Перайсці да зместу

Заранкі (1924)/Дзеткам/Увосень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Коцік Увосень
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Сьняжынкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УВОСЕНЬ.

Сонца ў хмаркі ўжо схавалась,
Восень смутная прышла,
Дождж і вецер, гразь і холад
К нам з сабою прынясла.

Зажурыўся гай шумлівы,
Дрэвы жаласна шумяць;
На галінках, быццам сьлёзкі,
Кроплі мутныя вісяць.

Не шчабечуць ужо болей
Птушкі звонкія ў палёх,
І ня лётаюць вясёла
Матылёчкі на лугох.

Няма кветачак у полі,
Не красуе васілёк
І ня зьяе пазалотай
Поле жытняе здалёк…

Ня журыцеся вы, дзеткі:
Зноў к нам вернецца вясна,
Зноў цяпло, сьвятло і кветкі
Прынясе з сабой яна.