. Ён быў такі насцярожаны, што ўздрыгануўся, як ад раптоўнага грому, ад ціхага бразгату сенечнай клямкі. Як той певень ад чалавека, так ён ад гэтага гуку як бы хістануўся ўбок, да сцяны, пасля саскочыў з печы і стаў у гатовай да ўсяго паставе. Адчыніліся дзверы, і цераз парог пераступіў Коля Сушчэвіч. Антон Крамарэвіч убачыў перад сабою хударлявага, з абветраным вострым тварам, хлапчука, у якім (і гэта адразу кідалася ў вочы) нерашучасць і баязлівасць змагаліся з самай выразнай адвагай. Можа гэта было штучна напушчанае ім на сябе, але яно было і ўладала гэтым малым, нечаканым і незнаёмым госцем. Коля Сушчэвіч бачыў перад сабой незнаёмага чалавека ў зрыжэлых ботах, у ватоўцы, з дробнымі светлымі вусамі, з вачыма, адначасна і рухавымі, і задуменнымі. Гэты незнаёмы чалавек стаяў нерухома і, здавалася, еў вачыма свайго малога госця. Так ён пільна прыглядаўся да яго. Коля Сушчэвіч засадзіў пальцы рук за раменную сваю падпяразку на кароткай вопратцы з шэрага сукна і, здавалася, думаў і меркаваў. Антон Крамарэвіч падазрона ўглядаўся ў яго і сказаў тонам чалавека, які не так дапытвае другога, як сам шукае апірышча:

- Што скажаш? Адкуль ты? Чаго ты забрыў сюды?

Коля ўзяў спакойны тон. Хітрасць яго межавалася са шчырасцю.

- Я шукаю свайго бацькі.

- А дзе ж твой бацька дзеўся?

- Хіба ж я ведаю? З першага дня вайны я яго не бачыў.

- А ты здалёку?

- З раёна.

- Хто ж твой бацька?

- Сушчэвіч.

Антон Крамарэвіч перасмыкнуў усімі рысамі свайго твару. З гарачым уздымам ён ні то запытаў, ні то дапытліва крыкнуў:

- Як жа ты не ведаеш, дзе твой бацька?! Хіба твой бацька адцураўся цябе? Можа ён самахоць ведаць цябе не хоча? (Яму было прыемна гаварыць нядобрае пра Сушчэвіча яго сыну.) А можа ён і рад, што такая завіруха на свеце, каб адцурацца ўсіх сваіх і аднаму астацца. Знайшліся і такія.

Сказаўшы гэтае жорсткае слова, Крамарэвіч змоўк. Ён убачыў, што яго малы госць уздрыгануўся, заміргаў вачыма, а вочы ў яго зачырвоніліся. Ён нейк дзіўна кіўнуў галавой, чмыхнуў носам і гатоў быў у той жа момант заплакаць. У кожным разе так здалося Антону Крамарэвічу. Ён спалохаўся, як кожны слабавольны, хто нарабіў вялікай бяды. Ён гатоў быў праклінаць сябе за гэтую сваю дурноту, што перад малым хлапчуком пачаў нядобрым словам спаганяць сваю злосць на Сушчэвіча.

- Можа ты змерз? - сказаў ён. - Дык лезь на печ. Печ цёплая.

- Мне не холадна, - сказаў Коля нейкім панурыстым тонам,

І тут Коля раптам зірнуў на Крамарэвіча вачыма, поўнымі просьбы:

- Хіба вы што-небудзь дрэннае чулі пра майго бацьку? - сказаў ён. - Мусіць, і ўсе нешта пра яго ведаюць, бо нічога мне пра яго не кажуць, а самі яго ўспамінаюць, што ён тут недзе поблізу з'явіўся. Я не раз чуў, як яны гаварылі.

- А хто гэта яны?

Коля маўчаў.

- А дзе твая, калі так, маці?

- Маю маму гітлераўцы павесілі за тое, што яна не хацела сказаць, дзе бацька. Яго немцы шукалі. А яна не ведала, дзе ён.

- Давай хіба будзем есці бульбу, хоць халодную, у мяне повен чыгун, - сказаў Крамарэвіч, адчуваючы прагу сказаць што-небудзь добрае і ласкавае Колю Сушчэвічу.

- Я не хачу есці, - адказаў Коля.

- А ты тут можа і раней бываў каля гэтага месца?

- Быў часта. Калі яшчэ тут фашысцкіх афіцэраў забілі, і пасля карны нямецкі атрад шукаў тых, хто іх забіў, дык я тады ўвесь раён абышоў: многа людзей тады адусюль ішло хавацца. Дык я хацеў, каб убачыць: можа мой бацька з людзьмі дзе. Я тут на гэтым пасёлачку тады дзве ночы начаваў у аднаго чалавека.

- А каго з гэтага пасёлачка немцы забіралі? З гэтай хаты трое дзяцей і жанчына прапалі.

- Ведаю. Іхняга чалавека не было дома. Дык думалі, што гэта ён забіў афіцэраў і скрываецца. Тут так многа тады людзей стралялі і вешалі, што доўга не разбіралі, а адразу: або застрэляць, або гоняць некуды далёка. Тых трое дзяцей і іхнюю маці паставілі, з аўтаматаў адразу застрэлілі, а самі на грузавік і паехалі.

- А ты гэта бачыў? - слабым голасам сказаў Крамарэвіч.

- Не, але чалавек, у якога я начаваў, казаў. Ён бачыў.

- А з каторай гэта хаты чалавек?

- З той, што крытая саломай і што вокны з сінімі акяніцамі.

Сэрца ў Крамарэвіча быццам адарвалася і ўпала ў бездань. Ён ужо ведаў: яму самому той чалавек не сказаў праўды, бо не хацеў даваць яму горычы ў душу. Цяпер ужо скончыліся яго пошукі і надзеі. Утрапенне заўладала ім. Яго ўзбуджанасці не было меры. Ён закалаціўся. Коля запытаў:

- А вы хто? Гэта ваша хата ці так сабе вы тут прыпыніліся?

- Гэта мая хата, - панура і праз зубы абазваўся Крамарэвіч.

- А вас даўно дома не было, што хата пуставала?

- Не было мяне, сынку, дома. Даўно не было. (Голас яго спакайнеў і позірк цвярдзеў.) Ну, а як той чалавек казаў, застрэлілі іх, і хаця ж яны доўга не мучыліся?

- Ён казаў, што адразу ўпалі, і канец.

Можа яно і сапраўды так было, а можа Коля толькі казаў так, каб даць спакой ранам душы гэтага чалавека. Усёй душой сваёй ён чуў, што больш ужо не трэба яму дазнавацца, злы гэты чалавек ці добры, дзеля злога замыслу ці так сабе ён явіўся сюды. Але ён даводзіў справу да канца. Ён запытаў:

- Гэта вы ўбіліся ў мурашнік?

- А-а, гэта ты прыйшоў паглядзець, што я тут раблю, - здагадаўся Крамарэвіч. - Дык ведай, сынку, што я астаўся адзін і сам шукаю, каб хто быў са мною. Ты мне скажы проста і адразу: ты служыш партызанам ці немцам?

Коля Сушчэвіч ніколі не спадзяваўся на такое запытанне. Падазрона паглядзеў на Крамарэвіча і задзірыста адказаў:

- Я нікому не служу, а шукаю свайго бацькі.

І раптам яны, адзін стары, а другі малы, сталі адзін да аднаго, як раўня. Крамарэвіч сказаў:

- А мне ўжо і шукаць не трэба. Дарэмна ўжо.

- А можа і мне таксама.

Крамарэвіч ступіў крок да Колі. Коля сеў на лаву і папрасіў курыць.

- Не ўвыкай, сынку, да гэтага дыму. Гэта не вялікае шчасце.

- Калі ж смага нейкая, здэцца б палын глытаў.

- А ты перацярпі, перамаўчы, перачакай. Усё на свеце праходзіць. Пройдзе і гора гэтае.

Коля пасунуўся глыбей у лаву і ўзлёг локцямі на стол. Як у спёку смага, яго апанавала прага да прытульнага спакою ў пасцелі дзе ці ў добрай гаворцы з родным чалавекам. Вачыма, поўнымі просьбы, ён глядзеў на Крамарэвіча, а ў таго гэты позірк выварочваў душу. Ён прагнуў мець пры сабе дзіцячую душу. Ён адначасна разумеў і Колеў смутак. Не так дзеля сябе, як дзеля таго, каб аблагодзіць гэтага хлапчука, ён сказаў:

- А нікога ў цябе хіба няма блізкага, каб і пашкадаваць часам цябе, пакуль ты бацьку знойдзеш?

- Ёсць у мяне дзядзька Сымон, і Павел Пракапенеў мне як таварыш, дарма, што яму дваццаць год. І ўсе. Мы ўсе паміж сабою добра жывем.

Думка, радасная і важная, і патрэбная, як збавенне, нарадзілася і пачала жыць у Антона Крамарэвіча пасля гэтых Колевых слоў. «Ён прагаварыўся, гэты хлапчук. Гэта яны там у сваім атрадзе добра паміж сабою жывуць. Не трэба больш нічога распытваць, не трэба чапаць яго, няхай думае, што ён нічога не сказаў». Якая гэта была радасць Антону Крамарэвічу! Гэта прыйшоў яго ратунак ад пагібелі ў сумнай адзіноце. Трымаючыся за гэтага хлапчука, ён выйдзе да людзей. З людзьмі ён будзе жыць, як шчаслівы чалавек, а не мадзець, як пакутнік. І на доўгі час Крамарэвіч змоўк. Коля Сушчэвіч падумаў, што гэты чалавек хоча быць толькі сам з сабою, і ўныў душой. Гэта заўсёды так бывае. Дзіцячая душа, калі яна ўражана вялікім утрапеннем, горкім і атрутным, прагне ратунку цераз добрую ўвагу да сябе ад усіх як ёсць. Ласкавасць ад усяго свету, а не ад аднаго толькі чалавека, выратуе дзіцячую душу ад псіхалагічнага калецтва. Коля падумаў: я там скажу, што тут жыве падазроны чалавек.

- Ты, здаецца, завешся Коля? - сказаў Крамарэвіч.

- Коля, - узрадаваўся хлапчук. Ласкавасць усяго свету зноў да яго павярнулася. Гэты хлапчук стаяў на мяжы або душэўнага калецтва, або жалезнай загартаванасці на ўсё жыццё.

- Дык ведаеш, Колечка, цябе драмаць цягне. Ляж на печ і паляжы. І я паляжу.

Коля маўчаў.

Крамарэвіч падумаў, што зноў гэты хлапчук наёршыўся на яго, і сапраўды такі ўстрывожыўся. Чалавек просты, ціхі, звычайны, сярэдні, а ці малы будзе лячыць душу тым, што каб усе ведалі пра яго гора. Крамарэвіч знайшоў што сказаць:

- Ведаеш, Коля, у мяне ёсць бульба, чыгун і гаршкі, дровы і запалкі. Давай зварым есці.

