Заяц (Маракоў)
Выгляд
Заяц Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1930 Крыніца: Паляўнічы Беларусі. — 1930. — № 1. — С. 8. |
Заяц упаў на сьнег,
Стрэл быў сухі і кароткі…
І, задуменнаму, мне
Сьніцца ў крыві бародка.
Круціцца дым ад крыві,
Сэрца кранулася
Й стала…
„Быццам і жыў і ня жыў“,
Глуха зямля запытала.
Выйшаў стралок да яго,
Узяў і закінуў
За плечы.
Веяла поле тугой…
У полі і вецер,
І вечар…
У сінюю скрынку душы
Раптам ударыла сьнегам,
Заяц для смажаньня
Жыў,
Толькі для шчасьця бегаў.
Зьнік той стралок,
Не відаць.
Што я стаю ў задуменьні?
Можа быць,
Зайца шкада,
Можа, сваіх летуценьняў…