Заранкі (1924)/Мая рэчка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У летнюю ноч Мая рэчка
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Васількі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ РЭЧКА.

Люстраная рэчка плюскоча
Ў зялёных калматых кустох.
Наўкол пазалота зіхціцца —
У кветках, у рэчцы, ў лістох.
Блішчыць мая рэчка і коціць
Сьцюдзёныя хвалі свае.
Птушыныя песьні ў паветры
Утораць плюскотам яе.
Іду сенажацьцю зялёнай…
Як хораша ўлетку ў палёх!
Акрыт дываном луг квяцістым.
Схавалася рэчка ў кустох…
Я ў рэчцы… Сьцюдзёныя хвалі
Плюскочуцца тут ля мяне.
За рэчкай блакітныя далі…
Як дзіўна — чароўна тут мне!
Ліецца цудоўная сіла
Ў душу ад прыроды сьвятой.
Я чую, як моцна зьліваюсь
З прыродай навекі душой.