- Добра, - сказаў Коля.

Гэта настаў момант іх сапраўднага збліжэння, шчырага і глыбокага, без якога б там ні было недавер'я адзін да другога. Цяпер ужо гаварылі яны адзін з адным бясконца. Да самых прыцемак былі яны ў хаце. Коля падаставаў са сваіх кішэнь укачаных у хлебныя крошкі кавалкаў сухой каўбасы. Варачы яду і ядучы яе, абодва яны былі роўныя натурай і настроем, сапраўдныя дзеці. Пасля яны такі прылеглі на печы. Але толькі на некалькі хвілін. Першы ўзварушыўся Коля. Ён быццам успомніў, што страціць зараз нешта важнае.

- Ужо я пайду, - сказаў ён.

- Напроці ночы?! - са штучным здзіўленнем устрапянуўся Крамарэвіч, але ён і ведаў, што яно ўсё так будзе, ён гэтага чакаў і хацеў гэтага.

Коля зашпільваў вопратку і вельмі спяшаўся. «Моўчкі трэба з ім», - думаў Антон Крамарэвіч і цясней падперазаўся па ватоўцы. Не гледзячы адзін на аднаго, яны прыгатаваліся ў дарогу. Ужо моўчкі ў думках сваіх яны згаварыліся. Коля стаяў і чакаў, пакуль Крамарэвіч закруціў дротам сенцы. Захад яшчэ ружовіўся, але змрок восеннага вечара ўжо быў густы. Певень ужо сядзеў на сваім месцы перад вокнамі.

- Адзічэў адзін, небарак, - сказаў Крамарэвіч, гледзячы на пеўня.

- О, ён тут усё сядзіць з самага лета і раней яшчэ. Я яго тут часта бачыў.

«Гэты хлапчук ведае ўсе таямніцы гэтага кутка тады, калі мяне і нікога ўжо тут не было. Гэты двор пры хаце жыў сваім бязлюдным адмысловым жыццём, а ён ведаў усё гэта, ён бачыў гэтае жыццё». Антон Крамарэвіч адчуваў усё так, быццам ён і Коля Сушчэвіч былі з даўніх часоў змоўшчыкі. Так яны ішлі, Коля паперадзе, а Крамарэвіч за ім. Коля думаў: «Няхай ён ідзе за мною, я скажу, што не толькі дасачыў, хто жыве ў пустой хаце, але і прывёў яго».

Яны мінулі старую арабіну і дайшлі да лесу. Крамарэвіч быў упэўнен, што яны ідуць туды, куды ён хацеў. Без жальбы і смутку ён думаў аб пустой хаце, у якой такі страшны цяжар ціснуў яго душу. Не было б горшай пакуты, каб аднаму аставацца там.

Гэта і быў апошні вечар і дзень яго сумнай адзіноты. Ноч агарнула іх у далёкім лесе. Зоры позняй восені зіхацелі над чорнай цішынёй яловага лесу. Бралася на прымаразак. Боты шоргаліся аб зямлю, і пад імі трашчалі лісце, іголле і першая намаразь. Антон Крамарэвіч заўважаў усё гэта так, як і праз усё сваё жыццё ён адчуваў і любіў гэты час года і сутак.

Пакуль гаілася яго рана і пакуль ён сам правіўся ў таго добрага чалавека, усё навакольнае здавалася яму несапраўдным. Важным і сапраўдным было толькі тое, што ён не ведаў, як і дзе яго дзеці, і сумаваў па іх. Пакуль ён сядзеў цяпер у сумнай адзіноце старой хаты, усё навакольнае - і сонца, і дождж, і дзень позняй восені, і апошнія лісткі на дрэве, - усё-ўсё, што ён век свой любіў, было несапраўднае, як бы знявечанае і ўражанае яго смуткам. Самае важнае і адзінае і сапраўднае на ўвесь свет было тое, што ўсе яны, дзеці і яна, іх маці, верная сяброўка яго, зніклі з жыцця, што іх ужо на свеце не было! І што той, хто адабраў у іх жыццё, вырваў душу, сам жыве і цешыцца з жыцця. Першыя прыступы нянавісці ўжо тады пачалі завалодваць ім, але іх душыў роўны смутак і бесперапыннае прыгнечанне душы. Свет быў заслонен перад ім. Як быццам бы ўжо няможна было цешыцца з дрэва за акном і з яснага неба зранку.

Чалавеку не трэба многа для яго ўцехі і шчасця. І тое, што жыве ў чалавечай душы, не мае вечнай меры вялікага і малога. Ён яшчэ не бачыў тых людзей, да якіх вёў яго Коля, а ўжо страціў пачуццё таго, што ўсё навакольнае несапраўднае. Прыгнечанне было знята з яго душы. Ці надоўга? Але цяпер, так як і заўсёды, стаяла восенная ноч і так, як заўсёды, можна і трэба было мець з яе вялікую ўцеху.

Яны прыйшлі ў лясны лагер задоўга да світання. Тут ужо Крамарэвіч заўважыў, што Коля пачаў трымацца як гаспадар усяго тут. Перад Крамарэвічам ён увайшоў у ролю.

- Тут заўважым чалавека, унь, там будзе стаяць, - сказаў ён таемным голасам.

Сапраўды, яны пачалі падыходзіць да цёмнага абрысу чалавечай постаці.

- Гэта я, Коля Сушчэвіч, - паціху выгукнуў ён, і Крамарэвіч шпарчэй пайшоў за ім. Коля сказаў яму прыгнуць галаву, калючае голле зачапіла за лоб і вушы, і Коля сказаў, што трэба закурыць і класціся спаць. Коля ўжо распараджаўся. Крамарэвіч сеў на нейкае ламачча. Коля раптам сказаў:

- Гэта я забыўся, нам трэба не ў гэтае месца. Пярэйдзем туды.

- Куды гэта? - сказаў Крамарэвіч сумысле. Ён падумаў, што яму не трэба быць такім паслухмяным перад гэтым хлапчуком. Ён як мае быць вылечыўся ад свайго душэўнага заняпаду. - Куды ж нам ісці? - сказаў ён. - Раніцай пойдзем, а цяпер прыдрамнуць трэба. Гэта шалаш нейкі?

Цвёрды і аўтарытэтны тон яго слоў адразу ўзяў пад уладу Колю.

- Гэты шалаш як на аднаго, гэта я сабе яго зрабіў, - абазваўся Коля тонам малога, які рад пахваліцца перад старэйшым. - Тут толькі трэба выцягнуцца, дык і ўдвух льга выспацца.

І праўда, што ім трэба было выцягнуцца, каб удвух паспаць да раніцы. Яны цесна прыціснуліся адзін да аднаго спінамі і глыбока задрамалі. Але ненадоўга. Неўзабаве Коля пачаў гаварыць і кідацца. Дрымота яго была неспакойная. Праз сон ён гаварыў з бацькам, а пасля пытаўся ў некага, дзе бацька, і некаму казаў, што калі маці вісела на шыбеніцы, вецер трапаў яе валасы. Некалькі разоў ён усхватваўся, а пасля зноў кідаўся на ранейшае месца і прыціскаўся да спіны свайго суседа. Крамарэвіч выразна ўбачыў і адчуў, як уражана душа гэтага хлапчука і што ён можа стаць на мяжы душэўнага калецтва. І ў гэты момант уся істота яго ўздрыганулася ад думкі, што яму трэба шукаць сваіх дзяцей, што, можа, каторае з іх толькі падстрэлена і мучыцца дзе. Можа гэта было хворае ўяўленне таго, у што ён сам не верыў, але гэта зноў узнімала да вялікага гарту яго ўзбуджанне. Зноў яму стала цяжка, і ён з радасцю заўважыў, што пачало світаць.

Пад самы дзень Коля заснуў спакайней, але дрыжаў з холаду. Шалашык быў малы, і ў ім нават стаць нельга было на ўвесь рост. Сплецены з яловых лап, шалашык толькі ад людскога вока ўкрываў таго, хто ў ім быў. Холад цёк у яго адусюль. «Як мучыцца гэтае хлапчанё, і я мучуся, і дзеці мае мучыліся. Якое жыццё настала!..» Страшная нянавісць здушыла Крамарэвічу грудзі. Ён стаў і чакаў, пакуль Коля прачнецца і ўстане.

Дзень пачаўся ясны, і пад сонцам да паўдня сышоў з травы іней. Коля павесялеў, як толькі скончыўся абавязак спаць уночы. Надвечар ён знайшоў Крамарэвіча і сказаў, што ідзе на ўсю ноч у разведку, а калі прыйдзе - невядома. Ён пойдзе ўжо зусім у іншы бок. Крамарэвіч бачыў: гэты хлапчук быў ужо яму блізкі і родны. Ён ужо быў патрэбен яму. Гэта было апірышча яго душы.

Коля не прыходзіў некалькі дзён. Крамарэвіч адзін спаў у тым малым шалашы, некалькі разоў на ноч курыў і ўжо і заваду не было таго цяжкага, што раней гняздзілася ў душы яго. Дзень за днём ішлі шпарка, і як чагосьці вельмі важнага для сябе ён чакаў, калі вернецца Коля. Ён прыйшоў на сёмы дзень і прынёс дзве навіны, адну ўсім, а другую толькі аднаму Крамарэвічу. Першая навіна была: па шашы тымі днямі будуць гнаць многа людзей некуды. Іх адусюль зводзяць і зганяюць у цэнтр раёна. Там з'явіліся нямецкія салдаты і раскватараваліся па хатах. Коля Сушчэвіч расказваў пра гэта без якой бы там ні было ўзбуджанасці. Можна было падумаць, што ён бачыў што-небудзь цікавае і толькі, а не тое, што зноў зачапіла яго самыя патаемныя думкі.

- Немцаў многа. Ходзяць па мястэчку. Я з імі гаварыў. Адно слова наша, а другое нямецкае. Я два дні курыў іхнія папяросы. Я начаваў адну ноч у паліцэйскай канцылярыі. Я ім сказаў, што гэта я шукаю, каб дзе жыць, бо не ведаю, дзе бацькі, і я адзін астаўся...

