Запытай ты сябе, чалавеча…
Выгляд
Запытай ты сябе, чалавеча… Верш Аўтар: Якуб Колас |
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy |
Запытай ты сябе, чалавеча:
Што зрабіў для айчыны, ці многа?
І які ўзяў цяжар ты на плечы,
Каб наблізіць наш час перамогі?
Няхай сэрца тваё і сумленне
Знаць не будуць ніколі спакою,
Покі сее смерць і разбурэнне
Чорны вораг крывавай рукою.
Не ганьбуй жа ніякай работай,
Адно толькі ты май на ўвазе:
Болей хлеба, гармат, кулямётаў
На пагібель фашысцкай заразе.
Калі ж ты, як нядбайны туляга,
За чужыя хаваешся спіны,
То няхай на цябе падзе пляга —
Ты не сын свае маці-айчыны
(1941)