Грахоча чыгунка між ўзгоркаў зялёных
Праз бор, што стаіць, як сьцяна;
Блішчаць залаціста-бурштынныя сосны.
Куды-ж так нясецца яна?
Спаміж бору вылунаў горад вялікі;
Паплыў ён, схаваўся і зьнік.
Ізноў пацягнуліся вузкія ніўкі,
Дзе працу кладзе ўсю мужык.
Па ўзгорку рассыпалісь гурмай сяляне,
Капаюцца ў чорнай ральлі;
Працуюць з сахой, з бараной небаракі
На потам аблітай зямлі.
А вунь, на курганчык зялёны усьпёршысь,
У задуме дзяўчынка сядзіць;
Заплаканы вочкі, — дзяўчынка-галубка
На сьвет божы сумна глядзіць.
Галоўку сваю апусьціла так нізка, —
Чаму засмуцілася так?
Ў далёкі край можа пашоў яе мілы
І згінуў навек небарак?
А можа аб здрадзе сумуе дзяўчынка,
Успомніўшы жыцьця вясну:
Кахаў яе мілы, а посьле пакінуў,
Пакінуў дзяўчынку адну?..
Грахоча чыгунка і рэжа паветра;
Бягуць пералескі, палі,
Палоскі зялёныя, будкі і ніўкі
Ўзаратае мякка ральлі…
Бяжыць маё жыцьце, як тая чыгунка,
Ўсё далей, ўсё к сьмерці бліжэй, —
К тэй сьмерці, што дасьць мне праўдзівы спачынак,
Што страшна цямрою сваей.
|