У гэтым месцы ён сціснуў вейкі воч і счырванеўся, але зноў пачаў спакайней гаварыць:

- Яны мне сказалі, гэтыя паліцаі, ісці куды начаваць, а я сказаў, што вельмі мне баліць жывот і галава і не ведаю, да каго ісці. Пасядзеў, прылёг на нейкі куфар з пляскатым векам і ляжаў. Мяне да раніцы не чапалі. А яны ўдвух усю ноч курылі і гаварылі, што людзей, мусіць, па шашы будуць гнаць. Я яшчэ і назаўтра з паўдня каля іх быў, а пасля вельмі есці захацеў і пайшоў папрасіў у адну хату. А там мяне ведаюць і пачалі распытваць, ці не ведаю я, дзе мой бацька. А я сказаў, што я сам яго шукаю. Яны на мяне паглядзелі і нічога не сказалі. Я ўбачыў, што яны нешта ведаюць пра майго бацьку, але казаць мне не хочуць. Я пачаў дапытвацца ў іх, а яны мне маўчаць. Я скончыў есці і пайшоў пад наш дом, нехта падаставаў з яго вокны. Я зазірнуў усярэдзіну, дык там з канапкі абіўка здзёртая, а на канапцы, дзе я некалі спаў, нейкі шчанюк ляжыць сабе, схаваўшы морду ў лапы. Мне так нядобра стала, што я адразу пайшоў адтуль. Я выйшаў на шашу і ўбачыў, што там нямецкая танкетка ідзе і немцы з яе страляюць наабапал шашы. Гэта яны прачасаць хочуць кусты паўз дарогу. Дык я падумаў, што гэта яны шашу ачышчаюць, каб па ёй гнаць тых людзей. Я яшчэ вярнуўся ў раён і пайшоў прасіць у немцаў есці і закурыць. Адзін немец даў мне пяць белых сухароў і цыгару. Я пералічыў, колькі там на двары салдат, закурыў цыгару і разгаварыўся з адным немцам. Там дзве роты салдат стаяць, на тым тыдні іх прыгналі. У іх ёсць грузавікі і танкеткі, і гэта яны будуць ачышчаць ад партызан шашу і трымаць па шашы варту, каб дарога была свабодная ім. Тады я пайшоў пад шэсць хат. Дык туды матацыклісты прыязджалі і зноў паехалі. Я павячэраў у таго чалавека, што хата з сінімі акяніцамі. Ён мне сказаў пра бацьку, я не адчапіўся ад яго, пакуль ён не сказаў.

Тут Коля Сушчэвіч перадыхнуў і спыніўся. Гэта была другая навіна, якую ён сказаў толькі аднаму Антону Крамарэвічу і некалькі разоў прасіў яго маўчаць пра гэта перад усімі. Ён аж зажаўся, шпарка гаворачы, аж твар яго перасмыкваўся ад празмернай узбуджанасці:

- Мой бацька ў немцаў служыць.

- А можа гэта няпраўда, - перарваў на паўслове Колю Крамарэвіч, з гэтага моманту чуючы, як пачынае нараджацца ў яго дзіўная думка: гэта была думка ад задавалення і ад пачуцця зларадства. Аляксандр Сушчэвіч пайшоў на службу да немцаў! Гітлераўцы павесілі яго жонку, у яго кватэры на канапе спіць шчанюк валачашчы, а хлопец яго мучыцца ў лесе пад кустамі. А ён немцам служыць! Той самы Сушчэвіч, што некалі быў вельмі востры на слова і на справу! Але не гэта ўсё было самае важнае, з чаго Антон Крамарэвіч быў усе тыя дні ў неспакойнай узбуджанасці. Прычына ўзбуджанасці была ў вялікай крыўдзе: у самы цяжкі момант свайго жыцця, калі ён пакідаў на жончыны рукі няскончаную хату, ён жа добра ведаў, што Аляксандр Сушчэвіч дурань, хвалько і самы большы тут прайдзісвет. Але толькі цяпер, праз колькі год, ён скінуў з сябе тое, у што быў адзеты. Якая вялікая крыўда душыла Антона Крамарэвіча! Ён ужо не слухаў, што і як дагаварваў да канца Коля. Атрутная думка тачыла яго. «Каб не Аляксандр Сушчэвіч, мой дом даўно ўжо быў бы гатовы! На свеце адным домам было б больш. Я ставіў дом. А ён нічога не зрабіў добрага. Ён адно не даў мне давесці да канца будоўлю... Але хто жыў бы цяпер у тым доме? Няма ўжо іх, тых, дзеля каго будаваўся дом. Божа мой, Божа, няма іх!»

Ён аж выгукнуў гэтыя словы. Коля паглядзеў на яго і пакінуў расказваць аб сваёй разведцы. Позіркі іх спаткаліся.

- А ў маю хату ты там заходзіў? - запытаў Крамарэвіч, прагнучы душой, каб так было, што Коля заходзіў у хату і сказаў яму, што там робіцца.

- Заходзіў, - адказаў Коля. - Я там адну ноч пераспаў на печы.

- Там жа холадна?

- Холадна.

- А певень?

- Сядзеў на той самай жэрдцы.

- І ніхто туды не прыходзіў і не хадзіў паблізу?

- Не. Ціха было.

- А дзверы ты не забыўся дротам закруціць?

- Закруціў як мае быць.

- Ну добра. Дык цяпер, мусіць, на шашу трэба будзе ісці?

Коля паціснуў плячыма. Ён рабіў, што да яго належала. А ўсё іншае - на гэта ёсць іншыя людзі.

Праз дзён два прыйшла змена ў жыцці ўсяго атрада, і Крамарэвіч ахрысціўся на вечнае развітанне са сваёю адзінотаю. Коля Сушчэвіч яшчэ раз схадзіў у разведку і сказаў, што на шашы пачаўся небывалы раней рух. Ездзяць машыны з аўтаматчыкамі, матацыклісты, танкеткі і легкавікі. Камандзір здагадаўся, што гэта падобна на нямецкую псіхічную атаку: многа руху і грукату, каб праціўнік думаў, што ідзе вялікая сіла. Гэтак і тут.

На трэцюю ноч атрад зняўся з месца і выйшаў да світання на шашу. На ранейшым месцы асталіся толькі двое, і адзін з гэтых двух быў Коля Сушчэвіч. Камандзір атрада апошнімі днямі пачаў думаць, што гэта не так сабе незнаёмыя людзі пачалі з'яўляцца ў гэтым месцы. Гэта маглі быць нямецкія выследчыкі, якія вывіжоўвалі партызанскія сляды. Можа яны напалі на след атрада? Калі гэта так, то пасля аперацыі на шашы не трэба варочацца на гэтае месца. Дык трэба праверыць, ці ў гэтыя дні будуць падыходзіць туды незнаёмцы. Дзеля гэтага ў лесе асталіся Коля Сушчэвіч і добра вядомы яму з самых малых дзён тамашні чалавек, які апошнія перад вайной два гады быў садаводам і пчаляром у блізкім да раённага цэнтра саўгасе і часта бываў у доме Сушчэвічаў. Яны ўдвух самі з сабою памеркаваліся заняць месцы далёка адзін ад аднаго, каб шырэй абсочваць мясцовасць. Коля ўвесь першы дзень прасядзеў на прыдарожнай таполі, і яму добра відно было на шырокую разлегласць. І ўсе падыходы да лесу былі як на далоні. Нават добра заўважаўся дробны кусток шыпшынніка, ужо без лісця і прыламаны калёсамі. За дзень Коля не ўбачыў аніводнага чалавека. Было так ціха і пуста, быццам тут ніколі не лілася чалавечая кроў і быццам бы тут не тлелі ў зямлі прыблудныя ў гэты куток фашысты і іхнія паліцаі. Змрокам дня Коля злез з дрэва і пайшоў на лагернае месца ў лес, так, як яны і дамовіліся з садаводам. Той ужо быў там і нецярпліва чакаў Колю. Здавалася, што ён нейкі ўзбуджаны. Ён узяў Колю за плечы і сказаў:

- Ну, сынку, ты ўсё тужыш па бацьку і шукаеш яго. Дык будзь спакоен, твой бацька жыў і здароў.

Коля ўздрыгануўся і, апанаваны вялікай трывогай, сцішыўся.

- Я сёння апоўдні твайго бацьку бачыў. І так мне хацелася з ім пагаварыць, але не ўдалося. Ён ішоў паўз лес, я яго бачыў здалёку і пазнаў. Я крычаў, а ён не пачуў, вецер дзьмуў ад яго. Так што твой бацька жывы і здаровы. Цяпер ужо, калі так, ты з ім можаш скора і спаткацца.

Гэты чалавек не ведаў, што ён не ўзвесяліў Колю, а ўвагнаў яго душу ў жах безнадзейнасці і трывогі. Удвух яны леглі на ноч у Колевым шалашыку. Садавод заснуў адразу і праспаў ноч, не павярнуўшыся. Гэта быў здаровы сон чалавека, які пражыў дзень як трэба і заўтра будзе жыць як трэба. Здаровы чалавек і спіць здорава.

Трэба думаць, што гэтага садавода ў маленстве не кранула за душу ніякае зло. І ён мог бы быць прыкладам усім: жыві так, як расце дрэва. Радуйся сонцу і ведай, што ў самую страшную навальніцу ідзе дождж і жывіць усё жывое.

Коля Сушчэвіч нават і вачэй не заплюшчыў у тую ноч. Скурчыўшыся, ён чакаў дня і з радасцю заўважыў, як світанне пачало цадзіцца ў шалаш праз усе шчыліны. Ён вылез на двор і ўбачыў: стаяў сапраўдны мароз. Дзе крыху дрэвы разыходзіліся ў паляну, там усё бялелася. І ў твар рэзала холадам. Блізка была зіма. Пачуццё вялікай няўтульнасці апанавала Колю Сушчэвіча. Ён хацеў аднаго: ісці туды, дзе ўсе, а не аставацца тут удвух. І яшчэ: ён гарнуўся да Антона Крамарэвіча, яму хацелася быць з ім. З вялікай нецярплівасцю ён перачакаў тут некалькі дзён, пакуль не стала і яму і садаводу ясна, што падазроныя людзі і сапраўды такі гэтае месца агледзелі і старанна абсочваюць яго.

Нават нейкія ўдвух прыходзілі на месца самога лагера, сказалі, што скрываюцца ад немцаў, пасядзелі, пагаварылі і пайшлі. Усё было выразна. Коля з садаводам рушылі ў дарогу. Ідучы скрозь паўз шашу, яны дайшлі да вялікіх забалочаных паплавоў. Тут была ўжо тэрыторыя суседняга раёна. Балота было замерзлае. Рыжая асака тырчала на ім пукамі паміж куп'я і кустоў. Яны наткнуліся на свайго чалавека. Ён стаяў пад адкосам і акідаў вачыма дарогу. Увесь атрад быў тут. Па шашы засада была ў трох месцах. Коля Сушчэвіч знайшоў Крамарэвіча і астаўся пры ім. Толькі на восьмы дзень людзі ўбачылі вялікі натоўп людзей на шашы. Тут былі прыдарожныя дубы. Як зялёныя скалы, яны ўзвышаліся над шырокай мясцовасцю. Ніводнага з гэтых магутных дрэў не магла б узяць ніякая піла, такія яны былі тоўстыя. Кожны з гэтых дубоў меў не адну сотню гадоў. Вялікі натоўп людзей паволі ішоў дарогай. Людзей было некалькі сот, і напэўна больш за тысячу. Больш як палова ўсіх тут было жанчын. А рэшта былі старыя і нават не старыя мужчыны, падросткі і дзеці. Зусім малых дзяцей жанчыны неслі на руках. Трэба было бачыць твары гэтых жанчын, матак і сёстраў. Але найбольш маглі ўразіць чулую душу дзяўчынкі, самі яшчэ падросткі. Убачыўшы нядаўна смерць сваіх бацькоў, яны неслі на руках сваіх малых братоў і сёстраў, якія некалі нават і памятаць не будуць, што іх жыццё пачыналася ў час, калі чалавецтва найбольш ганарылася сваёй цывілізацыяй і найбольш сыходзіла крывёй і енчыла ў пакутах з таго, што ясны розум яго занядбаў тое вялікае, што магло б быць названа сэнсам светабудовы, - гэта чалавечае сумленне. Не памагла цывілізацыя.

Чалавечыя твары ў гэтым натоўпе былі шэрыя, учарнелыя і прыгнечаныя. Усе ішлі цесна адзін пры адным. Ужо не было тут нікога такога, хто не пераступіў бы яшчэ мяжы паміж дбайнасцю аб сваім выглядзе і абыякавасцю да ўсяго, апроч адзінай думкі аб захаванні жыцця. Вялікае гора скідае з чалавека нават і некаторыя ўласцівасці яго натуры. У гэтым вялікім натоўпе асуджаных на пакуты і гібель былі ўжо і такія, што не спадзяваліся на ратунак. Відна была высокая і худая жанчына з завостраным тварам і паднятымі ўгару плячыма. Няйначай, што яна многа месяцаў адбыла ў якім-небудзь канцэнтрацыйным лагеры. Абхапіўшы яе рукамі за шыю і звесіўшы галаву цераз яе плячо, вісела ў яе на спіне зусім малая дзяўчынка з забінтаванай каляровымі лахманамі нагой. Жанчына ішла размашной паходкай. Ззаду яе падганяў натоўп. А натоўп падганялі канвойныя. Дзяўчынка гула сабе пад нос бясконца адну ноту. Здавалася, што жанчына спяшае, каб хутчэй мінуць тое месца, па якім яна ішла ў той момант, і толькі. Але не да мэты яна спяшала. Бесперапынны стан псіхікі ў напружаным прыгнечанні можа знішчыць у чалавеку імкненне. Блізка ад гэтай жанчыны ішоў нізкарослы чалавек з распушчанымі рыжымі вусамі. Калі жанчына ішла роўна, нікуды не гледзячы і не маючы перад сабой куды глядзець, то гэты чалавек бесперапынна раз-поразу азіраўся на бакі і назад. Здавалася, што ён нешта хоча зараз убачыць. І ўсе ішлі цесным гуртам то панылыя, то рухавыя. Абзываліся дзеці, маўчалі дарослыя, шоргаўся аб дарогу стаптаны абутак, чуўся кашаль і часам голас канвойнага салдата ці паліцая. За ўсім натоўпам ішлі два грузавікі з аўтаматчыкамі і пешкам цягліся паліцаі, цэлая каманда. Грузавікі то спыняліся, каб прапусціць наперад пешы натоўп, то даганялі яго. Следам жа ішла машына лёгкая, крытая брызентам, і ў ёй сядзеў малады нямецкі афіцэр, чысты і спрытны. З таго часу, калі ён з'явіўся ў гэтых мясцовасцях, ён больш, як калі раней, і вельмі многа ў апошнія тыдні думаў аб сваей эўрапейскай цывілізаванасці. І ў гэты дзень ён перажываў вялікую прыкрасць ад таго, што прыйшлося яму, цывілізаванаму немцу, узначальваць такі азіяцкі спосаб перагонкі арыштаваных людзей. Калі трымацца законаў цывілізацыі, то іх трэба было б пасадзіць на грузавікі. Няважна, чаго ён з'явіўся сюды і што яны яго не запрашалі. Важна тое, якія формы надаць перагону іх з аднаго канцэнтрацыйнага лагера ў другі. Не ў тым сэнс, што ад імя і імем свайго фюрэра ён мучыць гэтых людзей на іх жа роднай зямлі і ў іх уласным доме. А сэнс у тым, каб рабіць усё гэта паводле законаў нямецкай цывілізацыі. А тут якраз не было грузавых машын, а яму хацелася як мага хутчэй здаць са сваіх рук арыштаваных, бо могуць быць уцёкі, а гэта пагражае яму зніжэннем пасады і пенсіі. Да таго ж ёсць загад вышэйшага начальства аб пераводзе арыштаваных. Ён не мог знайсці хоць якой уцехі ў думках, што ў гэты ж дзень будзе складзен і падпісан акт, што гэтулькі вось людзей памерла ў дарозе, а гэтулькі ўцякала і іх застрэлілі. (Хоць іх застрэлілі за тое, што яны ад сваёй змучанасці ў лагеры ўжо не маглі далей цягнуць ног і несці на сабе малых дзяцей.) Уцехі ў гэтага немца не было таму, што ён быў уражлівы і схільны бачыць перад сабой самае горшае. Дык вось і цяпер яму ўсё здавалася, што палавіна забраных людзей зараз пабяжыць і ўцячэ, і яшчэ (хіба не можа быць?) перадушыць яго салдат. Да таго ж - партызаны. Ад гэтай думкі ў яго пачынала ў грудзях ныць і смактаць. Нарэшце ён такі знайшоў сабе ўцеху ў думцы, што ён выконвае вялікую місію сярод гэтых людзей - місію нямецка-патрыятычную і цывілізатарска-эўрапейскую. Ён на заваяванай чужой зямлі і абкружан ворагамі. Нездарма вышэйшы за яго начальнік выразна быў сказаў:

- Тут многа хворых і немагушчых, ні да якой работы яны не здольны, і карысці ад іх мала. Гэта непатрэбны баласт. Але ён у дарозе можа пабегчы ўцякаць. Тады астаецца толькі адно: перастраляць іх усіх.

Толькі цяпер гэтыя словы ў поўным сваім сэнсе як мае быць дайшлі да свядомасці цывілізаванага немца. Божа, якое шчасце было б не ўзначальваць іх, а хутчэй ведаць, што яны не існуюць больш на свеце. На душы ў яго стала спакайней і лепш. «Вось зараз пачне канчацца дзень. Не можа быць, каб хто-небудзь з іх не паспрабаваў уцякаць». Жыццярадаснасць пачала варочацца да яго. Благаславенная яго маладосць вымагала найчысцейшай радасці і задавалення сабой. І задаваленне прыйшло да яго. І яшчэ адна думка прыйшла да яго на падмогу: ён жа выконвае і яшчэ адну місію: неабходнасць вышэйшай расы ўладаць рэштаю свету. Ён паглыбіўся ў думкі так, што з-пад яго ўвагі пачало знікаць усё навакольнае. Настаў момант, калі ён загадаў спыніць машыну і выйшаў з яе. Паўз яго ішоў натоўп. Плылі людскія постаці, міналі яго, далей і далей. Яшчэ ён убачыў, як чорны жук поўз цераз дарогу, як птушка выпырхнула з травы. «Ціха, дзіцятка, бо немец пачуе», - пачуўся бадай што ў яго над вухам жаночы голас, бусел праплыў у старане за дарогай. Ён зрабіў тут жа на дарозе свой прыродны інтэрас, дзеля якога і вылез з машыны, і прыгнуўся, каб зноў сесці ў машыну. І сапраўды настаў момант. Усё ў яго вачах здрыганулася, у вушах яго ляснула і грунула. Ён пачуў крык многіх галасоў, адчуў пах дыму і пылу, дзікімі вачыма кінуў у дарогу і ўбачыў, як натоўп пачаў разбягацца з дарогі, і тут жа перад ім апынуўся чалавек з распушанымі вусамі і даў кулакамі яму ў твар. Ён упаў, чуючы крык, і святло яснага адвячорка змеркла ў яго вачах.

Гэта Коля Сушчэвіч ляснуў гранату пад машыну гэтага афіцэра. Дзве гранаты яму выдалі ў той жа дзень, калі ён прыйшоў сюды і апынуўся пры Антону Крамарэвічу, у якога таксама было дзве гранаты. Калі забраныя людзі пад канвоем салдат і паліцаяў з'явіліся на дарозе, Коля адчуў, як сэрца распірала яму грудзі. У яго была практыка: кожны раз у такіх выпадках у першы момант яму цяжка было дыхнуць на поўныя грудзі. І цяпер ён пачаў шукаць вачыма патрэбнага яму пункта. Яму добра відна была лёгкая машына, крытая зялёным брызентам. «Там павінен быць афіцэр, гэта няйначай», - так думаў ён і сцішыўся. Ён адчуваў толькі адно: як паволі паўзе гэтая машына. «Каб яна была згарэла», - каб трохі, дык выгукнуў бы ён. Людзі праплывалі паўз яго. І канваіры то з'яўляліся, то знікалі далей у дарозе. Ён нават і не прычакаў, каб машына даехала да яго. Ды і чакаць не было як: машына стала. З яе выйшаў афіцэр. Наўскасяк цераз адкос Коля шпурнуў гранату. Што там было далей, ён ужо не бачыў.

- Што ты зрабіў? - з горкім упікам крыкнуў яму блізкі голас. - Трэба было пад салдацкі грузавік! Унь аўтаматчыкі драла даюць.

Грузавікі з аўтаматчыкамі мітусіліся, стараючыся завярнуцца і даць ход назад. Тады пачаліся гранатныя ўзрывы адзін за адным. Гэтае месца шашы было ўзарвана, і ніякага ходу па шашы тут ужо быць не магло. Пашчапаныя ў трэскі грузавікі ляжалі мёртвым плазам разам з косцьмі, галовамі і плячыма, з адарванымі рукамі ў рэштках мундзірнага нямецкага сукна. Ніводнага чалавека з таго натоўпу ўжо на шашы не было. Чалавек з распушанымі вусамі стаяў за адкосам на паплаўцы, узбуджана азіраўся, і вочы яго блішчалі. Ён усё гаварыў раз-поразу:

- А браткі мае, от жа ёмка, але ж і далі! От жа ж! - І раптам знік у паплаўным хмызняку.

Чакалі гэтага моманту восем сутак у засадзе ля шашы, а самая аперацыя закончылася праз некалькі хвілін. Коля Сушчэвіч і Антон Крамарэвіч выйшлі на шашу. Нямецкі афіцэр ляжаў нежывы. У гэтым месцы на шашы была толькі адна яма, па той бок машыны, якая бадай што цэлая стаяла над афіцэрам. Колева граната пераляцела паўз машыну па той бок яе і ўпала ў старане ад яе: Коля не разлічыў размаху сваёй рукі. Вельмі можа быць, што афіцэр сканаў, упаўшы патыліцаю аб каменную дарогу. Коля аглядаў яго з усіх бакоў. У Антона Крамарэвіча пачаліся першыя адзнакі шчасця помстай ачышчаць сваю душу ад смутку і цяжару. Гэтае пачуццё ў хуткім часе стала яму вельмі знаёмым. Калі праз доўгі час ён успамінаў гэты момант, то выразна думаў, што адгэтуль і пачалося поўнае знікненне яго духоўнай прыгнечанасці. Ён пакінуў закідаць думкі назад і забягаць імі лішне далёка. Ён ужо жыў тым, чым жыў кожны дзень. Многа людзей з выратаванага натоўпу асталося пры атрадзе.

Якраз у тыя дні пачаліся сталыя халады і нападаў снег. Атрад вярнуўся ў ранейшыя свае мясціны, але не ў лес, а заняў тыя шэсць хат пры лесе. У няскончаным Крамарэвічавым доме паклалі падлогу, паставілі печы, пашклілі вокны, і неўзабаве над дахам гэтага дома пачаў віцца дым з коміна. Антон Крамарэвіч аднак жа астаўся ў старой хаце і з ім Коля Сушчэвіч. Сэрцу Антона Крамарэвіча нічога не гаварылі сцены новага дома.

У тыя дні, пасля справы на шашы, ніводнага немца не асталося ў раённым цэнтры, і гэты пасёлак заняў другі атрад, які ў часе яшчэ ляснога жыцця суседзіў з цяперашнім шасціхатнім атрадам. Пачалася зіма як мае быць. Па шашы цяпер зусім не ездзілі немцы. І па ўсёй тут вялікай акрузе зусім не з'яўляліся. Партызаны ўладалі тут усім на вялікую разлегласць.

Пераход на новае месца, новыя справы ў атрадзе, новыя ўражанні самога Колі Сушчэвіча і шпаркая хада часу ўзялі на сябе ўсю ўвагу гэтага ўражлівага хлапчука. І ён цяпер ужо не мучыўся думкамі аб бацьку. Быццам бы ён уведаў тую праўду, што яшчэ не тое што гады, а дзесяткі год будуць турбаваць яго ўсялякія думкі пра бацьку, а цяпер трэба рабіць самае важнае: трымацца за штодзённыя чалавечыя справы і абавязкі, у якіх і сэнс, і радасць. Ён за гэты час і пажвавеў, і папрутчэў.

Але сам Аляксандр Сушчэвіч якраз у гэты час больш, як калі раней, думаў пра Колю, і можа нават думкі пра сына былі цяпер адзіным апірышчам яго душы, у гэты злы і брыдкі час яго жыцця.

Можна пэўна сказаць: яго згубіў той вялікі разрыў, што быў у яго паміж розумам і дзейнасцю, якую ён выбраў сабе, і не абы-як, а на ўсё жыццё. Ён лез у кіраўнікі. І ў гэтым было няшчасце не так таго раёна, дзе ён быў даволі-такі паважнай асобай, як яго самога. Кіраўнічага таленту ў яго можа хапіла б на тое, каб сядзець у возе, трымацца за лейцы і скіроўваць каня то ўправа, то ўлева. Ён і не падумаў ніколі, што навакол яго людзі. Яму здавалася, што ён нечым кіруе і нешта арганізоўвае, а было так, што людзі бачылі яго і хтосьці нават сказаў быў раз:

- Каб замест яго паклаў у яго крэсла палена, то тое самае было б.

Але няхай сабе яго і абсмейвалі. Гэта яшчэ паўбяды. Поўная бяда была з таго, што яго пачыналі ненавідзець. Антон жа Крамарэвіч не так сабе кінуў сям'ю і зноў выехаў у свет шукаць спосабу жыць. Выязджаючы, ён раструбіў усім, што гэта праз Сушчэвіча ён разлучаецца з сям'ёй. Гэтаму Крамарэвічу і ў галаву не прыйшло, што Сушчэвіч можа тут і сам жахнуўся б, каб яму хто сказаў, што ён і не кіраўнік, і не работнік, а самы сапраўдны злачынец перад савецкай дзяржавай. Але ён не толькі гэтага не ведаў і не адчуваў, а думаў, што ён вельмі важны чалавек у сацыялізме. Ён вельмі быў пакрыўджан тым, што не быў узнагароджан ордэнам. Я нядаўна чуў, як адзін работнік так суцяшаў сябе: «Яшчэ рана думаць, што ўсё скончана. Яшчэ не ўсе загадчыкі аддзелаў атрымалі ордэны». Як быццам бы ордэн павінен давацца за загадванне аддзелам, а не за працу і заслугі перад дзяржавай. Аляксандр Сушчэвіч насіў у сабе крыўду і пакрысе варушыўся. Можа б Антон Крамарэвіч і вярнуўся б хутка дадому, і скончыў бы, як сам хацеў, сваю новую хату, але да яго даходзілі чуткі пра некаторыя справы каля Аляксандра Сушчэвіча, і ён думаў: «Пачакаю яшчэ крыху, няхай там аціхне».

У тым раёне быў памылкова раскулачан адзін чалавек, які не быў кулаком. Недагляд гэта быў ці якое-небудзь спагнанне злосці? А пасля аднаго чалавека выкінулі з калгаса за тое, што ён сказаў быў раз: «Якая ж гэта савецкая ўлада, калі тут чалавека раскулачваюць, а не кулака?» Каб на добры розум, дык гэтага чалавека трэба было б падзякаваць і пахваліць за добрую і справядлівую думку, а Сушчэвіч прышыў яму абвінавачанне, што ён падрывае аўтарытэт прадстаўнікоў улады. Ох, гэты «аўтарытэт», там, дзе яго няма! Колькі разоў мне даводзілася выслухваць навучанні, як працаваць і як жыць, ад людзей, якія самі не ведаюць, як трэба працаваць і як трэба нам усім жыць.

Была і яшчэ хіба ў Аляксандра Сушчэвіча. Ён сілаю-гвалтам укараняў у людское жыццё тое, што было ўласціва яму самому. Вядома, не кожны мог прыняць гэта як непарушную праўду. Да таго ж, сярод гэтых людзей знаходзіліся і такія, што галоў на пяць былі разумнейшыя нават за самога Аляксандра Сушчэвіча. Не прымаючы сушчэвічаўскіх нормаў і спосабаў, а робячы інакш, яны былі пад падазронасцю ў яго. Здаралася, што праз колькі год, абсвяжыўшыся якім-небудзь свежым ветрам, Сушчэвіч даходзіў да новых думак і ў захапленні сам ад сябе тлумачыў усім новыя дасягненні сваёй галавы. Яму гэта была навіна, а многія ўвесь свой век жылі гэтымі думкамі і спосабамі. Дык некаторыя з яго пасміхаліся, а некаторыя з пэўнага часу ўзненавідзелі. Вялікае няшчасце бывае тады, калі чалавек з мандатам на права навучаць іншых пачынае думаць, што навокал яго ўсе бараны, якія нічога самі не ведаюць і не маюць сваіх мазгоў. Вельмі часта з Сушчэвічам выходзіла тое ж самае. Але ўсё гэта была драбяза пакуль што. Навокал Аляксандра Сушчэвіча жыццё ішло сабе. Расло добра на полі, спела ўвосень садавіна, людзі багацелі сабе і разжываліся, дзяўчаты ішлі замуж, гадаваліся дзеці, улетку было цёпла, а ўзімку холадна. Але тут здарылася, што той раскулачаны пачаў дамагацца свайго права. Чалавек ён быў прабітны і рухавы. Ён ездзіў кудысьці да вышэйшых кіраўнічых сфер, браў з сабой сведак і цэлы шмут усялякіх даведак і вярнуўся з высокай рэзалюцыяй па сваёй заяве аб тым, што яму павінна быць аддадзена ўсё, што ў яго ўзялі ў часе раскулачвання. Тым жа часам паперка аб гэтым пайшла ў раён. Хоць Аляксандр Сушчэвіч і не быў які-небудзь самы вышэйшы ў раёне кіраўнічы, аднак жа ён вельмі заеўся. Вядома, кожны мае свой гонар. І бяды ніякай тут няма. А там яна, злая і горкая, дзе на шалькі з аднаго боку кладзецца начальніцкі гонар, а з другога жыццё чалавека. У Сушчэвіча з тым раскулачаным была даволі-такі бурная размова. Абодва яны ненавідзелі адзін другога. Той забраў усю сваю адабраную маёмасць і падаў на Сушчэвіча заяву, што той падрывае аўтарытэт савецкай улады тым, што раскулачвае не кулакоў. Сушчэвіч кідаўся ўсюды, і справа нейк абышлася ціха. Аднак жа нянавісці яго да таго чалавека ўжо не было меры. Можна было падумаць, што ён узяў за мэту свайго жыцця згубіць гэтага чалавека. Ён пачаў да яго капацца. Тут мела месца не толькі нянавісць, але і страх, што той даможацца свайго і ссадзіць яго з пасады. Дык пакуль той дамогся свайго, то Сушчэвіч хутчэй дапаў да сваёй душэўнай лагоды: ён такі сагнаў чалавека з жывога месца. На яго было ўзвернена гэтулькі ўсялякай віны, што той аж сам уздрыгануўся. Ён кінуўся, каб дзе дзецца з Сушчэвічавых вачэй. Казалі, што ён, сцураўшыся і здабытай маёмасці, падаўся з роднага месца на старану і астаўся за рабочага на тарфяных распрацоўках. Нешта яму там не спадабалася, ён перайшоў на іншае месца і на іншую работу, але і там доўга не ўбыў. Так ён і бадзяўся з месца на месца аж да самай вайны. У самыя першыя дні вайны яго ўжо бачылі дома. Ён пастарэў і загадаваў вусы, густыя і распушаныя. Трэба думаць, што ён калі і не зіхацеў з радасці, што ідуць немцы, то і не лішне плакаў ад гэтага. У кожным разе, ён, калі пачуў, што ў суседнім з гэтым раёне раённыя кіраўнікі арганізавалі партызанскі атрад і скрыліся ў лясы, сказаў:

- Смеху варта. Яны хочуць даўбешкаю сагнуць гармату.

У апошні дзень перад прыходам немцаў ён ужо смела хадзіў сабе па мястэчку і нават з нейкай душэўнай прыўзнятасці, як сам пасля казаў, «гакнуў з суседам паўлітра». Пасля яны з суседам выйшлі, п'янаватыя, на гасцінец і ўбачылі, што Аляксандр Сушчэвіч імчыцца ў сваёй легкавой машыне як з пажару. Удвух яны сталі пасярод дарогі, паднялі рукі ўгару і запынілі машыну, і ў вочы ім кінулася, што Сушчэвіч ехаў з чамаданамі, клункамі і нават з патэфонам.

- А-а-а, - зацягнулі яны ў адзін голас, - куды ж гэта цябе нячыстая сіла гоніць? Чаму ж гэта ты раней быў такі смелы?!

- Калі са мною ваяваў... - дадаў вусаты.

- Гэта ж чужынец ідзе, а не хто іншы, яго ж біць трэба, а не ўцякаць ад яго.

- На каго ж ты нас усіх пакінуў, ты ж, калі ўсё добра на свеце было, паказваў перад намі сваю моц.

- А жонку і сына чаму ты не забраў з сабою?

- Я не ўцякаю, я еду выконваць свае абавязкі, - адказаў збянтэжаны Сушчэвіч. - Дрэнны той чалавек, які ў рашучы момант жонку ставіць вышэй рэспублікі. Сыдзі з дарогі!

Невядома, ці меў намер Сушчэвіч яшчэ вярнуцца па жонку і сына, ці меў што іншае ў галаве, але ён раптам пазнаў, што вусаты перад яго машынай - гэта той самы, што быў раней бязвусы. Звыклая да схематычнага і дагматычнага думання, яго галава адразу нарысавала, ці, праўдзівей сказаць, узяла гатовую схему: «Гэта ж той самы. Ён стаў ненавіснікам савецкай улады. Цяпер ён рад, што прыходзіць фашызм!»

Сам спалохаўшыся, ён выхапіў наган, стрэліў у паветра і закрычаў, каб тыя не стаялі на дарозе. А тыя кінуліся на яго, сцяглі яго з машыны і параілі збянтэжанаму шафёру ехаць, куды ён сабе хоча. Аляксандр Сушчэвіч пайшоў кудысьці ў дарогу, а вусаты насмешліва гукнуў яму наўздагон:

- Ідзі ў суседні раён, да партызанскіх атрадаў прыставай!

Назаўтра ўсю гэтую мясцовасць занялі немцы. Сушчэвіч не ведаў, што яму рабіць: вярнуцца дадому ён баяўся. Выходзіць на ўсход за фронт або тут брацца за што-небудзь рашучае ён таксама баяўся. Да таго ж ён думаў, што калі ён як бы без следу згіне, немцы не зачэпяць яго сям'і. І спачатку ён паспрабаваў туляцца, а пасля як-небудзь ціхом прыйсці дадому. Яго галава меркавала так, што раз ён быў у раёне даволі знаным чалавекам, то немцам толькі і клопату, каб злавіць яго. Праўда, калі ўжо тут з'явіўся нямецкі камендант, а ў суседнім раёне партызаны даволі ўжо даліся немцам у знак, знайшоўся нехта такі, што падаткнуў данос, што гэта нібыта Сушчэвіч арудуе ў суседнім раёне і яго жонка ведае пра гэта і мае ад яго весткі.

Вядома, даносчык! Сапраўдны даносчык ніколі не пакажа праўды, бо ён яе і не нюхае ніколі. Няхай гэта ведаюць тыя, хто ўмее думаць, што на даносах льга ўгрунтоўваць грамадства. Даносчыкі родзяцца на свет там, дзе знікае вера ў чалавека. Трэба ведаць, што без веры ў чалавека не можа трымацца не толькі сям'я або сяброўства двух, але і цэлая дзяржава. Як бы там ні было, але Сушчэвічыху немцы ўзялі на допыт, нічога ад яе не дамагліся і спешным парадкам павесілі няшчасную жанчыну. Сушчэвіч неўзабаве і дазнаўся пра гэта. Яго здушыў смутак аб Колю. Хлапчук астаўся адзін. Што будзе з ім і што будзе з самім Сушчэвічам? Тут яго галава зварыла так: «Не ўдалася савецкая дзяржава, ёй прыйшоў канец. Цяпер трэба пачаць нанава жыць. Хоць як, але каб умасціцца ў жыццё». З такімі думкамі ён наважыўся выслужыцца перад немцамі. «Яны кажуць, што прыйшлі знішчыць бальшавізм. Як бы гэта, каб забылася навек тое, кім я быў да вайны праз гэтулькі год? Каб забылася або загладзілася». Яго розуму хапіла на тое, каб паверыць, што злодзей і разбойнік маюць нейкае ідэалагічнае абгрунтаванне сваёй дзейнасці. Ні разу яго сумленне не ўзварушвала яго душы. страх забіваў у ім усё жывое. На гэты час ён нават і пра Колю пакінуў успамінаць. Скончылася тым, што ён такі нарэшце пайшоў да каменданта і папрасіўся на службу. Ён і сам здзівіўся, што яго адразу на службу і ўзялі. Перад ім паставілі задачу: раскрыць камуністычную падпольную арганізацыю ў раёне. Не падумаўшы нават, што можа такой арганізацыі тут якраз і няма, ён кіўнуў галавой і развітаўся з камендантам за руку. Гестапны немец навучыў яго: калі ў яго няма ў самога ніякіх канцоў у руках, то трэба высачыць партызан і ад іх пачынаць віжаваць. Ідучы ад немцаў, ён быў як пад зямлёй: а можа ўпасці да ног перад партызанамі? Астацца з імі? З сваімі быць - гэта шчасце. Але ж там можа быць і той, з вусамі. Не, той служыць немцам. «Дык гэта яшчэ горш, бо я з ім тут магу спаткацца». Зноў страх апанаваў яго. Страх еў яго душу і пустошыў сэрца. І ён рынуўся віжаваць. Хадзіў, слухаў, сачыў. Так прыйшла восень і падышла блізка зіма. Яго ўсё трымалі на такой рабоце, а ён стараўся зрабіць, што яму казалі, каб пасля зашыцца ў кут, у зацішак і хоць так жыць. Ён пакінуў спаць начамі, і рысы яго твару пачалі перасмыквацца. Нічога яму, аднак, не ўдавалася. Скончылася восень, і на шашы адбылося вызваленне забраных людзей. Немцы пачалі выбірацца з таго раёна. Ужо не страх, ужо жах уладаў Сушчэвічам. Горкай практыкай ён ужо дайшоў да той праўды, што немцы прыйшлі сюды дзеля таго, дзеля чаго яны сюды прыйшлі, а не дзеля таго, каб ён перад імі выслужыўся. Не ведаючы, у які бок схіліць галаву, ён прыняў апошні загад астацца ў гэтых месцах.

Марозлівым днём ён падышоў да шасці хат і ўбачыў з-за тоўстай хвоі: людзі габлююць дошкі, сядзяць на бярвенні, кураць сабе, устаўляюць вокны ў хату, а тут і той вусаты з сякерай стаіць. Вось ён дзе! Не служыць ён немцам! Але самае важнае, што тут убачыў Сушчэвіч, гэта тое, што ўсе кіраўнікі суседняга раёна і сакратар райкома гэтага раёна, чалавек, якога Сушчэвіч ведаў многа год, тут. І яны тут усе каля гэтай хаты. І Антон Крамарэвіч тут. Унь гаворыць нешта з вусатым. І многа тут людзей. Унь вартавы з аўтаматам стаіць.

Вялікае было шчасце Аляксандра Сушчэвіча, што нейкім выпадкам ён не ўбачыў тут свайго Колі. Смутак мог бы задушыць яго. Як утрапёны шаленствам, ён даў ходу з-за тоўстай хвоі і ўвечары таго дня ён сказаў таму, хто распараджаўся цяпер яго душой:

- Я высачыў партызан. На шэсць хат трэба кіравацца.

Каб гэта раней, то гэта мог бы быць доўгачаканы яго момант: першая ўдача за такі доўгі час. Цяпер жа выпусташаная душа яго не радавалася і не хвалявалася. Ён тупеў з кожным тыднем. Яму сказалі:

- Павядзеш туды глухімі сцежкамі карны атрад.

Ён не меў яшчэ дагэтуль ніколі такога ўтрапення. Ніякага апірышча душа яго ўжо не мела. І як за апошняе ён ухапіўся за Колю. Ён жа жыве недзе! Можа нават дзе тут блізка. Каб як выбіцца з гэтай пасткі, дзе прастарней дыхаць, дзе вальней, дзе стаў бы сам сабою, ды каб Колю знайсці і жыць з ім і дзеля яго.

Гэтая думка была пакутная, бо не было веры ў яе. Ён нават быў упэўнен, што ніколі гэтага не будзе.

Лепш бы не жыць такому чалавеку на свеце.

Праз дзён дзесяць ён ішоў лесам без сцежкі і без жадання хутчэй дайсці туды, куды ён ішоў. Дзень быў змрочны. Снегавая хмара вісела над лесам. Было вельмі ціха. Ён чуў, як за ім шастаюць па зямлі крокі немцаў і паліцаяў. Зямля была мерзлая і прыцярушаная снегам. Гук ног аб яе быў востры і калючы.

Далейшыя справы таго дня пайшлі вельмі шпарка, адна за адной. Вартавыя паведамілі, што ў лясы навокал шасці хат прасочваюцца адзін за адным нейкія людзі. Іх было даволі-такі нямала. Як пасля выявілася, гэта былі пераадзетыя паліцэйскія. Аднаго з іх злавілі і прывялі ў старую Крамарэвічаву хату, дзе за сталом сядзеў камандзір атрада, а прыпёршыся плячом да печы стаяў Коля і курыў. На лаве сядзелі людзі з аўтаматамі і вінтоўкамі. З вінтоўкай тут быў і Антон Крамарэвіч. Пераадзетага паліцая ўзялі на допыт. Пра сябе ён так расказаў: у першыя дні вайны яму трэба было мабілізавацца ў армію і трэба было шукаць ваенкамата, які эвакуіраваўся ў тыя ж дні. Ён вярнуўся дадому і астаўся там. Немцы прыйшлі неўзабаве. Яму трэба было з'явіцца да каменданта. Камендант сказаў яму:

- Дык ты не захацеў ісці ў сваю армію? Значыцца, ты быў супроць дзяржаўнай улады? Дык калі не пойдзеш зараз служыць у паліцыю, то адразу расстраляю.

І ён стаў паліцаем.

Пра агульную справу ён так сказаў:

- Пасля таго, калі партызаны ўкараніліся ва ўсім гэтым раёне і, самае важнае, загарадзілі шашу, па якой немцы не мелі цяпер праезду, нямецкае камандаванне дайшло да свае патрэбы выцесніць адсюль партызан. На гэта ўжо ўзяты ўсе паліцэйскія, тутэйшыя гарнізоны, і яшчэ прыйшоў атрад эсэсаўцаў. Немцы ведаюць, дзе стаяць партызаны. Не ведалі толькі яны, што ў шасці хатах стаіць атрад. Але цяпер і пра гэта ведаюць. Паліцаі, што адсюль родам, або так каторыя службоўцы пры немцах і ведаюць тут усе хады і выхады, а найбольш тыя, што высачылі партызан, па ўсім раёне павялі сёння нямецкія атрады ім вядомымі дарогамі на партызан. Гэтак і ў шэсць хат кіруецца нямецкі атрад, зборны, з паліцаяў і немцаў. Найбольш усе ўзброены аўтаматамі, ёсць і кулямёты. А то яшчэ і так: дзе-нідзе паліцаі па адным збіраюцца ў лесе і там на месцы гуртуюцца і жарнуць на партызан, як пачуюць сігнал.

Коля Сушчэвіч памчаўся ў суседні атрад, кіламетраў за восем, каб пераказаць усё, што расказаў гэты паліцэйскі. «Можа ўсе атрады гэта ўжо ведаюць, але няхай погаласка дойдзе ўсюды».

На пачатку зімы дзень вельмі кароткі. Коля не паспеў завідна вярнуцца. У старой хаце было цёмна і горача. Печ была добра напалена. Усе спалі, хто на лаве, хто на прыстроеных паўз сцяну нарах, а хто проста на саломе, пасланай на зямлі пасярод хаты. Коля палез на печ, на сваё звыклае месца. Там спала некалькі чалавек. Коля звыклым інстынктам пазнаў, каторы з іх Крамарэвіч, і лёг пры ім, плечы ў плечы. Якая доўгая ноч на пачатку зімы! Коля спаў толькі спачатку, як лёг. А пасля ўжо, як прачнуўся пад канец ночы, да святла нават і не задрамаў. Раптам стукнула ў грудзі і вушы вялікае ўзбуджанне. Колькі такіх ночай і дзён ужо было! Яны канчалі тое, што было да іх, і пачыналі новае. Гэтак і цяпер. Заўтра пачнецца можа грозная і цяжкая пара. Тут ужо недзе блізка ходзяць яны, жорсткія, тыя, што павесілі матку. Яны панавалакаліся, як плойма, на пакуту людзям. Можа ўжо многія, што спяць тут у гэтай хаце, дажываюць апошнія свае гадзіны. Хто з іх заўтра будзе ўжо нежывы, а хто ўзнясе да ўсяго свету сваю вялікую радасць, што жыве і сваімі рукамі зрабіў смерць не аднаму прышламу гаду. Гэтая радасць будзе вялікай, аб сваім жыцці і аб гадаўскай смерці! Божа мілы! Каб у гэтыя хвіліны знайсці роднага бацьку! Ён жа жывы! Можа ён і тут дзе, блізка! Блізка быў дзень, і Колева душа была на вялікім уздыме.

Світала. Коля звесіўся з печы і глядзеў на хату. Партызан з распушанымі вусамі, лежачы на лаве, курыў папяросу. Белы певень стаяў пад сталом, выцягнуў шыю і заспяваў. Ён чуў дзень. Каля людзей ён адкарміўся і абсмялеў. Коля саскочыў з печы на зямлю і пачаў адзявацца. Шыбы ў вокнах былі чыстыя, і прымарожаныя сняжынкі садзіліся на іх і ападалі. Певень спяваў раз-поразу, і людзі пачалі ўставаць. Антон Крамарэвіч апрануўся ў кароткі кажушок і пайшоў станавіцца на дзённую варту. Вусаты дакурыў папяросу, залажыў рукі пад галаву і сказаў да Колі:

- А ты чаго, хлопча, устаеш так рана? Ты яшчэ стаіш напроці свайго веку, дык прывучвайся спаць і ў вадзе, і ў агні. Калі ты будзеш мець такую натуру, што здолееш заснуць за тры гадзіны да смерці, дык і ніякае смерці тады не будзе. Спакоем і халоднаю развагаю льга горы з месца зрушыць. Хадзі сюды, садзіся пры мне, пагаворым.

Гэты вусаты чалавек апошнімі часамі ўсё больш збліжаўся з Колем. Хоць і ўсе так. Лёс вусатага чалавека так склаўся: пасля таго як устанавілася ў раёне нямецкая ўлада, яго паклікалі ў паліцэйскую ўправу і сказалі яму: «Ты цярпеў ад савецкай улады. Ідзі служыць у паліцыю». Ён адказаў: «Я цярпеў ад дурнога Сушчэвіча. Дазвольце мне ісці дадому? Я хачу жыць ціха». Дадому яму ісці дазволілі, але ўвечары забралі, і ён апынуўся ў канцэнтрацыйным лагеры і быў там, аж пакуль не пагналі яго разам з усімі па шашы. Сам то ён не бачыў, але чуў і ведаў ад Антона Крамарэвіча, што гэта Коля першы кінуў гранату, пасля чаго ён кулакамі палажыў навек нямецкага афіцэра і пабег з шашы. У яго нарадзілася і вырастала з кожным днём вялікае замілаванне да Колі Сушчэвіча, а пасля пачала з'яўляцца як бы рэўнасць аб Колю да Антона Крамарэвіча, з якім Коля быў неразлучны.

- Развіднела, а нічога не чуваць, - сказаў Коля, сеўшы на край лавы ля вусатага. - Можа паліцай наманіў, і ўсё так абыдзецца?

- Не абыдзецца, - сказаў вусаты. - Калі сёння будзе ціха, дык заўтра будзе грукатна. Як ні круці, а з немцам біцца прыйдзецца. Не на тое ён навалокся сюды, каб яму ў зубы глядзець. Ты, сынку, прыхоўвайся, калі што якое. Не вытыкайся без патрэбы. Шануйся. У сталых гадах прыйдзецца з гадаўём зноў біцца.

- Хіба зноў тады вайна будзе?

- А ты думаеш, так адразу гады на свеце звядуцца? На твой век яшчэ хопіць.

Ён, гэты вусаты, тым і быў непадобен да Антона Крамарэвіча, што мог і любіў разважаць, хоць бы нават і сам з сабою, калі не было з кім. Ён любіў Колю, як бацька любіць сына. Крамарэвіч жа імкнуўся да Колі як да нейкага неабходнага апірышча сваёй душы.

Марна спадзяваўся Коля, што абыдзецца цішынёй той дзень. У познюю раніцу немцы пайшлі на гэты лес, але наткнуліся на вялікую засаду. Так што бой пачаўся не ў самым лесе, а за паплаўнымі хмызнякамі. Ад шасці хат гэта было кіламетраў за шэсць. У старане, дзесьці ўбаку, таксама чуўся бой. Там нават білі гарматы. Відаць, немец пачаў не жартам. Апоўдні самалёты страшылі партызан тым, што скінулі над лесам некалькі бомбаў. Але ўсё гэта было звыклае і неўзабаве мінулася. Самае важнае пачалося надвечар. Як пасля выявілася, да гэтага часу ў пяці месцах таго раёна партызаны разбілі ўшчэнт немцаў і паліцаяў. У двух жа месцах партызаны адступілі да гэтага «шасціхатняга» лесу. Так што тыя два атрады і «шасціхатні» сышліся і стаялі разам. Яны займалі пазіцыю доўгім шнурам на ўзлессі. Немцаў перад імі было многа. Кулямёты ўвесь час білі па гэтым узлессі, немцы здорава націскалі. Партызаны адыходзілі ў глыбіню лесу. Пасля ўсе казалі - і гэта, бадай што, магло быць праўдай, - што такі, наканаваны здаровай думкай ці выпадковы, манеўр згубіў немцаў і праваліў усе іх намеры. Шашу ім ачысціць так і не ўдалося.

У лесе пайшлі рукапашныя схваткі. Усе выбіліся з фронтавага шнура і пабіліся на групы па некалькі чалавек. Так само сабою зрабілася. Выглядалі адны адных, расстрэльвалі, беглі на штыкі, біліся з крыкам «ура» і з лаянкаю. Вечар пачынаў агортаць першым змрокам зямлю. І ўжо зусім чорным стаў сухі верас на белым засціле мёрзлага снегу, якога вецер не паспеў яшчэ сагнаць у лагчыны. Па ўсім лесе ішла страляніна. Былі адзіночныя стрэлы, і іх глушылі аўтаматы і кулямёты. Божа! Як бярог увесь дзень Колю Антон Крамарэвіч! Ён усё гнаў яго лажыцца дзе пад выварат і чакаць. Коля лажыўся і прыпадаў да зямлі. Але ж гэта было б добра, каб усё стаяла на месцы. А то за дзень ім давялося некалькі разоў абшнарыць увесь лес з канца ў канец. Яны нарэшце ўдвух толькі ў рэдкім лесе і асталіся. Настаў момант цішыні. Раптам усё сціхла. Ці гэта і тыя і гэтыя паляглі, ці, гонячы адны адных, зайшлі далёка, ці гэта яны ўдвух адбіліся ад усіх і выйшлі з бою? Ці ўжо больш немцаў не хапіла, і бой сціх? Праўда ж, ляжаць два гітлераўцы перад імі, чэравам угару.

Коля вылез з-пад выварата і стаў пры хвоі. Твар яго быў чырвоны, і адзежа ў зямлі. Крамарэвіч сядзеў на зямлі і прыслухоўваўся. У Колі на рэмені віселі гранаты. Крамарэвіч быў з аўтаматычнай вінтоўкай. У старане зноў загрукала і заляскала. Блізка. Нават чутно, як закрычалі.

- Рус, здавайся! - чутно было.

- Сука берлінская! - адказалі. І зноў трэск і грукат, і зноў: «Рус!» І зноў: «Нямецкая сука!»

- Коля, падай! - сказаў Крамарэвіч.

Коля ўпаў на зямлю і пачуў, што ідуць. Паволі, ціха, каб без трэску. Асцярожна. І Крамарэвіч ляжыць поплеч яго.

- Іх многа, - шэпча Крамарэвіч. - Іх можа пад дваццаць. Колечка, рыхтуйся кідаць гранаты. Шануйся, не вытыкайся. Яны нас не бачаць. Яны ідуць проста на нас. Як падыдуць бліжэй, кідай у самую кучу. З вінтоўкі я менш іх палажу...

Коля недаслухаў. Вельмі можа быць, што ён і зусім нічога не чуў, што казаў яму Крамарэвіч, які меў за свой абавязак навучаць малога. Нічога Коля не чуў. Ён бачыў зводдалеку, як ступае па белай зямлі многа ботаў. І калі падумаў, што пара, ускінуў руку і ткнуўся лбом у снег. Добра. Грунула. Устрасянулася.

- Колечка! Сынку! От жа маладзец! А на доўгі ж твой век! Ты ж з іх кашу зрабіў, - здаецца, не гаворыць, а спявае Крамарэвіч.

Ён яшчэ не бачыў сваёй работы, а душа яго напоўнілася ўздымам шчасця і радасці. Ён усхапіўся на ногі і шырокай хадой рушыў туды. Моцны шэпт Крамарэвіча дагнаў яго:

- Куды ты, чакай, унь там адзін ходзіць, гнучыся. І другі. Проста стаіць!

Крамарэвіч нацэліўся і стрэліў. Коля бачыў, як там адзін упаў, а другі сеў пры дрэве.

- Здавайся! - крыкнуў Коля і падбег, рыхтуючы гранату. Ён быў п'яны ад сваёй узбуджанасці, і ўздым яго не зменшваўся. Дзеля такой хвіліны варта шмат што перацярпець! Вось яны! Варожыя галовы, рукі, ногі, плечы, грымасы на акамянелых тварах, усё парвана, расшастана, скрываўлена. Разварочаная зямля. Вырванае карэнне. Ён быў п'яны ад шчасця. А ў старане яшчэ ішоў бой. Антон Крамарэвіч тузянуў Колю за плячо:

- Не стой, не глядзі, яны яшчэ могуць прыйсці.

- Гэтыя не прыйдуць.

- Дык іншыя. Хадзем.

Крамарэвіч пацягнуў Колю ў кусты, і яны паспелі прайсці не больш дваццаці крокаў.

- Здавайся! - закрычалі тут жа наўздагон.

Яны ўпалі і папаўзлі. Ледзьве паспелі дапасці да кустоў.

- Здавайся! - яшчэ раз закрычалі. - Паднімайце рукі і сюды ідзіце!

- Трасцы! - ціха абазваўся Коля. У вачах яго ўсё кружылася.

- Здавайся! Здавайся! - крычалі.

А партызаны адпоўзвалі. Тыя пачалі страляць. Стукаў кулямёт. Кулі цераз іх галовы стабнавалі зямлю. Ужо скончыўся дзень. Ужо свяціў месяц. Чутно стала: тыя пакінулі страляць і шпараць следам. Крамарэвіч азірнуўся, прыўзняўшыся. Нацэліўся і стрэліў.

- Гатоў, - сказаў ён.

Зноў адтуль пачалі страляць. Коля ўстрапянуўся і зашаптаў, моцна і заікаючыся:

- Яны мне відны. Спераду страляюць, а з бакоў заходзяць. Абкружваюць нас! От каб аўтамат...

Шэпт яго сціх. Ён пачаў азірацца.

- Трымацца, сынку! Дай мне адну гранату.

Вельмі можа быць, што ў гэты момант якраз і працверазіўся Коля ад сваёй узбуджанасці. Ён працягнуў Крамарэвічу гранату і зірнуў на яго, як на бацьку, ад якога чакае ратунку. Ад месяца было відно. Бой у старане заціх. Навісла цішыня.

- Здавайся! - закрычалі з двух бакоў. І пачалі страляць.

Іншай рады не было. Крамарэвіч пачаў адстрэльвацца. Так і пайшло. Тых было многа. Крамарэвіч адстрэльваўся адзін. Было цяжка, нудна і страшна. Душа ў Колі ныла і прасіла ратунку. Крамарэвіч здаваўся яму цяпер асілкам, і хацелася схавацца за яго плечы. Страшны сум па матцы рвануў яму душу. Хацелася кінуцца на шыю бацьку і заплакаць. Вось ужо з двух бакоў пачалі абсыпаць іх кулямі.

- Дай яшчэ гранату, - сказаў Крамарэвіч.

Коля паслухмяна даў яму гранату.

- Бяжы за мной, - сказаў Крамарэвіч. - нарыхтуй гранату. Прабіцца трэба.

Крамарэвіч пабег, і Коля за ім. Крамарэвіч упаў, і Коля за ім.

- Перачакаем момант, - шапнуў Крамарэвіч. - Пільнуйся мяне.

- Іх тут мала! Можа ўсяго адзін! - пачуўся крык. Калі гэта не быў кашмар, а сапраўды ўсё гэта так і было, як чуў Коля, то гэтаму меры няма ў чалавечым абыходку. Колю здалося, што гэта закрычаў яго бацька. У Колі твар пачаў дрыжаць і зубы стукаліся аб зубы. Ён як ляжаў тварам уніз, так адчуваў, што барада дробна стукае аб мёрзлую зямлю. Ён падпоўз да Крамарэвіча і астаўся пры яго плячы. Крамарэвіч ускінуў руку, і граната разарвалася там, адкуль крычалі. Крамарэвіч тузянуў Колю за вопратку, і ўдвух яны пабеглі ўбок. Ужо ім здалося, што яны адарваліся ад тых, хто дамагаўся іх смерці. Лес канчаўся, і пустая прастора вызначылася перад імі. Колю стала спакайней і весялей. Ужо яму хацелася, каб тыя падбеглі сюды і каб шпурнуць у іх гранатай. Але не, лепш ратавацца, бо унь яны бягуць напярэсціжкі. І зноў! З аўтаматаў б'юць адтуль. І вось ужо пеканула яму ў ногі, і калена левай нагі здрыганулася.

- Сынку, Мікалайка, хутчэй, мы адрываемся ад іх.

- Я ранен у ногі, - абазваўся ён і кінуўся на зямлю. Крамарэвіч чуў, як трэснула пад ім струхлелае вецце. І запанавала цішыня. Крамарэвіч нагнуўся над Колем і пачуў, як недзе зусім блізка аддаляюцца нечыя крокі.

- Моцна табе баліць?

- Моцна.

- Ну, як ты сам чуеш? Многа крыві ідзе?

- У боце мокра.

- Толькі ў адным? - узрадаваўся Крамарэвіч.

- Здаецца, у адным.

- Дык можа ты толькі ў адну нагу?..

- Можа і ў адну. Баліць у абодвух.

- Чакай, дай сцягнуць бот. О так. Ого, крыві многа. О так. О так. Здаецца, тут, на лытцы. Перавязаў. Не варушыся. Дай другі бот. Нічога. Здаецца, тут няма раны. Каб лесам, то бліжэй да хаты. На табе мой кажух, ляжы на ім. Я пабягу дарогу разведаю. Чакай мяне. Адну гранату я табе пакіну, а рэшту адвяжу ад цябе.

Крамарэвіч пайшоў. Стаўшы, каб прыслухацца, ён пачуў, што гавораць. Блізка. Іншай рады не было. Ён нарыхтаваўся і рушыў туды. Іх было трое. Яны стаялі паміж двух дрэў і вельмі добра відны былі пад поўным месяцам. Але трэба было зберагчы гранату. Крамарэвіч налажыўся і стрэліў. І адзін упаў. Крамарэвіч пабег туды.

- Здавайся! - крыкнуў ён.

І той усё самы голас аглушыў яго:

- Ён адзін! На яго!

Крамарэвіч застыў пры дрэве. Унь яны відны. Бяруцца. Крамарэвіча брала злосць. Прыйдзецца гранатай. Ён пабег да іх. І яны сталі відны яму як мае быць. Яны разбегліся ў два бакі. Крамарэвіч улёг за адным. А другі знік і страціўся. Крамарэвіч дагнаў яго ў знаёмым яму месцы. Гэта была вывернутая навальніцай хвоя, завіслая на беразняку. Крамарэвіч задыхаўся. Той пачаў кідацца ўбакі. Ён ужо не дыхаў, а хроп і свістаў лёгкімі. Нарэшце стаў і падняў рукі ўгару. Здавалася, што ён не мог ужо трымаць іх так, бо яны аб'ехалі ўніз, і толькі цяпер з рукі ў яго ўпаў на зямлю аўтамат. Крамарэвіч паспеў заўважыць, што ён у цывільнай адзежы і без шапкі. Крамарэвіч нацэліўся і стрэліў. І той грымнуўся вобземлю, дзіка заенчыў, захроп, перакруціўся і змоўк у нерухомасці.

Коля цярпліва чакаў на тым самым месцы. Крамарэвіч узяў яго на плечы і панёс лесам. І ціха гаварыў з Колем, які трымаўся за яго шыю і звісаў тварам з пляча.

- Унь тут, ля завіслай хвоі, ён ляжыць. Гэта ён усё крычаў і, мусіць, ён пачаставаў цябе ў нагу. Нічога, Мікалайка. Зараз данясу. Пацярпі.

Так ён вынес Колю з лесу на палявую дарогу, і перад імі зачарнелася ў полі старая арабіна, знаёмая ім абодвум. Стаяла вялікая цішыня. Дзіўна было падумаць, што нядаўна яшчэ тут усё гуло і калацілася. На ўваходзе ў шэсць хат стаяў партызанскі вартавы. У старой Крамарэвічавай хаце было пуста. Адзін толькі белы певень прымасціўся на табурэце і не паварушыўся, калі Крамарэвіч унёс Колю. Людзі пачалі збірацца ў самае світанне. Дзень пачынаўся адлежны. Сінія засцілы стаялі над лесам і полем. Коля ляжаў у дрымоце. Крамарэвіч драмаў, седзячы ля яго. Певень заспяваў. Коля зварухнуў вейкамі. Крамарэвіч выгнаў пеўня з хаты, і той агаласіў сваёй песняй першую раніцу. Крамарэвіч выйшаў з хаты курыць. На панадворку з'явіўся той, з распушанымі вусамі. Ён быў у вельмі добрым настроі і сыпануў Крамарэвічу словамі:

- Але ж і далі ўчора. От жа далі! А братка! Колькі немцаў навалена. Страх. Ужо і з таго раёна немцы выбраліся. Разведка была і ніводнага немца не застала. Вось як. А ты што тут курыш?

- У хаце ранены Коля ляжыць.

Вусаты збялеў:

- Як? Што?

- Толькі ён аслабеў, крыві сышло. Белы як палатно. Але рана лёгкая. Уночы быў доктар. Пабажыўся, што на трэцім месяцы абуецца ў боты і пойдзе з хаты, куды захоча.

І яны ўвайшлі ў хату. Людзей ужо насыходзілася. Гэтая старая хата быццам пачала ў сабе жыццё нанава. Як тут усё было не падобна да таго моманту, вельмі нядаўняга, калі Крамарэвіч, напалохаўшы адзічэлага пеўня, увайшоў у яе са свайго бадзяння. На ўбітым у сцяну круку віселі аўтаматы, і вусаты разлажыўся на стале чысціць свой наган. Коля павесялеў.

- О так, - сказаў вусаты, прыгледзеўшыся да яго. - Ты напроці свайго веку. Тваё шчасце ўсё наперадзе.

У той дзень пад завіслай на бярозах хвояй знайшлі ўкарчанелага Сушчэвіча. І Крамарэвіч сказаў Колю:

- Мікалайка, каб раз назаўсёды з гэтым скончыць, каб ты больш не думаў і не мучыўся дарма, а каб весялеў і ачуньваў, скажу табе: непраўдзівыя былі чуткі, што твой бацька недзе тут. Няпраўда. Ужо даўно. Яшчэ ў першыя дні твайго бацьку застрэлілі немцы. Ачуньвай, станавіся хутка на ногі. Кожны новы дзень зменьвае стары. Так усё ідзе да лепшага. Спадзявайся на заўтрашні дзень. Ты яшчэ дзіця. І стаіш напроці свайго веку. Ідзі ў заўтрашніі дзень так, як і дагэтуль ішоў. І ён будзе табе повен шчасця.